Памяць пра легенды
Кастусь Тарасаў
Выдавец: Полымя
Памер: 263с.
Мінск 1990
Роднасныя літоўцам яцвягі — заходнія суседзі Русі Літоўскай — займалі Белавежскую пушчу і землі, што да яе прылягалі, так званае Падляшша. У 983 годзе, як адзначалася
вышэй, у яцвягаў аднялі землі, асяродкамі якіх стаў Брэст; тут жа, на былых яцвяжскіх паселішчах, узніклі і другія гарады — Кобрын, Камянец, Драгічын. На яцвяжскія тэрыторыі прэтэндавалі і палякі — у барацьбе за Брэсцкае княства інтарэсы рускіх і мазавецкіх князёў прыходзілі ў сутыкненне.
На пачатку ХІП стагоддзя Конрад Мазавецкі нават намагаўся захапіць Брэст, але мусіў адступіць. Дарэмнымі былі і ягоныя спробы пакараць яцвягаў і саюзных ім прусаў. Больш таго, яны прымушалі мазавецкага князя да выплаты даніны. Існуе паданне, якое ў гратэскнай форме малюе залежнасць Конрада ад прусаў. Аднойчы апошнія паслалі князю патрабаванне даць ім коней і адзенне, пагражаючы ў выпадку адмовы нападам. Конрад, не маючы чым задаволіць гэтае жаданне сваіх ваяўнічых суседзяў, склікаў да сябе паноў. Калі госці напіліся да непрытомнасці, ён раздзеў іх і адаслаў вопратку і коней прусам. Наўрад, канешне, каб прусы схілілі Конрада да такіх нешляхетных учынкаў, аднак сутнасць падання праўдзівая — прусы і яцвягі дапякалі яму. Іх набегі на палякаў былі настолькі адчувальнымі, што польскія князі, варагуючы паміж сабой, аб’ядноўвалі сілы для ваеннага адпору прусам. Конрад Мазавецкі, яго брат Лешак Белы і Гжэгаш Барадаты хадзілі на прусаў у 1222 годзе, прычым залучылі ў гэты паход і нямец кае рыцарства. Наступным годам яны паўтарылі напад, і ўжо з удзелам атрадаў паморскіх княстваў. Аднак пажаданых вынікаў не дамагліся. I тады Конрад адважыўся на надзвычайную меру — звярнуўся за дапамогай да крыжакоў, што вельмі цяжка адбілася на ўсёй наступнай гісторыі Польшчы. Вядома, князь не мог прадбачыць будучыню, ён жыў бягучымі клопатамі; сваё рашэнне, відаць, лічыў калі не мудрым, дык і не памылковым, але пазбаўляючыся аднаго ворага, нажыў сабе і дзяржаве другога, куды больш агрэсіўнага.
Ордэн не проста «супакоіў» яцвя гаў і прусаў, ён захапіў іхнія землі
і стварыў тут ваяўнічае гаспадарства. Ужо ў 1226 годзе вялікі магістр Герман фон Зальца заручыўся прывілеем германскага імператара Фрыдрыха II, які перадаваў у вечную ўласнасць Ордэну ўсе тэрытарыяльныя заваёвы рыцараў на прускіх землях. Але па іроніі лёсу ордэнская дзяржава захавала за сабой назву знішчанага (часткова анямечанага) народа, і той абшар гэтай дзяржавы, вядомы як Усходняя Прусія са сталіцай Кёнігсбергам, праіснаваў аж да 1945 года. Ад яцвягаў не засталося нават і імя.
Гібельны час яцвягаў вядомы з літаральнай дакладнасцю. Яны ўдзельнічалі ў паўстанні прусаў супраць Тэўтонскага ордэна, і апошнім годам гістарычнага існавання гэтага племені з’яўляецца год падаўлення паўстання — 1283. Большасць яцвягаў загінула ў баях з немцамі, некаторыя былі пераселены з родных мясцін у заходнюю вобласць Самбіі. Канчаткова яны германізаваны ў XVI стагоддзі. Паасобныя роды яцвя гаў знайшлі выратаванне ад ордэнскага мяча на Русі Літоўскай, на землях Гродзеншчыны. Сюды, напрыклад, прыйшоў з дружынай і на сельніцтвам іх апошні князь Скурдо. 3 1283 года летапісныя ўпамінанні пра яцвягаў спыняюцца. Іх вёскі адзначаны на Скідзельшчыне, ёсць яны каля Дзятлава. Яцвяжскія імёны — Дзіркот, Галт, Коман, Павіла, Рыкала, Скамант, Скурдо, Тапейка, Скурко, Сох, Вазола, Шынейка і іншыя — можна прасачыць у беларускіх тапонімах і прозвішчах. На жаль, яцвяжская мова страцілася, і пакуль што ў нас не рабілася спроб вычленіць лексічныя яцвяжскія запазычанні. Адзінае даследаванне пра гэтае племя, зробленае польскімі вучонымі, адзначае вялікі ўплыў яцвяжскай мовы як на беларускую, так і на польскую.
