Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
У “Менскай (Беларускай) газэце”, ‘Толасе вёскі” пачалі з’яўляцца і першыя ў непадсавецкім часе творы Альфрэда Радзюка, якія праходзілі праз рукі Наталлі Арсенневай. Яна ставілася да Альфрэда Радзюка як да выдатнага беларускага таленту. Упершыню ў “Менскай газэце” ў навагоднім нумары быў надрукаваны яго верш “3 Новым годам!” пад псеўданімам Максім Блакітны, а ў ‘Толасе вёскі” — верш “Радасьць жыцьця” ўжо пад псеўданімам Алесь Салавей, які абессмяроціў імя Альфрэда Радзюка. Вершы гэтыя былі напісаны на самым пачатку 1942 года ў разбураным халодным і галодным Мінску. Алесю Салаўю, які ніадкуль не меў матэрыяльнай падтрымкі, не было магчымасці выжыць, і ён мусіў пакінуць ваенны Мінск і ў лютым 1942 пераехаць у мястэчка Ільля ў спадзяванні знайсці працу і хоць неяк прахарчавацца. Ён, аднак, без роспачы ставіўся да свайго незайздроснага становішча, апісваючы яго ў гумарыстычным вершы “Лёс паэта” (пад псеўданімам “He паэт”), дзе праз горкі смех і жартоўны тон раскрываецца сапраўды цяжкае зямное існаванне паэта і яму застаецца толькі вольны Млечны шлях і бязмежжы Галактыкі...
У Ільлі былі напісаныя вершы “Маці сына чакае з вайны”, “Сьпі, мой родны”, “Пад шэлесты лісьця” (надрукаваныя пад псеўданімам Алесь Вясновы ў ‘Толасе вёскі”) і “За славу Радзімы”, “Беларусі”, “Кінь сваволіць пад вокнамі, вецер” (пад псеўданімам А.Вясёлка, змешчаныя ў “Беларускай газэце”). Гэтыя творы ў тэматычным плане працягвалі сцвярджаць ідэі папярэдніх вершаў, дзе выказвалася наіўна-аптымістычная вера ў незалежную Беларусь, якой яна павінна стаць, вызваліўшыся ад усялякіх акупантаў, мінулай няволі.
& * *
Нядоўга затрымаўся Алесь Салавей у Ільлі, не знайшоў ён там цікавай працы, творчага асяроддзя і ўжо восенню 1942 года выехаў у Рыгу, дзе выдаваўся беларускі часопіс “Новы шлях”, рэдактарам якога быў Уладзімір Сядура. Алесь Салавей стаў намеснікам галоўнага рэдактара. Першыя ўражанні ад Рыгі, дзе ён адзначыў свой 23-і год жыцця, Алесь Салавей выказаў у вершах “Ізноў я нарадзінаў дзень спаткаў”, “У дзень нарадзінаў”.
I далей, калі ён з галавой увайшоў у працу, акрыяў, пачаў шмат пісань, яго паэтычная натура шчырага, мяккага да сентыментальнасці чалавека творча ўзгарэлася, знайшоўшы, нарэшце, прыязнасць духоўна блізкіх людзей, а Муза па-ранейшаму спявала “Пра няўміручы край мой і народ”. У Рызе існавала тады невялікая беларуская калонія. Апрача Уладзіміра Сядуры ў “Новым шляху” працаваў Уладзімір Брылеўскі, які пазней напісаў “Успаміны з супольнага жыцьця аўтара з Алесем Салаўём у Рызе” (“Беларус”, сакавік 1979 г.). Алесь Салавей пазнаёміўся з вядомым дзеячам БНР Канстанцінам Езавітавым, які часта друкаваўся ў “Новым шляху”, з мастаком Пётрам Мірановічам, якому прысвяціў верш “Мастак”. Неўзабаве Алесь Салавей наладзіў сувязі з рускімі пісьменнікамі, што жылі ў Рызе і выдавалі часопіс “Новый путь”, пасябраваў з крытыкам і паэтам Вячаславам Завалішыным, латгальскім пісьменнікам Аляксандрам Анцанам, які афіцыйна ўзначальваў рускі, беларускі і латвійскі часопісы агульнай назвы (“Новы шлях”, “Новый путь”, “Яўнаіс цэлыл”). Свае меркаванні наконт гэтых творчых асобаў Алесь Салавей пазней выказаў у адным з лістоў да Масея Сяднёва: “Сягоньня ў мяне было вельмі прыемнае спатканьне з надзвычайна інтэлігентнай і сімпатычнай асобай. Гэтая асоба — старэйшы латышскі літаратар і паэта, чалавек вялікай культуры. Знаходзячыся пад абладаю гэтага спатканьня і гутаркі, я цяпер думаю: Чаму ў шмат якіх нашых літаратараў, сяброў пяра, не стае тых якасьцяў, якія можна заўважыць у літаратараў іншых краінаў? Чаму ў нас яшчэ да гэтага часу існуе бяскультурная, нявартая ніякай пахвалы прывычка адзін аднаго падкусіць, пакпіць нават са свайго найлепшага сябры? Чаму, калі чалавек патрабуе сур’ёзнай дапамогі або парады, робіцца гэта часамі
ў вельмі вострай настырлівасьці, у абразлівым тоне, у павярхоўнай, але не грунтоўнай, у некультурнай і не ўласьцівай інтэлігентнаму чалавеку форме? Чаму той-сёй не хоча зразумець, што доказамі, якія, можа, і маюць рацыю, але адначасна і маюць абразлівы тон, нічым не дапаможаш чалавеку, а толькі панурыш яго ў горшае палажэньне?”
