Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
(Максім Багдановіч, с. 190)
Свае вянкі, вершы-мініяцюры Алесь Салавей следам за М.Багдановічам пісаў на працягу ўсёй творчасці, пачынаючы ад 1937 года. Найперш гэта былі шматфарбныя, яскравыя замалёўкі прыроды, цудоўныя карціны зімы, вясны, восені, летняга поля, лесу, квяцістага лугу: хвіліны роздуму, пачуццяў, філасофскія выслоўі, парыванні душы, кахання — усё гэта вылівалася ў вершаваныя радкі імгненнага натхнення.
7 Апошнія два радкі — з верша М.Багдановіча “Перапісчык”.
Ня пухам лебядзяў абсыпаны лагчыны, зямля схавалася пад белаю аўчынай, мадзее воддаль гай адзін нагі...
Сувоі сыпкія, глыбокія сьнягі.
Няхай сабе... А я іх перакрочу і з шляху праўднага нідзе, нідзе ня збочу!
(Сьнягі, с. 11)
У адной з невялікіх мініяцюр паэт выказваў надзею на лепшую долю:
Што там, наперадзе, іскрыцца? Зыркі зьніч?
Прастую да яго праз цемру зімняй ночы, кастрыца сьнежная мяне засыпаць хоча, — дарма! Я йду далей. Наперадзе — агні: мо доля лепшая мая і сонца дні? (C.12)
Але пакуль што “сонца дні” ў яго жыцці наступалі, калі ён увесь аддаваўся творчасці, супакойваў душу высокім небам паэзіі. I асаблівае задавальненне ён знаходзіў у кананічных формах, калі зпад яго пяра выходзілі актавы, санеты, якіх ён шмат напісаў за сваё жыццё. Вянкі-мініяцюры ўзнікалі як наплывы памяці аб Радзіме, сябрах, каханай.
Кажуць, што можна жыцьцё перакроіць, — мне ж не ўдаецца — жыву я ў чужых.
О, дарагая зямля! Хоць у мроях вырвуся я да цябе, да сваіх.
Нат птушанятка малое начамі мкнецца пад крылцы матулі свае... Хай сабе мроі. Затое ў іх з вамі, з вамі, сябры дарагія мае!
(3 вамі, с. 10)
Нягледзячы на сцісласць, абавязковую вытрыманасць строгіх класічных формаў верша, тэматычныя далягляды паэзіі А.Салаўя, створанай у зальцбургскія гады, значна пашыраюнца. У шматлікіх актавах8 раскрываюцца многія вечныя тэмы, улас-
8 Актава — васьмірадковы верш, які ўзнік у італьянскай народнай паэзіі, а ў эпоху Адраджэння распаўсюдзіўся ў еўрапейскіх літаратурах (Бакача, Тырквата Таса, Байран, Ю.Славацкі, у рускай літаратуры — Жукоўскі, Пушкін, Лермантаў, Майкаў).
цівыя еўрапейскай паэзіі. Дарэчы, у беларускую літаратуру актавы ўвёў Янка Купала.
Актавы Алеся Салаўя — класічныя васьмірадкоўі, у кожным з якіх заключаны свой асобны змест і сэнс. (Да слова, у сучаснай беларускай паэзіі актавы пісаў Анатоль Грачанікаў, ёсць цэлы зборнік у Ніла Гілевіча “Актавы”.) Алесь Салавей у сваіх актавах здолеў прыўзняцца над уласнымі болямі і жальбамі, нязгаснай тугой па роднай старонцы і з вышыні паэтычнага таленту паглядзець на дваццаты век, “бязбожнае стагоддзе”.
Супярэчлівасць і драматычная складанасць эпохі, у якую давялося жыць паэту, вызначыла і драматычны лёс беларускага народа, бяспраўнага, запрыгоненага, а таксама інтэлігенцыі, асабліва эмігранцкай. Яна, знясіленая ўнугранымі супярэчнасцямі, паступова страчвала сілу духу, якая на Бацькаўшчыне падтрымлівалася змаганнем за нацыянальную ідэю. У актаве “Нішчым” — гэтай своеасаблівай сатыры, Алесь Салавей абвострана-жорстка фармулюе свае ўяўленні і стаўленне да эміграцыі, некаторых яе лідэраў.
Зусім нішчым. Сухі пясок пустыні ваш ідэал. Мякіна — мозаг, кроў. Пабачыў вас — на коўзкай лёднай строні бязродны гурт скапычаных кароў.
