Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
1 з росным раннем, з ясным днём, і на зары, і на паўдзенні, “адзіны дом, каханы дом” — няўціхна сэрца б’ецца-звоніць. Граніц мінаючы драты, брыдзе мой лёс гарбатым дзедам. “Каханы ты, адзіны ты” — утораць сэрцу думкі следам...
Нястача адпаведнай лучнасьці з роднай мовай, літаратурай, фізічная праца на фабрыцы (праз гэтулькі год!), далёкі ад Бацькаўшчыны сьвет пазбавілі мяне таленту і натхненьня.
Апошнімі днямі прачытаў два раманы Івана Шамякіна: “Сэрца на далоні” і “Снежныя зімы”. Надзвычайныя творы! Незалежна ад таго, у якім сьвеце яны напісаныя, пачуцьці чалавека ў іх, выразы адданасьці да абавязку, сяброўства, любасьці да сям’і, да дзяцей — гэта агульналюдзкія пачуцьці. Цяпер чытаю “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча. Спы-
ніўся на апавяданні пра старога лерніка. Цікавы твор, высокамастацкі — песьня самога лерніка, я не кажу яшчэ аб усім рамане, бо толькі пачаў чытаць яго.
У мяне побач з “Невадам з Нёмана” — “Мая Іліяда” Уладзіміра Караткевіча, “Перазовы” Ніла Гілевіча. Захапляюся вянком санэтаў “Нарач”. Некалі і мне давялося пісаць вянкі санэтаў...
...Верш “Беларуская песьня” Уладзіміра Караткевіча, уступ да кнігі “Мая Іліяда” — крылаты ўзьлёт ува ўзвышшы чароўнае паэзіі, дзе роднае спалучаецца з агульналюдзкім... Роднае не забываецца ў далёкім сьвеце, і пры ўсялякіх абставінах ажывае яно:
Шумі, шумі, мой ветразь паслухмяны, хвалюйся ўсцяж, пануры акіян.
Залечыш мо на сэрцы болесйь-раны — па тэй зямлі, што завалок туман?
Я ёю быў, як ты, ускалыханы і ўспоены. Навекі ёю п’ян. Маўляў ты сам, няўсціхамір заўсёдны, я з ёй цяпер і дружны, і нязгодны.
Даруйце, што дакучаю Вам старымі вершамі. Гэта толькі абмен думак. Сумна, духова балюча далёка ад Бацькаўшчыны. Алошні раз бачыў Беларусь 27 год таму. Мне было тады 22 гады. Тут жа дачакаўся ўжо і ўнукаў. Я “пралетарскі” чалавек. З’явіўся на сьвет 1 траўня-мая 1922 года.
У нас цяпер восень. Заўтра — пачатак першага дня трэцяга месяца восені — Першамай. 3 дрэваў ападае лісце. Холадна. Ліст пасылаю 30.4.1971 ...
3 паважаньнем, прывітаньне мужу. Алесь”.
У другім лісце да Л.Геніюш Алесь Салавей таксама пісаў пра свой духоўны і фізічны стан: “Паважаная Ларыса Антонаўна! Так сталася, што зробіш? — сталася: пішу гэты ліст зы шпіталю. Сам вырашыў не зацягваць хваробы, якая можа давесьці не толькі да руіны, але да канца. Яна пусціла ўжо глыбокія карані, і без дапамогі лекара яе не пазбавішся. 3 першых дзён чуюся добра, думалася, што будзе цяжэй. I цвёрда наважыўся, і пастанавіў з усімі сіламі волі: за варотамі шпіталю спаткаць новы чароўны сьвет, да старога не вярнуцца да самай сьмерці. Учора адведалі мяне Зіна, Юрка, Мікола. Сёньня завітаў другі Мікола.
Заўтра ізноў завітаюць. Я маю шмат добрых сяброў. Званю да іх, яны да мяне звоняць. Таму нясумна. У ложку, бясспрэчна, не ляжу. Пішу тымчасам лісты, чытаю. Бязьмежна шчыра дзякую за кнігу “Дзень паэзіі”. Я перапісаў шмат вершаў з кнігі, аддаў суродзічам. Яны чытаюць самі і дзецям, вывучаюць на памяць. Звычайныя людзі, як і паэт, такі ж самы чалавек, не забываюцца Бацькаўшчыны. Яна нязгасна жыве і сьвеціць у думках, як тыя, скажам, зоркі, што вельмі зырка зьзяюць над Паўночнай Італіяй і Грэцыяй у канцы чэрвеня і пачатку ліпеня.
