Памяць пра легенды
Кастусь Тарасаў
Выдавец: Полымя
Памер: 263с.
Мінск 1990
Супраць уніі выступіў выдатны публіцыст таго часу Іван Вішанскі:
«Нашто імем хрысціянскім бесса ромна асмельваецеся сябе называць, калі сілы гэтага імені не захоўваеце?.. Няхай будуць праклятыя ўладыкі, архімандрыты, ігументы, якія манастыры спустошылі і фальваркі сабе з месцаў святых парабілі, самі з слугамі сваімі і прыяцелямі ў іх цялеснае і жывёльнае жыццё праводзяць; на месцах святых лежачы, грошы збіраюць з даходаў, прызна-
чаных багамольцам хрыстовым, дочкам сваім пасаг рыхтуюць, сыноў адзяваюць, жонак прыбіраюць, слуг памнажаюць, карэты робяць, коней сытых і аднамасных запрагаюць; а ў манастырах манаскага чыну няма, замест песнапення і малітвы сабакі выюць».
Рагазу, Пацею, Цярлецкаму Вішанскі пісаў:
«Спытаў бы я вас, што такое праца ачышчэння? Але вам і не снілася пра гэта; не толькі вы таго не ведаеце, але і вашы папы ісусалаяльнікі, так званыя езуіты, аб тым не турбуюцца і адказа даць не могуць... Каторы з вас прайшоў першую ступень падзвіжніцтва? Ці не ваша мосць веру справамі злымі наперад яшчэ разбурылі? Ці не ваша мосць выхавалі ў сабе юр ліхвярства і свецкага здабыцця? Насыціцца ніяк не можаце, а ўсё большай сквапнасцю і прагай свецкіх рэчаў хварэеце... Каторы з вас, у свецкім жыцці будучы, шэсць запаветаў Хрыстовых сам па сабе выканаў? Ці не ваша міласць гэтыя шэсць запаветаў не толькі ў свецкім чыне разарылі, але і зараз у духоўным бясконца разараеце? Самі як ідалы на адным месцы сядзіце, а калі і здарыцца гэты труп абалванатвораны на іншае месца перанесці, дык на калясніцы без журбы пераносіце, а бедныя падданыя і ўдзень і ўначы на вас працуюць і пакутуюць. Дзе вы хворым паслужылі? Ці не ваша мосць хворых са здаровых робіце, б’яце, катуеце, забіваеце? Пастукай па лысай галаве, біскуп луцкі! Колькі ты пад час свайго святарства чалавечых душ да бога паслаў? Яго мосць кашталян Пацей, хоць і кашталянам быў, але толькі па чатыры слугі за сабой валачыў, а зараз, калі біскупам стаў, дык болып дзесяці налічыш; таксама і яго мосць мітрапаліт, калі простай рагозінай быў, дык не ведаю, ці мог трымаць двух слуг, а цяпер больш дзесяці мае».
Сапраўды, духоўнымі імкненнямі стваральнікі уніі не кіраваліся. Яна адпавядала мэтам каталізацыі і апалячвання, аб чым сведчыць рэакцыя праваслаўных магнатаў, якія хутка
сарыентаваліся, што карысна хутчэй разарваць з праваслаўем і некарысна прымаць ролю яго абаронцаў. Пачатак XVII стагоддзя адзначаны пагалоўным пераходам у каталіцтва заможных і старадаўніх фамілій Вялікага княства: Астрожскіх, Слуцкіх, Заслаўскіх, Сангушак, Пронскіх, Ражынскіх, Саламарэцкіх, Галаўчанскіх, Вішнявецкіх, Масальскіх, Пузынаў, Хадкевічаў, Глябовічаў, Горскіх, Сакалінскіх, Лукомльскіх, Кішкаў, Сапегаў, Дарагастайскіх, Валовічаў, Зяновічаў, Тышкевічаў, Пацеяў, Скумінаў, Корсакаў, Семашкаў, Гулевічаў, Каліноўскіх, Мялешкаў, Паўловічаў і інш. За імі пацягнулася менш славутая шляхта, і ў цэлым праваслаўная царква пацярпела адчувальныя страты сваёй сілы і апоры. Таму невыпадкова Мялецій Сматрыцкі ў 1610 годзе ў Менску напісаў вядомую сваю кнігу «Фрынас, ці Плач усяленскай усходняй царквы». Гэты твор аказаў вялікі ўплыў як на праваслаўных, так і на каталікоў. Жыгімонт Ваза загадаў спаліць тыраж выдання, а самога аўтара знай сці і асудзіць. Сматрыцкага выратавала тое, што кніга выйшла пад псеўданімам Тэафіл Артолаг. «Кожнае слова ў «Плачы»,— пісаў каталіцкі святар,— ёсць жорсткая рана, кожная думка — смяротная атрута для уніі і папства, а таму не адны схізматыкі, але і ератыкі-пратэстанты з радасцю набывалі і перачытвалі гэтую кнігу. Іншыя захоўвалі яе нібы скарб і завяшчалі сваім дзецям як каштоўнейшую спадчыну; а з праваслаўнага духавенства некаторыя лічылі твор Сматрыцкага роўным з творам святых айцоў і гатовыя былі праліць за яго кроў».
