Памяць пра легенды
Кастусь Тарасаў
Выдавец: Полымя
Памер: 263с.
Мінск 1990
з’яўляўся вядомы філосаф і пісьменнік, блізкі сябра Буднага Ян Ліцыній Намыслоўскі. Як мяркуюць даследчыкі, Будны рэдагаваў «Павучальныя сэнтэнцыі» — падручнік, напісаны Намыслоўскім спецыяльна для сваёй школы.
Добрая кальвінісцкая школа дзейнічала ў Слуцку, але яна ўзнікла ўжо пасля смерці Буднага. Адной з першых, адкрытых езуітамі на Беларусі, была Полацкая калегія, якая праіснавала да XIX стагоддзя. Яна адчыніла свае дзверы ў 1584 годзе, і Будны прыязджаў сюды для палемічных дыспутаў з настаўнікамі.
Дзеля прапаганды сваіх ідэй мысліцель выкарыстоўваў любую магчымасць і выказаў сапраўднае падзвіжніцтва. Ён адсылаў свае працы і лісты ў Швейцарыю дзеячу рэфармацыі Генрыху Булінгеру, у Англію — гісторыку Дж. Фоксу, палемізаваў з цюрыхскім прафесарам тэалогіі ёсісам Сімлерам. Будны не абмяжоўваўся толькі пісаным словам. Ен — казаннік, любіў жывыя зносіны, сустрэчы з аудыторыяй і праціўнікамі; спрэчка, вуснае слова, перамога ў дэбатах давалі тое задаволенне рэальна адчуваемай сутычкі ідэй і думак, нараджэння аргументаў, якога не магла даць замкнёная пісьменніцкая праца. To ён ехаў пад Лепель да Васіля Цяпінскага, то ў Брэст, то ў Вільню на сустрэчу з Пятром Мсціслаўцам, то на сінод у Венграў, то на дыступ у Наваградак. Разам з сябрам Фабіянам Даманоўскім Будны неаднойчы наведваў Полацк. Дыспуты прыцягвалі шляхту, гараджан, а Полацк (заняты ў 1563 годзе вой скамі Івана Грознага і вызвалены Стэфанам Баторыям ў 1579 годзе) з’яўляўся для антаганістаў неабжытай яшчэ тэрыторыяй, дзе кожны спадзяваўся ўзрасціць зерне сваёй веры. He шмат дасягнулі ў гэтым езуіты, але яшчэ менш арыяне: у Полацку быў адчынены адзін пратэстанцкі — кальвінісцкі — збор, ды і той заняпалы, арыянскія ж погляды там прыхільнікаў зусім не знайшлі.
Наогул ва ўсім полацкім ваяводстве дзейнічала пяць збораў, у віцеб-
скім — сем, у брэсцкім — восем, у менскім — адзінаццаць, у мсціслаўскім — два. Галоўнай апорай арыян сталі наваградскія землі і вялікія ўладанні кашталяна Івана Кішкі, якому належала 70 гарадоў і мястэчак і амаль 400 вёсак, у тым ліку Лоск і Іўе — значныя асяродкі асветы на Беларусі. Пасля смерці Кішкі ў 1592 годзе ягоныя наступнікі насуперак пакінутаму кашталянам тэстаменту пачалі аддаваць арыянскія зборы кальвіністам. Спыніла дзейнасць Іўеўская школа — вынік шматгадовых клопатаў Буднага і яго сяброў, страцілі палемічную вастрыню вы данні лоскай друкарні, славу якой прынеслі выдадзеныя тут кнігі Буднага. Гэтьгадчувальны ўдар па арыянах аслабіў агульныя пазіцыі рэфармацыйнага руху ў Вялікім княст ве Літоўскім перад націскам езуітаў.