Але якой мэты дамагаліся мы, так падрабязна апісваючы суседзяў і становішча Русі Літоўскай? Вельмі важкай — каб стала магчымым уявіць незвычайнасць абставін, племянную стракатасць, сутыкненне самых роз-
ных інтарэсаў і сіл на невялікай наогул тэрыторыі. Як бачым, гэтыя групы людзей вымушаны былі ўжывацца і цярпліва прымаць бытавыя, духоўныя і рэлігійныя адрозненні адзін аднаго.
Хутка замест яцвягаў і прусаў суседзямі Русі Літоўскай сталі тэўтонцы, і пачалося працяглае змаганне з крыжакамі. Ваенная экспансія немцаў супраць Полацка (пра што ўжо крыху гаварылася) і Ноўгарада прывяла апошніх да саюзу, які быў замацаваны шлюбам Аляксандра Неўскага з дачкой апошняга полацкага князя з Рагвалодавічаў — Брачыслава. Паражэнне рыцараў на лёдзе Чудскага возера, дзе поруч з наўгародцамі стаялі і полацкія палкі, спыніла наступ крыжакоў на пскоўскія і наўгародскія землі, але затое ён узмацніўся на літоўскім напрамку.
Сорак гадоў нямецкіх набегаў на поўнач Літвы і крывавая хрысціянізацыя прускіх плямёнаў паслужылі каталізатарам аб’яднаўчых асэнсаванняў сярод чорнарускіх, літоўскіх, нальшанскіх, дзяволтскіх князёў. На той час княствы Русі Літоўскай апынуліся ў выйгрышным становішчы: іх, як і ўсе астатнія беларускія землі, апроч Брэсцкай, не кранула Батыева нашэсце, да іх яшчэ не дайшлі крыжакі, і натуральна, што тут склаліся не толькі настроі, але і магчымасці для правядзення самастойнай палітыкі, рэалізацыі вяршэнства над сваімі саслабелымі суседзямі. Дзелавое выкананне гэтых інтарэсаў распачаў Наваградак.
Пад 1237 год упамінаецца ў летапісах апошні наваградскі князь са славянскім імем Ізяслаў. Мусіць, хутка ён памёр, і горад запрасіў на княжанне Міндоўга. Пра тое, што Міндоўг увайшоў у горад не сілай, а па жаданні ці са згоды наваградскіх феадалаў, неабвержна сведчыць хрышчэнне яго ў праваслаўе, пра датаванае Гусцінскім летапісам 1246 годам: «В сне лето велнкнй князь лнтовскнй Мнндовг прнят веру хрлстланскую от Востока, co многлмл сволмл бояры». Пераход князя язычніка ў праваслаўе менш за ўсё
быў рэлігійным актам; у першую чаргу ён меў палітычны сэнс, які праяўляўся ў тым, што Міндоўг рабіўся аднаверцам з большасцю насельніцтва горада, княства, дзе садзіўся гас падарыць, і ўскладаў на сябе адпаведныя абавязкі берагчы інтарэсы княства, паважаць яго даўніну, гэта зна чыць законы і рэлігію. Да таго ж горад, пэўна, заключаў з Міндоўгам дамову, як пра тое сведчыць дагавор пачатку XIV стагоддзя паміж палачанамі і князем Ердэнем. Прымаў праваслаўную веру і князь Даўмонт, калі ў 1275 годзе стаў княжыць у Пскове. У праваслаўе хрысціўся пляменнік Міндоўга Таўцівіл, займаючы княжацкі пасад у Полацку ў шасцідзесятых гадах XIII стагоддзя. Прак~ тычна нельга назваць ніводнага літоўскага князя, які б здзяйсняў у беларускіх, украінскіх ці рускіх гарадах княжацкія абавязкі і заставаўся язычнікам.