У 1617 годзе Мялецій пастрыгся ў манахі Святадухаўскага манастыра ў Вільні і хутка стаў яго ігуменам, а праз чатыры гады — у полацкай епархіі біскупам. Тое адказнае назначэнне Сматрыцкага адбылося пры незвычайных абставінах. У 1620 годзе ў Вялікае княства прыехаў патрыярх Феафан і тут па просьбе праваслаўных святароў, без узгаднення з каралеўскай уладай, паставіў ва ўсе
епархіі праваслаўных біскупаў. Наогул, бачачы бедствы і галечу праваслаўнага жыхарства, ён пастараўся, наколькі меў магчымасць.супраць дзейнічаць справе уніі. Напрыклад, слуцкаму Прэабражэнскаму брацтву, якое трымала шпіталь, школу і бібліятэку, Феафан даў стаўрапігію — права падпарадкавання не мясцовым царкоўным уладам, а непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху. Гэта дазволіла брацтву дзейнічаць незалежна ад кіеўскага мітрапаліта, беларускіх біскупаў і слуцкіх улад і нават змагацца супраць іх.
Пасля прыезду Феафана склалася такая сітуацыя, што ў шматлікіх епархіях насуперак рашэнню Брэсцкай царкоўнай уніі пайшлі і уніяцкія і праваслаўныя біскупы. Мялецію Сматрыцкаму, у прыватнасці, стаў супярэчнікам вядомы Іасафат Кун цэвіч.
Нарадзіўся Кунцэвіч у 1580 годзе ва Уладзіміры-Валынскім. Бацька яго быў шавец, але любіў кнігу, што перадалося і сыну. Яшчэ зусім малым Іасафат навучыўся чытаць і пісаць па-польску і па-славянску. Шаснаццаці гадоў трапіў у Вільню, працаваў прыказчыкам, вучыўся ў Ві ленскай акадэміі. У 1604 годзе пастрыгся ў манахі Свята-Троіцкага уніяцкага манастыра і праз кароткі час набыў шырокую вядомасць як красамоўца. Хуткай кар’еры Кунцэвіча садзейнічаў выпадак: ён знаходзіўся побач з мітрапалітам Пацеем, калі таго кінуўся секчы шабляй пра васлаўны гайдук. Тоўсты залаты ланцужок выратаваў Пацея ад смерці, але ўдар шабляй каштаваў яму двух пальцаў левай рукі. Кунцэвіч дапамог мітрапаліту абараніцца, зрабіў перавязку. Той не забыўся на добры ўчынак, і ў зручны момант, у 1614 годзе, зрабіў Кунцэвіча архімандрытам Свята-Троіцкага манастыра. У гэтым чыне апошні выправіўся ў Кіеў прапаведаваць унію. Але слухачоў не знаходзілася. Тады Кунцэвіч адважыўся на даволі-такі смелы крок. Ен таемна прабраўся ў Пячэрскую лаўру, дзе ва Успенскай царкве паспрабаваў правесці дыспут з манаха-
мі. Адчуваючы глухату аўдыторыі, архімандрыт сарваўся на абразу праваслаўнага духавенства; тады яго сцягнулі з амбону, выкінулі на двор і пачалі біць. Адзін малады манах злітасцівіўся і паказаў Кунцэвічу на пралом у сцяне. Інакш, можа і забілі б Іасафата пячэрскія манахі да смерці. Пасля гэтага ён у Кіеў не ездзіў, але ў сваёй Полацкай епархіі лютаваў усмак. Маючы ад караля прывілей на падначаленне ягонай уладзе ўсіх праваслаўных цэркваў і манастыроў у Полацку, Віцебску, Магілёве, Оршы, архімандрыт разаслаў да іх патраба ванні, каб святары неадкладна з усімі прыходамі прынялі унію; у адваротным выпадку ён пагражаў духавенству пазбаўленнем сану, а веруючым — закрыццём цэркваў. Калі гэтыя патрабаванні ніхто не выканаў, Кунцэвіч і сапраўды загадаў апячатаць усе цэрквы, а святароў кінуць у астрог. Вось як пісала пра тое беларуская і ўкраінская шляхта ў скарзе да вальнага сейму:
«На Белай Русі — у Оршы і Магілёве — той жа біскуп полацкі на працягу 5 гадоў трымае цэрквы апячатаныя. У Полацку і Віцебску з прычыны гэтай забароны няма ні царквы, ні дома, у якіх было б дазволена ў горадзе набажэнства. Таму мяшканцы горада вымушаны па нядзелях і ў іншыя ўрачыстыя святы слухаць набажэнства ў полі за горадам і то без святара, бо яму забаронена жыць у горадзе і паблізу... Яшчэ больш жорсткасці ў наступным зверстве і тыраніі: у гэтым жа Полацку беларускім той жа адступнік — біскуп полацкі летась наўмысна загадаў мяшканцам дзеля большай крыўды выкапаць нябожчыкаў, толькі што пахаваных на могілках, і выкінуць хрысціянскія целы з магіл як нейкую падаль на з’ядзенне сабакам...»
