• Газеты, часопісы і г.д.
  • Памяць пра легенды  Кастусь Тарасаў

    Памяць пра легенды

    Кастусь Тарасаў

    Выдавец: Полымя
    Памер: 263с.
    Мінск 1990
    129.4 МБ
    Сутнасць тоілася ў іншым: стаянне ў баку выбраў не Ягайла — вы бралі людзі, якіх ён вёў, ягоныя харугвы, войска. Адзінай прычынай, што прымусіла яго не ўступіць у бітву, з’явіўся настрой беларускіх палкоў, гэта значыць пераважнай боль шасці войска. Беларусы былі праваслаўнымі, іхняе спачуванне рускім як аднаверцам вылілася ў рашучае нежаданне секчыся на баку Мамая. Але самай галоўнай перашкодай для злучэння войскаў Ягайлы з Мамаем стала памяць беларусаў аб разгроме ардынцаў на Сіняй Вадзе. Бітва тая незаслужана застаецца ў цяні. Між тым менавіта на Сіняй Вадзе, як ужо адзначалася, татары пацярпелі першае буйное паражэнне, якое і
    абумовіла канец іхняга панавання на захопленых славянскіх землях. Дакладней кажучы, яно паклала канец татара-мангольскаму ярму на ўкраінскіх землях. Вялікі князь Альгерд павёў на вызваленне Украіны ўсю ваенную сілу Вялікага княства Літоўскага — тысяч трыццаць войска, не лічачы чэлядзі і абознікаў. Да яго далучыліся і палкі ўкраінскіх зямель, што стагоддзе марылі скінуць татарскае ярмо. У бітве на Сіняй Вадзе, як апавядае летапіс, асабліва вылучылася наваградскае апалчэнне, узначаленае князем Карыятам.
    Спачатку войска Альгерда падышло да Кіева — татары, што сядзелі ў горадзе, не наважыліся абараняцца і збеглі. Адтуль войска накіравалася да Канева і Чаркасаў, затым на Паўднёвы Буг, да Сіняй Вады. Сюды сцягнулі свае аб’яднаныя сілы тры татарскія ханы — Катлубай, Кацібей, Дзімір. Раніцай, калі над Дзікім полем узнялося сонца, Альгерд паставіў палкі шырокай падковай. Наваградскія харугвы занялі месца на флангах — асцерагаць войска ад татарскіх наскокаў збоку. Працягвалася сеча поўны дзень і скончылася нечуваным раней разгромам Залатой Арды. Бітва на Сіняй Вадзе ўваходзіць у лік буйнейшых у сярэднявеччы, а па сваіх выніках наўрад ці мае сабе роўных — бо татары былі выбіты з Кіева, Валыні, Падолля, з усёй стэпавай Украіны да Крыма і вусця Дону.
    Яшчэ адным здабыткам гэтай гістарычнай перамогі стала з’яднанне беларускага і ўкраінскага народаў. Яно адбылося праз дзвесце пяцьдзесят гадоў пасля распаду Кіеўскай Русі. Толькі зараз народы злучыліся ў новай дзяржаве — Вялікім княстве Літоўскім, Рускім, Жамойцкім. Крыху ўхіляючыся ад галоўнага, трэба сказаць, што ні наша навука, ні культура пакуль не асэнсавалі і не ўвялі ў духоўны ўжытак такую унікальную з’яву, як адносіны паміж народамі ў Вялікім княстве Літоўскім з часу яго стварэння і да падзелаў у XVIII ст. Паміж беларусамі, літоўцамі і ўкраінцамі, якія складалі насельніцтва Вя
    лікага княства, на працягу стагоддзяў не было нацыяльнай варожасці, біт ваў, сутычак. Кажучы сучаснай мовай, тут панавала інтэрнацыянальная свядомасць. Гэта вельмі карысны вопыт для нас, сённяшніх. Шкада, што па дробных палітычных прычынах яго не бралі пад увагу, a то і наогул аблайвалі, трактуючы, напрыклад, вызваленне Украіны, як яе захоп, наўмысна раздзімаючы недавер паміж народамі. Брацкую еднасць беларускага, украінскага і літоўскага народаў асвяціла кроў, пралітая на Дзікім полі каля Сіняй Вады. Сапраўды — за нашую і вашую волю!
    Менавіта вызваленне Валыні, Падолля, украінскай сталіцы Кіева паўплывала на рашучасць Маскоўскай Русі дамагчыся перамогі над татарамі. He выпадкова Кулікоўская бітва адбылася так хутка пасля бітвы на Сіняй Вадзе. Час вызвалення ад Арды настаў, і абвясцілі пра яго радасным звонам мячы беларусаў, украінцаў і літоўцаў.
    У войску Ягайлы мелася дастаткова ваяроў, якія ўдзельнічалі ў той славутай бітве, і зараз выступаць на Куліковым полі разам з нядаўна пабітым ворагам супраць блізкага па крыві і брацкага па веры рускага на рода ім здавалася немагчымым. Ацэньваючы такія настроі сваіх харугваў, Ягайла палічыў за лепшае не рызыкаваць. I паступіў разумна. Беларускія палкі пад час бітвы маглі далучыцца да рускіх, і ўжо тады непазбежна, адразу ж пасля разгрому ардынцаў, згарэла б, як знічка, зорка княжання Ягайлы. Тым болей, што не трэба было шукаць пераемніка, ён знаходзіўся побач — полацкі князь Андрэй Альгердавіч. Вось з гэтай нагоды тыя тысячы, якіх так не хапала Мамаю, на якія ў значнай меры абапіралася ягоная ўпэўненасць у перамозе, нерухома прастаялі наводдаль поля, а даведаўшыся пра баявы поспех рускіх, рушылі назад, у Вялікае княства.
    Як жа склаўся далейшы лёс некаторых галоўных удзельнікаў Кулікоўскай бітвы? Андрэй Полацкі пасля
    настойлівай барацьбы з Ягайлам быў пераможаны, некалькі гадоў адседзеў у турэмнай каморы, адкуль яго вызваліў пад сваю заруку князь Вітаўт. Склаў галаву Андрэй Альгердавіч у жорсткай бойцы з татарамі на рацэ Ворскле ў 1399 годзе. Сыны князя — Міхаіл і Сымон, якія таксама секліся з татарамі на полі Куліковым,— загінулі раней за бацьку: Міхаіл — у 1385 годзе пад час паходу Масквы на Алега разанскага; Сымон — годам пазней, калі бараніў Полацк ад свайго стрыя Івана-Скіргайлы.
    У трагічнай бітве на Ворскле палі героі Кулікова поля Дзмітрый Альгердавіч і Дзмітрый Міхайлавіч Баброк-Валынскі.
    Мамай праз год пасля сваёй няўдачы на Доне быў разбіты Кіпчакскай Ардой, уцёк у Крым, дзе ў хуткім часе яго зарэзалі. На чале Зала той Арды стаў Тахтамыш. У 1382 годзе ён з вялізным войскам напаў на Маскоўскае княства, спаліў Маскву і падманам увайшоў у Крэмль. Насельніцтва горада (10—15 тысяч чалавек) татары пагалоўна і бязлітасна высеклі. Новае ўзмацненне Арды стала пагражаць не толькі Маскве, але і Вялікаму княству Літоўскаму. Таму Ягайла, застаўшыся пасля забойства свайго дзядзькі Кейстута самаўладцам, вырашыў змяніць палітыку адносін з Масквой — замірыцца. Для замацавання саюзу меркаваўся шлюб Ягайлы з дачкой Дзмітрыя Данскога. Аб гэтым дамаўляліся ў 1384 годзе. Але тады ж прыйшла больш карысная для Ягайлы прапанова ад палякаў — уступіць у шлюб з польскай каралевай Ядзвігай і стаць каралём Польшчы. Ягайла, канешне ж, яе прыняў.
    Памятаючы дні славы сваіх продкаў, шануючы іхнія перамогі, не мусім мы забывацца на іхнія няўдачы і паражэнні. У прамежку паміж пераможнымі бітвамі на Сіняй Вадзе, полі Куліковым, пад Грунвальдам адбылася сеча на Ворскле, адна з самых трагічных па зыходу ў тагачаснай гісторыі беларусаў і літоўцаў. На колькі Сіняя Вада была карыснай для ўмацавання Вялікага княства,
    настолькі ж Ворскла стала няўдачай, і сама дзяржава апынулася на мяжы палітычнага знікнення. Можна сказаць, што адзінаццаць гадоў — ад паражэння на Ворскле да перамогі на Грунвальдскіх пагорках — Вялікае княства вісела на валаску. Бо вынікам паходу на Ворсклу з’явілася Віленска-Радомская унія, па ўмовах якой Вялікае княства Літоўскае пасля смерці Вітаўта ператваралася ў польскую правінцыю. Абставіны былі такія, што князю давялося заручыць гэты дакумент. Уласна кажучы, пасля Ворсклы Вітаўт не меў сілы супрацьстаяць ваеннай пагрозе з боку Ягайлы. Яму патрабавалася дзесяцігоддзе, каб адрадзіць войска, палеглае ў бітве з ардынцамі.