Перамога Контррэфармацыі на Беларусі і Літве была забяспечана не толькі намаганнямі езуітаў ці каталіцкай царквы ў цэлым. Неабходныя ўмовы для паражэння Рэфар мацыі стварыла тут Люблінская унія 1569 года, што аб’яднала, як адзначалася вышэй, Полыпчу і Вялікае княства Літоўскае ў адзіную федэратыўную дзяржаву. Страта вялікіх і лепшых тэрыторый (палякі пад час перагавораў аб уніі занялі сілай Валынь, Падляшша і Кіеў, а даць ім адпор Вялікае княства не магло, бо саслабела ў Лівонскай вайне і бітвах з маскоўскімі войскамі), дзяржаўнай аўтаноміі не маглі не здавацца беларуска-літоўскім панам і шляхце паражэннем справы, якая яшчэ дзесяць гадоў назад мроілася ім выйгрышнай і карыснай. Усведамленне новай палітычнай рэальнасці, змены і перагрупоўкі сіл выявілася ў пераходзе з кальвінізму ў каталіцызм найбольш чуйнай да кан’юнктуры шляхты. Зра зумела, не ўсе мянялі веру, не пагалоўна; дробная праваслаўная шляхта наогул мала схілялася да каталіцтва, большая яе частка прыняла уніяцтва, але гэта — справа наступнага стагоддзя. He перайшлі ў каталіцызм, ці лепш сказаць, не вярнуліся напачатку і самыя моцныя
магнаты. Болып таго, нават спрабавалі супраціўляцца. Напрыклад, калі ў 1579 годзе кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый даў езуітам дыплом, згодна з якім Віленская калегія ператваралася ў акадэмію (універсітэт), дык канцлер Мікалай Радзівіл Руды, хавальнік вялікай пячаткі Княства, і падканцлер Астафій Валовіч, што валодаў малой дзяржаўнай пячаткай (абодва — пратэстанты), адмовіліся прыкласці іх да гэтага дакумента, без чаго ён не мог набыць законнай сілы.
Дарэчы, Валовіч быў пратэктарам Буднага, сябраваў з ім і, пэўна, зведаў яго духоўны ўплыў. У гэтых адносінах вельмі паказальны тэстамент Валовіча, які абвяшчаў волю чэлядзі. Другім уплывовым мецэнатам Буднага можна назваць узгаданага вышэй віленскага кашталяна Івана Кішку, уладара Лоска і Іўя, фундатара лоскай друкарні. Апякунства памянёных беларускіх магнатаў дазволіла Буднаму выдаць нават такія творы, супраць публікацыі якіх было кіраўніцтва польскага крыла арыян.
Па іроніі лёсу адным з першых перайшоў у каталіцызм сын Мікалая Радзівіла Чорнага — Мікалай Крыштаф па мянушцы Сіротка. Вяртанне маладога князя да «ісціннай» веры было заслугай першага рэктара віленскага універсітэта Пятра Скаргі — пісьменніка і палеміста, чалавека вельмі адоранага, выдатнага прапаведніка, дзейнага прапагандыста ідэй царкоўнай уніі, перакананага праціўніка пратэстанцтва. Як сведчыць легенда, мае да гэтага дачыненне і хвароба Сіроткі: нібыта ён ужо паміраў і даў абяцанне, што калі злітуецца над ім Бог, дык стане каталіком, як дзед і прадзед, і паедзе ў Рым, апостальскую сталіцу. Бог злітаваўся — захаваў яму жыццё, Сіротка падарожнічаў у Італію, бачыў папу, пасля чаго езуіты прыгарнуліся да Радзівілаў нясвіжскай лініі, атрымалі ад іх падтрымку і, цешачы гонар роду, спарадзілі шэраг панегірычных паданняў. Адно з іх сцвярджае, што прозвішча Радзівіл
пачынальнік роду атрымаў ад вялікага князя Гедыміна за тое, што радзіў яму пабудаваць замак і горад на рацэ Віліі (Вільню).
Пры Сіротцы ўсіх кальвіністаў і арыян прымусілі пакінуць Нясвіж, Клецк, Ішкальдзь, Койданава. Шматгадовая праца арыянскіх прапаведнікаў аказалася марнай.
Наогул пасля Люблінскай уніі развіццё пратэстанцтва на Беларусі і Літве перапынілася, наступленне змянілася абаронай, паступовай стратай былога значэння і ўплыву. У самае незайздроснае становішча трапілі арыяне, якія вылучаліся максімалісцкай крытыкай існуючага грамадскага парадку. Іх ідэолагі прапаведавалі сацыяльную роўнасць, вызваленне сялян, раздачу маёмасці бедным, адказ ад пасад і вайсковай павіннасці. На такіх пачатках была ўтворана вядомая Ракаўская арыянская камуна, куды сышлося шмат шляхты і гараджан з Польшчы, Беларусі і Літвы. Перад тым многія з іх прадалі свае фальваркі і багацце, унеслі грошы ў скарбніцу камуны, але потым большасць камунараў аб гэтым шкадавала. Бо для жывога сацыяльна-палітычнага руху такая наіўна-утапічная праграма не падыходзіла. Аб якім вызваленні сялянства магла весціся сур’ёзная размова, калі, наадварот, узмацнялася яго эксплуатацыя. Поўнае заняволенне сялян у Польшчы зацвердзіў сейм 1573 года, а на землях Вялікага княства — Трэці Статут 1588 года. Становішча іх было такім пакутлівым, што за паляпшэнне мужыцкай долі выступалі і каталіцкія публіцысты. У зверскіх адносінах да сялянства абвінавачваў шляхту Пётр Скарга, якога з пасады рэктара Віленскай акадэміі запрасілі заняць месца каралеўскага прапаведніка. Але заклікі да гуманнасці бескарысныя, калі паслабленне гнёту пагражае паменшыць прыбытак. Прыгон толькі ўваходзіў у сілу, яму лёс наканаваў амаль тры стагоддзі жыцця, і зварот да шляхты з прапановай аддаць сялянам волю, зроўніцца з імі адгукаўся толькі нянавісцю.