Але і такія жорсткія меры не скарылі праваслаўнае насельніцтва. He маючы войска для рашучага прывядзення жыхароў да уніі, Кунцэвіч звярнуўся за дапамогай да Льва Caneri. Адказ канцлера вельмі паказальны здаровым разуменнем абставін. У сакавіку 1622 года ён пісаў:
«Бясспрэчна, я сам клапаціўся аб уніі і пакінуць яе было неразумна; але мне ніколі не прыходзіла думка, што вы адважыцеся прыводзіць да яе такімі гвалтоўнымі сродкамі... Хіба вы не ведаеце нараканні цёмнага на роду, яго размовы — ён лепш хоча быць у турэцкім падданстве, чым цяр пець такі ўціск сваёй веры?.. Учынкі вашыя, што вынікаюць болей з самалюбства і прыватнай нянавісці, чым з любові да бліжняга, выказаныя ў супярэчнасць святой волі і нават забароне рэспублікі, стварылі тыя небяспечныя іскры, якія пагражаюць усім нам ці вельмі моцным ці нават усёзнішчальным пажарам. Ад паслухмянасці казакоў болей гаспадарству карысці, чым ад вашай уніі, таму і павінны вы суадносіцца з воляй караля і з намерамі дзяржаўнымі... Што датычыцца небяспекі жыцця вашага, дык кожны сам прычына бяды сваёй; трэба выкарыстоўваць абставіны, а не аддавацца безразважна сваім імкненням. Я мушу, кажаце вы, рабіць так, як біскупы. Вы абавязаны пераймаць святых біскупаў у цярпенні, набожнасці, у паказванні добрых прыкладаў. Прачытайце жыціі ўсіх набожных біскупаў: не адшукаеце ў іх ні скаргаў, ні абвяшчэнняў, ні іскраў, ні судовых сведчанняў. А ў вас суды, магістраты, трыбуналы, ратушы, канцылярыі набіты позвамі, цяжбамі, даносамі; але гэтым не толькі не зацвердзіцца унія, а апошні ў грамадстве саюз любові скасуецца... Кажаце, што вольна вам неуніятаў тапіць і секчы; не, запавет божы ўсім мсціўцам зрабіў забарону, якая і вас тычыцца... Здаецца, лепш і карысней было б для грамадства разарваць з гэтай няўрымслівай саюзніцай (уніяй.— К. Т.), бо мы ніколі ў айчыне сваёй не мелі такіх звадак, якія нарадзіла нам добрапрыстойная унія. Хрыстос не апячатваў і не зачыняў цэрквы, як гэта робіце вы... Пакажыце, каго вы схілілі да сябе, каго прывабілі сваёй суровасцю, жорсткімі мерамі, апячатаннем і зачыненнем цэркваў? Замест таго выкрыецца, што вы згубілі і тых, якія ў Полацку вам у паслушэнстве былі. 3 авец
зрабілі вы іх казлішчаміі, навялі небяспеку дзяржаве, а магчыма, і гібель усім нам, каталікам. Вось плён хвалёнай уніі, бо калі айчына ўзварушыцца, дык не ведаю, што ў той час з вашай уніяй будзе».
Леў Сапега як у ваду глядзеў. Праз дваццаць пяць гадоў выбухнула паўстанне Багдана Хмяльніцкага, пачалася знясільваючая вайна з Расіяй, здарылася шведская навала, і ў выніку Рэч Паспалітая была падсечана пад корань. Падзелы гаспадарства, якія адбыліся ў XVIII стагоддзі, шмат у чым абумовіла ўнутраная рэлігійная палітыка папярэдняга стагоддзя.