Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Я пакідаў цябе да хуткага спатканьня і ня зьбіраўся у дарогу назусім...10
Разам з бацькамі і сястрой ён з Мокрага пераязджае спачатку ў Касцюковічы. Але на гэты час у яго была ўжо ўласная сям’я — жонка Дуся і сын Васілёк, якія яшчэ заставаліся ў Мокрым. За імі па просьбе сына выправілася маці, аднак па
10 Сяднёў М. Патушаныя зоры. С. 157.
дарозе яе затрымалі партызаны, доўга дапытвалі, дзе знаходзіцца Масей, а потым расстралялі (усё гэта, дарэчы, апісана пісьменнікам у рамане “I той дзень надыйшоў”, трагічнай паэме “Мікола Бугроў” з нязбытным адчуваннем сваёй віны за смерць дарагога чалавека).
* W *
У 1943 годзе Масей Сяднёў з бацькам і сястрой апынуліся ў Беластоку. Адсюль пачынаецца новы перыяд творчасці, які працягнецца да пачатку 50-х гадоў, пакуль паэт будзе знаходзіцца ў Еўропе.
У Беластоку Масею Сяднёву пашчасціла сустрэцца і атрымаць дапамогу ад Хведара Ільляшэвіча — вядомага паэта і грамадскага дзеяча, які ўзначальваў Беларускае аб’яднанне Беласточчыны і рэдагаваў газету “Новая дарога”. Тут малады паэт упершыню пазнаёміўся злегендарным Міхасём Васільком, якога раней ведаў толькі па творах. Масей Сяднёў трапіў у сапраўднае беларускамоўнае асяроддзе, пабачыў беларускіх жаўнераў, якія віталіся словамі “Жыве Беларусь”, і гэта ўскалыхнула яго да глыбіні душы. Пазней у “Беластоцкім сшытку” Масей Сяднёў пісаў: “Забягаючы наперад, скажу — хіба адсюль пачалася мая Беларусь, у гэтую часіну яна прайшла праз маё сэрна... Пасля пакут, якія я перад тым зазнаў у сваёй Магілёўшчыне, беларуская Беласточчына здалася мне раем, зьявілася для мяне своеасаблівай моўнай рэзервацыяй. Адносна мірнае жыцьцё ў ёй, пагатоў стваральная праца... узьдзейнічалі на мяне дадатна, і я, чалавек з Усходняй Беларусі, захоплены ўсім новым, “заходнім”, траціў здольнасьць крытычнага падыходу... Я заплюшчваў вочы на ўсё тое, што магло параніць параненую ўжо душу. Я засланяўся прыгожым, хонь за яго, за ціхамірнасьць і даверлівасьць да сьвету я плаціў і ўсё яшчэ плачу вялікую цану...”"
Паступова Масей Сяднёў уваходзіў у жыццё Беларускага аб’яднання, пачаў пісаць у газету, найперш пра беларускіх пісьменнікаў, з якімі разам ішоў па этапах Гулага або за чытанне твораў якіх сам стаў “ворагам народа”. I пра кожнага
11 Сяднёў М. Масеева кніга. С. 27.

з іх сказаў добрае, цёплае слова. Але галоўнае — публікацыя ў “Новай дарозе” вершаў, складзеных паэтам у Мінскай турме і на Калыме, якія цяпер пачалі аднаўляцца ў памяці. Ён упершыню бачыў іх надрукаванымі, і гэта незвычайна радавала. Такія пераўтварэнні ў яго жыцці, вяртанне да творчасці, замкнёнай у душы паэта гадамі зняволення, а цяпер акрыялай у друку, адбываліся пры непасрэднай падтрымцы Хведара Ільляшэвіча, які ўладкаваў яго карэктарам у газету і як мог падтрымліваў творчы настрой.
Разам з Хведарам Ільляшэвічам Масей Сяднёў (як дэлегаты ад Беласточчыны) ездзіў на Другі Усебеларускі кангрэс у Мінск, дзе сустракаўся з Ларысай Геніюш, многімі іншымі дзеячамі беларускага руху. Пазней, у 1944 годзе, у Беластоку адбылося знаёмства Масея з Алесем Салаўём, з якім раней часта ліставаўся. Аднак радасць першай сустрэчы двух беларускіх паэтаў была азмрочаная, паводле словаў Сяднёва, “шалёным пульсам трывожнага часу”.
