Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
Пачаліся Гулагаўскія этапы: Новасібірск, Томск, Краснаярск, Іркуцк, Улан-Удэ, Чыта, Хабараўск, Уладзівасток, Японскае мора, параход “Трансбалт”, які перавозіў 7500 зняволеных да Магадана, адтуль па 800-кіламетровай шашы, пракладзенай паміж гор і балот рукамі “ворагаў народа”, да Калымы, на здабычу золата. На гэтай катарзе Масей Сяднёў стаў “дахадзягам” і ніколі не думаў, што выжыве, адбудзе сваіх шэсць гадоў пазбаўлення волі, прысуджаных яму Вярхоўным судом БССР. Яго выратавала тое, што адбыў ён на Калыме не ўвесь тэрмін.
Можна сказаць, што з Калымы пачынаецца эміграцыя Масея Сяднёва, які пазней сам адзначаў, што толькі з гэтага перыяду ён пачаўся як паэт, начыста страціўшы ілюзіі і юнацкую веру ў тое жыццё, якое атачала яго ў ранні перыяд творчасці.
3 гэтых катаржных гадоў у паэта пачалося моцнае перакананне, што каб выжыць, неабходна умацоўваць свой унутраны псіхалагічны стан, і ў гэтых памкненнях яго падтрымкай былі вершы, якія не давалі апасці душой, загінуць, аберагалі ад прыніжэння чалавечай годнасці, турэмнай рэальнасці. Гэтадавала адчуванне хоць нейкага працягу ранейшага жыцця.
Просіцца песьня на волю — У неспазнаны шчэ сьвет.
Песьня мая, ты ня мучайся болей — волі ня мае твой ціхі паэт...
(Уночы)2
Аднак не страціў Масей Сяднёў “жывое адчуваньне сьвету”, калі мог і ў няволі складаць вершы, хоць і задаваў сам сабе пытанне: “Нашто вас, песьні, я складаю, згасаючы ў нямой цішы?” Цыкл нявольніцкіх вершаў, напісаных па памяці ў Мінскай турме, на Калыме, атрымаў пазней назву “Патушаныя зоры”. Вершы гэтага цыкла набываюць, вядома ж, зусім іншую эмацыйную танальнасць, іншыя фарбы ў адрозненне ад узнёслых лірычных матываў тых, што пісаліся “на досьвітку”. Нават загалоўкі вершаў кажуць пра цяжкія пачуцці, адчуванні, якія перажываў зняволены паэт: “Жах”, “Уночы”, “Жудка. Цемень мне сэрца гняце”, “Затуманеная даль”, “Здрайцам”, “Правадыр на трыбуне”, “На развітаньне”, “У камеры”, ‘Торы над Байкалам”, “Крывавы цар”. I хоць гучаць у іх словы роспачы, страху, развітання, чуваць адгалоскі сентыментальнай турэмнай паэзіі (“Турма. Як бляск вар’яцкіх воч, у вокнах б’ецца жах”, “не заляцець табе птушкай за краты”, “не хочацца жыць, а памерці шчэ болей”, “таварышы, гуляйце без мяне”, “у няволі, сярод чужых, памірае патомак ваш”, “я скуты ў цёмным сутарэньні”), аднак скрозь іх прабіваюцца радкі надзеі, якія сцвярджаюць чалавечую годнасць, веру ў лепшую долю.
Родныя, ня плачце пры ўспаміне — не загіне ваш бяздомны сын: я прыйду з далёкае чужыны, змучаны выгнаньнем, на спачын.
2 Сяднёў М. Патушаныя зоры. Ныо-Ёрк — Мюнхен, 1975. С. 36.
Утаю я сэрца свайго раны, абаб’ю з адзеньня пыл дарог. Усхвалёваны душою, стану на даўно пакінуты парог...
