• Газеты, часопісы і г.д.
  • Памяць пра легенды  Кастусь Тарасаў

    Памяць пра легенды

    Кастусь Тарасаў

    Выдавец: Полымя
    Памер: 263с.
    Мінск 1990
    129.4 МБ
    Ульрык фон Юнгінген, аглядаючы поле бітвы, адзначыў на Ягайлавай і Вітаўтавай паловах прыкметную перавагу палякаў і літвінаў. Было зразумела: кароль і вялікі князь кінулі ў бой усе свае палкі, усе рэзервы. А такога моманту ён толькі і чакаў. Няхай радуюцца, назіраючы вялікія страты ў ордэнскіх шэрагах. Вось стаяць яшчэ не кранутыя боем шаснаццаць лепшых харугваў. Праз некалькі хвілін яны абрушацца на палякаў і літву, скрышаць, раздавяць, разгоняць па лясах і балотах. «Дзеля славы боскай! — крыкнуў магістр.— Наперад!» — і сам павёў харугвы браць прадвызначаную перамогу. Перастройваючыся ў баявы парадак, немцы цяжкай рыссю рушылі на польскія шэрагі.
    Але чуццё здрадзіла фон Юнгінгену, прытупілася, спазнялася; яшчэ не ўступіўшы сваімі свежымі харугвамі ў бой, але ўжо разгарнуўшы іх, страціўшы над імі сілу хуткай каманды, ён усвядоміў, што павёў іх памылкова, што трэба было зайсці ў тыл, а тут яго затрымаюць, прымусяць да сечы, і ён без усялякага поспеху змарнуе каштоўны зараз час. I сапраўды, насустрач ягоным клінам рынулася харугва палацавых чыноў, і лес, які здаваўся пустым, раптам
    нарадзіў некалькі польскіх харугваў. У завяршэнне непрыемнасці вялікі магістр убачыў удалечыні шэрую імклівую калону і зразумеў — татары, зараз учэпяцца ў спіну. Падумалася са здрадніцкай слабасцю ў грудзях, што лепш не ўступаць у бой, застацца на пагорках, але магістр змяў гэтую ганебную думку. He, наперад, да братоў, якія гінуць за вялікую справу Нямецкага ордэна. I, узняўшы меч, з заклікам «3 намі бог!» магістр разам з рыцарамі ўрэзаўся ў шэрагі палякаў. А ў спіну ягоным шаснаццаці харугвам ударыла паўкола татараў хана Багардзіна, і пачалі падыходзіць буйныя і дробныя атрады русінаў і літвы.
    У гэты ж час палкі Сямёна Альгердавіча і Гаштольда і татары Джэлаладдзіна абгіналі парадчэлае крыло Валенрода. Вялікі маршал хутка адправіў пасланцоў за харугвамі, што адбівалі абоз, і стомленыя боем з вазакамі, губляючы здабычу, рыцары прыспешылі на выратаванне сваіх. Шалёна кідаліся яны ў бітву, але ўжо нічога не маглі змяніць. 3 лесу, услед ім прыйшлі спарадкаваныя Манівідам харугвы віленцаў, жмудзі, валынцаў, і шчыльна, як частаколам, закрылі ўсе слабыя месцы атачэння. На Грунвальдскіх пагорках крыжакоў заганялі ў два вялізныя «катлы», сценкі якіх таўсцелі, абрасталі татарамі, польскай, літвінскай пяхотай, коннымі атрадамі і сталі непрабіўнымі. Войска Ордэна танула ў гэтых «катлах», і ўжо ніякая сіла не здолела б яго выратаваць.
    У які бок ні кідаў Фрыдрых фон Валенрод свае харугвы, каб прарваць кола акружэння, усюды немцаў адбівалі мячы і сякеры літвы і русінаў, арканы і шаблі татараў. Пятля зацягвалася, як сілок. Адна спадзея супакойвала вялікага маршала: ён быў упэўнены, што брат Ульрык дашле запасныя харугвы, і яны з тыла разломяць кола агідных язычнікаў, раскідаюць схізматыкаў і літву. Нецярпліва чакаючы падыходу харугваў, маршал пазіраў на схіл узгорка, дзе мусілі ўзнікнуць стальныя калоны, але ніводзін нямецкі вершнік не
    з’яўляўся на пагорку. Час мінаў, і з кожным імгненнем зменшвалася колькасць рыцараў Валенрода. Коні паслізгваліся ў крыві, спатыкаліся аб нябожчыкаў і параненых; рыцары зыходзілі крывёй, адзін за другім клаліся на зямлю. Немцаў сціскалі, зганялі ў гурт і секлі. Ад усіх ор дэнскіх зямель, якімі яны прагнулі валодаць, застаўся ім у гэты час насычаны крывёй пятачок, дзе нястомна працавала смерць.
