Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
і “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча. Правапіс я засвоіў перш за ўсё ад Антона Лёсіка (ён выкладаў у тэхнікуме беларускую мову, калі я там вучыўся). Падручнік яго брата Язэпа Лёсіка падабаецца мне больш, чым Тарашкевічаў, хоць і не ўсе правілы, якія прапаноўвалі Тарашкевіч і Лёсік, былі бездакорнымі. Блізкая маёй роднай гаворцы мова Гарэцкага. Беларускай мове я навучыўся і з літаратурных крыніц. Гэта былі беларускія чытанкі, кнігі беларускіх пісьменьнікаў — мова Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, Я.Пушчы, вучыўся мове ў пісьменьнікаў-маладнякоўцаў. Спасьцігаў мову інтуітыўна не як лінгвіст, а як паэт”41.
Для перадачы свайго ўзнёслага роздуму пра лёс Бацькаўшчыны ён выкарыстоўвае стылявыя рэсурсы літаратурнай мовы, дзе ёсць паўнагучная, чыстая велічнасць настрою, урачыстая святочнасць духу, балючая трагедыйнасць, спагадлівасць чалавечаму ropy. Для побытавых сцэнаў, асабліва ў вершах эпічнага складу, шырока, але з пачуццём меры выкарыстоўваецца прастамоўная лексіка, словы і выразы сялянскай моўнай стыхіі, дыялектызмы, этнаграфізмы, якія паэт лічыць крыніцай узбагачэння літаратурнай мовы. Старадаўні лад жыцця простай сялянскай сям’і ў “Кроснах”, напрыклад, апісваецца не для ідэалізацыі яго, а дзеля паказу тых каранёў, ад якіх пайшла працавітасць беларускага народа, яго лепшыя традыцыі, якія не павінны адыходзіць ніколі. I апісваецца без усялякага красамоўства, мудрагелістасці стылю, напышлівасці — вобразна, шчыра, даходліва. Іншым разам мяняецца форма слова, але толькі тады, калі гэта робіцца з эстэтычнымі мэтамі, каб захаваць музыку верша, стварыць пэўны рытм. Паэт прытрымліваецца ўсё ж літаратурна вытрыманай мовы, пазбягае неапраўданых запазычанняў з іншых моў. “Я вельмі строга стаўлюся да сябе ў сэнсе стылістычным. Лічу, што паэт павінен быць тварцом сваёй мовы, інакш ён не паэт. Бачу сваю задачу ў тым найперш, каб узбагачаць, развіваць беларускую мову. Імкнуся зрабіць сваю мову эстэтычнай, апрацаванай, нават арыстакратычнай. I разлічваю на беларускую эліту: спакушанага ў літаратуры чытача, адукаванага і культурнага”42.
41 Сяднёў М. Пісьменнік і мова // ЛіМ. 1992. 10 красавіка.
Масей Сяднёў быў надзвычай патрабавальны да сябе як да паэта, да сваёй песні, “бо я сэрца і розум ёй аддаў, сябе ўсяго і беззвароту...” У яго паэзіі, дарэчы, няма ніякіх ідэалагічных напластаванняў, нарматыўнасці, псеўдагераізацыі, лакіроўкі, за якімі не відаць чалавека, няма “вырашэння праблем”, прысвячэння нейкім зададзеным тэмам, правадырам, чырвоным датам, яна не лунае ў высокія міражы і недасягальныя для чытача пошукі незвычайнай формы і шматступенных асацыяцый, мудрагелістай метафарычнасці. Усё, пра што хоча сказаць паэт, арганічна і лёгка выцякае з яго душы. I найбольш глыбока і ўсебакова праяўляецца яго талент у малой вершаванай форме, у лірычных вершах. Гэта перспектыўная творчая заваёва аўтара, менавіта ў вершах поўна і свабодна раскрываецца духоўнае жыццё паэта, яскрава прасочваецца ўзбагачэнне эмацыйнай мастацкай палітры. Ён імкнуўся апяваць прыгожае, вечнае як вынік высокага духу. За вонкавай простасцю вершаў тоіцца ўнутраная складанасць, як складаны просты, але духоўна багаты чалавек. Лепшыя яго вершы чытаюцца лёгка, нязмушана. I за ўсім гэтым хаваецца неаспрэчная паэтычная культура. Паэт піша, “захоплены свабодай выяўлення пра ўсё, што выспела ў маёй душы і што згаджаецца з маім сумленнем...” Гэта яго асноўнае паэтычнае крэда. Ён ідэйны ў той ступені, як ідэйны Багдановіч, які не прымаў павярхоўна-тэндэнцыйнай “ідэйнасці”, што не бярэ ў разлік абавязку мастацтва ўзвышаць чалавечае ў чалавеку, даваць яму адчуванне асабістай адказнасці за стан свету. Сяднёў арыентуецца таксама і на звычайнага чалавека, для якога важныя як матэрыяльныя, так і духоўныя каштоўнасці жыцця, а не ідэалагізаваныя догмы. Найбольшы паэтычны ўзлёт у вершах духоўных, філасафічных, медытацыйных, дзе перадаюцца перажыванні, роздум паэта аб жыцці і смерці, вечнасці, прыродзе, Бацькаўшчыне, каханні, сяброўстве, і дзе назіраецца той неабходны паэтычны ўніверсалізм, які спалучае духоўнасць, псіхалагізм, эмацыйнасць. Звычайна асноўная сутнасць, асноўная думка такіх вершаў, іх развязка выказваецца пры канцы, у апошніх 2-3 радках — гэта тая самая пуанта, пра якую казаў, аналізучы творчасць Сяднёва, украінскі прафесар, літаратуразнавец, крытык Юры Шэрах. Побач з гэтым інтуітыўным пачаткам у вершах ёсць і тое, за што Яр Славутыч назваў Сяднёва паэтам думкі.
