Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Падужаю ўсьпененасьць водаў і шторм, на сонечны выплыву бераг.
Ня той, дзе крыві непатрэбны выліў, ня той меў я бераг наўвеце, а бераг праўдзівай і мірнай зямлі — ён Крывіяй вольнай завецца! (С. 236)
3 вобразам гэтай светлай, вольнай Крывіі пайшоў Алесь Салавей у вялікі свет. Эміграцыя для яго, па сутнасці, пачалася раней, чым для іншых беларускіх пісьменнікаў, калі ён мусіў пакінуць ваенны Мінск і выехаць у Рыгу (1942). Аднак толькі апынуўшыся ў Берліне (верасень 1944), паэт зразумеў, што такое выгнанне. Вонкава жыцнё працякала, як і ў іншых беспры-
тульных, вельмі цяжка: зноў жа пошукі сталага месца працы, каб неяк выжыць (што абцяжарвалася няведаннем мовы). Але нашмат цяжэй было ад пакутлівага ўнутранага стану, болю душы, якую бясконца свідравала думка: як існаваць без радзімы? Гэты свой боль і роздум ён выліў у вершах ‘Тэроям Бацькаўшчыны”, “Мая Беларусь”, “Я толькі з ёю пайшоў у сьвет”, выказаўшы нязгасную любоў і адданасць Айчыне, свайму народу, роднай мове.
Прыйшоў у край чужы — і за гарою дзень дагарэў. I ноч і ноч усьцяж. Няўжо не змагаром і ня гэроем пакінуў Беларусь нашчадак ваш?
Няўжо мінуўшчыну, бацькоў магілы таптаць чужому боту ён аддаў?
Хіба перад агнём варожай сілы схіліўся, адступаючы ў аддаль?..
Няўжо? Мо ён яе і не пакінуў, а выйшаў ейную знайсьці сьвіталь?.. Яго зьбівае з ног жарства чужыны, а ён ... ідзе і йдзе ад краю ўдаль.
I ўсё шукае сонца за гарою.
1 не знаходзіць... Ноч і ноч усьцяж... Няўжо не змагаром і ня гэроем пакінуў Беларусь нашчадак ваш?
(Гэроям Бацькаўшчыны, с. 78)
3 гэтым раздвоеным станам душы Алесь Салавей мусіў вандраваць па дарогах Еўропы, несучы крыж выгнанніка. Нядоўга затрымаўся ў Берліне, дзе знайшоў часовую працу бібліятэкара з дапамогай беларусаў — дзеячоў БЦР. У Берліне адбылося яго знаёмства з будучай жонкай Зінаідай Кадняк, пачуццямі да якой, па ўсім відаць, напоўненыя вершы “Мне твая спадабалася ўсмешка”, “Так і сталася”, “Майму каханьню”. На гэтых дарогах знаходзіў ён і сяброў, найперш беларускіх паэтаў. У Беластоку адбылося першае знаёмства з Масеем Сяднёвым (ліпень 1944), перапіска з якім пачалася значна раней, і яму прысвяціў Алесь Салавей выдатны верш “Сустрэча, першая сустрэча”, з якога відаць, колькі радасці прынесла размова з блізкім па духу сябрам, земляком, як аб’яднала паэтаў аднолькава вялікая лю-
боў да страчанай радзімы. У Беластоку адбылося і знаёмства з Хведарам Ільляшэвічам, творчасць якога Алесь Салавей добра ведаў. Пра свае ўражанні ён пісаў у адным з лістоў да Масея Сяднёва: “У 1942 годзе, едучы з Вільні ў Рыгу, я прачытаў два зборнікі Хведара Ільляшэвіча. Вершы дасціпныя, арыгінальныя, не падобныя на іншых, паэтычныя, мастацкія, высокай моўнай культуры. А ад брашуры “Друкарня Мамонічаў” я быў у захапленні. Надзвычайна сур’ёзны і разумны твор.
Паплыву ў хвалях шуму з-пад палёў беластоцкіх...
Цудоўны верш Хведара Ільляшэвіча. Тут няма зрыфмаванага набору слоў, затуманеных штучна створанымі вобразамі. Тут глыбока пачуццёвыя думкі, трывога за лёс народу, вялікая пашана нашчадкаў да прадзедаў. Гэта — жыццё, якое кранае сэрца жывога чалавека, якое змушае яго не быць бесклапотным і падумаць, дзе і для чаго ён жыве. Мне здаецца, што Хведар Ільляшэвіч — другая паводле сілы велічыня сярод паэтаў Заходняй Беларусі...”
