Памяць пра легенды
Кастусь Тарасаў
Выдавец: Полымя
Памер: 263с.
Мінск 1990
Каханне, зразумела, справа прыватная. Але было і застаецца заўсёды несправядлівым тое, што радасныя, шчаслівыя хвіліны жыцця не натуюцца, не заносяцца ў дакументы, а вось скаргі, крыўды, злачынствы збіраюцца ў архіў, і нашчадкі мяркуюць і судзяць аб мінуўшчыне пераважна па іх. Гэта дэфармуе даўніну і, адпаведна, нашую свядомасць. Мы здаемся сабе лепшымі за папярэднікаў, больш «прагрэсіўнымі» за іх, хоць тыя ж архівы назапашваюць нашыя скаргі, крыўды, злачынствы, судовыя справы, па якіх і наш час будзе выглядаць адназначна чорным.
Адзначаючы благія ўчынкі Пятра Вялікага, нельга не прыгадаць таленавітасці і шырокасці натуры цара. Па ягонаму загаду калмыкі і драгунскія палкі абрабавалі, вынішчылі і спалілі гарады Віцебск і Магілёў — першы за тое, што адмовіўся ў 1708 годзе паставіць рускаму войску фураж, а другі — за грахі паўстання 1661 года супраць рускага гарнізона. Але ж і шведы, якія бязлітасна руйнавалі Беларусь, былі пераможаны дзякуючы волі Пятра і крыві тых жа самых драгунаў і калмыкаў. Цар загадаў выкрасці з Венецыі свайго збеглага сына Аляксея, якога потым з бацькоўскага дазволу задушылі ў Петрапаўлаўскай крэпасці, але ж дачка імператара Лізавета, што вяла
рэй расійскай дзяржавы з 1741 па 1751 год,— дзіця самага неверагоднага шлюбу на свеце. Пётр забіваў і душыў уніятаў, адначасна прыціскаючы і рускіх праваслаўных святароў, на якіх працавала ў 1710 годзе 800 тысяч рэвізскіх душ. Ен прымусіў царкву ўтрымліваць на свае сродкі полк і даваць у Артылерыйскі прыказ 17 тысяч рублёў. На царкоўныя землі цар наклаў «канальны збор» і «казлоўскі збор» — плату за вызваленне ад рэкрутскіх павіннасцей. Манастыры пастаўлялі арміі коней, дойлідаў і кавалёў, адлівалі пушкі.
Рэч Паспалітая мела перад сабой выдатны прыклад клопату аб войску, але не здолела яго пераняць. А без войска дзяржава нядорага каштуе, і гісторыя не ведае ніводнага выпадку літасці моцных суседзяў да знясіленага гаспадарства. Пра мілітарысцкія дбанні Пятра I добра сведчыць складзены ім «Табель аб рангах», які акрэсліваў чыннасць службы па ваеннай, свецкай і прыдворнай лініі і амаль без змен праіснаваў два стагоддзі. Вось як ён выглядаў:
«I клас: генерал-фельдмаршал, генерал-адмірал; канцлер, правадзейны тайны саветнік;
II клас: генерал-аншэф, адмірал, правадзейны тайны саветнік; обер-камергер, обер-гофмаршал, обер-шталмайстар, обер-шэнк;
III клас: генерал-паручык, генерал-лейтэнант, віцэ-адмірал; тайны саветнік, гофмаршал, егермайстар, гофмайстар;
IV клас: генерал-маёр, контр-адмірал; правадзейны стацкі саветнік;
V клас: брыгадзір, капітан-камандор; стацкі саветнік;
VI клас: палкоўнік, капітан I ранга; калежскі саветнік, камер-фур’ер;
VII клас: падпалкоўнік, капітан II ранга; надворны саветнік;
VIII клас: прэм’ер-маёр, секундмаёр, маёр, вайсковы старшына, капітан III ранга, калежскі асэсар;
IX клас: капітан, ротмістр, есаул; тытулярны саветнік;
X клас: капітан-паручык, штабскапітан, штабс-ротмістр, пад’есаул, лейтэнант; калежскі сакратар;
XI клас: паручык, сотнік;
XII клас: секунд-паручык, унтэр лейтэнант, падпаручык, мічман; губернскі сакратар;
XIII клас: прапаршчык, карнет, харунжы; правінцыяльны сакратар, сенацкі рэгістратар, сінодскі рэ гістратар;
XIV клас: калежскі рэгістратар»,