    Знікалі ордэнскія харугвы і ў другім катле. Ульрыку фон Юнгінгену розум вопытнага палкаводца падказваў, што бітва прайграна, але сэрца адмаўлялася прыняць гэта, пагадзіцца, падпарадкаваць сябе жаху відавочнай пагібелі Ордэна. Такое здавалася немагчымым, падобвіага паражэння крыжакоў не было ніколі, ні пяцьдзесят, ні сто гадоў таму. Ніхто не мог іх адолець, не меў сілы, не асмельваўся. Заўжды, стагоддзямі верх браў Ордэн. Перамога лічылася прызваннем, абавязкам тэўтонцаў — так прадвызначыў Бог, але тут на пагорках рабілася адваротнае. Вакол яго стаялі адборныя рыцары, яны адчайна змагаліся, мусіць, ніколі раней так не біліся, як у гэтыя гадзіны, але падалі, гінулі, не маючы сіл вырвацца з «катла». Мільгацелі мячы, узвіваліся арканы, грукалі молаты — вынішчалася тэўтонскае рыцарства. I каля самога вялікага магістра ўзнікалі палякі, русіны, літва, татары; і ён стараўся крышыць іх, укладаючы ва ўдары ўвесь пакутлівы сорам за ганьбу паражэння, усё крыўду на самога сябе, так проста загнанага ў пастку, у крывавую твань. Нечакана Юнгінген убачыў перад сабой смуглы твар пад пазалочаным шлемам, раскосыя вочы глядзелі на яго з халоднай цікаўнасцю ката, які вырашае, як лепш нанесці ўдар. I гэты прысудны позірк апаліў магістра. Ен ускінуў насустрач баявому тапару хана Багарадзіна свой меч, але здрыганулася сэрца, не паслухалася рука, і Юнгінген спазніўся — бліскучая стальная пласціна хутка наблізілася да вачэй і аказалася пякельна халоднай; ён адчуў ледзяное датыкненне;
    усё, што трымала памяць з дзяцінства, пачало разбурацца, драбніцца і знікаць.
    Ордэнскія рыцары і наёмнікі, якім пашчасціла вырвацца з «катлоў», імчалі ў свае табары, што стаялі каля вёскі Грунвальд. Тут некалькі тысяч кнехтаў і крыжакі зрабілі з павозак загароджу і намагаліся абараніцца, але вал за валам, як патоп, абрушваліся на іх польская конніца, абознікі, татары, беларусы, літоўцы і крышылі, выломвалі, тапілі ў крыві. Сіла гэтага націску падвойвалася жаданнем узяць абоз, узнагародзіць сябе; злы адчай немцаў толькі паболыпваў напор, паскараў удары мячоў, сякер, цапоў. Стрымаць такую лавіну мог толькі цуд, але Бог заставаўся глухім да малітваў рыцарства, і каток смерці каціўся па натоўпу крыжакоў, трушчыў іх, уціскаў у зямлю, не адрозніваючы храбрага ад баязліўца, знатнага рыцара ад звычайнага кнехта. Крыжакі і пруская пяхота рассыпаліся і пабеглі. Дарэмна рыцары скідвалі латы, вызвалялі коней ад цяжкай брані, дарэмна кнехты шукалі ямы, лезлі ў дрыгву — пагоня спатыкала, стрэлы гваздалі іх у кустах, норах, у твані, збівалі на аблашчаную сонцам зямлю; аб адным прасілі Бога немцы — каб хутчэй садзілася сонца і начная цемра схавала іх ад вачэй і зброі пераможцаў. Але марудна цягнуліся прыцемкі, і пакуль згасла вячэрняе святло, на дарогах, палях, у лесе доўжылася вынішчэнне рыцар скага войска.
    Стомленыя кравапраліццем ваяры ўжо не секлі тых, хто здаваўся, і тых, за каго спадзяваліся атрымаць выкуп. Палонных рыцараў сотнямі зганялі да польскай і беларуска-літоўскай стаянак.