    Ворскла пачыналася так. Пад канец 1398 года ў Кіеў да Вітаўта з’явіўся хан Белай і Залатой Арды Тахтамыш, той самы, што спаліў Маскву пасля Кулікоўскай бітвы. Ён прыбыў у якасці ўцекача, пазбаўленага ўлады валадаром Вялікай Арды Тамерланам. Апошні паставіў ханам Залатой Арды Цімур-Кутлага. Тахтамыш меў пры сабе немалое войска і звярнуўся да Вітаўта з прапановай аб узаемнай дапамозе. Вялікі князь вырашыў скарыстаць зручны выпадак. Ён абяцаў хану вярнуць ардынскі трон, Тахтамыш прымаў на сябе абавязак пасадзейнічаць ВітаўТУ Ў прыяднанні да Вялікага княства ўсёй Маскоўскай Русі. Задума, як бачна, была грандыёзная. У ліпені Вітаўт сабраў пад Кіеў войскі. Да яго далучыліся некалькі харугваў крыжакоў і добраахвотнікі з Польшчы. 6 жніўня на берагах Ворсклы ваяры Вялікага княства сутыкнуліся з конніцай Цімур-Кутлага. Бачачы колькасную перавагу палкоў Вітаўта, Цімур-Кутлаг прапанаваў пачаць перагаворы аб умовах міру. Вітаўт згадзіўся. Без кровапраліцця ў рукі яму ішла такая ваенная ўдача, такая палітычная.здабыча, пра якую можна было толькі марыць — Залатая Арда падначальвалася Вялікаму княству Літоўскаму. Па выніках гэта раўнялася б поспеху перамогі пры Сіняй Вадзе. Вітаўт мог бы памерацца
    славай з Альгердам. Аднак ЦімурКутлаг старанна зацягваў перагаворы. Князь, як заварожаны, чакаў ханскай згоды на пакору. Пяць дзён змарнавалі на пустыя размовы. А ранкам 12 жніўня Вітаўт убачыў побач з бунчукамі Цімур-Кутлага вялізнае войска хана Эдыгея. Падмануты вялікі князь за памылку мусіў плаціць крывёй. Бітва скончылася поўным разгромам харугваў Вітаўта. У сечы загінулі шэсцьдзесят беларускіх, літоўскіх, украінскіх князёў; ненаўмысна татары пазбавілі Вітаўта княжацкай апазіцыі. Гэта была адзіная карысць ад паходу на Ворсклу.
    На полі бітвы засталася назаўсёды палова ваяроў Вялікага княства. Свае не маглі іх пахаваць, бо ратава ліся ўцёкамі. Наўрад ці хавалі забітых і пераможцы. Іх таксама багата палегла ў бязлітаснай бойцы. Смяротную рану атрымаў і хан Цімур-Кутлаг. Так што пасечаныя на берагах Ворсклы палачане і наваградцы, гродзенцы і менчукі, берасцяне і мсціслаўцы, віленцы і кіеўляне сталіся здабычай варон і ваўкоў, а потым доўга бялелі ў траве іхнія косці. He ўслаўлены воі летапісцам, не было і няма ім помніка, не стаіць на тым месцы капліца.
    Шануючы мясціны славы і герояў перамог, не забудземся і на цені ахвяр Ворсклы, што з сівой даўніны нагадваюць нам пра трагічнасць лёсу, пра роўную вагу крыві і жыццяў, якімі аплочваюцца ўдачы і няўдачы.
    Сын Дзмітрыя Данскога Васіль пасля ўцёкаў з татарскага палону сустрэўся ў Луцку з Вітаўтам, і сустрэча тая завяршылася заручынамі Васіля Дзмітрыевіча з дачкой Вітаўта Соф’яй. Вяселле адбылося ў 1391 годзе, і такім чынам Маскоўскі вялікі князь і вялікі князь Літвы, Русі і Жмудзі парадніліся, што, аднак, не перашкаджала Вітаўту ваяваць са сваім зяцем.
    Так, поўнае вызваленне рускага народа ад ярма Арды прыйшло не адразу па Мамаевым пабоішчы, як не адразу па Грунвальду страціў сваю сілу Тэўтонскі ордэн, як не адразу па Сіняй Вадзе адрадзіліся ўкраінскія землі. Але ёсць у гэтых бітвах глыбінны сэнс: яны паказалі, што народы Усходняй Еўропы маюць духоў ную сілу, каб адолець ворага.
    Шэсць стагоддзяў аддзяляюць ад нас бітвы на Сіняй Вадзе і полі Куліковым. Шмат чаго за гэты час знікла з памяці, засталіся невядомымі многія імёны. Забыліся шмат якія славутыя некалі подзвігі, справы, але слава аб Сіняй Вадзе, аб Задоншчыне жыве і сёння, і на палі бітваў прыходзяць людзі ўшанаваць далёкіх сваіх продкаў, якія не пашкадавалі жыцця дзеля Радзімы і волі. Тыя, палеглыя ў баях героі, спяць вечным сном на былых палях сечы; ёсць сярод іх і нашы продкі з Наваградчыны, Полаччыны, Друцка, з іншых беларускіх зямель, і поле Кулікова, Сіняя Вада — святыя для нас, беларусаў.