Маю з сабою і кнігу “Мая Іліяда” Уладзіміра Караткевіча, якую прачытаў даўно, ды зноў перачытваю, як пабожны чалавек увесь час пераказвае-паўтарае малітвы. Удумлівы верш “Лебедзь” — гэта глыбокае спалучэньне пачуцьцяў птушкі з пачуцьцямі чалавека. I чалавек у далёкім сьвеце “ў дрэме плача” аб роднай краіне — ці то сумнай, ці то вясёлай. Верш “Апошняя песьня Дантэ” — вельмі зьмястоўны твор — прыгадаў мне і мае колішнія тэрцыны (цытуе верш “Мала”. — Л.С.).
Бяруся за другую кнігу рамана “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча. Першую прачытаў раней. Другую дастаў перад шпіталем. Яшчэ не чытаў Васіля Быкава і Івана Мележа. Кнігі санэтаў Шэкспіра ў перакладзе Уладзіміра Дубоўкі не змог дастаць. Зіна ў Мінску шукала гэту кнігу — не знайшла. Два тамы выбраных твораў У. Дубоўкі маю.
Шматлікія мае сябры, зь якімі некалі разам вучыўся, бачыўся — цяпер таленавітыя працаўнікі на ніве літаратуры, мастацтва, навукі на Бацькаўшчыне.
...Наўкола шпіталю — прыгожы сад, кветкі. He хочацца выходзіць, бо, хоць вясна, — холадна, сцюдзёны вецер з мора. Цёпла і ўтульна ў паадзіночнай палаце.
Тутэйшыя сябры — шчырыя, адданыя, ахвярныя людзі, блізкага ў забыцьці і бядзе не пакінуць. У гаспадарскіх, практычных, грамадскіх справах — непараўнальныя. Але паэзія для іх — далёкі сьвет.
Зіна, дзеці, унукі — здаровыя. Сам жа няўхільна і цьвёрда веру ў хуткае выздаравеньне і ў назаўсёдны незварот да хваробы. Як Вы маецеся? 3 найшчырэйшым паважаньнем — Алесь.
Жадаю Вам найсьветлых дзён Зь Днём Нарадзінаў, што відзён
Праз кожны год наступных крас — Прыгожых, шчасных зьяў для Вас!
Антон Дабрыдзень
27.7.1975. Аўстралія.”
Так духоўна блізкія людзі, выдатныя творцы, гнаныя на Бацькаўшчыне, якую яны да скону любілі шчыра і самааддана, падтрымлівалі адзін аднаго добрым словам, віншаваннямі, вершамі: “Удзячны ўсім за шчырасьць цёплых словаў, // за ваш узьлёт, так добра бачны мне...” Праз лісты да Ларысы Геніюш Алесь Салавей звяртаўся да ўсёй Беларусі і яе творцаў:
Дабрыдзень беларускай хаце!
Чалом нашчадкам Крывічоў! Дай Бог Табе, мой родны браце, шчасьліва йсці плячо ў плячо з высокасьцяй тваіх ідэяў, з адлукай ад клапот былых, зы зьдзейсьненьнем усіх надзеяў, з хутчэйшай блізкасьцяй да іх. (Дабрыдзень беларускай хаце, с. 159)
* * *
Даляцелі песні беларускага салаўя з далёкай Аўстраліі да Бацькаўшчыны, чытаюць і будуць чытаць нашчадкі крывічоў яго выдатныя вершы, якія шмат у чым адпавядаюць нашым нацыянальным пачуццям.
Росквіт яго творчасці, журналісцкай, грамадскай дзейнасці супаў з даваенным, ваенным перыядам, гадамі выгнання, што, здавалася б, ніяк не спрыяла паэтычнаму натхненню. Пакуты, страты, цяжкія перажыванні, самакаштоўнасць жыцця, матэрыяльныя нястачы — усё гэта сфармавала трывалыя асновы суб’ектыўнай жыццёвай філасофіі, песімістычныя настроі, і паэт жыў сваім унутраным духоўным светам, абстрагуючыся ад вонкавых абставін. Аднак у паэзіі жыў надзеяй, таму суседнічаюць у яго вершах матывы выгнання з верай у вяртанне на незалежную, вольную Бацькаўшчыну. У творах Алеся Салаўя (у адрозненне ад Наталлі Арсенневай) шмат аўтабіяграфічных прыкметаў, вершаў-прысвячэнняў родным: бацьку, маці, сястры, братам, а пазней сваім дзецям. Па гэтых вершах можна
дакладна прасачыць вехі ўласнага жыццёвага шляху паэта, як унутранага, так і вонкавага, адчуць і зразумець духоўны стан, балючыя словы паэта, сказаныя незадоўга да смерці.