Апошні раз у высь нябёснай сіні ваш правадыр — ваш бык на скон зароў. На баўтунох вы селі за квактуху, курчат няма — вось ваша сіла духу. (С. 199)
Традыцыйная праблема — інтэлігенцыя і народ — раскрываецца ў актаве з выразнай назвай “Слупы”, дзе паэт скептычна ставіцца да лозунгаў інтэлігенцыі, лічыць, што служэнне народу ў многіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі, асабліва эмігранцкай, толькі на словах, а не на справе.
Дарэмна вы на глыбах крыгалому сваіх ідэй паставілі слупы.
Наплыў ільдоў саб’е іх, як салому б’юць на таку зухвалыя напы. Хай з вас ніхто ня рад учынку злому, Ваш грымны чын — бяздарны і тупы. Самым сабе ня знойдзеце вы броду.
Ну, чым яшчэ паслужыце народу? (С. 199)
Дарэчы сказаць, сам паэт ніколі не належаў ні да якіх партый і эмігранцкіх груповак, не трапляў пад уплыў вядомых дзеячоў эміграцыі. Апантаны адной любоўю — мастацкай творчасцю, пазней, ужо ў Аўстраліі, ён напісаў санет “Ня з вамі”, дзе асудзіў дзеячоў, якія з трыбунаў гучна абвяшчалі здраднікамі тых, хто “не з намі”. Аднак “часы мінаюць. Тыя, што ня з ва-мі, // крыштальнасьць духу ўзносяць над вякамі...”, а “вы гэтак хутка падаліся ў норы // і млоснай сыці думка ваша рада...”
У сувязі з такімі высновамі аўтар задумваецца над важнай асабіста для сябе праблемай — паэт і мастацтва ў XX стагоддзі. Ён не можа змірыцца з разбуральнымі павевамі ў паэзіі, не прымае мадэрных навацый.
Чалом, чалом, слухмяныя актавы, і рыфмаў звон, і сьпеў радкоў, чалом. Скасіў мадэрн ажыўчых сокаў травы, а кветкі іх назваў вялікшым злом. Я з вамі йду пад полагам няславы, дваццаты век вас выціснуў на злом і на жанчын мужчынскія ўсклаў сподні і пасадзіў саву на храм Гасподні.
(Чалом, чалом, с. 198)
Больш за тое, наступае расчараванне і ва ўласнай творчасці, бо аказалася, што за межамі радзімы яна нікому не патрэбная.
I ўсё ж паэт шукае свае тэмы, “залатыя надзеі” не ў астылых, бяскроўных ідэалах цяжкага зямнога існавання, дзе “зьбівае з ног раз’юшаная сцюжа”, а ў чароўных вобразах “узнёслых думак, акрыленых чуццём”.
Хачу цяпер ад клуму й каламесы спакой знайсьці для сэрца і душы. А мой спакой — бы ветразь той бялесы: ірвіся ў сьвет, ня знай сьляпой цішы, пакінь зямлю — рубеж глухі, кумесы, хвальшывы цьвет на здраду ня сушы, і ня гнібей на зваленай калодзе, а гімн сьпявай жыцьцёвай насалодзе!
(Спакой, с. 200)
Многія актавы поўняцца глыбокай медытацыйнасцю, роздумам пра веру і бязвер’е, уцехі і пакуты, бацькоўскую зямлю,
вернасць вытокам, прызначэнне паэта, характарызуюцца стройнасцю і строгасцю мыслення, афарыстычнасцю, лаканізмам, а гэта сведчыла, што аўтару цалкам стала падуладнай такая даўняя кананічная форма сусветнай класічнай спадчыны.
Гэтыя прыкметы ўласцівыя і санетам Алеся Салаўя, напісаным у зальйбургскі перыяд, а таксама ў Аўстраліі (“Яшчэ не моўкнуць...”, “Як вас...”, “Цемра”, “Раство”, “Несьмяротнасьць”, “Ардэнаносцам”, “Крывічы”, “Заранка ўсходу”, “За”, “Праз неспагаду”, “Узьвіў”, “Надойсьце”, “На ціхі бераг”, “Воддаль”, “Слова”, “Ня з вамі”, “Змагаром народу”, “Над Слуцкам днее”, “Ня сьпіш спакойна”, “Ліст”, “Лёс”, “Згода”). Для мастака-творцы “яшчэ не моўкнуць стройныя санэты”, ён схіляе галаву перад іх велічнай культурай радка, захапляецца паэзіяй, прыгажосцю формы, як захапляліся да яго сусветна вядомыя творцы і асабліва непераўзыдзены Пушкін.
