Памяць пра легенды
Кастусь Тарасаў
Выдавец: Полымя
Памер: 263с.
Мінск 1990
У паветры сутыкнуліся дзве хмары стрэл, ударылі па немцах, ударылі па русінах і татарах. Паляцелі з коней першыя ахвяры бітвы. Але ўжо пачалася рубка абслугі і лучнікаў, данеслася гулкае стуканне мячоў аб прускія шлемы.
Ягайла яшчэ ў бой не ўступіў. Было чуваць, як за ўзгоркам польскія харугвы заспявалі «Багародзіцу». 3 ямаў вылазілі ўцалелыя баяры і татары, дапамагалі выбірацца параненым. Прынеслі Івана Жэдзевіда з паламанай нагой. Князь наўзрыд плакаў, што атрымаў недарэчнае раненне. Яго пасадзілі на рамяні паміж спараных коней і адправілі ў абоз.
Лучнікаў і пушкароў татары, валынцы, падольцы пагалоўна пасеклі. У адказ цяжкая рыцарская конніца наставіла дзіды, кранулася і, набіраючы хады, грузна паскакала на ха-
ругвы Вітаўта. Вялікі князь узмахнуў мячом, і тады Сямён Мсціслаўскі, Манівід і заступіўшы Жэдзевіда Пётр Гаштольд павялі гуфы ў бой. Мінуўшы ямы, дзе ржалі пабітыя каламі коні і стагналі людзі, харугвы сталі разгортвацца направа і налева, і адпаведна разварочваліся кліны крыжакоў. Нямецкія і Вітаўтавы гуфы сышліся, з абодвух бакоў паляцелі чароды стрэл, павіслі цяжкай хмарай і пасыпаліся жаліць; дзіды ў тры сажні ўдарылі па варожых радах. Разломваліся шчыты, рваліся даспехі, раздзіраліся коп’ямі грудзі, працятыя дзідамі рыцары абодвух бакоў валіліся з сёдлаў. Але хто вытрымаў гэты страшны першы ўдар, падымаў молат, тапор, меч і кідаўся плюшчыць браню, секчы наплечнікі, галовы, рукі. Стрэлы раіліся, гудзелі між закрытых латамі людзей, дзяўблі даспехі, намацвалі аголенае цела, утыкаліся ў шыі і чэравы коней. Рыцары другога шэрагу станавіліся на месца забітых, а іх замянялі рыцары трэцяга. Цяжкія молаты праціскалі каваныя шлемы; сякеры, прасякаючы міланскую сталь, крышылі косці; двуручныя мячы, упаўшы на плячо, дабіраліся да сэрца. Раненыя падалі з коней — русін на немца, немец на літоўца, татарын на наёмнага швейцарца, і стогны, і перадсмяротныя крыкі людзей, і ржанне коней гаслі ў лютым звоне жалеза, у пякельным грохаце сечы. Нясмеламу не было куды ўцякаць, храбры не мог ісці наперад — рыцары і літвіны стаялі, як дзве сцяны, уздымаючыся на валах з загінуўшых сваіх сяброў. Заднія шэрагі напіралі на пярэднія, раз’юшана разбіваліся адзін аб другога.
Інакш пачалася бітва на крыле татараў. Іх панцыры з гартаванай скуры буйвалаў і абцягнутыя такой жа скурай шчыты не маглі вытрымаць удары дзідаў, і татары хана Багардзіна, сутыкаючыся з харугвамі наёмнікаў, якіх вялі Крыстаф фон Герсдорф, Фрыдрых фон Бланкенштэйн, Ганс фон Вальдаў, Отта фон Носцітц, пусцілі ў ход нечаканую для немцаў зброю. Калі 20—30 крокаў аддзя-
ляла святкуючае рыцарства ад тата раў, раптам узвіліся ў паветра арканы і амаль увесь першы шэраг закрытых бранёй перадхаругвавых быў ганебна звалены, быццам здзьмуты ветрам, пад капыты сваіх жа таўстаногіх, цяжкіх коней. Скарыстаўшы разгубленасць крыжакоў, татарскія сотні рвануліся наперад і ўдарылі ў шаблі. Лучнікі паслалі насустрач рыцарам завесу стрэл і, шпарка саскочыўшы з сёдлаў, перарэзалі зваленых наёмнікаў. Знішчэнне татараў, што здавалася немцам забавай, павярнулася для апошніх з першай хвіліны прыкметнымі стратамі і нялёгкім боем. Сіла мячоў, якія проста рассякалі немудрагелістыя даспехі, ураўноўвалася змяінымі абдымкамі арканаў — яны трапна падалі на галовы і здымалі з коней дзесяткі грозных немцаў.
Побач з татарамі стаялі супраць крыжакоў віленскія харугвы Войцеха Манівіда і Мінігала, а плячом да пляча з імі — троцкая харугва Яўніса, і крамянецкая харугва, і харугва наваградцаў Жыгімонта Кейстутавіча, і ратненцы Сангушкі Фёдаравіча, і луцкая харугва Фёдара Астрожскага, і валкавысцы, і віцебцы, і аршанская харугва князёў Друцкіх.
