Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
О незабыўныя радкі Майго калегі М.Сяднёва! Вы дум цьвяцістыя вянкі, цытую вас я слова ў слова’.
6 Сяднёў М. Патушаныя зоры. С. 29.
7 Салавей А. Нятускная краса. Ныо-Ёрк — Мэльбурн, 1982. С 159.
Больш таго, Алесь Салавей, захоплены вершамі М.Сяднёва, калі ўжо яны ад 1944 года пачалі друкавацца ў Беластоку, прыслаў яму з Рыгі ліст:
“Вельміпаважаны спадар Сяднёў!
Мабыць, нечаканым будзе для Вас гэты ліст, — ліст ад незнаёмага чалавека, — але я ніяк не змог стрымацца, каб не напісаць хоць колькі словаў. Паверце, нястрыманае жаданьне напісаць Вам выклікалі ў мяне Вашыя вершы, якія я прачытаў у “Новай дарозе”. Я працую ў рэдакцыі часопісу “Новы шлях” на становішчы стыліста, сам крыху спрабую пісаць вершы, а таму цікаўлюся паэзіяй. I за апошнія два гады, чытаючы і перачытваючы вершы ў беларускай прэсе, я ніколі ня быў гэтак узрушаны і не адчуваў гэткага задавальненьня, як тады, калі чытаў “Новую дарогу”, што выпадкова да мяне трапіла, дзе быў надрукаваны верш “Мара”. Колькі лірычнай цеплыні і шчырасьці, колькі пачуйьцяў і перажываньняў у гэтым вершы! Верш не ад думак і не ад розуму, і не ад галавы, а ад чыстага сэрца... Радасная ўсьмешка зьяўляецца на твары, адчуваеш нейкае нявыказанае задавальненьне і ўзьняты настрой, і, адначасна, неспакой за лёс нечага дарагога і сэрцу блізкага, калі чытаеш радкі вершу “Домік у Менску”:
Драўляны дом! Блакітны дом! Маіх найлепшых мар прытулак! Ці так жа ўсё сваім вакном глядзіш на вузенькі завулак? Ці шчасьцем ты сваім багат? Ці шашаль сьцены твае губіць? Ці так жа ўсё зялёны сад тваю ідылію галубіць?
Скажы ты мне, скажы ты мне, дзе зараз тая, што начамі малілася сваёй вясне, — такая... з сінімі вачамі?
Усім сэрцам адчуваеш боль і плач душы чалавека, які з далёкага выгнаньня ў мроях рвецца да сваіх бацькоў (верш “Маім бацьком”). I незвычайна моцна перададзеная лятуценная сустрэча з бацькамі. Выгнанец “долі падуладжаны жабрачай”, перад гэтаю сустрэчай абтрасае пыл з адзеньня, прыкрывае раны, бо ведае, калі ўбачаць іх бацькі — ім будзе вельмі цяжка
і балюча... I гэта ўсё не надуманыя, не штучныя, а запраўдныя перажываньні, гэтак умела перададзеныя ў вершы! Усімі часткамі сваёй душы адчуваю запраўдную паэзію і высокую мастацкасьць у Вашых вершах, але, як у звычайнага чалавека і не літаратурнага крытыка, у мяне не хапае словаў усё гэта правільна і добра перадаць на пісьме. Скажу толькі тое, што кажная новая газэта і кажны новы верш — усё большае і большае ўражаньне і задавальненьне. I адно, толькі адно — чаму дзе-нідзе сустракаюцца перабоі ў рытмах? Каб ня было іх, было б яшчэ лепш...
Альфрэд Радзюк. Рыга”.
“Домік у Менску” — яскравы прыклад, як можа паэт дзякуючы асабістым перажыванням, пачуццям напісаць дасканалы лірычны твор, годны натхняць іншых, стаць добрай школай паэзіі для іншых аўтараў з немалым жыццёвым і творчым вопытам. Справа тут у прынцыпах паэтычнага майстэрства, змястоўнасці, вобразнасці, дасканаласці формы — строгай і простай.
У такіх вершах Сяднёў збліжаецца з лепшымі песнярамі зямнога хараства, якіх аб’ядноўвае агульнае пачуццё любові да прыроды, таксама як і ў вершах пра каханне, дзе гучыць радасць жыцця, вялікага натхнення. Тут Сяднёў, як і ягоныя папярэднікі, знаходзіць выразныя паэтычныя тропы, параўноўваючы пачуццё першага чыстага кахання, вернага сяброўства з сонцам, без якога немагчыма існаваць чалавеку. Слушна адзначаў Ян Чыквін, паэт і крытык, даследнік творчасці Сяднёва: “Закладзеную ў сабе, прадчуваную патэнцыю паэтычнага таленту Масей Сяднёў успрымаў найперш катарсічна: творчы працэс, складанне вершаў выносіла яго на паверхню жыцця, “ачышчала” ягоную душу ад знешніх выпрабаванняў, “вызваляла” ад катаржнай рэальнасці і дазваляла гэткім чынам дасягнуць унутранай свабоды і спакою. Творчасць кампенсавала фізічныя і душэўныя нястачы. Яна сталася для яго формай змагання за сябе, чалавека — зброяй і малітвай, выяўленнем пратэсту, гневу, надзеі. I запісам шчаслівых мук творчасці. Вось чаму ў Калымскі перыяд ён пачынае бараніць, ахоўваць сваю паэзію, сваю музу — у сабе, праз сябе і — для сябе. Зняволенне было настолькі новым душэўным і інтэлектуальным вопытам для Масея Сяднёва, што яно поўнасцю перакрэсліла пачатковыя тры гады паэтычнага самнамбулізму. I нічога дзіўнага, што сваё нара-
джэнне як паэта Сяднёў звязваў ужо толькі з турэмнымі перажываннямі і роздумамі...”8
Можа, за гэты паэтычны дар лёс быў літасцівы да Масея? Адбыўшы чатыры катаржныя гады на Калыме, ён нечакана ў 1940 годзе быў этапаваны ў Мінск.
Восем месяцаў цягнулася новае следства, абвінавачванняў з яго не здымалі, наадварот, дадаліся новыя. Магчыма, скончыўся б для яго суд, які быў прызначаны на 26 чэрвеня 1941 года, вышэйшай мерай, але 22 чэрвеня пачалася вайна. Калі немцы літаральна на другі дзень бамбілі Мінск, зняволеныя сядзелі ў мурах турмы, сцены якой гулі ад выбухаў. Турэмнае начальства тлумачыла вязням, што гэта ідуць “ваенныя манеўры”. I толькі на досвітку 24 чэрвеня ўсіх зняволеных, палітычных (“ворагаў народа”) і крымінальнікаў, велізарнай калонай, да якой далучылі блізу 300 чалавек з унутранай турмы НКВД (“Амерыканкі”), а таксама эшалоны вязняў з Прыбалтыкі і Заходняй Беларусі пагналі па Магілёўскай дарозе на ўсход. Калона расцягнулася болей як на кіламетр. Ляталі нямецкія самалёты, і пад выбухі бомбаў некаторым зняволеным удалося збегчы ад канвою. Нарэшце вязняў прыгналі ў Чэрвень і на двары мясцовай турмы пачалося размеркаванне — у адну групу крымінальнікаў і асуджаных па “лёгкіх” (бытавых) артыкулах, у другую — палітычных (“ворагаў народа”). А паколькі ў канваіраў не было ніякіх дакументаў на вязняў, то некаторыя “ворагі народа” здагадаліся непрыкметна далучыцца да крымінальнікаў, у тым ліку і Масей Сяднёў разам з Уладзімірам Клішэвічам і Тодарам Лебядой (Пятром Шырокавым). Крымінальнікі былі адпушчаныя на свабоду, а палітычных пагналі за Чэрвень, ва ўрочышча Цагельня, і там энкавэдысты бязлітасна ўсіх расстралялі. I толькі праз паўвека ў Беларусі, Прыбалтыцы і Польшчы даведаліся пра масавае забойства ні ў чым не вінаватых палітвязняў. На месцы гэтай трагедыі быў пастаўлены памятны Крыж, да якога кожны год 26 чэрвеня ідуць і едуць людзі.
Масей Сяднёў выратаваўся, пазбегнуў гэтай жудаснай кары. (Дарэчы, афіцыйна рэабілітаваны толькі ў 1992 годзе, пасля першага прыезду ў Мінск.) Пешшу, без дакументаў, ваеннымі дарогамі, галодны, знясілены, але вольны, паэт дайшоў да баць-
8 Чыквін Ян. Далёкія і блізкія. Беласток, 1997. С. 17.
коўскага дому. Пазней пра сваё вяртанне ў Мокрае ён напіша ў рамане “I той дзень надыйшоў”, ужо жывучы у Злучаных Штатах Амерыкі: “Я падыйшоў да свае вёскі, калі ўжо зайшло сонца, але калі было яшчэ досыць відна, і каб мяне ніхто ня ўбачыў, я вырашыў схавацца ў жыце, пасядзець у ім, пакуль не сьцямнее. Я хачу ўвайсьці ў хату незаўважным. He хачу, каб людзі адразу даведаліся, што я прыйшоў, вярнуўся. Як я не запавольваў свае хады, а ўсё роўна прыйшоў на нашыя палеткі зарана. Ад самага Чэрвеня, дзе нас кінуў канвой, я іду, хаваючыся, каб мяне не затрымалі, каб дайсыіі. I вось, калі дайшоў, пачаў набліжацца да нашых ваколіцаў — ня мог замарудзіць сваіх крокаў, дачакацца пацёмкаў: усё знаёмае, роднае хлынула ў маю душу, сьціснула маё сэрца болем, жалем, трывогай. Я цяпер ужо дома, я ўжо тут, я зараз пераступлю свай парог!.. Стаю і не адважваюся адчыніць дзьвярэй — як гэта так, адразу! Зьбіраюся з духам. А дзьверы адчыняюцца самі — маці! Спужалася. Войкнула. Зайшлася ціхім плачам. Я ў хаце. Бацька сьціскае мяне ў сваіх абдымках. Сястра цалуе і таксама ня можа ўстрымацца ад плачу. Бацька ў сьпеху зацемніў вокны. Запаліў лямпу. Маці, зірнуўшы, у чым я, зноў залілася сьлязьмі: ногі ў мяне анучамі абкручаныя, ватнікі ў дзюрках сьвецяцца маім голым целам, спарахнелая ад поту кашуля ледзьве трымаецца на плячох, на голай шыі нешта накшталт шаліка, на галаве — кепка-бесказырка. Мяне садзяць за стол, я ледзьве пераступаю — ногі сьцішаныя, ня хочуць ісьці. Я зьбіў іх, ідучы шашою. Мне даюць есьці і піць, ды ад усхваляванасьці я не магу за гэта ўзяцца — плачу сам ад радасьці і гора...”9
Падобная сцэна апісаная і ў рамане Івана Чыгрынава “Плач перапёлкі” (1978), калі сын Дзяніса Зазыбы Масей, прататыпам якога паслужыў Масей Сяднёў, таксама вярнуўся ў першыя дні вайны з месцаў зняволення, але з адной розніцай — Дзяніс Зазыба, былы старшыня калгаса, сустрэў сына насцярожаным пытаннем: “падчыстую” той вызвалены ці якім іншым чынам?
Вярнуўся Масей у бацькоўскую хату ўжо не тым чалавекам, якім ад’язджаў на вучобу ў Мінск амаль дзесяць гадоў таму. Пасля пакутніцкіх, змрочных гадоў зняволення шмат што перамянілася ў яго сведамасці, адбылася пераацэнка маральных
9 Сяднёў М. I той дзень надыйшоў. Глен Коў — Нью-Ёрк, 1987. С. 147.
каштоўнасцяў панавальнага савецкага ладу, прыйшло разуменне ідэалагічнага тэрору над творцамі. 3 другога боку — было абсалютнае непрыманне вайны, акупантаў, якія гэтулькі бяды, няшчасця прынеслі людзям, Бацькаўшчыне. I яшчэ — пасля турмы ў Масея адбывалася адаптацыя да чалавечых умоў жыцця ў роднай сям’і, ажывалі натуральныя памкненні, жаданні, але ўнутрана ён, як і ў перыяд зняволення, замкнуўся ў сабе, яго апаноўвалі думкі пра асабісты лёс і, безумоўна, пра лёс Беларусі. Што было рабіць паэту ў такім становішчы? Свае супярэчлівыя адчуванні, роздум, які адольваў яго ў той час, калі ішла вайна, гінулі людзі, палалі вёскі, а ён бяздзейна сядзеў каля бацькоў, паэт выкажа пазней у лірычным дзённіку “Мая вайна”, рамане “I той дзень надыйшоў”.
3 набліжэннем дзён вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Масею Сяднёву, які афіцыйна не быў вызвалены з турмы і не браў удзелу ў партызанскім руху, нічога не заставалася, як пакінуць Бацькаўшчыну. Пазней свае адчуванні ад развітання з радзімай ён апіша ў вершы “Жывы ўспамін”:
Я чуў — варочалася глуха Зацятаю вайной зямля У мятусьліва-неспакойным руху, што мне рабіць — падчас ня ведаў я.
Агнём твае мігалі вейкі у суцемках за рысаю зямной. Ты, хрысьцячы мяне агнём, навекі развітвалася сполахам са мной.
1 сумаваў, і плакаў я, і верыў, I гневаўся — іду бяз бітвы так. Дармо, што я ня быў жаўнерам, я сэрцам вычуваў гарачыню атак.