Памяць пра легенды
Кастусь Тарасаў
Выдавец: Полымя
Памер: 263с.
Мінск 1990
Але не ў лічбах справа; важна адзначыць, што Міндоўг змагаўся з крыжакамі з напружаннем усіх сіл Чорнай Русі і Літвы.
Логіка вайны прывяла Міндоўга да саюза з Аляксандрам Неўскім. Пагадненне падмацавалі шлюбам Канстанціна — сына полацкага князя Таўцівіла, таго самага, што дзесяцігоддзем раней асаджваў свайго дзядзьку Міндоўга ў Варуце, з дачкой Неўскага Еўдакіяй. Канстанцін у гэты час быў князем віцебскім.
Але лёс ужо адлічваў для Аляксандра Неўскага і Міндоўга апошнія гадзіны. У 1263 годзе амаль адначасна памёр Неўскі і быў забіты Міндоўг. У Вялікім княстве Літоўскім пачалася міжусобіца, якая расцягнулася амаль на дзесяць гадоў. Змаганне за вялікакняжацкі пасад, звя дзенне асабістых рахункаў, падзел войска па групоўках сапернікаў дрэнна адбіліся на агульнай барацьбе з крыжакамі. Ды і бліжэйшыя на ступнікі Міндоўга аказаліся не надта адаронымі для дзяржаўнага кіравання. Пражыві князь яшчэ некалькі гадоў, магчыма, гісторыя другой паловы XIII стагоддзя была б іншай. Таму цікава прасачыць абставіны яго смерці.
Пасля ўмацавання сваёй дзяржавы і пераможных паходаў на крыжакоў Міндоўг адчуў сябе на вяршыні ўдачы і славы. Таленавіты палітык, чалавек моцнай волі, рашучы і непахісны, князь стаў ахвярай тых заганаў, што нараджае неабмежаваная ўлада,— усё дазволена ў адносінаў да слабейшага. У 1263 годзе памерла ягоная жонка Марта, ад якой у Міндоўга было двое сыноў — Рэпік і Рукля, яшчэ падлеткі. Жонка сканала ўначы, а на золку ганец з лістом ад Міндоўга ўжо паімчаў да яе сястры, каб ехала плакаць па нябожчыцы. Сястра была замужам за Даўмонтам — князям Нальшанскім, магчыма, ён меў сваім цэнтрам Крэва, таму сястра Марты прыехала хутка. На памінках Міндоўг абвясціў ёй, што Марта, паміраючы, загадала яму ажаніцца на сястры, бо толькі яна будзе добра прыглядаць за Рэпікам
і Руклям. А паколькі апошняя воля — закон, дык Міндоўг пакінуў жонку Даўмонта пры сабе. Дарэчы, і Марту ён некалі ўзяў праз гвалт — ажаніўся на ёй, забіўшы яе мужа — булевіцкага князя Вішымунта і яго братоў Едывіла і Спрудэйку. Імёны падказваць, што гэта былі яцвяжскія князі. Як бачна, адносіны Міндоўга з жанчынамі вылучаліся, мякка кажучы, своеасаблівасцю. Наўрад ці тут таілася нейкая невядомая нам гісторыя «рамантычнай» любові князя да сёстраў, якая падштурхнула яго забіць мужа старэйшай сястры і зняважыць Даўмонта. Напрошваецца меркаванне, што Марта дасталася Міндоўгу разам з землямі братоў Булевічаў пасля іх забойства — тут палітыка сплялася з пачуццямі. А выпадак з жонкай Даўмонта інакш чым здзекам не назавеш. Адказаць сілай на такую абразу Даўмонт не мог і таму, робячы выгляд, быццам скарыўся, чакаў зручнага моманту для помсты. Праз год, калі войска Вялікага княства рушыла ў паход на чарнігаўскія землі, Даўмонт са сваім палком пакінуў яго і разам з князем Трайнатам, пляменнікам Міндоўга, ударыў на Міндоўга, які з сям’ёй і невялікай дружынай бавіў летні час недзе ў Налібоцкай пушчы.
Вялікую крыўду перажыў Даў монт, і не было ў яго літасці да нікога. Ен забіў двух сыноў Міндоўга — Рэпіка і Руклю, а самога князя пасек, як капусту. Загінулі пры гэтым на падзе і былая жонка Даўмонта — трагічная ахвяра старэчай пахатлівасці вялікага князя, і ўся ягоная ахова. Вось так скончыў сваё жыццё выдатны палкаводзец, стваральнік новай дзяржавы, заўсёды асцярожны, з ласкі багоў зберажоны ва ўсіх бітвах князь Міндоўг. Было яму каля сямідзесяці гадоў; Даўмонту — самае большае трыццаць, жонцы яго, згвалчанай Міндоўгам і за гэта забітай, наўрад ці прамінула дваццаць пяць.