Ішла другая гадзіна бітвы. Густы гарачы пыл уздымаўся да неба, сонца распаляла даспехі, быццам прагнула жывымі спячы страціўшых міласэрнасць людзей. Потым яно стала зацягвацца полагам воблакаў, і паліўся кароткі дождж, прыбіў пыл, астудзіў шлемы, латы, мячы.
Валенрод, раз’юшаны непрадбачаным адпорам, загадаў націснуць на татараў. I тыя не вытрымалі. Ды і як было вытрымаць, калі кожны забіты рыцар каштаваў некалькіх палеглых сваіх ваяроў. Шаблі тупіліся аб крыжацкія даспехі, выбівалі іскры, ламаліся, і пакуль шыю рыцара знаходзіў крывы нож ці аркан сцягваў яго на зямлю, ён паспяваў скрывавіць свой меч татарскай крывёй тры, пяць разоў. Багардзін, чуючы ад сотнікаў аб вялізных стратах, вырашыў адар вацца, пакружыць, перастроіцца і зайсці немцам у тыл. Ен даў знак: ударылі бубны, захісталіся бунчукі,
і ў той жа момант усе татарскія рады, выконваючы загад, павярнулі коней, закрыліся ад рыцараў заслонай стрэл, і перад наёмнымі харугвамі Ордэна татараў не стала — парадкуючыся на скаку, яны адыходзілі лугамі. За імі і гнацца было дарэмнай справай: лёгкія татары мелі двайную, трайную перавагу ў хуткасці.
Але адступленне татарскіх палкоў аказалася фатальным для крыла Манівіда. Наёмныя рыцары скіравалі на віленцаў і трачан. He чакаўшыя бакавога націску харугвы мусілі падацца назад. Адразу ж вялікі клін крыжакоў наваліўся на наўгародцаў, кіяўлян, пінчукоў. Вялікі князь, прыкмеціўшы небяспеку прарыву, прыбавіў Манівіду лідскую, ковенскую, старадубскую і ноўгарад-северскую харугвы, але і крыжакі ўзмацніліся новымі палкамі. Першы поспех, мільгануўшы цень перамогі акрыліў тэўтонцаў. Яны напаўзалі на рады баяраў, зміналі адпор, а па дарозе да Любенскага возера, не шкадуючы сябе, прабіваліся наперад. Каля пятнаццаці харугваў — трокскія, жмудскія, падольскія, віленскія, ковенская, малдаўская, пінская, кіеўская, старадубская, наваградская — заціскаліся немцамі, і тут ішла адчайная сеча. Сталі адыходзіць сярэдзінныя харугвы Пятра Гаштольда. Уся лінія бою напялася, як нацягнутая цеціва; здавалася, яшчэ адно намаганне, яшчэ адзін удар мячоў — і націск немцаў зломіцца, усе іхнія кліны знясіляцца, пададуцца назад, але Валенрод прысылаў новыя харугвы, і яны цяжка абрушваліся на палкі Гаштольда, і ратненцы, уладзімірцы, гродзенцы, палачане, луцкае воінства пачалі цясніцца і крок за крокам уступаць поле немцам.
Крыло Манівіда, якое немцы старанна атачалі, акружыць сябе не давала. Лепшыя рыцары з усіх дасланых Вітаўтам харугваў спяшаліся ў пярэднія рады. Але калі яны палеглі, паклаўшы каля сябе столькі ж крыжакоў, і немцам засталіся супрацьстаяць ваяры, апранутыя ў нагрудныя панцыры, кальчугі, калантары, адыход паскорыўся. Манівід, не жадаю-
чы поўнай страты сваіх людзей, вырашыў адступіць да абозу. Лавіна з пятнаццаці харугваў павярнула і рушыла да табараў; толькі некалькі палкоў, адрэзаных немцамі, пайшлі лугамі па татарскім следзе, і за імі кінуўся атрад крыжакоў, высякаючы задніх.
На дарозе засталіся полацкая і першая віленская харугвы, што прыкрывалі адыходзячыя палкі ад пагоні. He па сілах ім было доўга стрымліваць лаву рыцараў, але кожная хвіліна адпору зберагала парадак у адступаючых палках, ратавала ўсё крыло ад жорсткага разгрому. Бой быў смяротны; усе разумелі, які лёс чакае прыкрыццё: спыніць калону немцаў дзве харугвы не маглі, даць ім дарогу — не мелі права. Жэрабя наканавала кожнаму змагацца супраць пяці, шасці крыжакоў.