I сапраўды Анцан, чалавек высокай культуры, быў душой літаратурна-мастацкіх сходаў, якія адбываліся на кватэры рыжскай мастачкі Аляксандры Бяльцовай, родам з беларускай Чарнігаўшчыны. На гэтых серадах Алесь Салавей чытаў свае вершы, якія вельмі падабаліся гаспадыні, і яна аформіла вокладку першага паэтычнага зборніка Алеся Салаўя “Mae песьні”. Зборнік выйшаў у Рызе (1944), хоць на вокладцы пазначаны Мінск. У Рызе Алесь Салавей шмат чытаў з класічнай сусветнай спадчыны, перачытваў усё, што знаходзіла водгук у яго чулай да прыгажосці душы, захапляўся М.Багдановічам (дарэчы, страфою Багдановічавай “Пагоні” напісана 15 вершаў А.Салаўя)3, лірыкай рускіх паэтаў, асабліва вершамі Мікалая Гумілёва. “Я захапляюся не расійскімі ідэямі, а высокай мастацкасьцю ў паэзіі расійскіх класікаў, іх вялікай культурай, — дзяліўся сваімі меркаваннямі Алесь Салавей з Масеем Сяднёвым. — Я з іх бяру прыклад, вучуся ў іх. Еўрапейскіх класікаў — Шылера, Гётэ. Байрана, Мальера і іншых я таксама не цураюся, як Пушкіна, Лермантава, Фета, Маякоўскага”. Гэтыя ж думкі ён пазней пацвердзіў у вершы “Мінаю заміны” (“Да скарбаў сусьвету імкнуся, // я іхны, мне ймя — чалавек!”). I далей, у адным з лістоў да М.Сяднёва ён пісаў: “Вазьмуся за Байрана. Разам з ім пакіну сваю кватэру, пакіну зямлю і паляту ў аблокі. Разам з Байранам там, у ваблоках, я і спаткаю Новы год. I толькі той, хто здольны цяпер дабрацца да аблокаў, можа чаго-колечы дасягнуць. Толькі ўсё пабачыўшы, перажыўшы і перацярпеўшы на зямлі, можна што-небудзь стварыць у ваблоках і толькі ў іх... У “сіняй вышы” адпачываеш душой, там няма ні нуды, ні клапот, і толькі там можна сабрацца з думкамі, накіраваць іх на адпаведны шлях, і толькі там можа знайсьці запраўдныя ўмовы для
3 “3 Новым годам!”, “Радасьць жыцьця”, “Сьпі, мой родны”, “Беларусі”, “Кінь сваволіць пад вокнамі, вецер”, “He пакіну”, “Маладэчна”, “Толькі выгляне”, “Песьні”, “I заплакалі...”, “Добры дзень”, “Да жыцьця”, “Маме” ды інш.
таго, каб тое-сёе стварыць. Творачы ў аблоках і адчуваючы пад сабою зямлю, адчуваючы на ёй перажытае, ніколі не адарвешся ад яе, а, наадварот, яшчэ бліжэй будзеш звязаны з ёю. Адгэтуль лепш відаць, што дзееца ўнізе, і лепш там ведаеш, як дапасоўваць тварэньне да зямнога жыцьця. 1 гэта толькі тады, калі, падкрэсьліваю, адчуваеш пад сабой зямлю. Але гора таму, хто ў аблоках лятае, а зямлі пад сабой не адчувае. Правільна кажуць: “Калі грымяць гарматы, дык Музы маўчаць”. Я цалкам, ад пачатку да канца, згодзен з гэткім сцверджаньнем. Голас Музы заглушаецца гулам гарматаў. Яна не ў стане іх перакрычаць. У сіняй жа вышыні ёсць такія мясціны, да якіх гарматны выбух не дасягае. Такая ўжо наша доля — даводзіцца пераадольваць абставіны.
Я не ўважаю сябе за дасягнуўшага тае вышыні, і, як мне здаецца, ніколі і ніяк мне не давядзецца яе дасягнуць.