Пазней Хведар Ільляшэвіч у сваю чаргу ўжо ў Берліне, перачытаўшы першы паэтычны зборнік Алеся Салаўя, напісаў на яго рэцэнзію “Песьні радасьці і мукі” і апублікаваў у газеце “Раніца” (10 верасня 1944 г.). Хведару Ільляшэвчу належыць і другі артыкул пра Салаўя (газета “Беларускі работнік”, 1 кастрычніка 1944 г.) “Сучасныя беларускія паэты”, у якім даецца біяграфія паэта і болып разгорнутая рэцэнзія на кнігу “Mae песьні”. Гэта была ўся крытыка на творчасць Алеся Салаўя, яе ранні перыяд. Праўда, сам паэт вельмі крытычна паставіўся да свайго першага зборніка, пра што пісаў М.Сяднёву, з гумарам адзначаючы таксама рэакцыю іншых сяброў па пяру на свае вершы: “Калі чытаў карэктуру, дык расчараваўся ў сваім зборніку... Дзіўная рэч, прачытае што-кольвечы Езавітаў, кажа, што дрэнна, прачытае сп.Глыбінны, кажа, што добра, прачытае крытык Дуброва з Менску (брат Язэпа Пушчы), кажа, што так сабе, прачытае Лявон Крывічанін, крычыць: “Лабуда! Разбой! Далоў!” Каму верыць?..” Аднак лепшымі творамі рыжскага перыяду сам паэт лічыў вершы “I нябёсы ранкавым абмыліся дажджом”, “Яе чакаў і я”, “Даволі спаць!” Ён, як заўсёды з вялікай патрабавальнасцю да сябе, адзначаў: “Мне здавалася, што ў іх упершыню бліснула мікраскапічная іскрачка майго ўласнага, пазбаўленага эпігонства...”
* * *
Так на дарогах вайны і выгнання ішло разам з цяжкім побытам і творчае жыццё Алеся Салаўя, адбываліся паэтычныя дыскусіі, спрэчкі, сустрэчы, знаёмствы. Пасля непрацяглага пражывання ў Берліне, да якога ўжо дакочвалася пераможная кананада Чырвонай арміі, паэт разам з некаторымі іншымі беларусамі накіроўваецца ў Вену, з кароткім заездам у Прагу, дзе адбылася сустрэча з Ларысай Геніюш (з ёй ён пазнаёміўся яшчэ ў Мінску). Аднак у Вене Алесь Салавей прабыў зусім мала, напісаў тут толькі два вершы (“Случанка” і “3 агню вар’яцкага, з пякельнай цямрыні” (люты—сакавік 1945), як водгук на сваё сапраўды пякельнае становішча і на жахлівы лёс беларускай дзяўчыны-парабчанкі, вывезенай немцамі ў Германію. Разам з сям’ёй А.Яцэвіча (паэт Алесь Змагар), яго жонкай Валянцінай, з якой Алесь Салавей некалі вучыўся ў Мінскім педтэхнікуме, Зінаідай Кадняк, наняўшы невялікі вазок для рэчаў, беларусы накіраваліся ў Зальцбург. Гэтыя падарожжы супалі з яго 23-годдзем, якому паэт традыцыйна прысвяціў верш:
I я пайшоў. 1 ўпарта па шляхох чужых, няласкавых, праношу ўпотай усё, чым я жыву і што зьбярог у сэрцы, не падужаным Гальготай.
(Дваццаць тры, с. 124)
Так славяне-паязджане, едучы па венскай дарозе, сустрэліся з амерыканскімі войскамі каля гарадка Кірхгайм. Амерыканцы пасялілі іх у прыгожым доме, пацясніўшы гаспадароў-аўстрыякаў. Тут Салавей і сям’я Яцэвічаў пражылі да позняй восені 1945 года. У Зальцбургу ў гэты час ужо быў заснаваны ўкраінскі лагер перамешчаных асобаў, дзе апынуліся і беларусы, у тым ліку і паэт Уладзімір Дудзіцкі. Неўзабаве Алесь Салавей, як і Яцэвічы, пераехаў у гэты лагер. У Зальцбургу ён ажаніўся з Зінаідай Кадняк (1945), і пачалося сямейнае жыццё, якое прынесла ў яго качэўніцкі, адзінокі лёс хоць нейкую стабільнасць і апору на блізкага чалавека. Пазней жонка Алеся Салаўя ўспамінала: ‘Тэтыя гады ў Зальцбургу былі сама пладатворныя. Ён пазнаёміўся там з украінскімі паэтамі й пісьменьнікамі. Напісаў шмат вершаў... У 1946 годзе нарадзіўся першы сын Міхась. Алесь быў бязьмежна рады, што мае нашчадка сына. Але калі