(Маім бацьком^
Натхнёны сваёй песняй-музай, паэт і ў няволі застаецца паэтам, жыве сваімі ўяўленнямі, марамі, вершамі, якія клічуць яго “ў мінулае адплыць, упіцца хмельнасьцяй юнацтва. Завуць спакусьліва яшчэ пажыць хвілінамі каханьня і мастацтва...” Яны дапамагалі яму замест турмы зайсці ў “ціхасьць Белавежы”, “хадзіць, забыўшы ўсё, па росах”, знайсці “заспакаеньне ад хаосу зямнога”, “вярнуцца да таемных вобразаў”. “Захапіўся песьняй я сваёю, падкаваў я рыфмай чарадзейку. Толькі ж грымнула над галавою: — Згінеш ты, Масей, не за капейку. Я ў няволі. Маці, мая маці, ну нашто дала ты мне жалейку?”... спускаецца з чароўных паэтычных нябёсаў паэт-нявольнік. Глыбокія перажыванні раскрываюцца ў форме балюча падкрэсленага кантрасту. Радасць жыцця абрываецца цяжкай рэчаіснасцю. Тут не толькі вобразы-сімвалы — самі рыфмы ствараюць два светы: свабода і няволя, сутыкненне трагічнага і жыццярадаснага, што прыносяць вершы, у душы паэта. Лірыка гэтага часу напоўнена горкім смуткам і трагізмам. Ён бачыць сваю безабаронную музу, якая “ад мукі стаіць, пакорлівая, на двары і ззаду зьвязаныя рукі”, адчувае, што ягоны верш “ахрып на цэмэнце ў каземаце”, “хруснуў касьцьмі”, аднак нішто не можа адняць паэтычны дар, прымусіць маўчаць яго песню. Праўда пачуццяў, жорсткая праўда рэчаіснасці, абумоўленая ўнутранай свабодай, гучыць у вершах, якія ўзнікалі па гарачых слядах страшных падзей таго часу.
Толькі людзі моцныя духам, унутранай прыгажосцю, чалавечнасцю, адчуваючы вялікую перавагу над турэмшчыкамі, маглі сказаць:
3 вас кожны сёньня злосьцяй дыша.
Хоць ціхі я, ды ўзьлёт паэта
За вас, высокіх, многа вышай...
(Звычайны я)'
3 Сяднёў М. Патушаныя зоры. С. 50.
4 Тамсама. С. 171.
“Я сам сабе адзін вялікі” — вось гэтае адчуванне і дапамагала выстаяць, захаваць чалавечую годнасць. “Я жыў паэзіяй, паэзія давала мне крылы, глушыла боль, — успамінаў паэт. — Як, дарэчы, і ў сталінскіх турмах, на Калыме. Каб, здаецца, не вершы — ня жыў бы...”
Герой Сяднёва, прататыпам якога з’яўляецца сам аўтар, больш засяроджаны на сваіх унутраных перажываннях. Ён не адчувае ніякай віны, і толькі тут, за кратамі, вязень пачаў усведамляць ілжывую палітыку тых, хто казаў адно, а на справе рабіў зусім іншае. Побач з тым светлым, што жыло ў душы, паэт адчувае разгубленасць, страх перад невядомай будучыняй, адчай ад таго, што яго вершам, відаць, так і наканавана жыць толькі ва ўласнай памяці. 1 ўсё ж ён авалодвае мастацтвам арганічна спалучаць цяжкую будзённасць і ўнутраную акрыленасць, аб’ектыўныя карціны і асабістыя перажыванні, задумваецца над лёсам нацыі, заняпадам Бацькаўшчыны і ўласным жыццём. У гэтым сэнсе характэрны верш “Крывічом”, які быў складзены на адным з сібірскіх этапаў у Марыінскім лагеры, дзе аўтар адкрыта кажа аб старадаўнім разбураным доме крывічоў, аб стаптанай славе, аб краі адвечнай, жывой пекнаты. Гэта своеасаблівы зварот да мінулых пакаленняў, імкненне паказаць сённяшнюю рэальнасць.
Ваша імя сьвятое цяпер вырываюць з крывёю ў жывых. I сьмяецца у вус крывяжэр над ахвярамі ўчынкаў сваіх.
(Крывічом)*
Вядома, такія вершы, як “Крывічом” (крытык У.Глыбінны назваў яго своеасаблівай палітычнай элегіяй), “Крывавы цар”, “Правадыр на трыбуне”, не маглі тады пабачыць свет, але яны складваліся і жылі ў памяці паэта, які лепей, чым іншыя, спазнаў “Кароткі курс ВКП(б)” і які пачынаў усведамляць сапраўдную сутнасць жыцця савецкай краіны, яе “вялікага правадыра”, каго народ называе “бацькам родным”. Яны сведчылі, што ўжо тады не ўсе паддаліся эйфарыі, не ўсе думалі так, як змушала думаць афіцыйная прапаганда. Гэтая тэма знаходзіць сваё выяў-
5 Сяднёў М. Патушаныя зоры. С. 45.
ленне і ў пазнейшых вершах (“Сустрэча”, “Ад сына твайго, Беларусь”, “Пайду” ды інш.), напісаных у 1943—1944 гг. у Беластоку. Аднак у іх нацыянальна-патрыятычная тэма выяўляецца больш дэкларацыйна-рытарычна. Паэт, які канчаткова надумаў пакінуць Радзіму, выказвае ўсё ж сваю вернасць і прызнанасць ёй, клянецца аддаць жыццё за волю Беларусі (“Ад сына твайго, што не здрадзіў табе, што зь імем тваім непахісна стаяў, як стаю, прымі ў тваёй цяжкай, сьвятой барацьбе ад шчырага сэрца прызнанасьць маю”).