Здзейсніўшы помсту, Даўмонт вярнуўся ў Нальшаны, а вялікакняжацкі пасад заняў Трайнат. Неадкладна яму выказаў нейкія прэтэнзіі на землі і ўладу ягоны брат Таў-
цівіл, князь полацкі. Дзяльба зямель прывяла братоў да сваркі, пад час якой Трайнат забіў Таўцівіла; сын апошняга Канстанцін, які сеў на бацькоўскае месца ў Полацку, баючыся Трайната, уцёк у Ноўгарад. Але прагнаму да славы і ўлады братазабойцу нядоўга давялося ганарыцца і радавацца здабытай праз кроў каронай: чацвёра канюшых Міндоўга, помсцячы за свайго гаспадара, зарэзалі Трайната нажамі, калі ён ішоў у лазню.
Пасля гэтага шэрагу забойстваў на сцэну бурлівага палітычнага жыцця выйшаў старэйшы сын Міндоўга Войшалк, які хаваўся ад Трайната ў Пінску. Сілаю пінскіх палкоў ён вярнуў сабе Наваградак — сталіцу Вялікага княства — і разам з наваградцамі вырушыў караць непаслухмяных князёў Нальшанаў і Дзяволтвы. Усё варожае Міндоўгу і Вой шалку баярства і князі ў Аўкштоце былі перабіты. «Войшелк же нача княжатн во всей земле Лнтовской — апавядае летапісец,— н поча ворогн свое нзбнватн, нзбн нх беіцнсленное множество, а друзнн разбегошася како кто вндя». Даўмонт, напрыклад, уцёк у Пскбў, дзе хутка яго абралі баявым князем. Тут ён хрысціўся ў праваслаўе, пражыў да 1299 rofla, ратаваў горад ад немцаў, хадзіў паходамі на літоўцаў і ўвайшоў у гісторыю Пскова як адзін з найлепшых пскоўскіх князёў. Пры ім пачалося будаўніцтва муроў, што назаўсёды захавалі назву Даўмонтавых. Пасля смерці Даўмонт (хрыспіянскае імя Цімафей) быў кананізаваны як пскоўскі святы, у царкве захоўваўся ягоны меч, якім апяразвалі кожнага новага князя. У Пскове Даўмонт ажаніўся, і тут нарадзіўся ў яго сын, названы пры хрышчэнні Давыдам, якому лёс наканаваў вярнуцца на радзіму і ўславіць яе ваенным талентам. Але пра гэта пазней, а зараз вернемся да Войшалка.
У адрозненне ад бацькі Войшалк не быў натурай цэльнай: дух ягоны кроілі супярэчнасці, ён прымаў манаства, замыкаўся ў келлі, хадзіў нават
паломнікам, заснаваў манастыр, але, відаць, і затворніцкае жыццё яго не супакойвала і не задавальняла, бо зноў вяртаўся ў Наваградак князем. У 1267 годзе Войшалк паехаў ва Уладзімір-Валынскі на з’езд князёў, і тут, у манастыры, недалёка да горада, пачаў высвятляць за пітвом адносіны з Львом Данілавічам. Пэўна, добра было выпіта — бо пілі ўвесь вечар і ўначы, і ўрэшце віно зрабіла сваю справу — раз’юшаны Леў Данілавіч выхапіў меч і забіў Войшалка.
Так абарваўся лёс трэцяга гаспадара Вялікага княства Літоўскага, чалавека раздвоенага, у якім спалучаліся жорсткасць з сарамяжлівасцю, дзяржаўнае мысленне з манаскімі пачуваннямі, прага гаспадарчай дзейнасці са схільнасцю да поўнай адасобленасці ад свету і мітусні чалавечых клопатаў. Калі хавалі яго па манаскаму абраду, то, пэўна, у заснаваным ім манастыры, што прастояў на беразе Нёмана амаль сем стагоддзяў. Калі ж Войшалка хавалі як князя, дык магіла яго магла быць у Барысаглебскай царкве ў Наваградку, дзе ён прымаў хрышчэнне. Недалёка ад замка знайшоў супакой і прах ягонага бацькі. Курган Міндоўга, які і сёння з’яўляецца адной з выдатнасцей Наваградка, відаць, і ёсць тое месца, дзе пачынальнік рознанацыянальнай дзяржавы, аб’ядноўца беларусаў і літоўцаў, лёг на вечны сон.
Незадоўга да смерці Войшалк перадаў уладу свайму швагеру, Шварну Даніілавічу. Магчыма гэты ўчынак яго пакрыўдзіў Льва Данілавіча і стаў прычынай забойства. Княжанне Шварна цягнулася тры гады; у 1270-ым вялікакняжацкі пасад заняў Трайдэн. Дванаццаць гадоў ягонага панавання адзначаны змаганнем з нальшанскімі феадаламі, дробнымі князямі Дзяволтвы. У 1277 годзе ён разбіў аб’яднаныя сілы татараў і рускіх князёў, адваяваў у галічан Драгічын над Бугам, а ў немцаў — Дынабург.