    Баявая таўкатня суцішылася, сцягваліся харугвы, збіраліся разам землякі лічыць, хто жывы, каго няма, ішлі на поле бою шукаць родных, сяброў, таварышаў, спадзеючыся знайсці іх параненымі. Сонца заходзіла, чорныя хмары закрылі яго раней, чым яно схавалася за небакраем. Глухі змрок спыніў пошукі да світанку. Раптам лінуў халодны моцны
    дождж, абмываючы палі, паветра. Згаладалыя, знясіленыя за дзень вая ры сышліся ў табары, валіліся на падводы, на зямлю, засыналі мёртвым сном, не адчуваючы дажджу і холаду. Усю ноч вярталіся палкі, якія хадзілі ў пагоню. Раніцай харугвы пастроіліся, палічыліся і забедавалі — кожнага трэцяга, а тое і другога не было цяпер у шэрагах. Стала вядома, што ў бітве загінулі і вялікі магістр, і вялікі маршал, і вялікі комтур, і вялікі адзежнічы граф Альбрэхт Эбергардт, і скарбнік Тамаш фон Мергейм, і дзесяткі комтураў, войтаў, амаль усе ордэнскія браты, і тысячы прускіх рыцараў, гасцей, наёмнікаў.
    Ягайла, Вітаўт і каралеўская рада вырашалі, што рабіць далей: ці зараз жа ісці браць ордэнскую сталіцу Мальбарк, ці, адпаведна старажытнаму рыцарскаму звычаю, стаяць тры дні ля Грунвальда, паказваючы, што войска не баіцца сустрэць тут новага ворага. Вітаўт настойваў неадкладна паслаць найменш стомленыя харугвы да ордэнскай сталіцы і, карыстаючыся адсутнасцю ў ёй абаронцаў, захапіць. Прапанаваў выправіць туды татараў Джэлаладдзіна, якія ставерставы паход здзейсняць хутчэй за іншых. Але пасылцы татарскай конніцы Ягайла запярэчыў: накіроўваць на Мальбарк язычнікаў хрысціянскаму каралю не да твару. I заставацца тут тры дні не мае сэнсу — зразумела, ніхто сюды не прыйдзе, бо няма каму. Таму, пахаваўшы палеглых, адправілі на радзіму параненых, крыху адпачылі і накіраваліся на Мальбарк. Рухаліся вельмі марудна — сто вёрст ішлі тыдзень, і гэтая павольнасць падкасіла незвычайную ўдачу бітвы. Пасля такой перамогі, гібелі амаль усяго ордэнскага войска, капітула Ордэна саюзнікі маглі лёгка падпарадкаваць сабе ўсю Прусію, трэба было толькі ўзяць сталіцу, але прамаруджванне Ягайлы дазволіла крыжакам наладзіць абарону Мальборка, вымусіць войскі Ягайлы і Вітаўта да працяглай і бясплённай асады. Та кім чынам Ордэн выйграў час, сабраў некаторыя сілы, арганізаваў супраць Польшчы і Вялікага княства
    кааліцыю імперскіх немцаў, венгерскага і чэшскага каралёў. Паўтара месяца аблогі нічога не далі, і 8 верасня войскі Вітаўта першымі зняліся і пайшлі на радзіму. Хутка спынілі асаду і палякі, а ў кастрычніку вайна разгарэлася зноў.
    Аднак Ордэн хоць і захаваўся, але моцна саслабеў, і ўжо не меўся весці агрэсіўную палітыку супраць суседзяў з ранейшай настойлівасцю і моцай. Магутнасць яго падарвалася на Грунвальдскіх пагорках у бітве з аб’яднанымі сіламі палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў, татараў, малдаван, чэхаў.
    Менавіта важкі ўклад беларусаў і літоўцаў у перамогу над крыжакамі вярнуў Вялікаму княству Жмудзь, Судавы; палякі мусілі вярнуць яму Падолле, што, трэба адзначыць, наўрад ці адбылося б, калі б палкі Вітаўта былі зганьбаваныя поўным разгромам і ўцёкамі, як пра тое з нейкіх сваіх крыўд на вялікага князя Казі міра напісаў Ян Длугаш. Усімі прызнаны паспяховы ўдзел Вялікага княства ў разгроме Ордэна даў Вітаўту магчымасць у 1413 годзе выпрацаваць у Гарадле новыя ўмовы уніі (паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім), якія забяспечылі поўную самастойнасць княства як гаспадарства і самастойнасць ягонай палітыкі.
    Грунвальдская перамога пасадзейнічала разрыву ганебнай уніі 1401 года, так званай Віленскай, навязанай Вітаўту Польшчай пасля разгрому войскаў Вялікага княства татарамі на рацэ Ворскле. (Па Віленскай уніі вялікакняжацкая ўлада давалася Вітаўту пажыццёва, а пасля ягонай смерці ўсё Вялікае княства Літоўскае адыходзіла да Полыпчы і пераставала існаваць як дзяржава; адносная незалежнасць абяцалася толькі землям, выдзеленым у асабістае валоданне жонцы Вітаўта княгіні Ганне і брату Жыгімонту Кейстутавічу.)