Палкі Сямёна Альгердавіча і Гаштольда, не ўцягнутыя ў адступленне, разгортваліся дугой і біліся з рашучым намерам ўтрымацца. I тут крыжакі зрабілі памылку: замест таго каб усімі свабоднымі клінамі секчы дугу, частка харугваў Валенрода, змалоўшы палачан і віленцаў, кінулася наўздагон палкам, якія адыходзілі да табараў. Лёгкасць рубкі ў спіну захапіла рыцараў, і яны зломлівалі задніх, спешаных, дрэнна ўзброенных. У запале пагоні немцы ўвайшлі ў лес і дамчалі да табара на беразе Любенскага возера. Здабыча, якую абяцалі тысячы падвод, заахвоціла іх на ўзяцце абозу.
Валенрод святкаваў: баявое шчасце ўсміхнулася яму, язычнікі і схізматыкі рассейваліся, хаваліся ў лесе; заставалася ўзяць у «абцугі» тых, хто супраціўляўся, і скрышыць. Замацоўваючы поспех, ён вярнуў харугвы, што нішчылі адыходзячых лугамі літвінаў, і накіраваў іх абціскаць левае крыло Вітаўта. Сямён Мсціслаўскі, зразумеўшы пагрозу акружэння, кінуў супраць крыжакоў смаленскую, мсціслаўскую, віцебскую харугвы і менскую Юрыя Міхайлавіча. На ўсім полі бітвы ад Таненберга да Людвікова не было больш лютай сечы, чым тая, што завязалася
тут; нідзе не біліся з такой жорсткасцю, нідзе не гінула столькі ваяроў і прускіх рыцараў. Немцы, літоўцы, русіны сутыкаліся, як віхуры, людзей сплятала, закружвала і раскідвала ўжо нябожчыкамі. Князь Сямён смерчам насіўся сярод крыжакоў, і як смерч у жытным полі пукамі кладзе каласы, так і меч князя клаў немцаў. Другая смаленская харугва і палова першай харугвы Васіля Барэйкавіча палі ў гэтай сечы. Але і нямецкія кліны выдыхнуліся, разбіліся на асколкі, як разбіваецца аб кавадлу трэ снуты молат.
Самаахвярнасць палкоў Сямёна Мсціслаўскага выратавала ад бакавога ўдару правае крыло палякаў, якім у гэты час таксама было нялёгка. Крыжакі моцна цяснілі кракаўскую харугву, збілі каралеўскі сцяг з белым арлом і, палічыўшы гэта за знак блізкага знішчэння ворага, заспявалі пераможны гімн: «Хрыстос уваскрэсе! Узрадуемся, браты, аб Богу, што зламаў рог язычнікам!»
Вялікі князь увесь бой знаходзіўся сярод палкоў. Ужо даўно мінуў апоўдзень, ужо зямля, насычаная крывёй, пачала зыбацца пад нагамі, ужо ад бясконцай працы сякерамі і мячамі абсыхаў на ваярах дзесяты пот, ужо многія, стаміўшыся трымаць зброю адной рукой, кідалі шчыты і секліся двуручна,— Вітаўт стомленасці не адчуваў. Толькі голас надарваўся, але хрыплыя воклічы князя дзейнічалі на харугвы падобна сігналу трубы. Вакол яго грымела сеча — крыкі, стогны, хрыпы, маленне, віск, лямант — і смерць, смерць кідалася, пазначала свае ахвяры, нацэльвала дзіды, стрэлы, мячы, тапары на тых, каго жадала ўзяць сёння да сябе.
Час ішоў, самае страшнае было перажыта, напор крыжакоў слабеў, сіла іх спустошвалася, хоць і каштавала гэта вялікіх ахвяр. Вітаўт накіраваў на дапамогу знясіленай харугве Кракаўскай зямлі тры — сандамірскую, вялюньскую і ўкраінскую харугвы Галіцкай зямлі. Паслаў ганцоў да Джэлаладдзіна, каб вёў сваіх татараў; накіраваў людзей да Багардзіна; выправіў пасланцоў у абоз да Чупурны
і Манівіда, каб вярнулі палкі ў бітву: далучыў да сііалавіненых смаленцаў тры падольскія і львоўскую харугвы. Паслаў за Сямёнам Мсціслаўскім і Гаштольдам. Тыя прымчалі, абодва ў памятых мячамі даспехах. «Валенрода ў кацёл! — мовіў Вітаўт.— Канчайце! Хутка татары наскочаць са спіны!» Потым з дзесяткам рассыль ных узляцеў на ўзгорак, залюбаваўся распачатым акружэннем крыжакоў. Убачыў спешны ўпэўнены рух харуг ваў Сямёна Альгердавіча і радасна ўсміхнуўся: калі вялікі магістр і вывядзе свае прыхаваныя палкі — не зменіць свой лёс. Калі ўдарыць у бок палякам, дык Гаштольд, Сямён, Манівід пасякуць Валенрода і прыдуць з дапамогай; калі скіруе ўдар у тыл Мсціслаўскага, дык палякі знішчаць Ліхтэнштэйна і паспрыяюць князю Сямёну. I татары ўжо ляцяць.