Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
перш ідэйна-эмацыйнае і вызначаецца асобай аўтара і лірычнага героя. Салавей паўстае як паэт, які аадае даніну павагі ўзвышанай форме класічнай паэзіі, але галоўным чынам як паэтрэаліст, які ўкладвае ў гэтую форму глыбока-жыццёвы змест, што патрабуе мастацкіх сродкаў і вобразаў, далёкіх ад галантнай арыстакратычнай паэзіі XIX стагоддзя. Аднак у цэлым — ад самага першага санета (“Гайна”) да апошняга, хоць і гучаць у іх трагічныя ноты, усё ж поўняцца яны аптымізмам і верай у жыццё і чалавечую памяць.
Ці адчуваеш? Вёсны адшумелі з пары, калі мы вольнымі арламі шугалі ў высі... 3 хвалямі-кругамі пакінуў човен долы, травы, мелі.
Да іх праводзін чайкі адляцелі.
Ці новых стрэнеш перад берагамі нязнаных сьветаў? Дзесьці за марамі ці ты спачынеш? На якой пасьцелі?
Тускнее захад. I заранка ўсходу на ўзьлётных крылах будзіць насалоду — у ёй сьвітальна-велічнае штосьці: жыцьцё няўхільна хіліцца да сьхілу, але ня зьляжа ў цёмную магілу жывы адвеку подых маладосьці.
(Заранка ўсходу, с. 179)
I найперш у санетах тая ж заўсёдная любоў да Бацькаўшчыны, за якую ён моліць Бога, спадзяванні, што прыйдзе некалі збавенне для шматпакутнага беларускага народа, прынясе радасць і святло, і мы ўсе разам, аб’яднаныя нацыянальнай ідэяй, імкненнем да волі і самастойнасці, “спаткаем прыйсьце дня сьвятога”. Аднак цяпер, у першыя гады выгнання, яму заставаўся горкі роздум пра долю крывічоў, пра ўласны лёс (“няхай да скону будзеш ты бяздомны, // бяз хатняй ласкі, радасьці айчыстай”) і прызванне беларускага паэта, якога ён заклікаў: “Застанься з верай і душою чыстай, // заўсёды дужы і нідзе нязломны...”
Пазней Алесь Салавей напісаў цэлыя вянкі санетаў. “Вянок першы” друкаваўся ў часопісе “Конадні” (1958). “Вянок другі” і “Вянок трэці” згубіліся пад час пераездаў. Паэт меўся аднавіць іх,
але так і не паспеў зрабіць гэта. Дарэчы, вянкі санетаў створаныя і паэтам-эмігрантам М.Кавылём. У беларускай літаратуры савецкага перыяду Ніл Гілевіч напісаў вянок санетаў “Нарач” — выдатны, глыбоказмястоўны твор, прысвечаны Максіму Танку. Санеты пісалі таксама Алесь Звонак, Максім Танк, Кастусь Кірэенка, Сяргей Грахоўскі, Янка Сіпакоў, Рыгор Барадулін ды інш. Для гэтых паэтаў характэрна адзінае памкненне найперш уславіць Бацькаўшчыну, выказаць словы шчырай любові і прыхільнасці да роднага краю, пра што некалі ўзнёсла пісаў Алесь Салавей.
На залатых палотнах мастакі — майстры малярства, музыкі і слова Твой славяць вобраз велічна і нова. Увысь, удалеч неба летакі — імчаць у сьвет, як бы чараўнікі, яго спад Вільні, Менску, Магілёва... Ты чутна ўсьцяж — найсьпеўных скарбаў мова і бачна Ты — стан гнуткі і стрункі... (С. 148)
Mae найлепшыя дары — вянкі
цьвітуць й сьвецяцца Табой, далёкай.
Зьвініш Ты ў думках песьняй сінявокай, палонячы нясьціхныя радкі...
Табе, правобраз хараства адзіны, з малітвамі сьхіляю галаву.
Праз дзень і ноч адно Табой жыву... Запальваецца ў небе Шлях Птушыны.