Пры Пятры і пэўны час пасля яго, каб падняцца да вяршыні, патрабавалася прайсці ўсю лесвіцу. У Польшчы і Вялікім княстве падобнага не было і блізка — пасады набываліся і прадаваліся, як на кірмашы. Напрыклад, памянёны вышэй Караль Радзівіл падкупіў кандыдата ад Сапегаў полацкага ваяводу Слушку і той саступіў яму месца маршалка Літоўскага Трыбунала. Праз подкуп ураднікаў і сенатараў дзейнічалі прускі, рускі, турэцкі, французскі паслы. Тое ж ра білася на ўзроўні павятовага сейміка, толькі што тут браліся меншыя грошы. Час ішоў — нічога не мянялася. Памёр Аўгуст II, магнацкія групоўкі абралі каралём ягонага сына. Калі Аўгуст III заняў трон Рэчы Паспалітай, яму было 37 гадоў. Паколькі ён нарадзіўся і выхоўваўся ў Дрэздэне, то ні па-польску, ні па-літоўску, ні па-беларуску не разумеў і не меў жадання вучыцца. За 27 гадоў свайго кіравання Рэччу Паспалітай Аўгуст III правёў у межах дзяржавы два гады. Час кароль бавіў найчасцей у Дрэздэне, дзе яго намаганнямі і за грошы з польскіх, беларускіх і літоўскіх зямель была сабрана славутая Дрэздэнская галерэя. Яшчэ Аўгуст III любіў музыку і прыгожых жанчын, трымаўся саюза з Расіяй, а справамі дзяржаўнымі, унутранымі галаву сабе не тлуміў. Свавольства магнатаў і шляхты расквітнела пры ім, як чэрвеньскі луг; з некалькіх дзесяткаў сеймаў толькі адзіныя не сарвалі праз «ліберум вета». Уладу ў краіне трымала нямецкая суполка, якую гістарычны лёс Рэчы Паспалітай цікавіў не больш, чым будучыня зорак на небе.
Тое ж, трэба адзначыць, назіралася і ў Расіі, дзе з 1730 па 1740 год панавала Ганна Іванаўна, дачка ста-
рэйшага брата Пятра I — Івана Аляксеевіча. У час Паўночнай вайны Пётр, прыкідваючы свае палітычныя карты, аддаў пляменніцу за курляндскага герцага Фрыдрыха Вільгельма, які так любіў выпіць, што праз колькі месяцаў пасля шлюбу памёр. Ганна 19 гадоў пражыла ўдавой у Мітаве. Па-руску размаўляць ёй было цяжка. Разам з царыцай у Пецярбург панаехала курляндцаў, фаварытам Ганны Іванаўны стаў Бірон, якому па заўсёднай несправядлівасці прыпісалі да ўласных грахоў шмат злачынстваў, інгрыг і благіх учынкаў усіх шматлікіх дзеячаў «нямецкага іга», што атрымала ў гісторыі назву «біронаўшчыны».
Але расійская імператрыца прыгадваецца тут толькі таму, што ў яе пэўны час служыла прыдворнай лекаркай наша зямлячка Саламея Русецкая, родам з Наваградчыны. Еўрапейскую славутасць яна здабыла сабе аперацыямі на воку, а ў гісторыю медыцыны ўвайшла як першая на Беларусі жанчына-акуліст, хірург з «залатымі» рукамі. Ганна Іванаўна добра ставілася да лекаркі, але Саламея больш,чым спакойнае жыццё пры імператрыцы ў Зімнім палацы, любіла волю, незалежнасць, прыгоды. Яна пакінула пасля сябе мемуары, дзе рэдкае слова без памылкі, але чытаць іх надта цікава, бо напісаны яны адоранай, жывой душой. Да таго ж і знешнія падзеі жыцця Саламеі Русецкай вылучаюць яе ў шэраг самых вя домых авантурыстаў XVIII стагоддзя. Толькі ў адрозненне ад іншых шукальнікаў прыгод, якія здабывалі сродкі існавання хітрасцю ці падма нам, Русецкая жыла выключна на грошы за аперацыі. Дзверы ў каралеўскія палацы ёй адчыняла лекарскае мастацтва. Яно ратавала яе ад нажа разбойнікаў, ад палону, ад непавагі. Сама Саламея выхоўвалася ў сям’і лесніка ў Налібоцкай пушчы і граматай валодала павярхоўна, але сваім дзецям яна паклапацілася даць добрую адукацыю: прозвішча Русецкіх сустракаецца ў рускай гісторыі праз усё XIX стагоддзе.
Калі Кацярыну I адарвала ад «подлага саслоўя» і сціплага шчасця пастарскай эканомкі пэўная прывабнасць і прыгажосць — вартасці, нададзеныя Богам, то Саламея перамагла цьмяны лёс дачкі налібоцкага ляснічага, дзякуючы рэдкаму і карыснаму для здароўя людзей таленту. Зразумела, што да ўдачы прычыніліся рашучасць характару і смеласць поглядаў. Як на жанчыну, дык выпадак для XVIII стагоддзя унікальны. Пераймаць чын жыцця і поспехі Саламеі Русецкай здолела б толькі тая асоба, што мела такі ці падобны божы дар. «Індывідуялісты» таго часу, пра якіх схільныя да пісання дыярыушаў людзі ахвотна натавалі асабістыя ўражанні і пагалоскі, былі «дзівакамі». Такая мяккая назва абыходзіла праўду, бо «дзівакі» у большасці сваёй належалі да кола вельмі заможных фамілій.
Яскравы прыклад таго — Марцін Міхал Радзівіл, уладальнік Бельска і «розных іншых добр», які ў сталым узросце жыў паблізу Брэста ў Чарняўчыцах. Князь атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю, меў схільнасці да навук, займаўся хіміяй і, вядома, алхіміяй, але здзівіў сваіх сучаснікаў зусім не адкрыццём эліксіра маладосці ці штучнага золата. Першае, чым ён уразіў сваякоў і ўсё насельніцтва Вялікага княства, быў пераход у іудзейства. Князь Марцін, дзякуючы навуковым схільнасцям, абгрунтаваў гэты ўчынак філасофскі, вывучыў яўрэйскую мову і прымаў на дваровыя пасады выключна яўрэяў. Адначасна ён, падобна князям Усходу, завёў гарэм, для якога за грошы пастаўлялі выкрадзеных у бацькоў прыгожых дзяўчат. У гарэме, як і належыць, панавала няроўнасць, было, так мовіць, два класы: першы складалі «дамы», якія мелі добрае ўтрыманне, другі лічыўся «падрыхтоўчым». Дзяўчаты гэтай катэгорыі зваліся «кадзеткамі», і не шмат на Бе ларусі страчалася жабракоў, якія жылі і апраналіся горш за чарняўчыцкіх «кадзетак». Жаніўся пан Map цін Міхал двойчы; першая жонка памерла, другую разам з дзецьмі
ён трымаў у брудзе і голадзе. Часам находзілі на князя такія прыступы лютасці, што ён браў прыклад з вялікіх гняўліўцаў мінуўшчыны: як Іван Грозны забіў свайго сына, так пан Марцін змалаціў свайго, Юзафа Мікалая,— той на ўсё жыццё застаўся гарбатым.
Самай прыбліжанай асобай Марціна з’яўляўся нехта Збароўскі, які па загаду князя без сумніву паліў двары і забіваў людзей. Брэсцкі ваяводскі суд прыгаварыў яго да пакарання смерцю, але не мог выканаць гэты вырак, бо Радзівіл свайго верна га найміта не выдаваў. Нарэшце брэсцкі староста Грабоўскі, якога асабісты Радзівілаў кат прылюдна паабяцаў забгць, сабраў сваіх родзічаў, падпільнаваў Збароўскага, схапіў і адвёз у Петрыкаў, дзе даўні прысуд да смерці быў выкананы.
Шкадуючы грошай на жонку, дзяцей і «кадзетак», пан Марцін не скупіўся на незвычайныя забавы. Так, па яго жаданні ў Чарняўчыцах выкапалі вялізную сажалку, пабудавалі два караблі — «купецкі» і «пірацкі», і на вачах запрошаных гледачоў адбылася «марская бітва», накшталт той, што часцяком здараліся ў Міжземным моры. «Піраты» ўзялі «купцоў» на абардаж — і гледачы маглі пераканацца, колькі гэта каштуе крыві.
Магчыма «дзівацтвы» князя Радзі віла цярпелі б і надалей, бо не ён адзін трымаў гарэм, здзекаваўся з жонкі, біў дзяцей, дазваляў бойлам катаваць людзей, паліць сялянскія двары, марнаваць грошы на рознае глупства. Але пан Марцін перайшоў усялякую меру, калі дазволіў сабе арыштаваць, збіць да паўсмерці і павезці пад вартай у Вільню клецкага ксяндза Сузіну. Абражаны такой непавагай да касцёла, віленскі біскуп дамагаўся ад караля смерці для Радзівіла. Сваякі князя, не жадаючы сеймавага скандалу і плямы на род, вынайшлі больш памяркоўнае рашэн не — абвясцілі Марціна хворым, што было праўдай, і ўзялі над ім апякунства. Апякунамі сталіся Юры Радзівіл, ваявода наваградскі, і Гера-