3 Байранам, толькі з Байранам спаткаю Новы год! Я шмат чытаў Байрана яшчэ ў маленстве. Заўсёды быў захоплены ягонымі творамі. Але тады слаба разбіраўся, слаба разумеў. Цяпер з вялікай цікавасьцю перачытваю. I сёньня, асабліва сёньня, калі не хочацца быць аднаму, калі няма жаданьня звыкнуцца з гэткім становішчам, надзвычайна прыемна “столетнй пыль стряхнуть”, “падыхаць мінулым, гэткім мудрым, слаўным”. Далей Салавей піша пра тое, як ён працуе над сваімі творамі: “Мог пачаць адразу некалькі рэчаў. Пачаў пісаць невялічкую паэму “Айчына”, не скончыўшы яе, узяўся за новую паэмку “Дзвіна” — і гэтай не скончыў. Перад Новым годам пачаў пісаць белым вершам у пяць стопаў ямбу драму з жыцьця беларускай інтэлігенцыі пад назовам “Я хачу жыць”. Пачатак пайшоў, здаецца, нядрэнна, але калі я знаходзіўся ў Менску, новая паэма не давала супакою, прасілася на паперу. Давялося пачаць і яе. I сталася так, што ўжо пачатыя мною чатыры рэчы, але калі я іх скончу — невядома. Бываюць часіны — прыходзіць настрой пісайь, я бяруся за які-небудзь з пачатых твораў, пішу далей, хочацца выказаць нешта важкае і вялікае. Я адчуваю, што ў мяне не стае сілаў, каб гэтае самае важкае і вялікае перадаць на паперы...”
Такі стан паэта тлумачыўся, відаць, не толькі стратай натхнення, але і вайной, што знайшло пацверджанне ў вершы “Дваццаты век”.
Чаму ня будзіць вершаў век дваццаты?.. Грымяць і абяскрыльваюнь гарматы Жыцьця імпэт...
Ня ты, — зьнішчэнняў жах, з мянушкаю — сусьвет, Клыкоча, супакой з плянэты сьцершы:
— Калі я гавару — нямеюць вершы, Маўчыць паэт...	(С. 118)
У рыжскі перыяд Салавей пісаў шмат вершаў, друкаваў іх у “Новым шляху”, працаваў над выданнем першай сваёй кнігі. Яна складалася з трох раздзелаў (“Узыйдзе ранак срэбны на лугі”, “I заплакалі сумныя далі”, “Так блізка і гэтак далёка”), а таксама паэмы “На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса”. Кніга мела падзагаловак “Зборнік лірыкі думкі” — лірыкай думкі прасякнуты вершы паэта самай разнастайнай тэматыкі: прыродаапісальнай, кахання, уласна-аўтабіяграфічнай, нацыянальнапатрыятычнай.
Алесь Салавей, засяродзіўшыся на творчых пошуках, пачынае ў больш-менш спакойных умовах аглядаць свой кароткі перыяд жынця. Да яго прыходзіць усведамленне, што ён сапраўды паэт, і гэтым вызначаецца яго далейшы лёс.
У Койданаве жыў Радзюк Альфрэд і ня было там Салаўя Алеся, цяпер ён ёсць і, кажуць, ён — паэт, але... жыве далёка, у Рызе дзесьці...
(У Койданаве жыў Радзюк Альфрэд, с. 224)
У вершы “Ліст да крытыка” (напісаны ў снежні 1943) пра гэта ён заяўляе яшчэ больш сцвярджальна:
Багатае Крыўі матуля-зямля мяне, чым змагла, надарыла: дала мне і голас і ўзьлёт салаўя, дала мне Пэгасавы крылы.
Я зь імі асілю завей сьнегавы і буду днём весьнім сустрэты, бо я — гэта я, а ня слуп верставы, я вольны Пэгас, я — паэта!	(С. 34)
I далей, у вершы “Песьня” Салавей ставіць пытанне: адкуль жа пачынаюць крынічыць песні паэта? Найперш іх вытокі ў духоўнай спадчыне бацькоў, красе роднага краю.
Мне мароз намовіў песьняў, нанасіў мне песьняў дожджык, мне навеяў песьняў вецер, хвалі водныя прынесьлі, словы мне складалі птушкі, гукі мне стваралі дрэвы...	(С. 19)
У гэтых і многіх іншых вершах (“Сьпяшайся жыць”, “Паэт”, “Гэкзаметры”, “Перачытваючы “Кадевалу”, “I заплакалі сумныя далі”, “Муза”) Алесь Салавей кажа пра задачы і складаныя праблемы, што паўстаюць перад ім, як і перад кожным творцам, пра вялікую адказнасць і разам з тым пакутніцкі і самаахвярны шлях паэта.