Памяць пра легенды
Кастусь Тарасаў
Выдавец: Полымя
Памер: 263с.
Мінск 1990
Лышчынскі, выступаючы ў адказ, перавялічыў у сваёй прамове рацыянальных доказаў. Дэпутаты, што прывыклі да мыслення простымі вобразамі, да эстэтыкі касцёльных пропаведзяў, не выказалі спрыяльных эмоцый. Тады Лышчынскі папрасіў адвакатаў. Яму былі прызначаны два — Ілевіч і Вітакоўскі. Дзякуючы іх намаганням свецкія дэпутаты сталі схіляцца да мяккага прысуду. Біскупы пачалі інтрыгаваць, не абышлося без хабару, подкупу, пагроз. Нарэшце да суда і дэпутатаў звярнуўся красамоўца Андрэй Залускі. Ёсць сэнс прывесці выняткі з ягонай прамовы, каб
уявіць сабе характар, логіку, вобразнасць тагачаснай суровай пропаведзі:
«Баіцца дух уведаць, язык выма віць!
Найяснейшы кароль, слязьмі абліваю няшчасце нашай айчыны, што нарадзіла такога монстра! Больш страшэннага монстра і сама Афрыка не народзіць! Бядую і аб тым, што разглядаем справу, ад якой разбурыцца можа ўся прырода! Жылі на свеце такія, хто лічыў богам сонца, і тады ноч яны праводзілі без бога. Жылі на свеце і такія, хто лічыў богам месяц, і тады ў іх не было бога ўдзень. Але тут перад намі нешта ў сто разоў горшае — тут розум, які адмовіў усе дагматы! Такія ясныя ўсім дагматы, адпаведна якім усё, што нас атачае, што мы бачым і чуем, створана богам і служыць сведчаннем яго быцця! Устае кожны дзень сонца, каб нам свяціць! Зямля, па якой мы ходзім, корміць нас: гэтая агульная наша Maili ў дзесяць разоў вяртае нам хлеба, які мы ёй увесну давяраем. Паветра дае нам птушак, вада — рыб. Уся прырода толькі тым і занята, каб утрымліваць нас, каб мы памнажаліся і жылі ў дастатку. Як жа такія багацці і дарункі не маюць аўтара? Як жа гэтыя розныя праявы не маюць агульнага пачатку? Адмаўляе іх не сляпата вар’ята, адмаўляе пачварная дзёрзкасць! А мы моўчкі цярпім!
Гадоў дваццаць таму назад, калі я быў у Парыжы, там, у касцёле НатрДам, нейкі пратэстант ударыў каталіцкага святара падчас мшы. Дык увесь Парыж два тыдні смуткаваў, пасціўся і адмольваў грэх. А ў нас не ксяндза, які прыносіць ахвяру, ударылі, а самога бога адымаюць! Усё лепшае, што пан бог для нас ласкай сваёй зрабіў, усё святое, што ў душах чалавечых прарасціў, названа вось гэтым монстрам не божай, а хімерычнай вытворнай! Як пакараць вінаватага? Дарэмна мы станем шукаць пакаранне ў законах і ў старым звычаі; нідзе не знойдзем мы правілаў для пакарання атэіста, бо не ведала іх яшчэ чалавецтва. Атэізм — злачынства горшае, чым забойства, разбой, рабунак, крадзеж, гвалт, ерась і па-
добныя ім, якія ведае крымінальнае права! Таму і болып суровага, чым забойства, разбой, ерась, патрабуе пакарання! Глядзіць на нас са здзіўленнем увесь свет, глядзяць усе народы: калі ж монстр выкажа раскаянне і адрачэцца? Але не жадае ён асэнсаваць свае злачынствы, ірвецца на волю, і дабрыня наша гатова яго выпусціць. Толькі баюся, што гэты з кароткай памяццю і неўдзячным сэрцам чалавек да таго, ад чаго сам і з дапамогай адваката адмаўляецца, зноў вернецца. I тым мацней загіне сам і другія душы загубіць! I таму завяршаю сваю прамову такімі словамі: законы патрэбна выконваць, суровасць трэба ўзмацняць!»
У апошні дзень лютага сеймавы суд вынес прыгавор — спаленне на агні. Супраць выступілі толькі трое дэпутатаў: пісар брэсцкі Людвік Пацей, пісар літоўскі Андрэй Гелгут і кашталян брэсцкі, ваявода смаленскі Стэфан Песячынскі. Усе іхнія довады і спасылкі на словы Хрыста «Не хачу смерці грэшніка, але хачу, каб жыў і абараціўся» — засталіся непачутымі. Біскупы прагнулі напіцца крыві. Яны здзекліва даводзілі, што выконваюць тэстамент атэіста — ён будзе «спалены пры дарозе», без пахавання ў зямлю. Адначасна сярод цёмнай масы веруючых распаўсюджваліся пагалоскі, быццам менавіта з-за атэізму Лышчынскага на Рэч Паспалітую выпалі ўсе тыя няшчасці, якія яна спазнала ў апошнія дзесяцігоддзі. Усё дрэннае ў дзяржаве абвяшчалася вынікам божай крыўды на Рэч Паспалітую за тое, што цярпела на сваёй зямлі монстра-атэіста.
Пасля суда Лышчынскі адседзеў у турэмнай каморы яшчэ месяц. Тут наведаў яго Залускі, тут біскупы ўгаворвалі яго прылюдна раскаяцца, каб ужо атрымаць і поўную маральную перамогу. Але Лышчынскі адмовіўся. У апошнія дні жыцця ён абдумваў свой лёс і, безумоўна, разумеў, у шэраг якіх людзей выводзяць яго падзеі. Кожны хоча жыць — гэта закон прыроды. Памятаў Лышчынскі і ўзнёслае выказванне Марсіліа Фічына: «Чалавек народжаны царстваваць, ён зусім не
можа цярпець рабства». Высокая ідэя была ў гэтых словах, але жыццё пярэчыла ім. Мільёны людзей цярпелі прыгнёт і рабства і самі станавіліся забойцамі тых, хто намагаўся даць ім зрок і вывесці з цемры. He мог Лышчынскі ў свае бясконцыя гадзіны чакання смерці не ўспомніць велічную постаць Яна Гуса, спаленага царквой у 1415 годзе, і ягонага паслядоўніка Ераніма Пражскага, гэтак жа пакаранага трыма гадамі пазней на тым самым месцы, Джардана Бруна, выданага прыяцелем і пасланага на агонь, Лючыліа Ваніні, спаленага ў Тулузе 9 лютага 1619 года. Лышчынскаму абвясцілі смяротны вырак таксама ў лютым, роўна праз семдзесят гадоў пасля смерці Ваніні. Нічога не змянілася ў ідэалогіі царквы за гэтыя дзесяцігоддзі. Пра лёс Ваніні Лышчынскі, відаць, прыгадваў найчасцей. Бо італьянскага мысліцеля таксама абвінавацілі ў атэізме, і тое, як абышлася царква з ім, чакала і Лышчынскага. За хвіліну да смерці Ваніні сказаў натоўпу тулузцаў: «Не існуе ні бога, ні д’ябла! Бо калі б бог быў, я прасіў бы яго аб тым, каб ён ударыў сваёй маланкай у гэтае несправядлівае і агіднае начальства. А калі б існаваў д’ябал, я б памаліўся на яго, каб пекла паглынула гэтае судзілішча. Але я гэтага не зраблю, бо ні бога, ні д’ябла няма!» Гэтаму мужнаму чалавеку выдралі язык, а потым жывога спалілі. Тое ж кардынал, біскупы, запужаныя і падкупленыя дэпутаты пры судзілі і Лышчынскаму.
30 сакавіка 1689 года прысуд быў выкананы. На плошчы Старога Мяста сабраўся шматтысячны натоўп. Пад вартай з маршалкоўскай турмы прывялі Лышчынскага. На яго пасыпаліся абразы, лаянка, праклёны — прыбітыя прымхамі людзі на імгненне адчулі сябе гаспадарамі чужога жыцця. Спачування, якому вучыў Хрыстос, ніхто не выказаў, а хто і хацеў выказаць, дык пабаяўся, што раз’юшаны натоўп яго заб’е. Лышчынскі ўзышоў на памост, дзе чакаў яго кат. Як адбывалася пакаранне, у сваіх успамінах занатаваў біскуп Залускі: «Спачатку наздзекаваліся над языком і вуснамі
(гэта значыць вырвалі абцугамі — К. Т.), якімі ён абражаў бога, потым спалілі рукі — гэтую найшкаднейшую прыладу, затым блюзнерскія паперы, нарэшце, ён сам, гэты монстр стагоддзя, аказаўся ахоплены ачышчальным полымем». Аднак тут ёсііь недакладнасці. Перад тым як паслаць на агонь, Лышчынскаму адсеклі галаву, што было каралеўскай ласкай да яго, якая ўлічвала шляхецкае паходжанне пана Казіміра са старажытнага роду герба «Корчак». Потым цела вывезлі за горад і там спалілі. Попел засыпалі ў пушку і выстралілі. Але гэты стрэл, які павесяліў езуітаў, стаў для іх хутчэй пахавальным. Праз восемдзесят гадоў сейм вынес рашэнне: езуіцкі ордэн у Рэчы Паспалітай забараніць, а маёмасць, вялікія зямельныя ўладанні канфіскаваць.
Атэізм Лыіпчынскага, шырока вядомы, можна думаць, у асяроддзі брэсцкай шляхты, не меў, аднак, такіх формаў, якія хоць каго-небудзь сур’ёзна раздражнялі. Трактат, напісаны лацінскай мовай, не хадзіў па руках. Так што інстыгатар на трыбуне ссй мавага суда ў Варшаве стварыў міф, насычаны спекуляцыямі на догмах рэлігійнага мыслення. Хутчэй за ўсё яго эмоцыі супраць «брэсцкага монстра» вынікалі з прафесійнага абавязку. Наогул на тым судзе ідэалогія панавала над сумленнем. Працэс быў палітычным, гэта зразумела. Але ён стаўся першым палітычным працэсам на нашых землях ці, лепш сказаць, у нашай дзяржаве. Сцэнарый яго, дапрацаваны пасля няўдач на віленскім царкоўным судзе і гродзенскім сейме, з’явіўся ўзорным для распраў з праціўнікамі на ідэалагічных падставах.
Сённяшняга чалавека трагічная постаць Лышчынскага цікавіць не толькі распрацоўкамі атэістычнай думкі, тым больш, што філасофская спадчына мысліцеля захавалася выключна ў інтэрпрэтацыях. Нашага сучасніка болей уражвае дакладная паралель паміж тым працэсам і працэсамі трыццатых гадоў над «ворагамі народа». Здаецца, суддзі сталінскай загартоўкі карысталіся езуіцкай схе
май і лексікай з XVII стагоддзя. Лышчынскі не распаўсюджваў свой трактат — яго асудзілі за смеласць свабоднага мыслення. Індывідуальную думку абвясцілі пагрозай існаванню дзяржавы і добрабыту народа. Выхад з ордэна езуітаў атрымаў трактоўку варожай акцыі супраць пануючай ідэалогіі і дзяржаўных інстытутаў. Тое ж інкрымініравалася ў трыццатыя гады былым членам усіх партый, апроч ВКП(б), і фракцыянерам у самой партыі. Неабходны псіхалагічны націск знізу — «воля і жаданне народа» — і трыста гадоў назад і ў нашым стагоддзі забяспечваўся праз наўмыснае распаленне фанатызму, цынічнае выкарыстанне безадказнасці натоўпу. Забойства ерэтыка тлумачылася як ачышчэнне грамадства ад «монстраў», як перамога добрых сіл над злымі. Раней пад гэтым разумелі перамогу над прошукамі д’ябла, у трыццатыя гады «злымі сіламі» стала «нацдэмаўшчына» і да т. п.
Жорсткасць сталіншчыны мае глыбокія гістарычныя карані. У XVII стагоддзі езуіты і ўсе іншыя рэлігійныя арганізацыі набівалі людскія галовы рэлігійным начыннем, у трыццатыя гады ідэалагічныя органы насычалі наша насельніцтва ідэямі камуністычнага выраю. Прынцыповай розніцы тут не існуе. Галоўная «віна» Лышчынскага — мужнае іншадумст-
ва. Галоўная спружына судовага працэсу над ім — зацятая барацьба афіцыйных ідэолагаў, рэпрэсіўных інстытутаў супраць ідэі дысідэнцтва. Рэальны падмурак такой барацьбы з вольнай думкай — боязь страціць уладу і, галоўнае, звязаныя з ёй прывілеі.
Смерць Казіміра Лышчынскага, як усялякая несправядліва прызначаная чалавеку пагібель, абудзіла грамадскае сумленне і выклікала, дакладней, уваскрэсіла пераможную езуітамі ідэю талерантнасці, памножыла лік прыхільнікаў гэтай ідэі, што пакрысе ўводзілі яе ў культурны ўжытак, фармуючы новую філасофію, новую літаратуру, новае мысленне. Тое ж перажывае наша грамадства, азіраючыся на мільёны ахвяр таталітарнага рэжыму. Хоць усе мы прызвычаіліся гаварыць пра неабходнасць асэнсоўваць урокі гісторыі, на самай справе вучыцца на ўроках мінуўшчыны мы ці няздольныя ці не надта любім. Паўтарэнне трагедый, рэгулярныя паляванні «на ведзьмаў», пагоні за дысідэнтамі сведчаць пра нашу тупасць у гэтай навуцы.