Так пачынала складвацца жыццёвая і творчая біяграфія паэта. Мастацкі свет Сяднёва быў народжаны цеснымі сувязямі з сялянскім, вясковым асяроддзем, роднай па духу літаратурнай, моўнай стыхіяй, нашаніўскімі традыцыямі і той гістарычнай катастрофай, сведкам і ўдзельнікам якой ён быў і над якой шмат раздумваў, — спачатку рэпрэсіі, потым вайна і чужына. Імкненне адлюстраваць рэальнае аблічча перажытага Радзімай і ім самім, пакінуць нашчадкам яго праўдзівае мастацкае сведчанне было для паэта моцным стымулюючым пачаткам творчасці. Уласнае ўнутранае і вонкавае жыццё стала для яго не толькі крыніцай, але і мастацкай тэмай. Нездарма ў сваім артыкуле “Замест жыцьцяпісу” (“Беларуская моладзь”, 1963, № 8) паэт піша, што найлепшым яго жыццяпісам з’яўляюцца ягоныя вершы. Нялёгка было, пераадольваючы ўмоўнасці кніжнай рамантыкі, рытарычныя напластаванні ранніх паэтычных вопытаў, перайсці ад радаснага ўспрымання жыцця, кахання, сяброўства, натхнення да змрочных матываў няволі, знайсці і перадаць адпаведнымі мастацкімі сродкамі свой невыносна цяжкі стан. Затое якімі светлымі паўстаюць вершы, дзе паэт кажа пра родную старонку, калі за хвілінамі роспачы, знямогі прыходзяць хвіліны ўздыму. Ад свайго ўласна перажытага, індывідуальнага паэт здольны ўздымацца да нацыянальнага, агульначалавечага. Ён пакінуў паэтычна-праўдзівыя дакументы аб пакутах духу ў вершах перыяду “Патушаных зораў” і пазнейшых, напісаных ужо вольным чалавекам, калі гэтыя нявольніцкія гады ўсплывалі ў памяці. Гэтая тэма не стала, вядома ж, дамінавальнай у творчасці паэта, аднак сведчыла, што чалавек здольны і ў неймаверных пакутах захаваць уласную годнасць і талент. I якой бы эстэтычнай меркай ні вымяраць іх — гэта сапраўдная паэзія, духоўна-шчырая, праўдзівая, эмацыйная. У такіх вершах, як
“Маім бацьком”, “Домік у Менску”, “Маленства”, паўстаюць незабыўна-дарагія бачанні мінулага. Успаміны вяртаюць яго ў родную вёску, дзе паўстаюць вобразы блізкіх, карціны вясковага побыту, прыроды, і праз асабістае выразна праступае нацыянальна-патрыятычнае:
О, дзень мой, дагледжаны дзедам, былое вярнуцца прымусь!
Усё, што узнаў я, што зьведаў, завецца цяпер Беларусь...
(Маленствар
Моц лірычнай экспрэсіі многіх вершаў Сяднёва, іх эмацыйнага ўздзеяння незвычайная. У гэтым прыкметны склад беларускай душы, нацыянальнага характару, бо шмат агульнага сустракаецца ў творчасці М.Сяднёва, Я.Пушчы, У.Хадыкі, іншых паэтаў — стылем вершаў, формай вершаваных зваротаў, прачуласцю паэтычных радкоў, шматфарбнасцю жыццяпадобныя іх лепшыя творы. Асабліва гэта адчуваецца ў вершы “Домік у Менску” (створаны ў цягніку, калі зняволеных у 1937 годзе везлі на Калыму), Верш пазней быў пакладзены на музыку беларускім кампазітарам Карповічам, які жыў у Германіі. Гэта адзін з выдатнейшых узораў сяднёўскай лірыкі ранняга перыяду, у якім вялікая любоў да Бацькаўшчыны знаходзіць сваё канкрэтнае ўвасабленне ў вобразе “драўлянага, блакітнага доміку ў Менску” і маладой, сціплай дзяўчыны з “сінімі вачамі”.
Як адзначаў У.Глыбінны ў артыкуле “Лірычнае адтварэнне перажытага” (газета “Раніца”, 1944), “гэты верш — цудоўны пэрл нашае паэзіі, узор для нашых маладых і пачынаючых паэтаў...” I сапраўды, “Домік у Менску” з’явіўся ўпершыню ў часопісе “Новы шлях” (1944, № 3) і адразу выклікаў шматлікія перайманні. Алесь Салавей напісаў паэму пад такім жа назовам, куды цалкам улучыў верш М.Сяднёва: