• Газеты, часопісы і г.д.
  • Памяць пра легенды  Кастусь Тарасаў

    Памяць пра легенды

    Кастусь Тарасаў

    Выдавец: Полымя
    Памер: 263с.
    Мінск 1990
    129.4 МБ
    асобай і, відаць, начуўся абраз ад брэсцкіх хлопцаў уніяцкага і каталіцкага выхавання.
    Дзіўна праз тры стагоддзі разглядаць, як перакрыжоўваліся жыццёвыя сцяжыны людзей, чые імёны сёння стаяць побач у падручніках па гісторыі і даследаваннях тагачаснай беларускай культуры. Пражыві Філіповіч доўгі век, дык наўрад ці ён пага* дзіўся б з атэізмам Лышчынскага. А між тым абодва сталі ахвярамі рэлігійнага фанатызму.
    Пасля калегіі Казімір Лышчынскі трапіў у войска — спачатку на «казацкую» вайну, потым змагаўся супраць шведаў і рускіх. У сталым узросце ён быў прыпісаны да палка крылатых гусараў — цяжкай конніцы Вялікага княства, якая складала прыкладна пятую частку ўсяго коннага войска. Дарэчы, апроч металічных даспехаў гусары мелі крылы, што мацаваліся да спіны. Цяжка вызначыць карысць ад іх у бітве, але калі лавіна крылатых гусараў імчала ў бой, відовішча тое ўражвала: магутныя коні, бліскучыя даспехі і ўзнятыя над галавой белыя крылы — такія можна ўбачыць на абразах архангела Міхаіла. У маладыя гады Лышчынскі ўваходзіў у брэсцкую харугву паспалітага рушэння. Харугва мела 100— 200 вершнікаў, некалькі харугваў злучаліся ў полк.
    Галоўнае месца ў войску на тую пару пачынала займаць артылерыя. Намеснікам камандзіра яе ў 1648 годзе прызначаецца наш зямляк Казімір Семяновіч з Ашмяншчыны, выдатны інжынер, вядомы ў гісторыі сусветнай навукі як вынаходнік шматступенчатай ракеты. Ен напісаў трактат «Вялікае мастацтва артылерыі», які быў перакладзены на еўрапейскія мовы і на працягу ста пяцідзесяці гадоў ім карысталіся ўсе стваральнікі агнявой зброі. Гэты твор стаў помнікам ваен на-тэхнічнай літаратуры сусветнага значэння. Семяновіч вырашыў задачу, што да яго здавалася невырашаль най,— вынайшаў спосаб стабілізацыі палёту ракеты, прымацаваўшы да корпуса яе апярэнне; прыкладна такое ж мы бачым і сёння на рэактыў-
    ных снарадах. Яму належала і ідэя ракетнай батарэі, трохступеньчатай ракеты, якая магла ляцець на вельмі далёкую адлегласць, бо кожная ступень працавала самастойна. Уражваюць і вялікія веды Семяновіча па ўсіх тэхнічных навуках. У прадмове да свайго трактата ён пісаў:
    «...Часта нам здаралася бачыць не толькі тых, хто прысвяціў сябе артылерыі, але і тых, якія, уводзячы ў зман людзей фальшывай сваёй вопытнасцю, самі памыляюцца і ўсіх падманваюць і з імі гавораць, бо яны здольныя балбатаць і за гэта атрымліваюць высокія пасады і вайсковыя чыны. Таму я з дзяцінства адклаў у бок усе намаганні дабіцца палітычнай кар’еры, хоць яна адпаведна паходжанню продкаў, і традыцыям, і майму матэрыяльнаму становішчу была для мяне дасягальнай, і прысвяціў сябе, па-першае, практычнаму даследаванню тайны гэтай навукі, а пазней усе свае сілы аддаў тэарэтычнаму яе вывучэнню, і меў да артылерыйскай навукі такую цягу, што не шкадаваў на гэта ніякіх выдаткаў (хоць і з вялікімі стратамі для маёй спадчыны), каб толькі даведацца што-небудзь, чаго не ведаў раней ці што практычна мне было невядома. Аднак, як казалі сябры і як я сам пераканаўся, мне не хапала ведаў для даследавання і што я ніколі не дасягну таго, да чаго імкнуся, калі і ў далейшым буду ву чыцца ўсяму гэтаму звычайным спосабам, бо для дакладнага пазнання гэтай навукі трэба яшчэ вывучыць шмат іншых прадметаў».