Салавей нідзе не адступае ад класічнай формы санета, катрэны і тэрцэты знітаваныя змястоўнай паслядоўнасцю думак, пачуццяў, якія турбуюць аўтара і яго лірычнага героя. Для санета важная аснова ўнутранай формы, яго вобразная сістэма, у цэнтры якой знаходзяцца разнастайныя паэтычныя тропы — эпітэты, параўнанні, метафары, алегорыя, гіпербала, сімвал, іронія. Алесь Салавей ужываў як канкрэтна-пачуццёвыя, так і ўмоўна-асацыятыўныя тропы. Паэт улічваў як рэальныя адзнакі падзей і з’яў, так і апеляваў да лагічнага мыслення чалавека, жыццёвай праўды, перажытасці. У яго санетах найбольш заўважаецца дакладная разлічанасць прапорцый, для якой важная і меладычнасць гучання. Але мелодыя санета ў Алеся Салаўя — гэта не простая песня, а класічная форма, у якой шмат незвычайных слоў, выразаў, што патрабуюць павольнай, адпрацаванай дэкламацыі, дзе паўзы, націскі, рытм маюць вялікае значэнне. Мастацкія сродкі санетаў Салаўя даволі выразныя, багатыя. У іх шмат ад строгай класічнай традьшыі, але ёсць і нямала новага. Да звыклых паэтычных тропаў у санетах беларускага паэта можна далучыць эпітэты, параўнанні, калі маладосць параўноўвалася з вясною, маленства — з купальскімі зорамі, вольныя думы — з вулканам, ганьба, пагарда — з цяжкімі цаглінамі... Аднак часам паэт ужывае вобразы і параўнанні нечаканыя і не зусім паэтычныя. У адрозненне ад класічнай паэтыкі, якая патрабавала, каб мастацкая творчасць адлюстроўвала rap-
манічны пачатак жыцця, у санетах Салаўя гучаць дысгарманічныя ноты, што абумоўлена было цяжкімі перыпетыямі ягонага лёсу. Ён пашырыў кола тэмаў у сваіх кананічных формах верша, увёў вобразы, факты, праблемы з штодзённага, тагачаснага жыцця (“I супіць бровы хісткі век атому, // і ў нашы рукі хаасную ўтому // упарта сунуць модныя паэты...”)Калі ў першых спробах санета яшчэ адчуваецца тэматычная абмежаванасць, паэт толькі вучыўся падпарадкоўваць строгую схему сваёй задуме, ідэі, тэме, то пазнейшыя санеты сведчаць пра раскаванасць, свабоду карыстання гэтай складанай формай. I ў цесныя рамкі 14 санетных радкоў паэт укладваў цэлы свет, драматычны змест сваіх перажыванняў, пачуццяў, думак. Мноства вобразаў у кожным санеце знітаваныя ўнутраным адзінствам дзякуючы знітаванасці ідэі, вобраза, мастацкай канцэпцыі. Сутнасць яе ў тым, што ўнутраны свет, настрой аўтара, няўлоўныя зрухі душы раскрываюцца праз канкрэтную адзіную тэму, балючую для кожнага паэта-эмігранта, — дачыненні паміж імі і Бацькаўшчынай. У творчасці Салаўя зусім мала адвечных тэмаў класічнай паэзіі, як, скажам, у санетах Шэкспіра, — кахання платанічнага і пачуццёвага, сяброўства, радасці зямнога існавання. Затое шмат нацыянальна-патрыятычных, філасофскіх разваг пра шлях Бацькаўшчыны, вернасць і здраду, долю паэта.
Асобныя санеты Салаўя, як і вянок санетаў, адлюстроўваюць падзеі жыцця, асабістыя перажыванні аўтара. Яны шмат у чым аўтабіяграфічныя. Гэта своеасаблівы лірычны цыкл вершаў, роздум, душэўныя зрухі чалавека. Змест санета часта складаюць пачуцці, настроі, выкліканыя нейкім фактам, падзеяй, якія могуць толькі ўпамінацца, згадвацца, галоўнае — выказванне эмоцый, уменне знайсці словы і вобразы, здольныя перадаць душэўны стан аўтара і захапіць гэтым настроем чытача. У душы паэта найперш жыве радзіма, і гэты важны фактар выклікае незгасальныя ўспаміны, эмоцыі, звароты да Бога. Іншы раз здаецца, што размова ідзе пра нешта асабістае, аднак паэт абавязкова звязвае гэтае асабістае з нечым вялікім, агульназначным, што знаходзіцца за межамі душэўнага перажывання. Санеты раскрываюць дыялектыку асабістых пачуццяў, звязаных з любоўю да Бацькаўшчыны, і гэтыя пачуцці ёсць не толькі крыніцай радасці, але і прычынай цяжкіх пакутаў. Санеты Салаўя склаліся ў адзіны цыкл, але адзінства тут не столькі сюжэтнае, а най-