3 Наваградка, абапіраючыся на сілы Наваградскага княства, Міндоўг распачаў аб’яднанне зямель Чорнай Русі — Гродна, Слоніма, Ваўкавыска, Нясвіжа, Здзітава, Турыйска. Літоўская дружына князя была непіматлікая. Напрыклад, Даўмонт прывёў у Пскоў трыста чалавек. Хутчэй за ўсё з такім жа прыкладна атрадам прыйшоў у Наваградак і Міндоўг і быў прыняты ў сілу добрых сяброўскіх адносін з наваградскім баярствам, якое ведала яго як здольнага ваяра. На такую думку наводзіць запіс Іпацьеўскага летапісу пра тое, што галіцка-валынскі князь Данііл Раманавіч «возведе на Кондрата Лнтву Мнндога (н) Нзяслава Новогородского». «Возведенню» гэтаму папярэднічалі такія акалічнасці: Конрад Мазавецкі, запрасіўшы Ордэн на свае землі для барацьбы з язычнікамі, перадаў яму і Драгічынскую воласць, якую Данііл Раманавіч лічыў сваёй. У адказ апошні быў вымушаны вы біваць крыжакоў з Драгічына сілай і наладзіў паход супраць Конрада, дзеля чаго залучыў сваіх саюзні каў — Міндоўга і Наваградак. Таму ўжо ў трыццатых гадах «Літва Міндоўга» і Наваградскае княства су-
месна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Дарэчы сказаць, паражэнне кры жакоў пад Драгічынам у 1237 годзе з’явілася адной з падстаў аб’яднання Нямецкага (Тэўтонскага) ордэна з Лівонскім. Па сутнасці гэта была першая бітва, дзе тэўтонцаў разбілі аб’яднаныя ўкраінска-беларускія і літоўскія войскі. На жаль, пра такі факт у нас неяк зусім не гавораць.
Полацкае княства, ушчэмленае мечаносцамі, прыйшло да саюзу з Мін доўгам — да ўзгаднення сваіх інта рэсаў з інтарэсамі Чорнай Русі і той часткі Літвы, якая была верная Міндоўгу ці падначалена ім у выніку міжусобных войнаў. 3 дапамогай чорна-рускіх палкоў князь здолеў падпарадкаваць сабе ўласна Літву; Жмудзь варожа ставілася да Міндоўга, іншыя землі Аўкштоты — Дзяволтва і Нальшаны — таксама працівіліся яго дзяржаўным намерам; паказальна, што менавіта на тыя тэры торыі абрушыў рэпрэсіі сын Міндоўга князь Войшалк пасля пагібелі бацькі.
Дзяржаўнае аб’яднанне Русі Літоўскай і часткі літоўскіх зямель атрымала ў якасці сімвала дзяржавы наваградскі герб «Пагоня» — на чырвоным полі залаты вершнік з узнятым мячом. Гэта быў распаўсюджаны герб, ім карыстаўся, напрыклад, і Аляксандр Неўскі. На беларускіх землях таго часу Пагоняй называлася таксама і скліканне баяр ства на вайну ці ў набег; Пагоня азначала ўсеагульнае апалчэнне. Толькі пры Гедыміне, ужо ў наступным, XIV стагоддзі, з’яўляецца і другі герб, так званыя «Слупы», «Калоны», што ўтварыўся з радавога знака Гедыміна, з кляйма, якім пазначалі княжацкія табуны. Да роду Калонаў належыў і Міндоўг; радавое гняздо іх знаходзілася каля Ашмян. Так што, адзначым яшчэ раз, Міндоўг — вы хадзец з беларуска-літоўскага памежжа.
Аб палітычным і «геаграфічным» цэнтры Вялікага княства Літоўскага дазваляе меркаваць і мураванае будаўніцтва, якое вялося ўжо ў XIV ста годдзі Гедымінам. Пры ім былі ўзведзены замкі ў Наваградку, Крэве,
Лідзе. Але першая мураваная вежа ў Наваградку з’явілася пры Міндоўгу.
Зразумела, стваральнікі Вялікага княства Літоўскага не маглі зазірнуць на два стагоддзі наперад і прадбачыць такога развіцця падзей і адносін, якое зробіць неабходным яго дзяржаўны саюз з Польшчай. Да 1386 года ў развіцці Вялікага княства дамініравала беларуская культура, наогул беларускі пачатак, што выявілася, у першую чаргу, у дзяржаў насці беларускай мовы. Яна была не толькі мовай канцылярыі і вялікакняжацкага двара, але і мовай феа дальнай вярхушкі. Толькі пад канец XVII стагоддзя, пасля крывавай руска-польскай вайны, беларускую мову забаранілі да выкарыстання ў афіцыйным справаводстве. I замянілі яе польскай, а не літоўскай, якая таксама цярпела ад уціску наль шчызны.