Сагнуўся я, бы ніцы вербалоз, засеў у горле камень жорсткіх сьлёз, ніяк мне галавы ўгару ня ўзьняць, ня вырваць з горла каменя, сказаць: — Калі ж нас доля кіне раськідаць па сьвеце, і калі ж, калі прыжджом часіны ўсім сабрацца ў войчы дом?
Эмацыйная настраёвасць, ідэйная скіраванасць творчасці Алеся Салаўя цалкам заснаваная, паводле словаў Антона Адамовіча, на “нацыянальна-патрыятычным эпасе”, на вялікай любасці да Бацькаўшчыны, што ўзмацняе бляск “нятускнай красы” яго паэзіі. Ён стварыў паэтычную гісторыю Беларусі. Для паэта найперш — радзіма, распятая на крыжы войнаў, рэпрэсій, і Беларусь — неўміручая Крывіччына, якая стаіць ад часоў Полацкага княства і будзе стаяць заўсёды, калі будзе кіравацца “вечавымі законамі”, еднасцю, чыстым сумленнем, гістарычнай памяццю, адвечнымі асновамі жыцця нацыі.
Адказна і ўважліва ставіўся Салавей да мовы ў сваёй творчасці. Беларуская мова была для яго найдаражэйшым скарбам. Аўтар прытрымліваўся лінгвістычных канйэпцый В.Ластоўскага, Б.Тарашкевіча, Я.Станкевіча. Мова твораў Салаўя адрозніваецца пэўнай спецыфічнасцю. Аўтар заўсёды быў у пошуках новага слова, яго новых значэнняў, адценняў, экспрэсіўнай афарбаванасці. Ён звяртаўся да розных пластоў лексікі беларускай мовы, ствараў і шырока выкарыстоўваў уласныя моўныя канструкцыі і неалагізмы (водырная тхень, слодыч частаваньня, жаўроніць вясна, вецер ветліцца з травой, заскорблыя душы, сукротная журба, сьвятляр жыцьця, цямняр агоній, струшлівы час, неўглядзь зла, валвістыя нівы, руцьвяныя травы, шугавейныя крылы, жальны крык, суцьмежжа вайны, зямная прасьвяда, сьветлазорлівы харом прыроды, ацьвеценая краса, прыйсьцьнае сьвітаньне, воляграйныя акорды, клум і каламеса, хаморны змрок, спабытнік, талань, сутункі, воі, сьвіталь, мучань, згібеньне, сьвігавіцы, працемра ды інш.). Алесь Салавей меў значныя дасягненні не толькі ў моўным эксперыментатарстве як аснове кожнага паэтычнага тэксту з яго актыўным асабістым пачаткам,
але і ў галіне строфікі, фарматворчасці. Відаць, ні ў аднаго беларускага паэта мы не знойдзем столькі вершаў кананічнай формы (санеты, вянкі санетаў, актавы, александрыны, рандо, трыялеты, тэрцыны, паэмы, напісаныя класічнымі строфамі). У позні перыяд ён пашырыў тэматычныя абсягі — ад нацыянальна-патрыятычнай беларускай праблематыкі да філасофскага асэнсавання быцця. У Аўстраліі, калі творчае гарэнне пайшло на спад, паэт быў заняты збіраннем сваіх твораў і зноў душою жыў на радзіме. Галоўная кніга Алеся Салаўя “Нятускная краса” (1982) выйшла ўжо пасля яго смерці дзякуючы намаганням сям’і, землякоў, сяброў-беларусаў з Аўстраліі, Амерыкі. 3 яе на надмагільны помнік паэту навечна перанесены сімвалічныя радкі:
“Але не зьляжа ў цёмную магілу
жывы адвеку подых маладосьці...” і пажаданне: “Хай табе сьняцца сны аб Беларусі”.
Рана адышоў Алесь Салавей у вечнасць, але сваім адметным паэтычным талентам назаўсёды застаўся у беларускім мастацтве, а выдатным вершам “Камэне” пакінуў нашчадкам свой літаратурны запавет.
Як згасьне дзень, не адыйду навекі, не абміну надойсьцьнае пары.
Прыйду назад, дзе ўсьцяж гамоняць рэкі, дзе ўтораць ім і нівы, і бары...
О ты, мая адзіная Камэна, на ўсіх шляхох, назьгінам дзён сьвяці!
He адыйду... Наперайм крочыць зьмена:
я з ёй і ў ёй — і ў песьнях, і ў жыцьці. (С. 241)
БІБЛІЯГРАФІЯ
Лдамовіч Ант. Жыццё і паэтычная спадчына Алеся Салаўя // Крыніца. 1997. № 6.
Анталогія беларускай паэзіі: Т. 2. Мн., 1993. С. 598—600.
Аўрамчык М. Пакутныя вандроўкі // Полымя. 1996. № 11.