“Пранікненьне ў таямнічнасьць прыроды Беларусі, — адзначаў прафесар Мюнхенскага ўніверсітэта Ю.Бойка-Блохін, — эротыка, напоўненая ідэалістычнымі тонамі, рэфлексія, упрыгожаная ціхай
засмучонасьцю над недасканаласьцю чалавека, — матывы паэзіі М.Сяднёва. У сваёй паэзіі М.Сяднёў чулы, засяроджаны, глыбокі лірык. Нават у кароткім вершы ён можа выказаць глыбокае пачуцьцё, філасофскі роздум, абагульненьне. Кожным сваім творам ён змушае нас сур’ёзна задумацца над сэнсам нашага існаваньня, дачыненьнямі паміж людзьмі, над стаўленьнем да добрага і злога, над жыпьцём і сьмерцю, над вечнасьцю. У ягоных вершах мы заўважаем гранічную адкрытасьць, мужнасьць і сілу, што прываблівае чытача сваім гарманічным гучаньнем, запальвае нашу фантазію”.
Вершы апошніх гадоў (кніга “А часу больш, чым вечнасьць”) — гэта водгулле пражытага жыцця ўвайшоўшага ў сваю восеньскую пару паэта, які поўніцца жаданнем:
Каб пры канцы шляхоў маіх далёкіх, што не ўкладаюцца ні ў вёрсты і ні ў мілі, ня помнячы грахоў і крыўдаў лёгкіх, прыхільныя багі мяне багаславілі...
(Малітва)^
Ад эмацыйных вершаў, прысвечаных роднай Беларусі, лірычных медытацый, філасофскай напоўненасці ў роздумах сталага паэта да зусім даверлівых, засяроджаных на духоўным жыцці твораў 80-х гадоў — ва ўсім гэтым адчуваецца свая, толькі творчай індывідуальнасці Сяднёва ўласцівая сістэма гармоніі, якая выліваецца ў суладдзе формы і ўнутрана скандэнсаванага, напружанага зместу. 3 аднаго боку, у душы паэта па-ранейшаму “грае вячыстасьць клёнаў”, жыве ўлюбёнасць у жыццё, трывожыць нязгасная памяць, з іншага: “Хаджу павольней. Нікуды не рвуся. Мой хлеб надзённы ў мяне ёсць. Ды ўсё ў сібірскай завірусе ад холаду мая танцуе маладосьць”.
3 вітком гадоў ступаю ўсё цяжэй, як бы ўзьбіраюся я на гару.
3 вітком гадоў раблюся ўсё цішэй, не палымнею сэрцам, не гару. Іду, узьбіраюся. I за спіной увесь набытак свой нясу.
Нічога не пакінуў за сабой — усё ўзяў: няўдачы, роспач, сум...
(Замала часу)ы
43 Сяднёў М. Патушаныя зоры. С. 128.
44 Сяднёў М. А часу больш, чым вечнасьць. С. 9.
3 кожнай новай кнігай, новым цыклам вершаў паэт вырастаў творча, выразней акрэслівалася яго вытанчанае паэтычнае аблічча, уласны стыль. Усё больш упэўнена пранікаў у глыбіні людскіх пачуццяў, асэнсоўваючы сувязь чалавека з прыродай, адчуваў недасканаласць чалавека, нягледзячы на тое што ён — вянец прыроды. I ў вершах пазнейшага перыяду сваёй творчасці, калі паэт задумваецца над вечнасцю, над стратамі і набыткамі чалавечага жыцця, ён імкнецца раскрыць духоўны свет свайго героя ў цеснай спалучанасці з неразгаданым, адвечным хараством прыроды, у сузіранні “сызыхавай працы” акіяна, залатых восеньскіх дрэў цудоўнага парка Глен Кова на беразе акіянскай затокі. Тут ён стварыў цыкл вершаваных мініяцюр, сціслых, лаканічных гімнаў прыродзе.
... I хоць болем палымнеюйь грудзі, і хоць хутка я іду да спаду — радасьць, успаміны ў сэрцы будзяць жоўтыя завеі лістападу...
(Лістапад^
Спасцігаючы глыбіні сяднёўскай паэзіі, адчуваеш яе эмацыйную пачуццёвасць, тонкую лірычнасць, глыбока інтымныя, душэўныя перажыванні, разнастайнасць праблематыкі, шырокі жанравы дыяпазон — ад лірычных, ліра-эпічных твораў да іранічна-біблейскіх, вершаў-мініяцюр, споведзяў, вершаў-лістоў, малітваў-элегій, роздумных медытацый. Еўрапейская паэзія Масея Сяднёва ўзрасла на беларускай глебе, жывіцца яе сокамі, вобразамі, тэмамі. У той жа час ягоная творчасць мае шмат агульнага з творчасцю паэтаў Бацькаўшчыны. Яго паэзія, як і паэзія Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Сяргея Грахоўскага ды іншых, што выйшлі з сялянскага абмежаванага кола, уздымаецца да вяршыняў духоўнасці, мастацкасці, разумення сілы мастацкага слова, яго незвычайнага ўздзеяння на чалавека. Патрыятычныя матывы — любоў да Радзімы, не абстрактная любоў да маці — яе вобраз, пяшчотны. трагічны, прачула паказаны і ў паэзіі Сяднёва, і ў сучаснай нашай паэзіі і прозе. Матывы асабовай лірыкі — асабістае “я”, лёс чалавека і свету, лёс Бацькаўшчыны, пошукі свайго дому, сваіх нацыянальных каранёў, непакой за стан роднай мовы, беларускага адраджэння, зварот да нядаўняй і далёкай гісторыі — усё гэта ёсць у паэзіі Сяднёва і ў лепшых творах айчыннай паэзіі.
45 Сяднёў М. А часу больш, чым вечнасьць. С. 36.
Украінскі крытык і паэт Л.Палтава, высока ацэньваючы творчасць Сяднёва, лічыў, што ў яго паэзіі “перапляліся таленты — саркастычны Гейнэ і Шылера, непасрэдна-шчыры, выраслы з народных глыбіняў і таму глыбока-патрыятычны Я.Купалы і Я.Коласа, філасофска-лірычны Генры Лангфела і Цютчава, хоць М.Сяднёў — поўнасцю самабытны аўтар”46.
Менавіта гэтымі нацыянальнымі рысамі найбольш блізкая і зразумелая паэзія Сяднёва беларускаму чытачу. Цяпер, калі нашы ўяўленні пра творчасць Сяднёва ўзбагаціліся праз даступнасць ягоных кніг, стаў вымалёўвацца вобраз таленавітага паэта, празаіка, як выдатнай з’явы беларускага літаратурнага замежжа.
* &
Зварот Масея Сяднёва да прозы быў абумоўлены не толькі празаічнымі ўмовамі жыцця і душэўнага стану ў 50-х гадах, калі цяжкасці ўладкавання ў Амерыцы не спрыялі лірычнаму настрою, але і жаданнем паказаць там, на Бацькаўшчыне, грамадскапалітычную сістэму, якая ў гады рэпрэсій вынішчала лепшых людзей наныі, многіх зрабіла выгнанцамі.
Нялёгка было паэту ажыццявіць гэтую задуму, палітыкам і грамадскім дзеячам ён ніколі не быў, але ўласна перажытае давала падставы закрануць хоць нейкія аспекты такой маштабнай і складанай тэмы. Да таго ж бывалі гранічныя перапады творчага настрою, калі паэту здавалася, што яго зусім пакінула паэтычная муза. У гэтым сэнсе паказальныя некаторыя вершы, дзе адбываецца дыялог паэта з самім сабою, унутраным дарадцам, асабліва “Урывак” — белы верш, напісаны шасцістопным ямбам (1953).