Для яго скончыўся і гэты, хай адносна і ўладкаваны, амаль гадавы беластоцкі перыяд. Развітаўшыся з бацькам і сястрой, якія надумалі вярнуцца на радзіму, Масей Сяднёў выехаў у Варшаву. Затым былі Берлін, Прага як працяг выгнанніцкіх дарог паэта. У Празе Масей Сяднёў знайшоў прытулак на кватэры Ларысы Геніюш, пра якую пазней напісаў цікавыя цёплыя ўспаміны.
He магла прадбачыць Ларыса Геніюш, чым скончыцца яе намер застацца ў Празе (25 гадоў Гулага), а Масея Сяднёва дарогі вялі далей, адназначна — на захад. Ён дабраўся да Баварыі, дзе былі заснаваныя лагеры перамешчаных асобаў. Жыў спачатку ў горадзе Рэгенсбургу (на адной, дарэчы, кватэры з Юркам Віцьбічам), потым у Міхельсдорфе і Бакнангу. У гэтых мясцінах беларусамі была створана і на працягу пяці гадоў (1945—1950) працавала нацыянальная гімназія імя Янкі Купалы, дзе Масей Сяднёў некаторы час выкладаў мову і літаратуру, адначасова працаваў у газеце “Беларускае слова”. На першыя ўгодкі Беларускай гімназіі ў Рэгенсбургу—Міхельсдорфе паэт напісаў верш “Хвала маладосьці”, які быў апублікаваны ў часопісе “У выраі” (1947, № 1). Часта Масей Сяднёў разам з Наталляй Арсенневай выступаў з чытаннем сваіх вершаў перад вучнямі гімназіі, а таксама перад украінцамі, рускімі, бела-
русамі, што знаходзіліся ў лагерах перамешчаных асобаў англійскай, французскай і амерыканскай зон, на супольных беларуска-ўкраінскіх літаратурных вечарах з украінскімі паэтамі Л.Палтавай, Я.Славутычам, творы якіх перакладаў на беларускую мову. 3 гэтага часу жыццё Сяднёва непарыўна звязана з эміграцыяй. I толькі ў вольным свеце паэт мог, як гэта ні парадаксальна гучыць, прысягнуць на вернасць БацькаўшчынеБеларусі сваёй творчасцю.
Аднак ці лягчэй стала сэрцу, калі раскутая песня стала вандроўнай, страціла радзіму? Стан паэта ў гэты час — раздвоенасць, супярэчлівыя пачуцці, балючыя пытанні (“Дзьве душы ў маёй душы аднэй між сабой змагаюцца бесперапынку”). Унутраны голас, быццам старонні дарадца, прамаўляе словы, якія ён сам баіцца выказаць: “Паэтам Бацькаўшчыны застанешся, хоць на свабоду Бацькаўшчыну прамяняў ты, за вызваленьне ейнае загінуць баючыся” (“Урывак”). I ўсё ж толькі за межамі радзімы ён змог смела і адкрыта асэнсаваць перажытае ў БССР і на этапах Гулага і апісаць перажытае шчырым, эмацыйным словам, роднай мовай сказаць пра ўсё, што хацеў, пра што думаў. Ён жыў верай, калі пісаў, углядаючыся ў родную далеч:
Ня сумуй, Беларусь, ты блакітнаю казкаю і снягамі ў палёх ня імжы —
Да цябе яшчэ прыдзем, каб сілаю наскаю здолець тых, што распялі цябе на крыжы...
(Новы год, 1944)
Перыяд жыцця ў Германіі (1944—1950) быў даволі плённы для Сяднёва ў творчым плане. 3 аднаго боку — маладосць, свабода, незвычайныя ўражанні ад сустрэч з “Эўропай — старой дамай”, з новымі, цікавымі людзьмі, магчымасць друкавацца на роднай мове, з другога — развітанне з Радзімай, блізкімі, пачуццё непрыкаянасці, адзіноты, адарванасці ад звыклага, сям’і, перапады настрою, матэрыяльныя нястачы — усё гэта трансфармавалася ў новыя вершы, якія склалі цыкл “На маршрутах”. Назва гэтая трапна вызначыла іх тэматычны накірунак. Вершы раскрываюць не толькі пэўны перыяд жыцця, але і стан душы паэта-вандроўніка на холадзе чужыны, на выгнанніцкіх дарогах.
Болем адгукалася ў душы паэта чужына, і гэтыя адчуванні, гэты боль яшчэ больш абцяжарваліся, паглыбляліся тымі незва-
ротнымі стратамі, што прынесла людзям і яму асабіста вайна (“Сустракалася ўсюды вайна са мною, // бачыў я і руіны руін...”). Вайна вачыма паэта, дакладней, яе жахлівыя наступствы яскрава раскрытыя ў вершах “Інвалід”, “Верш без назову”, “Усьцешаныя геніі”, “3 гістарычных датаў”, “Цяжкі адказ”, “Вайна цішыні”, “Жабраку”, "Разьбітае летнішча”, напоўненых непадробнымі пачуццямі шчырай чалавечай спагады, адзнакамі ўласнай пакутлівай памяці аб загінуўшай маці.