3 смерцю Трайдэна, што супала з паражэннем прускага паўстання, па-
чалося «цёмнае» дзесяцігоддзе ў гісторыі Вялікага княства, дзесяцігоддзе безуладдзя ці барацьбы за ўладу, пра якое не засталося ніякіх звестак.
Але ў 1293 годзе вялікім князем прыходзіць Віцень; адзін яго родны брат, Васіль-Воін, княжыўу Полацку, другі, Гедымін, трымаў уладу хутчэй за ўсё над скаронымі Дзяволтвай і Нальшанамі. Віцень жорстка падавіў паўстанне на Жмудзі, дзе феадалы хацелі пайсці на саюз з крыжакамі, і паспяхова адбіваў наступы тэўтонцаў на Чорную Русь. У 1314 годзе ён перамог войска крыжакоў пад Наваградкам, там плячо ў плячо стаялі супраць немцаў наваградцы, гро дзенцы, літоўцы, палачане. Праз два гады Віцень сканаў, і гаспадаром Вялікага княства Літоўскага стаў Гедымін. У 1323 годзе ён перанёс сталіцу дзяржавы з Наваградка ў Вільню, дзе, можна меркаваць, княжыў пры Віценю. Легенда, якая тлумачыць заснаванне Вільні ўдачлівым паляваннем Гедыміна ў гэтых мясцінах, «не памятае», што горад існаваў да таго тры стагоддзі. Каб узняць значэнне новай сталіцы Вялікага княства, Гедымін звярнуўся са спецыяльным лістом да заходнееўрапейскага насельніцтва, запрашаючы на жыццё ў «каралеўскі горад Вільню» цесляроў, ганчароў, дойлідаў — усіх рамеснікаў. Сярод новапрыбылых было шмат яўрэяў, якія ратаваліся ад пагромаў і ганенняў, характэрных для гарадоў Заходняй Еўропы. Гэтыя перасяленцы і склалі першую на Літве і Беларусі яўрэйскую абшчыну. Трэба дадаць, што Гедымін дэклараваў рэлігійную цярпімасць і роўнае стаўленне да ўсіх іншаверцаў, і з цягам часу гэта вылілася ў традыцыю грамадскага жыцця ў Вялікім княстве Літоўскім. Пры Гедыміне ў склад княства ўвайшлі ўсе беларускія землі, ён заключыў саюз з палякамі і мазавецкім князем, вёў актыўнае змаганне з крыжакамі. Загінуў вялікі князь заўчасна пры драматычных абставінах. Ля вусця Нёмана немцы пабудавалі моцны замак Баербург, які стаў асяродкам вынішчальных паходаў углыб Жмудзі. Крыжакі выво-
дзілі ў палон жмудзінаў, палілі вёскі. Павялічвалася пагроза страты жмудскіх зямель. Баербург быў для Гедыміна як костка ў горле. Але замак атачалі тры равы, і узяць яго прыступам наўрад ці ўдалося б. На шчасце, сярод замкавай варты знайшліся два шляхцічы з анямечаных прусаў. Пэўна, памяць пра трагічны лёс сваіх дзядоў, пакораных крыжакамі, абудзіла ў іх свядомасць і яны вырашылі здрадзіць Ордэну і дапамагчы Гедыміну. Нейкім чынам сустрэліся з вялікім князем і дамовіліся, што адкрыюць замкавую браму. Гедымін хутка, падступала ж адліга, сабраў войска і рушыў пад Баербург.
Адна здрада адгукнулася другой. Сярод блізкіх да князя людзей быў немец, які служыў яму дзевяць гадоў і стаў ужо сваім. Але дазнаўшыся, што Баербургу пагражае здрада, немец папярэдзіў замкавы гарнізон. Калі Гедымін падышоў да Баербурга, дык убачыў двух сваіх прыхільнікаў на шыбеніцы, узнятай над замкавай сцяной. Вялікі князь усё ж такі распачаў асаду. Дваццаць дзён яго войска штурмавала Баербург, а на дваццаць першы за спіной Гедыміна ўзніклі прускія харугвы. Бітва з крыжакамі здарылася жорсткая, большасць княжых ваяроў загінула. Самога Гедыміна працяла варожая страла, рана сталася смяротнай. Крыжакі, замацоўваючы поспех, адразу рушылі на Жмудзь і Літву. Разгубленасць сыноў Гедыміна і абезгалоўленага войска паспрыяла ўдачам немцаў, яны захапілі вялікі палон. Нарэшце беларуска-літоўскія палкі сабраліся, крыжакоў спынілі і адолелі, але кошт перамогі быў непамерна вялікі — дванаццаць тысяч ваяроў склалі галовы ў гэтай сечы. Аднак Баербург застаўся за крыжакамі.