• Газеты, часопісы і г.д.
  • Памяць пра легенды  Кастусь Тарасаў

    Памяць пра легенды

    Кастусь Тарасаў

    Выдавец: Полымя
    Памер: 263с.
    Мінск 1990
    129.4 МБ
    Постаць Лышчынскага, які з адсечанай рукой, вырваным языком ператворваўся ў вуголлі на вачах раз’юшанага натоўпу, засцерагае чалавецтва ад бяздумнай веры ў ідалаў, ад ваяўнічай нянавісці да іншадумцаў.
    
    „Заезная карчма"
    асля смерці Яна Сабескага і напружанага змагання паміж сабой магнацкіх груповак на трон Рэчы Паспалітай быў абраны саксонскі курфюрст (электар саскі) Аўгуст. Ён наўмысна перайшоў у каталіцтва, правёў мудрагелістыя інтрыгі супраць іншых прэтэндэнтаў — сыноў Сабескага і французскага прынца Канці — і перамог, што каштавала яму значных выдаткаў. Упершыню польскім каралём і вялікім князем літоўскім стаў немец. Элекцыйны сейм адбыўся ў 1697 годзе, і наступныя сем дзесяцігоддзяў вядомыя ў гісторыі Польшчы, Беларусі і Літвы як «саскія часы» — перыяд паступовага заняпаду федэратыўнага гаспадарства. Новы кароль нічога не зрабіў, ды і не надта хацеў рабіць дзеля захавання, і тым болей дзеля ўзмацнення дзяржавы. Яго ідэалам пануючай асобы быў Людовік XIV, інакш кажучы, Аўгусту падабалася неабмежаваная манархія накшталт французскай. Але Рэч Паспалітая з’яўлялася шляхецкай рэспублікай, дзе кароль лічыўся першым з роўных і ніводнае яго рашэнне не набывала сілы без згоды сейма. Апошні ж стаяў за ахову так званых шляхецкіх вольнасцей, дзякуючы якім Рэч Паспалітая разбуралася, літаральна, на вачах. Кароль не меў рэальнай улады, Карона і Княства, магнацкія суполкі не мелі адзінства, дзяржава ператварылася, па сутнасці, у кангламерат буйных і дробных уладанняў, якія вялі бясконцую міжусобную вайну, вельмі падобную на міжусобіцы XII
    стагоддзя; рэгулярнае моцнае войска адсутнічала, а тыя палкі, што лічыліся рэгулярнымі, паводзілі сябе барзджэй як заклятыя ворагі народа і краіны, чым як ягоныя абаронцы. У якасці прыклада можна прывесці тут некалькі радкоў са скаргі крычаўскага жыхарства на харугву гетмана Вялікага княства Юзафа Слушкі:
    «Перш за ўсё ў самым Крычаве, у хаце Дзмітра Карпача, бурмістра, бачылі яго збітага нялітасціва кіямі, абухамі, шаблямі, крывёю сцёкшага, сіняга, спухлага; з барады і галавы валасы дашчэнту вырваны. Аглядалі бацьку Васіля Цітовіча, таксама вельмі хворага, на ложку ледзь жывога, збітага, скрываўленага, з вачыма крывёю сцёкшымі, з галавой параненай, валасамі павырыванымі... У Крычаве бачылі сто пустых хат, з якіх гвалтоўна былі выгнаны мяшчане-рамеснікі. У вёсцы Вепрын бачылі двух халопаў Рафея і Міхала, якія салдатамі пана Коркуця былі збітыя, скалечаныя, зраненыя. Яны ляжалі ўжо на смяротным ложы. У тым жа Вепрыне два халопы Пётр і Восіп жаўнерамі паноў Кулакоўскага і Скрэтуцкага на смерць збітыя. У вёсцы Баханы хат пустых дзевяць бачылі. У вёсцы Воранава аглядалі трох халопаў Анапаса, Юрку, Грышку, збітых, зраненых, скалечаных амаль да смерці. Іншыя жыхары гэтай вёскі параз бягаліся, і хаты пустыя пасля іх пазаставаліся. У вёсцы Міхеевічы бачылі халопа Дубіну, зраненага: на ім знайшлі тры раны ад удараў шаблямі. Войт з жонкай у гэтай жа вёсцы былі
    скалечаны салдатамі пана Квінты. У вёсцы Відуйцы халопа Сямёна, у вёсцы Асада войта Тупіцу, у вёсцы Карбовічы войта Паўла Аляёнка з жонкай бачылі жорстка збітых, скалечаных, зраненых, спухлых, ледзь жывых. Па ўсіх названых вёсках аглядалі нямала хат пустых, з якіх людзі падчас кватаравання жаўнераў вымушаны былі разысціся, не сцярпеўшы гвалтаў і мардавання. Такія ж пусткі і ў іншых вёсках, якіх і пералічыць цяжка, бачылі. Аглядалі таксама шмат млыноў і ставаў зруйнаваных, корчмаў спустошаных...»
    I так паўсюдна: кватаруецца харугва — маліся Богу, каб не забілі. Адной з падстаў дзікунства была дрэнная вайсковая арганізацыя — адсутнічалі казармы, скарб не меў грошай на выплату жалавання, панавала беспакаранасць. Hi «патоп», ні «казацкія» войны, ні вялізныя страты тэрыторыі не прымусілі магнатаў і шляхту ўзяцца за розум, разважыць пра бліжэйшую будучыню гаспадарства. Рэч Паспалітая жыла, як у сне, не жадаючы бачыць небяспечнае ўзрастанне магутнасці найбліжэйшых суседзяў. Дзяржава нават не магла збіраць неабходныя падаткі, бо не хапала вайсковай сілы, каб прымусіць магнацкія фаміліі да законных абавязкаў, тым болей, што тыя рознымі шляхамі дамагаліся прывілеяў на беспадаткавае жыццё. Такія пытанні вельмі хвалявалі сярэднюю і дробную шляхту на сейміках. Напрыклад, Гродзенскі павятовы сеймік выказаў сваім паслам наступнае патрабаванне:
    «Паслы павінны настойваць, каб назаўжды былі прызнаны несапраўднымі распараджэнні канцылярыі яго мосці пана гетмана аб вызваленні ад падаткаў асобных магнацкіх уладанняў, добрых для адных і цяжкіх для другіх, дзеля таго, каб магнаты аднолькава плацілі дзяржаўныя падаткі, бо не павінна мецца няроўнасці паміж роўнымі, каб безумоўна пазбаўляліся льготаў, якія ў розны час іх мосці атрымалі».
    Вызваляў ад падаткаў і кароль Аўгуст, адшукваючы прыхільнікаў, бо
    пэўны час песціў ідэю дынастычна замацавацца хоць бы ў Вялікім княстве, куды ўводзіў свае саксонскія палкі. Але тут былі і мясцовыя прэтэндэнты—Сапегі, для супрацьдзеяння якім шляхта стварыла канфедэрацыю так званых «рэспубліканцаў». Развіццё падзей прывяло да хатняй вайны. У 1695 годзе з Сапегамі пасварыўся Караль Радзівіл, канцлер Вялікага княства. Яго ўласная міліцыя заняла Капыль і Раманаў, што належалі Сапегам. Тыя сабралі свае войскі і выбілі радзівілаўцаў. Пакрысе варожасць набірала сілу. У красавіку 1700 года, калі Радзівіл, а разам з ім Міхал і Януш Вішнявецкія вярталіся з пасяджэння Трыбуналу, на іх напалі людзі гетмана Казіміра Сапегі і ў сутычцы паранілі шаблямі. Як палкоўнік Наваградскага палка Радзівіл сабраў павятовую шляхту і заклікаў абараніць вольнасці ад Сапегаў. 3 гэтай мэтай ён выставіў за свой кошт тры харугвы цяжкай конніцы, харугвы татараў і гусараў, дзве харугвы случакоў і полк пяхоты. Да іх далучыліся Агінскія, Вішнявецкія, Пацы, Пацеі, Коцелы і дробная шляхта. Усе з’ехаліся пад Ашмяны, войска, якое налічвала 20 тысяч, узначалілі Вішнявецкі і Коцел. Сапегі сабралі свае сілы, прычым ў іх было 9 тысяч наёмнікаў.
    Усё пазнаецца ў параўнанні. Як вядома з гісторыі Паўночнай вайны, 19 лістапада 1700 года пад Нарвай у Эстоніі адбылася бітва паміж шведамі і рускімі. Войска Пятра панесла паражэнне. Цар біўся за выйсце да Балтыйскага мора; у антышведскую кааліцыю ўваходзіў і кароль Аўгуст — адзін з ініцыятараў Паўночнай вайны, план якой ён абмяркоўваў з Пятром яшчэ ў 1698 годзе. За некалькі месяцаў да Нарвы польска-літоўскае войска было разгромлена пад Р&ігай. Нарва навучыла Пятра сур’ёзнасці; паражэнне пад Рыгай ніяк не адбілася на магнацкім клопаце пра дзяржаўныя інтарэсы Вялікага княства Літоўскага. Бо ў той жа самы дзень, 19 лістапада 1700 года, здарылася другая бітва, у якой удзельнічала, мусіць, не менш людзей, чым у біт-
    ве пад Нарвай. На Віленшчыне каля Алькенікаў, сышліся войскі Сапегаў і канфедэратаў. Жорсткі бой, акружэнне, якое ўдала правёў Агінскі, прынеслі перамогу «рэспубліканцам». Харугвы Сапегаў рассеяліся, многія загінулі, віленскага ваяводу Міхала Сапегу пасеклі. Такім стаўся адказ магнатаў і шляхты свайму «пану-брату», які хацеў верхаводзіць у Вялікім княстве. Братазабойчая сутычка нічога не змяніла і нічога не дала ні краіне, ні народу, толькі моцна знясіліла дзяржаву як раз напярэдадні шведскага наступу. Заможныя «рэспубліканцы, што заклікалі шляхту змагацца за вольнасці, адразу ж пайшлі насустрач жаданню Аўгуста і высунулі праект аддзялення Вялікага княства ад Польшчы, каб стварыць тут спадчыннае каралеўства для Аўгуста і ягонага сына, якому было чатыры гады. Са згоды магнатаў на Беларусь і Літву ўвайшлі саксонскія войскі, увесь цяжар іх утрымання, зразумела, лёг на народ. А з поўначы ўжо рухаліся жалезныя кагорты шведаў. Змінаючы слабы адпор, яны акупіравалі Літву, разрабавалі Гродзеншчыну і пайшлі на Польшчу. Сапегі прынялі бок Карла XII, пэўная частка іх войска стала памагатымі шведаў. У 1702 годзе Караль Радзі віл заклікаў да коннага сейма і ўра тавання Вялікага княства ад шведскай навалы. Сапегі арганізавалі сялянскія казацкія загоны, якія ўзначалілі Хмара, Юрэвіч, Більдзюкевіч. Яны біліся з праціўнікамі пад Быхавам і Дуброўнам. Шляхта і войскі Вялікага княства ў адказ рабавалі маёнткі Сапегаў. Канфедэраты падпісалі ваенны саюз з Расіяй, Пётр I паабяцаў ім вайсковую і грашовую дапамогу. Рускае войска ўвайшло на Беларусь. Гэта былі значныя сілы — каля 60 тысяч салдат, падзеленыя па між Меншыкавым і Агільві. Апошні заняў Гродна, Меншыкаў стаў пад Менскам.
    Карл XII здолеў стварыць Вялікапольскую канфедэрацыю, якая абрала антыкараля — Станіслава Ляшчынскага. Шляхта і магнаты, не прыхільныя да шведаў, сфарміравалі
    Сандамірскую канфедэрацыю, яе ўзначаліў Аўгуст. Сілы Польшчы і Вялікага княства раскалола двухка* ралеўе. У студзені 1706 года шведы аблажылі Гродна, дзе стаяў вялікі гарнізон рускіх. Асада цягнулася тры месяцы, але ў сакавіку рускае войска перайшло Нёман і рушыла да Брэста. 40 тысяч шведаў агнём і мячом прайшлі мясцовасці і гарады, якія належалі прыхільнікам Аўгуста. Быў разрабаваны Пінск, трагічны лёс напат каў Нясвіж, дзе месціўся рускі гарнізон з двух тысяч казакаў. Горад спаліў яшчэ ў сакавіку палкоўнік Траўтветар, у агні загінула большасць казацкага атрада. Праз кароткі час, разбурыўшы Карэлічы, Мір, Ляхавічы, Клецк, шведы вярнуліся і асадзілі Нясвіжскі замак. Мяшканцы не сталі абараняць яго і здаліся. Вораг вывез з замка ўсе каштоўнасці, узарваў бастыёны, перарыў валы, ператварыў горад і замак у руіны. Тое ж спасцігла і іншыя гарады.
    Летам шведы прайшлі маршам Полыпчу і разбілі саксонцаў пад Фраўштадтам. Аўгуст, як саксонскі курфюрст, вымушаны абставінамі, замірыўся з Карлам XII. Альтранштацкі мір, заключаны ў верасні 1706 года, абавязаў яго не ўдзельнічаць у антышведскай кааліцыі і прызнаць Станіслава Ляшчынскага сапраўдным і паўнамоцным каралём, што Аўгуст і выканаў.
    Засцерагаючы свае маёнткі, большасць магнатаў Беларусі і Літвы стала на бок новага караля. Пацы, Вішнявецкія, Чартарыйскія, Радзівілы схіліліся да саюзу з шведамі. Аднак канфедэрацыя шляхты Вялікага княства, узначаленая польным гетманам Рыгорам Агінскім, далучылася да сандамірскіх канфедэратаў, якія адмаўлялі ўмовы Альтранштацкага міру. Адначасна з Паўночнай вайной працягвалася хатняя, у братазабойчых сутычках дарэмна гінулі людзі.