Акрамя вершаў Сяднёў, імкнучыся глыбей асэнсаваць падзеі вайны, піша паэмы “Мая вайна” (1946), “Цень Янкі Купалы” (1946). Паэма “Мая вайна” (першапачатковая назва “На край сьвятла”) напісана ў жанры асабістага дзённіка, дзе аўтар апавядае пра першыя дні вайны, якія заспелі яго ў мінскай турме, вяртанне да роднай хаты пасля чатырох гадоў катаргі, жаданне бьшь па-за падзеямі ваеннага часу.
У паэме “Цень Янкі Купалы” вайна паказана як праз успрыманне аўтара, так і праз успрыманне вялікага песняра, цень якога блукае па акупаванаму роднаму Мінску, бачыць жудасныя разбурэнні, павешаных на пляцы Волі, якіх вартуюць паліцаі. I пазней Сяднёў не раз будзе звяртацца да ваеннага перыяду, напіша вершавана-празаічную, у духу экзістэнцыялізму сцэну “Сустрэча з мёртвымі” (1955), прысвечаную памяці “харобрых воінаў, загінутых у Вялікім Наступе пад Магілёвам” (сэнс гэтай рэчы, калі перавесці яго з рэальнага ў філасофскі, у канцоўцы: “Нам жывыя не трэба! Адпявалі мы вас не затым, каб вы стуль ускрасалі!”), раман “I той дзень надыйшоў” (1986) — як працяг і больш шырокі погляд на падзеі, адлюстраваныя ў паэме “Мая вайна”, трагічную паэму “Мікола Бугроў” (1984) — пра смерць маці ад рук аднавяскоўца, партызана і камуніста Міколы Бугрова. Аўтар у гэтых творах асэнсоўвае хрысціянскую мараль у дачыненні да паводзінаў чалавека на вайне: бярэцца пад сумнеў біблейскае “ўзлюбі бліжняга”, а таксама права чалавека адступаць ад дадзеных Богам запаветаў ва ўмовах вайны. Побач з такімі агульначалавечымі праблемамі пісьменнік спрабуе вызначыць сутнасць дзвюх дэспатый — гітлераўскай і сталінскай... Але ўсё гэта будзе пазней, калі з гадамі ўсталюецца жыццёвая ўладкаванасць, з’явіцца хоць нейкі грунт пад нагамі. Цяпер жа блізкія, відавочныя ўражанні вайны, уласная непрыкаянасць спараджалі іншыя матывы і настроі, паўставалі няпростыя пытанні:
Як ляцець мне у сьвет шырокі? Белы цьвет мае песьні не дажджом — капытамі прыбіт. Абясьсіленай і адзінокай, яна падае з плачам на чужы і халодны граніт... (Вёрсты шлях мой далёкі пакрылі)'2
У пасляваенны перыяд роздуму і асэнсавання свайго становішча на чужыне, імкнення зноў знайсці сябе — паэта Сяднёў стварыў нямала выдатных вершаў, у якіх раскрываецца ўнутраны свет, высокія патрабаванні да сябе — творцы, вызначэнне і пацверджанне, нягледзячы ні на якія выпрабаванні, вернасці свайму пакліканню. I пазней ён не раз скажа: “Мне песьня дадзена для мукі”, аднак гэтыя творчыя мукі заўсёды перамагалі, падтрымлівалі ў самых розных жыццёвых сітуацыях, дапамагалі зберагчы душу, маральнае здароўе.
Шляхоў зямных ізноў перамагаю змору, рука сама сабе прысуд пакутны піша.
Так караблі із прыстані ізноў ідуць у мора — іх вабіць сьмерць у бездані, а не спакой і ціша.
(Я думаў...)п
Ці не адсюль, з гэтага роздуму, паэзія Сяднёва, як адзначаў Ян Чыквін у кнізе “Далёкія і блізкія”, пачала “гучаць ва ўнісон з тымі жывымі і невычарпальнымі еўрапейскімі літаратурнымі канцэпцыямі, у аснове якіх ляжалі філасофскія прадпасылкі эстэтычна-мастацкага персаналізму (прызнанне чалавека за найвышэйшую каштоўнасць)”14.