    Хоць Казімір Семяновіч распрацоўваў ракеты, ён быў гуманістам, праціўнікам войнаў, якія лічыў самым страшным злом для чалавецтва, вынікам імкнення адных дзяржаў апанаваць другія, падначаліць іншыя народы. Геніяльны інжынер рана памёр, ды, як здаецца, зарана нарадзіўся — яшчэ ні навука, ні вытворчасць не ўмагчымілі базы, неабходнай для арэчаўлення складаных ідэй.
    Але і без ракетнай тэхнікі вайна знішчыла некалькі мільёнаў чалавек, ператварыла гарады і вёскі Беларусі ў руіны; палі пазарасталі алешнікам,
    коміны спаленых хат аселі пад дажджамі. Уявіць тое жудаснае становішча дазваляе пастанова Варшаўскага сейма 1661 года аб выплаце ваяводствамі і паветамі падымнага падатку:
    «Павет Ашмянскі, нягледзячы на тое, што ўшчэнт разбураны ворагам, згаджаецца, аднак, заплаціць падаткі, як плаціць ваяводства Віленскае, з аб’юратай аб пагарэлых, збеглых і загінуўшых ад пошасці...
    Павет Браслаўскі дарэшты знішчаны варожым войскам, на гэты час не ў стане заплаціць Рэчы Паспалітай ніводнага падатку...
    Павет Гродзенскі, хоць у выніку ваенных дзеянняў зруйнаваны і большая частка яго спалена, аднак з мэтай забеспячэння войска старога і новага набору дае згоду на выплату 22 падымных...
    Павет Слонімскі, амаль ушчэнт спалены і разрабаваны ворагам, а таксама спустошаны пастаяннымі пераходамі войскаў абодвух народаў, не спадзяецца на магчымасць атрымання хоць якіх падаткаў ад сваіх маёнткаў, бо з-за недахопу цяглавага быдла не сеялі...
    Ваяводства Брэсцкае, хоць яно ва рожай рукой ператворана ў большай частцы ў папялішча і цалкам вынішчана, аднак, маючы на ўвазе крайнюю патрэбу Вялікага княства Літоўскага, дае згоду на выплату 22 падымных...
    Ваяводства Мсціслаўскае, якое застаецца да гэтага часу пад ворагам, поўнасцю абабранае маскоўскім непрыяцелем, прытым падлеглае небяспецы, бо размешчана на самой граніцы, на шляху войскаў нашых і варожых уварванняў, па суседству з Смаленскім ваяводствам, не можа даць згоды на выплату падаткаў...»
    Карціна тужлівая, і таму лёгка зразумець прычыны пасляваеннага ўзрастання рэлігійных пачуццяў, умацавання касцёла, які адзіны даваў духоўнае суцяшэнне сем’ям, што засталіся без карміцеля, пагарэльцам, сіротам, усім незлічоным гаротнікам. Толькі і заставалася спадзявацца на божую ласку.
    Лышчынскі ў гэты час, як казалі раней, сыйшоў з каня, зняў шаблю і ў 26-гадовым узросце вярнуўся да вучобы. Чатыры гады ён вывучаў рыторыку, логіку, фізіку і метафізіку ў Калішы, пасля таго два гады быў настаўнікам у роднай брэсцкай калегіі езуітаў. Займаць такую пасаду мог толькі член ордэна. Па ўскосных звестках вылічана, што Лышчынскі правёў сярод езуітаў восем гадоў. Паколькі няма дакументаў і матэрыялаў, якія хоць крыху асвятлялі б яго духоўны стан на той прамежак часу, усе спробы растлумачыць матывы ўступлення ў езуіцкі ордэн застаюцца гіпатэтычнымі. Відаць, нагледзеўшыся смерцяў і крыві, ён шчыра верыў. Мажліва, спадзяваўся, што ордэн скарыстае яго здольнасці і пашле на вучобу ў Еўропу. Магчыма, хацеў прыносіць канкрэтную карысць грамадству як член уплывовай канфесіі. А мо перажываў дэпрэсію і паддаўся настрою парваць са свецкім жыццём. Кожнае з меркаванняў мае быць рэальным, але нам ўжо ніколі не даведацца, як атрымалася на самой справе. He дае адказу на пытанні і так званы «Маніфест аб атэізме Лышчынскага» — данос, напісаны ў інквізіцыю Янам Бжозкам:
    «Здранцвелымі вуснамі, зкамянелым ад жаху языком перад богам і ўсім мноствам валадароў духоўных і свецкіх прыходзіцца скардзіцца і пратэставаць яго мосці пану браслаўскаму стольніку Яну Бжоску, а з ім разам ўсім добрым хрысціянам, на Казіміра Лышчынскага, урадніка земскага, падсудка ваяводства брэсцкага, які нарадзіўся ў сям’і шляхетнай, але быццам і не нараджаўся, калі адмовіўся ад святога крыжа і нанёс нябачаную раней крыўду ўсім народам і дзяржавам... Напачатку, дзякуючы пяшчотнай бацькоўскай лю бові, на добрае быў скіраваны і нават адвярнуўся ад свету і пустой свецкай мітусні і паступіў у святаносны ордэн Таварыства Ісуса, дзе, немалы час застаючыся і працуючы ў школах, прыняў духоўнае пасвячэнне... Але стараннямі ворага нашага адвеч нага зараз другі абраў сабе занятак...
