Памяць пра легенды
Кастусь Тарасаў
Выдавец: Полымя
Памер: 263с.
Мінск 1990
ленне на бацькоўскім троне станавілася для Джэлаладдзіна рэальным толькі пры наяўнасці ў яго самога дастатковай ваеннай сілы.
Апроч таго, у ордэнскіх хроніках занатавана, што вялікі магістр Ульрык фон Юнгінген загінуў у бітве ад рукі татарскага хана Багардзіна; смерць магістра ад тапара язычніка стала яшчэ адным папрокам супраць Ягайлы і Вітаўта. Мабыць, каб адвесці такі дакор, Ян Длугаш адзначыў у памянёнай працы, што вялікага ма гістра пакончыў «просты драб», гэта значыць шарэнгавы воін нешляхетнага паходжання. На вядомай карціне Яна Мацейкі «Грунвальдская бітва» момант пагібелі Юнгінгена паказаны сімвалічна: чалавек, які наносіць магістру смяротны ўдар, апрануты ў чырвонае адзенне афіцыйнага ката. Яго зброя — таксама традыцыйная прылада смяротнай кары, гэта значыць воін выступае безаблічным выканаўцам прысуда гісторыі.
3 40 харугваў Вялікага княства Длугаш пайменна называе віленскую, трокскую, гродзенскую, ковенскую, лідскую, полацкую, віцебскую, наваградскую, валкавыскую, медніцкую, брэсцкую, пінскую, кіеўскую, старадубскую, драгічынскую, мельніцкую, крамянецкую, смаленскую, a яшчэ харугвы князёў СігізмундаКарыбута, Сямёна-Лінгвена Мсціслаўскага і нейкага Георгія (Юрыя). Астатнія 19 харугваў не ўпамянуты.
Паспрабуем, наколькі гэта магчыма, акрэсліць іх. Пачнем з палкоў, названых імёнамі князёў. Юрыяў, якія маглі весці полк на бітву, на той час было трое. Юрый Мсціслаўскі — сын Сямёна-Лінгвена, што ўвайшоў у шматлікія даследаванні ледзь не найболып вядомым удзельні'кам бітвы, на самой справе на пагорках Грунвальда біцца не мог: яму ў 1410 годзе наўрад ці мінула 12— 13 гадоў. Немагчыма дапусціць, каб ён не толькі ўзначальваў полк, але і наогул прысутнічаў у гэтым рызыкоўным паходзе.
Князь Юрый Пінскі па мянушцы Hoc на тую пару з’яўляўся пскоўскім намеснікам Вітаўта; калі ён пад
час вайны вяртаўся па выкліку князя Вітаўта на радзіму, дык вёў пінскую харугву, дзе яго ведалі і дзе ён карыстаўся «законнай уладай».
Апошнім Юрыем з’яўляўся пляменнік Вітаўта і Ягайлы — Юрый Міхайлавіч — князь у Заслаўі. Вось ён найбольш і падыходзіць на ролю палкавога камандзіра, не раскрытага Янам Длугашам. Хто ішоў на вайну ў ягонай харугве? Заслаўскае княства было маленькім, і Юрый узначальваў менскі полк, у які ўлілася і яго заслаўская дружына. Менск, у тыя гады падпарадкаваны Вітаўту, самастойнага князя не меў, пра старосту Вітаўта ў Менску невядома нічога, таму дапушчальна лічыць, што харугва князя Юрыя складалася з менскіх і заслаўскіх баяраў і іхніх парабкаў.
Сямён-Лінгвен даводзіўся родным братам Уладзіславу-Ягайлу і дваюрадным Вітаўту. У пазначаны час ён з’яўляўся баявым князем у Вялікім Ноўгарадзе, які Вітаўт намагаўся падпарадкаваць свайму ўплыву. У кастрычніку 1409 года князь Сямён прыязджаў на тайную нараду з Вітаўтам у Трокі. Паколькі гадзіна стаяла ваенная, дык размова братоў мелася ісці выключна пра будучы паход, у прыватнасці пра магчымасць удзелу ў ім вяліканаўгародскага палка. Бацькаўшчынай Сямёна Альгердавіча было Мсціслаўскае княства, такім чынам ён вёў да Грунвальда мсціслаўскі полк, а таксама наўгародскі. У бітве Сямён Мсціслаўскі ўзначальваў левае крыло войскаў Вітаўта, тое самое, дзе біліся харугвы смалянаў.