ў 1947 годзе нарадзілася дачка Ганна, ягоная радасьць змянілася на смутак. Матэрыяльна абставіны тады для нас былі вельмі цяжкімі. Унраўскія пачкі даваліся вельмі кароткі час. Хутка ўсіх у лягерах пасадзілі на аўстрыйскія прадуктовыя карткі, якія былі ў той час вельмі мізэрнымі. I ўсе павінны былі працаваць. Пісьменнікі залічаліся да вольнай прафесіі, а таму не падлягалі гэтаму закону. Гэта выкарыстаў Алесь. Ён закончыў даўно задуманыя вершы й паэмы. Пісаў новыя. Будучы адарваным ад беларускіх асяродкаў у Нямеччыне, ён падтрымліваў сувязь карэспандэнцыяй, што забірала шмат часу. Ня было таго дня, каб ня прыходзіла два-тры лісты. Тут жа ў яго нарадзілася думка напісаць раман у дзьвюх частках пад загалоўкам “Пад нагамі гарыць зямля”. Мелася адлюстраваць падзеі й жыцьцё на Беларусі, пачынаючы ад Кастрычніцкай рэвалюцыі аж да Другой сусьветнай вайны й у вайну. У другой жа частцы — падзеі й жыцьцё сваіх герояў пераважна на чужыне. Для гэтага збіраў матэрыял. Па прыездзе ў Аўстралію гэтую задуму адклаў да гадоў, калі ня трэба будзе думаць аб заробку на хлеб штодзённы..."5
Аднак не ажыццявілася гэтая яго творчая задума, хаця як празаік Алесь Салавей пакінуў у беларускай літаратуры след сваімі апавяданнямі, фельетонамі, невялікімі сцэнічнымі абразкамі: “Шчаслівае маленства” (“Менская газэта”, 1942, 20 студзеня. Падпісана псеўданімам Тодар Быльнюк), “Белы сьнег” (друкавалася ў часопісе “Новы шлях”, 1944; “Пагоня”, 1946, у газене “Беларускі эмігрант”, 1950, пад псеўданімам С.Алесь), “Чужы” (“Пагоня”, 1946, пад псеўданімам Тамара Залеская), “Маналёг сабакі” (фельетон у газеце “Бацькаўшчына”, 1954, таксама пад псеўданімам Тамара Залеская), успаміны “Сорак дзён” (“Беларус”, 1973, падпісаны ініцыяламі А.С.), “Пад небам Паўдзённага Крыжу” (“Беларус”, 1974, падпісаны псеўданімам Антон Дабрыдзень), “Дух праўдны духу зла непадуладны” (напісаны ў 1946 годзе. Гэты сцэнічны абразок быў пастаўлены ў 1964 годзе на святкаванні 25 Сакавіка ў Мэльбурне. Аўтар быў рэжысёрам і акцёрам у галоўнай ролі).
Апавяданні, як і вершы, мелі выразны адбітак духоўнай і жыццёвай біяграфіі паэта, яго думак, пачуццяў, перажыванняў, абумоўленых вайною, выгнаннем, нястрымным імкненнем вяр-
5 Салавей А. Нятускная краса. Нью-Ёрк— Мэльбурн, 1982. С. 313.
нуцца на радзіму. У апавяданні “Белы сьнег”, якое, па сутнасці, з’яўляецца тэматычным працягам трагедыйнага цыкла вершаў, аўтар уяўляе вяртанне назад як бясконца доўгую, пакрытую белым снегам дарогу, на якой няма ніякіх прыкметаў жыцця і на якой гіне выгнанец, што адважыўся пракласці першыя сляды, каб зноў быць разам з Бацькаўшчынай. Аказалася — шляхоў вяртання няма: “...Неўзабаве пачалося сьвітаньне. На асьнежаным гасьцінцы, раскінуўшы рукі, ляжаў на сьпіне чалавек. Струменьчыкі чырвонай крыві замерзьлі на шчацэ, на каўняры, на белым сьнезе...
Замоўкла сэрца. Заціхла дыханне. Спыніліся думкі. Анямелі пачуцьці.
Памёр чалавек.
Белы сьнег... Чырвоная кроў...”
Адвечныя сімвалы беларускай зямлі: высокія, чыстыя парыванні яе сыноў да волі, нацыянальнай незалежнасці і шляхі да яе, палітыя крывёю незлічоных ахвяраў...
I ўсё ж, як ні жыў душою, у думках, у вершах паэт на радзіме, як ні сумаваў па ёй, на самой справе ён добра разумеў, што вяртання назад няма, бо савецкая ўлада залічыла агулам паэтаў-эмігрантаў у шэрагі здраднікаў, “ворагаў народу”. I калі ў 1945 годзе пачалася прымусовая рэпатрыяцыя з лагераў перамешчаных асобаў былых грамадзян СССР, Алесь Салавей памяняў сваё сапраўднае прозвішча — Альфрэд Радзюк — на прозвішча жонкі і стаў Альфрэлам Кадняком. Гэты яго афіцыйны псеўданім, як і многія паэтычныя, стаў законным для Алеся Салаўя і цяпер яго маюць жонка, дзеці і ўнукі паэта. Як Альфрэд Кадняк ён разам з сям’ёю эміграваў у далёкую Аўстралію. Але гэтая падзея адбылася ў 1949 годзе. А пакуль працягваўся пяцігадовы зальцбургскі перыяд жыцця і творчасці Алеся Салаўя.