Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
Палітыка была простай: адных “нацдэмаў” “адключыць”, выслаць на дзесяцігоддзі ў Гулаг, расстраляць, другіх застрашыць, прымусіць служыць сістэме, удзельнічаць у ілжывай прапагандзе аб шчаслівым жыцці, славіць “вялікага мудрага” правадыра, пра
што сведчыць кульмінацыйная сцэна першага раздзела рамана — збор подпісаў пад лістом Сталіну (яго зачытваў перад калгаснікамі “свой” пісьменнік, самы адукаваны ў вёсцы чалавек — студэнт Мікола па прапанове старшыні калгаса). Рэакцыя вяскоўцаў на апісанае ў лісце заможнае, радаснае, бесклапотнае жыццё калгаснікаў была адпаведнай: смех і смелыя іранічна-з’едлівыя рэплікі, але пісьмо “бацьку” падпісалі ўсе пад пагрозлівым позіркам “упаўнаважаных”.
Так акрэслілася завязка рамана: сістэма прадвызначыла лёс галоўнага героя, сялянскага сына, інтэлігента ў першым пакаленні, тыповага прадстаўніка карэнных беларусаў, адоранага пісьменніцкім талентам, любоўю і павагай да роднага слова. Ужо за адно гэта яму наканавана было знікнуць, быць “адключаным” ад роднага асяроддзя і Бацькаўшчыны. Гэтую пагрозу прадчувалі і блізкія людзі, раілі Міколу сапраўды “знікнуць” самому, з’ехаць на далёкі Усход, не вяртацца ў Мінск з вакацыяў на далейшую вучобу. Але ў яго падсведама жыла надзея, што абміне навала арыштаў, ён жа сын селяніна-бедняка, за ім няма ніякай віны, хіба што складанне вершаў. I ўсё ж не давалі спакою бясконцыя трывожныя думкі: “Я ніколі яшчэ так ня думаў пра жыцьцё, пра сябе... Я быў у сваіх бацькоў пад іхнай аховай і мне ня трэба было думаць. Цяпер хата адыходзіць ад мяне, бацькоўская апека канчаецца. Яны ў страху, што іхнай апекі цяпер недастаткова, каб уберагчы мяне, што нада мною стаў мой уласны лёс, што я ўжо падуладны свайму лёсу і ўсё залежыць цяпер ад таго, наколькі я спраўлюся з ім, калі спраўлюся наагул. Я ўжо за парогам бацькоўскай хаты. I мне, як ніколі, робіцца шкада свах бацькоў. Больш таго — у мяне страх за іх. Я баюся, што іх напаткае тая ж фатальнасьць, што й мяне. Мяне мучыць нейкая віна перад бацькамі, віна, што ўзьнімаецца ў мяне да ступені граху. А які грэх?.. Мяне ж няма. У маім “я” мільёны “я” і таму ў мяне няма “я”. Няма мяне...
Раптоўная, як маланка, думка пра ўпаўнаважанага перарвала гэтыя мае дзіўныя разважаньні. Упаўнаважаны закрэсьліў у маёй памяці ўсё, што адклалася ў ёй за перажыты дзень. Я адчуў, што стаю на ростані і што мне трэба ўсьведаміць, хто я?, што я? Упаўнаважаны паўстаў у маіх вачох гэтак зырка, што я мог разгледзець у ім самую найдрабнейшую рысу. Найперш ён сам — нізкі, камлюкаваты, прысадзісты, цяжкі. Гэтае ўражаньне ўзмацняецца яшчэ ягонымі новымі падкоўкамі на абцасах. Галянішчы,
халявы ягоных ботаў даходзяць да самых каленяў і яны там закасаныя. Галіфэ, скуранка і ленінская кепка на брытай галаве завяршаюць ягоны вобраз, надаюць яму суцэльнасьць. Лоб — пляскаты, вочы — у вузенькіх шчылінах. Глядзіць праз іх — як сьмяецца. Ты ня бачыш неба ў іх — яны замутненыя і схаваныя, і таму ты ня можаш меркавайь аб зрухах ягонай душы. Што асабліва ўражвае пры гэтым — ягоны ласкавы голас, што выклікае цябе на шчырасьць зь ім.