    абвясціў сябе паслядоўнікам ерэтыка Лючылія Ваніні, стаў бязбожным настаўнікам атэістаў, адкрыў кафедру заразы ў сваім маёнтку, нават дзеткам капаў атруту на чыстыя душы...»
    Вось так: спачатку быў скіраваны на добрае, а потым — на ерэтызм. Прычына — вораг адвечны, гэта зна чыць — д’ябал. Расчараванне заўжды мае нейкую адпраўную кропку. He будзем у дадзеным выпадку кідаць камяні ў езуітаў, бо матыў выйсця з ордэна, безумоўна, тоіўся не толькі ў стасунках з канкрэтнымі людзьмі; вартасці сваіх калег па ордэну Лышчынскі выдатна разумеў. Пэўная частка езуітаў мусіла цярпець ордэнскую дысцыпліну, бо на іншыя сродкі для існавацня яна не разлічвала. Лышчынскаму ж было куды дзецца, пакінуўшы ордэн. Яго чакалі спадчына і маёнтак. Ен мог служыць альбо сядзець на сваім двары, Лышчынскі зрабіў выбар і прысвяціў некалькі гадоў трактату «Аб неіснаванні бога», бо меў зямлю і цвёрды дастатак. Большасць сваіх дробных клірыкаў ордэн купляў на ўсё жыццё за прытулак, стол і невялікія грошы. Яны станавіліся яго адданымі парабкамі, BepHaft челяддзю. Скінуўшы ж сутану, ператвараліся ў нішто, бо вербаваліся з малазямельнай шляхты, малодшых сялянскіх сыноў, незаможных гараджан. Такія людзі маглі павялічыць толькі шэрагі жабракоў, якіх хапала ля кожных касцёльных дзвярэй. Аднак цяга да ведаў, любоў да кнігі вымушала беднага чалавека паступаць навіцыатам у ордэн, вучыцца на тэалагічным факультэце, а пасля гэтага рабіць тое, што патрэбна царкве: даводзіць пра вечнасць бога, змагацца з ерэтыкамі, выкрываць грэшнікаў і прыслужваць тым, хто трымае ўладу. Наўрад ці простаму езуіту падабалася такое жыццё, але на лепшае ён не разлічваў. Таму, думаючы адно, пакорліва, лаяльна рабіў другое. Калі да яго трапляла выхапленая з агню кніга, ён мог пагадзіцца з аўтарам, ацаніць яго розум, але назаўтра ж перад шкалярамі ці з амвону праклінаў і твор і аўтара, стараўся
    выклікаць агіду да таго, супраць чаго сам яе не адчуваў. Пакрысе губляючы гонар і душу, ён рабіўся крывадушнікам; старэйшыя іерархі ведалі, што ён крывадушнік, а ён ведаў пра іх, што яны нягоднікі. Ім не патрэбны былі шчыры прафесар, бескарыслівы ксёндз, прастадушны мніх — заўзяты выкрывальнік унутранай распусты. Вартасць мелі толькі паслухмяныя выканаўцы. А нікога больш пакорлівага, як крывадушнікі, не знойдзеш. Бо сапраўдным становіцца толькі тое, што атрымлівае форму дзеяння ці напісанага, выказанага слова. Невыказанае ж — незаразнае, яно застаецца невядомым, гэта — тайны вязень.
    А Лышчынскаму хацелася даць волю сваім думкам адносна генезіса рэлігіі і паняцця бога. Прыхільнік эпікурэйскай філасофіі, ён памятаў іранічныя словы грэчаскага філосафа: «Выказванні натоўпа аб багах — не прадугадванні, а памылковыя домыслы. У іх сцвярджаецца, быццам багі пасылаюць на благіх людзей шкоду, а добрым — карысць: бо людзі звыкліся з уласнымі якасцямі і да падобных сабе ставяцца з павагай».