Здрадай патрыятычным інтарэсам успрымалася і прапаганда няўдзелу ў войнах. У студзені 1558 года Іван Грозны распачаў Лівонскую вайну, у якую ўцягнуліся прыбалтыйскія дзяржавы, у тым ліку Польшча і Вя лікае княства. У 1561 годзе, згодна з Віленскім дагаворам, Лівонскі ордэн трапіў пад уладу Вялікага княства Літоўскага. Іван Грозны замірыўся з Швецыяй і пайшоў з мячом супраць Вялікага княства. Рускае войска захапіла значныя тэрыторыі, многія паны і шляхта страцілі маёнткі, шмат людзей загінула ў бітвах, а вайна з пераменным поспехам вялася дваццаць пяць гадоў. У такіх умовах пацыфісцкая пропаведзь пагражала арыянам поўнай ізаляцыяй.
Будны выявіў сябе палітычным рэалістам, калі на сінодзе ў Іўі выказаўся супраць жорсткасці сацыяльных установак сваёй партыі. Уласныя погляды на сацыяльна-палітычныя пытанні ён выклаў у кнізе «Аб свецкай уладзе», надрукаванай у 1583 годзе. Цікава, што ў ёй прыводзіцца пратакол дваццацігадовай даўнасці, гэта значыць Будны вёў дыярыуш ці карыстаўся вялікім архі вам, які творча апрацоўваў. На жаль, паперы асветніка не захаваліся: ці ён сам знішчыў іх у апошнія гады жыцця, калі застаўся ў бядоце і вандраваў па дварах сяброў, ці яны згубіліся ў наступных пакаленнях.
Публікацыя працы «Аб свецкай уладзе» была выклікам арыянскай суполцы, што годам раней выключыла Буднага са свайго складу «за бязбожныя перакананні і дзеянні». Канкрэтна яго пазбавілі сана міністра за самавольную, без цэнзурнага прачытання ў абшчыне, публікацыю твораў Якава Палеолага, чые погляды ён падзяляў, і за прамовы супраць малітваў, якімі звяртаюцца да Хрыста. Сінод 1584 года пакінуў у сіле адлучэнне Буднага і патрабаваў ад Кішкі парваць з ім адносіны. Падтрымліваць Буднага сродкамі Кішка не перастаў, але, саступаючы жаданню кіраўніцтва абшчыны, зачыніў для яго доступ у друкарню. Выключэнне з суполкі лічылася раўнасільным
абвяшчэнню па-за законам, пазбаўленне сана пазбаўляла і аудыторыі: для чалавека дзейнага, зацікаўленага ў слухачах,— гэта вялікая страта. Знайсці новага смелага мецэната ў тыя гады ўжо было немагчыма. He жадаючы заставацца без справы, Будны свае найбольш мяжовыя погляды змякчыў і ў 1588 годзе ў Брэсце замірыўся з «братамі».
Але і выданне палемічных твораў, якое выклікала адлучэнне, і тактычны зігзаг з замірэннем — не толькі асабістая справа Буднага. Ен выказ ваў думку свайго крыла і, хутчэй за ўсё, дзейнічаў пэўным чынам пасля парад з блізкімі людзьмі. Сябраваў Будны з беларускім асветнікам Васілём Цяпінскім, у хаце якога чытаў аднадумцам рукапіс сваёй працы «Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры». Меў чым падзяліцца і Цяпінскі. Відаць, Будны быў сярод першых слухачоў перакладзенага ім на беларускую мову Евангелля і напісанай да яго прадмовы, глыбока гуманістычнай па зместу. Уявім і мы далёкі зімовы вечар, хату Цяпінскага, нацеплены пакой, свечку на стале, за ім двух нашых выдатных асветнікаў, цішыню, у якой чуецца ўрачысты голас гаспадара: