• Газеты, часопісы і г.д.
  • Памяць пра легенды  Кастусь Тарасаў

    Памяць пра легенды

    Кастусь Тарасаў

    Выдавец: Полымя
    Памер: 263с.
    Мінск 1990
    129.4 МБ
    кі; полк той Напалеон «сваёй ласкай» прылічыў да імператарскай гвардыі, але пакінуў на Беларусі для дзеянняў супраць арміі Тармасава. Апроч таго, з беларусаў і літоўцаў была створана артылерыйская батарэя, якая ўвайшла ў корпус Панятоўскага; да палка Канопкі далучыўся эскадрон беларускіх татараў на чале з Ахматовічам. На поўдні Менскай губерні, гэта значыць на Палессі, намагаліся сфарміраваць 6 ы пяхотны полк, але ён камплектаваўся так марудна, што ў строй не трапіў. У ліку беларускалітоўскіх вайсковых часцей, якія змагаліся на баку Напалеона, трэба назваць і 3-тысячны полк уланаў, выстаўлены князем Дамінікам Радзі вілам за ўласны кошт.
    У губернях і паветах Камісія часовага ўрада спрабавала арганізаваць жандарскія атрады (па 30 — 60 чалавек на павет), але, напрыклад, на ўсю Менскую губерню такі атрад склаў толькі 70 чалавек. Нарэшце, Магілёў вылучыў атрад стражы колькасцю ў 400 штыкоў. Галоўнай функцыяй варты і жандараў мелася стаць заглушэнне сялянскіх бунтаў і ахова памешчыцкіх маёнткаў. Беларускія сяляне чакалі ад Напалеона скасавання прыгону (як гэта адбылося ў Польшчы ў 1807 годзе, дзе сяляне атрымалі асабістую волю) і з пачаткам вайны пачалі адмаўляцца ад прыналежнасці панам, разбуралі іх сядзібы, наводзілі туды атрады марадзёраў. Аднак Банапарт не асмеліўся на вызваленне сялян, наадварот, ён загадаў высылаць каманды для пакарання мяцежнікаў. Ад сялян жа патрабавалі фураж і харчы для французскай арміі, рэкрутаў і грошы — для ствараемага беларуска-літоўскага войска. Натуральна, нарадзілася супрацьборства: ці пасіўнае — адказ выконваць пастаўкі, уцёкі цэлымі вёскамі ў лясы, ці актыўнае — забойствы рэквізітараў, партызанскія дзеянні па знішчэнні варожых салдат, захопу правіянцкіх абозаў.
    У гісторыю народнага супраціўлення захопнікам увайшлі дзеянні партызанскіх атрадаў, арганізаваных
    сялянамі вёсак Стараселле, Есьманы, Мажаны, Кляўкі ў Барысаўскім павеце на Меншчыне, Трасцянцы ў Ігуменскім павеце, Жаркі на Полаччыне. Bopara тапілі ў рэках, палілі ў хатах, забівалі каламі, як тое здарылася ў Магілёве. Сяляне, узброеныя ружжамі, ператвараліся ў грозную ваенную сілу. Так, 12-тысячны французскі гарнізон быў літаральна заперты ў Віцебску партызанамі, якія асадзілі горад, і для яго выратавання імператар мусіў выслаць войскі. He меншыя страты, чым узброеныя выступленні, наносіў сялянскі сабатаж паставак харчовых прыпасаў для напалеонаўскіх дывізій: голад забіваў захопніка, як і кулі.
    Невялікай ахвотай да стасункаў з Напалеонам вызначалася беларуская шляхта (у асноўным дробная) і мяшканцы гарадоў і мястэчак. На пачатку, калі імператар пераможна рухаўся следам за адыходзячымі арміямі, меліся парывы арганізаваць апалчэнне, пайсці ў палкі, ахвяраваць каштоўнасці, золата, серабро, але пасля паражэння польскіх уланаў пад Мірам і саксонцаў пад Кобрынам запал згаснуў. У першыя месяцы вайна здавалася лёгкай, і газеты з поўнай сур’ёзнасцю друкавалі глупства, накшталт таго, што 40 вучняў тройчы падманвалі, а потым прымусілі да панічных уцёкаў 50 казакаў, ці што наваградскі шляхціч Іван Маркевіч ахвяраваў на карысць арміі «выдатную сібірскую мядзвежую шубу на шэсць шапак для сапёраў». Для ваенных рэляцый падбіралася адпаведная лексіка: «Непераможныя арміі вялікага Напалеона гіганцкімі крокамі рухаюцца наперад...» Хутка сталі змяшчацца звесткі, колькі кожная паненка нашчыпала корпіі для параненых. Шляхта ўрачыста адзначыла 15 жніўня, дзень нараджэння Банапарта. У гарадах на лепшых будынках вывешваліся партрэты імператара з «перасалоджанымі» надпі самі. Напрыклад: «Уся цвердзь зямная святкуе: сёння нарадзіўся Той, хто зняважыў ганарлівых і вызваліў слабых» ці «Усемагутны справядлівы Бог праяўляецца ў Напалеоне».
    У касцёлах і цэрквах служылі ўдзячныя малебны, парадным маршам перад публікай праходзілі гарнізонныя часці, вечарам у гонар імператара неба аздоблівалася феерверкамі.
    Але ўвесь гэты афіцыйны гоман, арганізаваная радасць мала падмацоўваліся справамі. Так, агульная колькасць створанага на Беларусі і Літве войска перабольшыла 23 тысячы чалавек, аднак у баявых дзеяннях Напалеона супраць расійскіх армій прыняла ўдзел наўрад ці чвэрць. Пяхотныя палкі былі абмундзіраваны і ўзброены толькі ў верасні, тры ўланскія скончылі фарміраванне ў лістападзе, калі французская армія ўжо адыходзіла; 20-ы ўланскі полк наогул не ўкамплектаваўся поўнасцю. Фактычна значнай вайсковай падтрымкі імператар ад Беларусі і Літвы не дачакаўся. Ужо ў снежні, у час развалу «вялікай арміі» і хаатычнага адступлення, ён патрабаваў ад Камісіі часовага ўрада абвясціць паспалітае рушэнне і выставіць на вайну 30 тысяч беларускай і літоўскай шляхты. Па задуме ў сядло меліся сесці мужчыны ад 18 да 45 гадоў. Але 30-тысячнае апалчэнне сталася яўна нерэальным, і вырашылі ў першую чаргу сабраць 15 тысяч чалавек: з Віленшчыны — 7300, з Меншчыны — 4500, з Гродзеншчыны — 2200, з Беласточчыны — 1800. Аднак выбраліся ў рушэнне толькі 500 чалавек.
    Тыя 23 тысячы беларусаў, якіх налічвалі палкі, сфарміраваныя для арміі Напалеона, у большасці не з’яўляліся добраахвотнікамі. Гэта былі рэкруты, прымушаныя і прыведзеныя гаспадарамі сяляне. Яны таксама сталі яхвярамі вайны, тых ілюзій, што цынічна сеяў Банапарт, карыстаючыся складанай гісторыяй народаў, гуляючы на чалавечай невідушчасці, абмежаванасці, рамантычных настроях, ствараючы людзям безвыхаднае становішча: адмова — смерць на месцы, згода — шанс на ратунак.
    Лёс гэтых людзей склаўся наступным чынам. Гвардзейскі полк генерала Канопкі ў баі пад Слонімам страціў забітымі 230 чалавек, астатнія
    адступілі да Наваградка і пазней далучыліся да некаторых беларускіх часцей, што пакінулі радзіму разам з французамі, 224 пяхотны і 18-ы ўланскі палкі былі разбіты пад Менскам войскамі арміі Тармасава, іншыя пяхотныя адступілі ў Польшчу; 17-ы ў бітве пад Кракавам не далічыўся 142 чалавек і перастаў існаваць; 18, 20, 21-ы апынуліся ў крэпасці Модлін і тут вытрымалі працяглую асаду расійскіх дывізій. На канец аблогі з 2280 чалавек, якія прыйшлі ў крэпасць у лютым 1813 года, 1333 загінула ці мела цяжкія раненні. 21-ы коннаегерскі полк Ігната Манюшкі доўгі час дзейнічаў у складзе французскай арміі. Пасля Парыжскага міру ён увайшоў у склад польскага войска, якое сфарміраваў з дазволу Аляксандра I яго брат Канстанцін Паўлавіч, прызначаны намеснікам у Польшчу. Вярнуліся з Францыі ў 1814 годзе і таксама далучыліся да гэтага войска беларускія 20 ы і 19-ы ўланскія палкі. Татарскі эскадрон знаходзіўся ў гвардыі Напалеона да Парыжскага міру, а потым яго, як і ўсю імператарскую гвардыю, скасавалі і распусцілі. Такім чынам, большасць беларускіх жаўнераў, закліканых шляхецкай вярхушкай на службу Банапарту, ваявала і загінула бессэнсоўна — за чужыя інтарэсы і на чу жой зямлі...
    У цяжкім становішчы апынулася жыхарства акупіраванай французамі Беларусі. I ўлетку і ўвосень 1812 года Напалеон патрабаваў ад Беларусі і Літвы харчоў 'для войска і сена для коней. Былі ўведзены падаткі з даходаў — гарэлкі, рыбы, масла, тытуню і г. д. Жахлівых памераў дасягнулі паборы натурай. Толькі ў жніўні на Беларусі ўказам імператара рэквізыцыі належалі: 528 тысяч тон хлеба, 100 тысяч тон аўса, 53 тысячы галоў быдла, 4,5 тысячы тон сена. У кастрычніку ад Менскай губерні запатрабавалі 10 тысяч кароў, Віленскую ў снежні абавязалі здаць 27 тысяч гэтай жывёлы. «Напалеон і каро вы» — спалучэнне, мабыць, нязвычнае, але даволі праўдзівае. 3 дапамогай арміі ён стаў дыктатарам, армія
    забяспечвала пашырэнне яго імперыі, але армію трэба карміць, і карміць няблага. Матэматычныя здольнасці Банапарта добра паспрыялі імгненнаму знікненню статка на Беларусі і Літве. Апетыт «вялікая армія» мела фан тастычны, і, каб яго задаволіць, беларускіх сялян прымушалі аддаць чужынцам усё, а самім паміраць з голаду. Апрача афіцыйных пабораў з кожнага двара напалеонаўскія рэквізітары пад выглядам добраахвотнага ахвяравання выцягнулі па 2 пуды сена і саломы, па 5 кілаграмаў гароху, па 90 кілаграмаў жыта і аўса. Абвясціўшы сябе вызваліцелем Беларусі і Літвы «ад рускага гнёту», імператар тым не менш патрабаваў у свой скарб усе нядоімкі папярэдняй адміністрацыі. Так, у Менскай губерні ён сабраў падаткаў 539 тысяч рублёў серабром і яшчэ ўсе запазычанасці жыхарства ўраду Аляксандра I.
    Бедствы, якія абрушыліся на акупіраваныя тэрыторыі, цалкам пацвярджалі тыя даўнія, шырока распаўсюджаныя сярод простага народу пагалоскі, што Напалеон і ёсць апакаліпсічны звер. Пра такую абмалёўку Банапарта паклапаціўся Сінод яшчэ ў 1807 годзе, падрыхтаваўшы па падказцы царскага двара падчас няўдачлівых для расійскай арміі бітваў з французамі пасланне да ўсіх праваслаўных хрысціян, якое выкрывала Напалеона. Але па звычцы разбіваць лоб, калі загадаюць маліцца, творцы звароту перастараліся і абвясцілі Банапарта папярэднікам антыхрыста. Памяць аб тым пасланні, прачытаным святарамі ва ўсіх цэрквах, трымалася ў народзе — не кожны год, нават не ва ўсякае стагоддзе царква называе сваім парафіянам імя канкрэтнага абранніка сатаны. Але зараз, у час вайны, сказанае тады прыгадвалася як прароцкае,— сапраўды, паборы, рабунак, спаленні, гвалт над мірным жыхарствам, паўсюдная смерць, усланыя трупамі палі мала чым адрозніваліся ад канца свету.' Наўрад ці той біблейскі канец для беларускага насельніцтва быў бы больш жахлівым.
    Вось так складвалася сітуацыя на Беларусі, калі Напалеон прывёў сваю армію на Барадзінскае поле. Насупраць яго стаялі войскі Кутузава, тыя самыя, што ён так доўга і без поспеху даганяў. Банапарт, як вядома, узрадаваўся, нарэшце яго жаданне здзейснілася — яму ўмагчымілі даць стратэгічную бітву, паказаць свой ваенны геній, атрымаць, як здавалася імператару, ключ ад перамогі ў гэтай вайне. Ён меркаваў, што пабіўшы Кутузава, назаўтра ж забачыць пасланцоў з просьбай аб міры на любых умовах, гарады і вёскі выкажуць у адносінах да яго тую ж лаяльнасць, якая суправаджала яго перамогі і захопы ў іншых краінах Еўропы, а ён прадыктуе сваю волю Расійскай імперыі тым жа чынам, як дыктаваў яе Аўстрыі, Прусіі ці Бельгіі, і вер нецца ў Парыж, абвеяны славай заваёўніка магутнай дзяржавы, ці выправіцца прыводзіць да пакоры наступныя землі. Трымаючы ў думках цара Аляксандра, Напалеон забыўся пра народ, інакш кажучы ўяўляў яго з фатальнай для сябе недакладнасцю, па ўражаннях гувернёраў і гувернантак, падарожнікаў, дыпламатаў і іншых шпіёнаў, што дастаўлялі яму звесткі аб шматнацыянальнай краіне, неабсяжнай імперыі, якую ён прагнуў заваяваць.