Вобраз упаўнаважанага як бы спусьціў заслону на снэне майго дня, дзе я граў, і перавёў мяне ў другі плян — у плян начы. Вобраз гэты патушыў мой зыркі, шматфарбны дзень...”52
Так “мільёны маіх “я”, мільёны звычайных людзей апынуліся пад уладай “упаўнаважаных”, якія вырашалі іх лёс. Так і Міколу Масеевічу, які ўзвышаўся над “упаўнаважаным” сваім талентам і разуменнем таго, што тварылася ў краіне, наканавана было стаць “ворагам народа”, перажыць пакуты Калымскага Гулага, вярнуцца пад час вайны ў бацькоўскую хату, каб зноў развязваць пытанне: “Хто я?”:
“I гэтак я жыву ў нікчэмнай, раздвоенай вёсцы. I сам я нічэй. Я і ні туды, і ні сюды. Я ня ведаю, хто я. Я ніхто. Я не магу стаць на той ці іншы бок. Мяне бакі ня цікавяць. Я абпёкся на гэтых бакох. Я стаяў быў ужо на адным баку і той бок абярнуўся мне бокам. Больш не хачу ніякіх бакоў. Яшчэ на Калыме я даў сабе зарок зрачыся ўсяго, каб нічым не зварачаць на сябе ўвагу, ні ў чым ня браць удзелу, жыць для сябе, ціха, няпрыкметна, задаволіўшыся, скажам, пасадай нейкага стоража...”53
Апынуўшыся ў трагічнай сітуацыі — паміж акупантамі і партызанамі, Мікола заняў нейтральную пазіцыю. Але ён вельмі добра разумеў, наколькі яна была хісткай, часовай: Я пачаўусё болей і болей задумвацца, чым гэта ўсё скончыцца. Надыйдзе ж час, калі я буду расплачвацца за ўсё гэта. I той час, відаць, не за гарамі. Я прадчуваю набліжэньне яго...
Я стаю між кавалдай і молатам. Я зацёрты дзвюма сіламі, і ў мяне засталося мала прастору для манэўраваньня паміж імі. Гэта прастора няспынна звужаецца і звужаецца. Я буду раздаўлены, калі ня выйду з гэтага прамежку...”54
52 Сяднёў М. I той дзень надыйшоў. С. 62—64.
52 Тамсама. С. 153.
54 Тамсама. С. 212.
Нейтральная пазіцыя героя ў дачыненні да ваенных падзей не прынесла заспакаення і ўратавання — трагічна абарвалася жыццё маці, а самому давялося пакінуць радзіму.
Такім фатальным аказаўся лёс герояў рамана, якія міжволі апынуліся ў самым эпіцэнтры гістарычных падзей, паміж дзвюма магутнымі сіламі Другой сусветнай вайны. Аднак лёс іх быў прадвызначаны не ваеннымі падзеямі, а злачыннай палітыкай Сталіна, які жудаснымі рэпрэсіямі распачаў вайну супраць свайго народа. Як было ацалець у такіх абставінах звычайнаму чалавеку, зберагчы свой духоўны свет, выжыць фізічна? Менавіта такія пытанні найбольш турбавалі аўтара і яго героя. Унутраныя маналогі Міколы, імкненне разабрацца ў тым жыцці, што працякала на радзіме, сталі асноўным, кульмінацыйным стрыжнем рамана “I той дзень надыйшоў”, ключом для разумення падзей у “Рамане Корзюку”, бо яны хоць і самастойныя, але звязаныя адным, галоўным героем кнігі. Герой гэтай дылогіі то пад прозвішчам Рамана Корзюка, то як Мікола Масеевіч паўстае нашым сучаснікам, паэтам-летуценнікам, філосафам, але і рэальным чалавекам, які прайшоў цяжкі пакутніцкі шлях ад Мінска да Калымы, а ў духоўным плане — ад звычайнага вясковага юнака, адоранага паэтычным талентам, да складанай, духоўна багатай асобы мастака-творцы. Шлях героя — гэта ў нейкай ступені шлях нацыянальнай інтэлігенцыі, апантанай ідэямі беларускасці і амаль вынішчанай сталінскім генацыдам у 30—40-х гадах.
Калі “Раман Корзюк”, несучы ў сабе жанравыя адзнакі “палітычнага рамана”, з яго вострай сюжэтнасцю, выкрыццём сталінскай дыктатуры, перад якой чалавек ніхто і нішто, “лагерны пыл”, вызначае пачатак фатальнага лёсу героя, to “I той дзень надыйшоў” — яго канец. Падзеі першага рамана паслужылі своеасаблівай “накавальняй” у жыцці героя, калі яго малола сталінская сістэма, падзеі другога — “молатам” ваеннага часу, калі схліснуліся дзве дыктатуры — гітлераўская і сталінская. Чалавек аказаўся безабаронным перад такой наканаванасцю лёсу, хоць і выжыў, але, сапраўды, каб не быць раздаўленым гэтымі страшнымі сіламі, герою раманаў Сяднёва заставалася адно — зыход, адчужэнне Бацькаўшчыны, выгнанне.