Зь яго, як дар, цурыцца неадхлынны струмень сьвятла. Пад ім я наяву: бывай, нязваблівы прыпын, — плыву да берагоў каханае айчыны...	(С. 145)
Санеты ў творчасці Алеся Салаўя займаюць такое ж значнае месца, як і традыцыйныя вершы і паэмы. Акрамя класічных формаў у Зальцбургу ён напісаў шмат вершаў традыцыйна-беларускай праблематыкі (“Крыжовы шлях”, “Малітва”, “Смутлівая маці”, “Прошча”, “Гамоніць даўнай праўды звон”, “У гэты дзень”, “Конадзень”, “Навекі”, “Споведзь”, “Маленства”, “Вам” ды інш.). Крушэнне асабістых надзей і планаў, вымушанае выгнанне адгукнуліся не толькі адчаем, роспачнымі маты-
вамі ў ягонай творчасці. Побач з гэтым у душы паэта і ў яго паэзіі жыла нязгасная, ні з чым не параўнальная любоў да Бацькаўшчыны і свайго народа. Ён, як і многія іншыя творцы, разумеў становішча беларусаў, і пякла паэта крыўда за раскрыжаваную і пакутніцкую гісторыю краіны. У вершы “Крыжовы шлях” ён не аддзяляе сябе ад лёсу народа (“Несьлі разам крыж пакуты // Ты і я з Табой...”) і, параўноўваючы лёс Беларусі з лёсам Хрыста, па-здрадніцку ўкрыжаванага і, аднак, увакрэслага (“Мы цярпелі — разам з намі // быў Ісус Хрыстос...”), паэт адначасова выказвае веру ў лепшую долю айчыны.
Ва ўяўленні мастака Бацькаўшчына перажыла “разьюшаную навалу”, “ланцугі няволі”, “беспрасьвецьце”, “крывавае свавольле”, “чорны жах”, з тае прычыны ён бачыць яе “пахмурны твар”, “смутлівую постаць”, “прыгорблены стан”, “страчаную красу”, адчувае душу, якая “птушкай раненай б’ецца”, а ўсё гэта — цяжкія перашкоды на шляху да ўваскрэсення, адраджэння былой славы Беларусі. I ўся бяда ў тым, што над краем, над паэтавай “калыскай дум і мрой” быў “узняты меч разбойны”, розныя войны і дыктатуры вынішчылі лепшых сыноў, пазбавілі беларусаў гістарычнай памяці, і яны спяць спакойна, не чуюць “клічу праўды і праклёну”.
Здалося, змоўк навекі звон, пайшоў на скананьне.
Ніхто ня чуў, як плакаў ён у топкай вечнай твані. (С. 84)
Такія балючыя праблемы паўстаюць у вершы ‘Тамоніць даўнай праўды звон” (як і ў паэме “Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі”) — гэтым своеасаблівым гістарычным роздуме паэта, дзе лірычны герой, выгнаннік — сын вольнасці, душой адчувае “кліч прызыўны звона”, але здольны толькі словам сцвердзіць, што наш край “без праўды не ўваскрэсьне”. I ў адказ яму з-за даляў нясецца “журба палёў, маркотны гай, айчыны сумны голас...” — на гэтай тужлівай ноце заканчвае паэт свой верш, разумеючы, што доўга яшчэ прыйдзецца будзіць словамі-заклікамі тых, што спяць, не асуджаючы іх, а папракаючы сябе — творцу, што не хапіла яму сіл араць сваю мастацкую ніву на Бацькаўшчыне (верш “Споведзь”). Заклікамі да волі (“Паўстань з няволі, Беларус! // Скідай з плячэй сваіх прыгон, зьмятай
навалу і прымус...”) поўняцца таксама вершы “У гэты дзень”, “Конадзень”, “Навекі”, “У дзень нарадзінаў” і многія іншыя.
Вольная Бацькаўшчына, Беларусь, паўстае ў творчасці Алеся Салаўя ў вобразе Маці — нязменна любай і дарагой для кожнага чалавека. А ў сэрцы, памяці Маці заўсёды жыве Сын, дзе б ён ні быў, куды б ні закінуў яго лёс. I гэтыя два вобразы — Маці і Сына — асноўныя ў творчасці амаль усіх паэтаў-выгнанцаў, нясуць у сабе высокі сімвалічны змест. Алесь Салавей менавіта праз іх найперш выказвае свае нацыянальна-патрыятычныя пачуцці, сцвярджае адвечна-непарыўную сувязь гэтых святых паняццяў (вершы “Гэроям Бацькаўшчыны”, “Крыжовы шлях”, “Малітва”, “Смутлівая маці”, “Прошча”, “У сузор’і зазьзяе Колас” ды інш.). Вобраз Маці-Беларусі паэт параўноўвае з вобразам Божай Маці, якая ў пошуках свайго Сына Ісуса ішла дарогамі пакутаў, страт і цярпення. Так і беларуская Маці ўсё жыццё шукае Сына на дарогах вайны, выгнання, зняволення.
Адарвалі, схапілі, сілком павялі.
Зьледзянелыя хмары. I водгульле грому. Ці жыве на далёкай зямлі?
I ці прыйдзе дадому?..
(Смутлівая маці, с. 81)
I Сыну ў расстанні з Маці заставалася толькі маліцца за яе, звяртацца да “надзямнога Валадара ў зле разлукі”.
Як боль свой выказаць хачу я — Твой боль з грудзей маіх імкне. Хто безь Цябе мяне пачуе?
Цябе хто ўчуе безь мяне?