«У гэтай бітве рускія Смаленскай зямлі,— паведамляе Длугаш,— упар та змагаліся, стоячы пад уласнымі трыма сцягамі, адны толькі не кінуліся наўцёкі і тым заслужылі вялікую славу. Хоць пад адным сцягам яны былі бязлітасна высечаны і харугва іхняя была ўтаптаная ў зямлю, аднак у двух астатніх харугвах яны выйшлі пераможцамі, бо біліся з вялікай храбрасцю, як належыць мужам і рыцарам, і нарэшце, злучыліся з польскімі войскамі; і толькі яны адны ў войску Аляксанд-
ра-Вітаўта здабылі ў той дзень славу за храбрасць і геройства ў бітве...»
Смаленскае княства канчаткова падпарадкаваў Вітаўт у 1406 годзе; яго заходнія вобласці з гарадамі Оршай, Мсціслаўлем, Прапойскам адышлі да Вялікага княства Літоўскага нашмат раней, яшчэ пры Альгердзе. Зазначанне Длугаша, што ў бітве выступалі тры смаленскія палкі, выклікае абгрунтаванае неўразуменне, бо, пералічваючы харугвы, гісторык называе смаленскі полк у адзіным ліку; потым у тэксце ўзнікаюць тры палкі. Сам Смаленск непасрэдна выправіць тры палкі ніякім чынам не мог; у параўнанні з тым, што Полацк, Вільня, Уладзімір выставілі па аднаму, гэта было б вельмі дзіўна. He меў ён такога вялікага жыхарства. Размова, відавочна, можа ісці толькі аб палках Смаленскай зямлі. У гэтым выпадку, калі прыплюсаваць да памянёнай смаленскай харугвы дзве неназваныя са Смаленшчыны — мсціслаўскую і аршанскую, запіс Яна Длугаша атрымоўвае зразумеласць у адносінах колькасці; у якой ступені вылучаліся стойкасцю і мужнасцю тыя палкі сярод іншых — пытанне асобнае.
Цяжка ўявіць, каб да ўдзелу ў паходзе не мелі дачынення слуцкі полк князя Аляксандра Уладзіміравіча і магілёўскі полк князя Андрэя Уладзіміравіча; абодва Уладзіміравічы былі ўнукі Альгерда, родныя пляменнікі Ягайлы, стрыечныя — Вітаўта. 3 украінскіх палкоў без сумніву ўдзельнічалі ў бітве луцкая, уладзімірская, ратненская харугвы, палкі Падольскай зямлі, што ўваходзіла ў Вялікае княства. Як пераканаўча мяркуе С. Кучыньскі, Вільня, Трокі — цэнтры вялікіх, густанаселеных зямель, далі не па адной, а па дзветры харугвы. Неабходна таксама ўлічыць, што палкі маглі складацца і з дробных павятовых і княжацкіх дружын. Выставілі сваіх ваяроў Нясвіж — там княжылі Рыгор і Іван Нясвіжскія, Чартырыйск, Кобрын, Крэ ва, дзе намеснікам сядзеў Ян Гаштольд; Лукомль, Ашмяны, Ушполье, Вількамір, у якім намеснічаў баярын
Вежкгайла. Апроч медніцкай харугвы Жмудскія паветы выдзелілі яшчэ 2100 ваяроў, большасць з каторых выконвала баявыя заданні на жмудска-ордэнскім памежжы.
Харугвы мелі розную колькасць — ад 60 да 200—300 коп’яў, але былі і ў 500 і ў 600 коп’яў. Кап’ём называлася баявая адзінка з трох ваяроў: рыцара, зброяносца (у нас ён называўся парабкам) і лучніка. Бедны баярын мог выступаць і ў адзіночку ці абыходзіцца толькі лучнікам, а заможны стараўся пабольшыць лік сваіх парабкаў, бо бяспека рыцара ў баі моцна залежала ад іх колькасці і вопыту.
Камандзірамі харугваў прызначаліся, як правіла, людзі, якія займалі вышэйшыя пасады на землях ці ў гарадах, дзе палкі фарміраваліся. Таму магчыма лічыць, што гродзенскую харугву вёў гродзенскі намеснік Міхаіл Мантвід, віленскую — Войцех Мантвід, полацкую — Іван Нямір, наваградскую — брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч, які нейкі час там уладарыў; ён жа мог узначальваць ноўгарад-северскую харугву, бо на 1410 год намеснічаў у Ноўгарадзе-Северскім. Але гэты полк мог быць аддадзены па загаду Вітаўта пад кіраўніцтва Жыгімонта-Карыбута, бацька якога некалі там княжыў. Харугву кіяўлян, пэўна, узначальваў кіеўскі ваявода Іван Гальшанскі, троцкія палкі — ваявода Яўніс і троцкі намеснік Гінвіл; водцам луцкага палка хутчэй за ўсё быў князь Фёдар Астрожскі. Вяршэнства над усімі падольскімі харугвамі, як вынікае з Хронікі Быхаўца, трымаў Іван Жэдзевід — стрыечны брат Вітаўта.
Адсутнасць хоць якіх канкрэтных звестак аб колькасці войска ці асобных харугваў Ордэна, Польшчы і Вялікага княства Літоўскага дазваляла выказваць самыя розныя меркаванні — аж да фантастычных. Звы чайная методыка разліку грунтавалася на тым, што бралі нейкую сярэднюю магчымую колькасць коп’яў для харугвы (напрыклад, 70, што давала 210 ваяроў) і памнажалі на лік ха ругваў. Таму ў розных даследчыкаў
вынік атрымліваўся то 80 тысяч для крыжакоў і 160 тысяч для Польшчы і Вялікага княства, то адпаведна 18 і 36 тысяч. Некаторыя вучоныя не лічылі пяхоту, другія — татараў, іншыя па-рознаму ацэньвалі колькасны склад войска, пакінутага для аховы замкаў і межаў.
Найбольш цікавыя ў гэтых адносінах разлікі С. Кучыньскага, які абапіраўся на мабілізацыйныя здольнасці дзяржаў — удзельнікаў бітвы. Польскае войска ён вызначыў у 20 тысяч воінаў, беларуска-літоўскаўкраінскае — у 11,5 тысячы. Для Вялікага княства разлікі, аднак, грунтаваліся на спісах ягонага войска ад 1529 года, па якім езднікі складалі 24,5 тысячы. 3 прычыны змяншэння тэрыторыі Вялікага княства ў XV — пачатку XVI стагоддзя ўтрая гэтую лічбу можна аднесці да 1410 года. Але наўрад ці правільна меркаваць, што значная колькасць войска Вялікага княства не хадзіла ў паход. Тут з С. Кучыньскім пагадзіцца немагчыма. Наадварот, Вітаўту надта патрабавалася перамога в:ад Ордэнам. У гэтым выпадку ён забіраў Жмудзь, атрымоўваў Судавы (частка Прусіі), а Ягайла вяртаў яму некаторыя ўрадлівыя падольскія землі, якімі карысталася Польшча. Паражэнне Ордэна і мірныя межы з Залатой Ардой у выпадку прыходу туды Джэлаладдзіна ператворвалі Вялікае княства ў мацнейшае гаспадарства; рэальныя магчымасці самастойнага развіцця яго, зразумела, добра бачыліся Вітаўту, і ён быў абавязаны для дасягнення жаданай мэты прыкласці ўсе сілы. Гэта азначала, што Вітаўт меўся весці на бітву найбольшую колькасць сваіх палкоў. Таму сілы Вялікага княства пад Грунвальдам можна ацаніць у 20 тысяч конніцы, некалькі тысяч пяхоты, 3— 5 тысяч татараў і 3—4 тысячы чэлядзі, абознікаў, канаводаў.
Такую ж прыкладна колькасць вояў прывёў на бітву Ягайла. Больш чым з 30-тысячным войскам прыбыў на поле бою вялікі магістр Ордэна. Так што пад Грунвальдам сышліся біцца каля 80—90 тысяч чалавек.
Другой такой буйной сечы гісторыя сярэднявечча не ведала.
Ордэн дазволіў праціўніку перайсці свае межы, што аказалася гібельным для многіх замкаў і вёсак — іх разрабавалі і спалілі. Цяжка зра зумець, чаму ордэнскі капітул вырашыў даць бой Вітаўту і Ягайлу на сваёй тэрыторыі. Удар тэўтонцаў па войсках Полыпчы і Вялікага княства пад час іхняга злучэння каля Чэрвінску на Вісле мог хутчэй і з меншымі стратамі вырашыць летнюю кампанію на карысць крыжакоў. Але не ўсё, у чым дасведчаны даследчыкі гэтай бітвы, ведаў вялікі магістр, калі прымаў рашэнні. У прыватнасці, ён ніякім чынам не мог усведамляць, ці ўдараць па ім Ягайла і Вітаўт аб’яднанымі сіламі, ці паасобку, у двух напрамках. Калі сітуацыя праяснілася і стала вядома, што польскія і беларуска-літоўскія войскі сумесна рушылі да брадоў на Дрвенцы, пераход цераз якія адкрываў шлях у глыбіню ордэнскіх зямель, Ульрык фон Юнгінген сустрэў іх там ужо ў гатоўнасці даць рашучую бітву.