Аўтар разглядае экзістэнцыю свайго героя як праз асноўныя праяўленні звычайных чалавечых пачуццяў (страх, роздум, ваганні, рашучасць, сумленне, адчуванне неўсвядомленага граху перад
бацькамі, каханай), так і праз гранічныя сітуацыі — пакуты на мяжы жыцця і смерці, барацьбу за свой духоўны свет, захаванне чалавечай годнасці. Спасцігнуўшы, перажыўшы неймаверныя выпрабаванні, герой Сяднёва, як і сам аўтар, зрабіў свой выбар — свабода, а праз яе і выбар самога сябе, свайго духоўнага “я”, але цаной страты радзімы. Аднак гэты выбар быў адзіна правільным у сітуацыі паміж “накавальняй і молатам” дзеля захавання фізічнага жыцця. Радзіма была страчаная вонкава, душой ён заўсёды быў з ёю.
Так дайшоў Сяднёў да сваёй Беларусі. пакінутай, але духоўна здабытай Бацькаўшчыны.
Акрамя гэтых двух змястоўных раманаў Масей Сяднёў напісаў мастацкія апавяданні (“Мірза Дагужыеў”, 1997, “Клятва перад Тасканам”, 1998, пра людзей, бязвінных вязняў, з якімі сустрэўся і пасябраваў пад час свайго зняволення на Калыме); кнігу для дзяцей “Насьцейка, сьветарова дочка”, урыўкі з якой апублікаваныя ў часопісе “Бярозка”, 1994, № 10, шматлікія публіцыстычныя артыкулы, у якіх выказвае тое, што яго хвалюе апошнім часам, крытычныя нататкі, эсэ, нарысы. Друкуе іх у айчынных перыядычных выданнях, тым самым актыўна падключаецца да літаратурнага працэсу Беларусі. У “Масеевай кнізе” самымі цікавымі старонкамі з’яўляюіша ўспаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Пушчу, М.Зарэцкага, А.Дудара, У.Хадыку, Т.Кляшторнага, С.Баранавых, А.Цвікевіча, Л.Геніюш, Б.Кіта. Крытычныя артыкулы пра творчасць М.Багдановіча, Я.Брыля, Л.Калюгі, І.Чыгрынава, Б.Сачанкі, В.Хомчанкі, А.Кудраўца, Я.Чыквіна, развагі пра шкоду, якую прынёс беларускай літаратуры метад сацыялістычнага рэалізму. Але самыя балючыя старонкі — роздум пісьменніка пра сённяшні дзень Бацькаўшчыны, нацыянальную свядомасць беларусаў, мову. У артыкуле “3 майго Менску — у Мінск” аўтар распавядае пра сваё адкрыццё Беларусі праз паўвека. Найбольш яго ўразіла, што Мінск, сучасны, прыгожы еўрапейскі горад, у параўнанні з Менскам яго маладосці не размаўляў па-беларуску. “З’ехала некуды Беларусь, тая, што я ведаў, і пытаўся ў сябе самога, ці вернецца яна і калі?..”55 Дзеля таго каб яна вярнулася, або, як ставіў пытанне Ніл Гілевіч у вершы — “Ці дойдзем мы да Беларусі”, Сяднёў лічыць, што мы не можам таптацца ў мінулым, даказваць сабе і свету, якой магутнай была наша дзяржава — Вялікае Княства
55 ЛіМ. 1997. 5 верасня.
Літоўскае, а трэба заглянуць у вочы сучаснасці: “Адраджэньне тады адраджэньне, калі яно творчасьць. Архаікай жыць немагчыма...” 3 такімі высновамі можна і паспрачацца, бо стагоддзямі ў беларусаў вытручвалі гістарычную памяць і павагу да свайго, нацыянальнага. Аднак у артыкуле “Сум па Духоўным Пантэоне” Сяднёў слушна адзначае: “Нацыянальнае будаўніцтва пачынаецца з Духу. He з эканамічнага базісу, а з Духу як жыватворчага пачатку. Без такога пачатку, без Духу як прымату нельга ўявіць жыцьця нацыі. Дух — гэта тое, што цэментуе нацыю і вызначае ейную адметную сутнасьць. Дух — гэта тое, што актывізуе стваральную дзейнасьць нацыі, Дух фармуе нацыю... У нас няма капілкі Духу, Свайго нацыянальнага Пантэона, Тэмпеля, Храма... У нас яшчэ толькі адбываецца працэс нацыянальнага Духу, нясьмелае заснаваньне яго. Наш нацыянальны Дух не набыў яшчэ той палымянасьці, аб якой гаварыў апостал Павел. Мы знаходзімся цяпер у пошуках такога стану, пры якім успыхнула б іскра, што запаліла б паходню нашага Духу. Над нашай пакутнай, але прыгожай зямлёй мусіць узняцца Агонь Духу. У гэтым Агні Духу і адбудзецца другое нараджэньне нашай нацыі, як ўваскрашэньне”56.