3 табой разлучаны, я страціў сябе самога: ён адзін — супольны смутак Сына й Маці, глыбокай болесьці зацін...
(Малітва, с. 80)
Вобразы Маці і Сына, тэма вернасці, любові да Бацькаўшчыны, веры ў яе адраджэнне раскрываюцца таксама ў паэмах “Домік у Менску”, “Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі”, “Сын”.
Паэма “Сын” — своеасаблівы дыялог паміж Маці і Сынам, а шырэй — паміж Сынам Айчыны і Айчынай. Яна была напісана
на хвалі глыбокіх пачуццяў настальгіі па радзіме самога паэта і тых ілюзорных уяўленняў усёй беларускай эміграцыі, якія валодалі ёю ў першыя гады выгнання — быццам яны не эмігранты, а пасланцы Беларусі, і менавіта яны павінны давесці свету, што сабой уяўляе іх краіна, што яна перажыла і да чаго імкнецца. Паэма была напісана ў 1947 годзе, а ў друку з’явілася ў 1949-м і карысталася вялікай папулярнасцю на эміграцыі (перадрукоўвалася часопісамі “Наперад”, 1949, “Баявая Ускалось”, 1949, газетай “Бацькаўшчына”, 1953, альманахам “Ля чужых берагоў”, 1955).
Асноўная ідэя “Сына” сцвярджаецца ўжо з першых слоў паэмы (яна ўся напісана васьмірадковым рандо).
Здабыць сьвятло, разьвеяць зман ты з дому выправіла сына...
Нясьцерпны боль, пахілы стан
I сьлёзы, мора сьлёз, айчына! (С. 169)
I хоць з важнай місіяй пакінуў Сын Айчыну, усё ж яна заклікае яго вярнуцца дамоў, несці, “каб род ня йшоў на зьгін, у дом, свой дом сьвятло й парадак”. Услухоўваючыся ў гэты покліч Маці, Сын раскрывае перад ёй сваё бязрадаснае жыццё (“у неспагаднай старане ў вокны радасьць ня зірне — нядоля стогне на парозе...”), якое абцяжарваецца пакутлівым роздумам пра стан айчыны.
Душы трывожны неспакой — уся і ўцеха, і багацьце...
Я горка плакаў, як пры ўтраце, за наш, айчына, хлеб з вадой, за болесьці дачкі тваёй і за твае — за мукі маці. Няўжо трывожны неспакой — адзіны скарб наш і багацьце? (С. 170)
Сын добра разумее — трывожны неспакой міне, як толькі ён вернецца на радзіму, будзе разам з Маці і сваім сынам будаваць новы дом, спяліць у полі жыта.
Прарочу: выпрастаеш стан, мая цярплівая айчына.
3 плячэй тваіх спадзе руіна — нямы цяжар балючых ран.
Ня зломіць бураў акіян будаўнікоў — і бацьку й сына, Для іх ня сплямлены твой стан, і ты — жыцьцё для іх, айчына. (С. 172)
Паэма “Сын” пабудаваная на ідэйнай аснове цеснага адзінства, еднасці, непарыўнай узаемасувязі Маці-Айчыны і яе дзяцей, якія павінны працягваць справу бацькоў, нараджаць нашчадкаў, набліжаць светлы дзень, адчуваць гонар і абавязак быць Сынам Айчыны, падзяляць разам з ёю шчасце, радасць, гора і пакуты. Гэтым роздумам прасякнута і папярэдняя паэма Алеся Салаўя “Домік у Менску” (напісана ў 1945 годзе, упершыню апублікаваная ў часопісе “Сакавік”, 1948). Яна была створана па асацыяцыі з вершам Масея Сяднёва “Домік у Менску”, які друкаваўся ў часопісе “Новы шлях” у 1944 годзе, дзе на той час працаваў Алесь Салавей. Верш Сяднёва зрабіў вялікае ўражанне на маладога паэта і пазней ён цалкам уключыў яго ў сваю паэму, даўшы ёй тую ж самую назву.
Аднак калі выдатны верш Масея Сяднёва ўяўляе сабой яскравы ўзор інтымнай лірыкі, то Алесь Салавей у вобразах “доміка ў Менску” і жыхаркі ягонае — “яе” ўвасобіў вобразы нашага агульнага Дома і беларусаў — насельнікаў гэтага “Дому-харому”, іх нялёгкія, супярэчлівыя лёсы. Паэма складаецца з пятнаццаці невялікіх раздзелаў, з’яўляецца ліра-эпічнай у жанравым плане і мае выразны аўтабіяграфічны характар. Аўтар і яго лірычны герой, гаворачы пра свае выгнанніцкія шляхі, нязменна думкамі, памяццю, сэрцам жыве ў сваім далёкім Доме, параўноўвае яго з чужынай.