Памяць пра легенды
Кастусь Тарасаў
Выдавец: Полымя
Памер: 263с.
Мінск 1990
Канешне, можна толькі здзіўляцца, як гэты чалавек, забраўшыся ў глыб Расіі нібыта сякера ў калоду і бачачы перад сабой невялікую армію — малую частку той, што была здольная выставіць Расійская імперыя, спадзяваўся ўзяць верх. Нават выйграўшы бітву, ён не стаўся б пераможцам, бо паражэнне арміі не азначае паражэнне народа, народ такога не прызнае і не прызнаваў ніколі. Вопыт Іспаніі, дзе вясковыя жанчыны прыходзілі на поле бою і дабівалі параненых французаў нажамі, выколвалі ім вочы нажніцамі, атручвалі коней і ежу, ахвяравалі дзецьмі, павінен быў адкрыць вочы Банапарту. Але ён ужо бачыў толькі тое, што яму хацелася. Для Напалеона Барадзінскі бой стратэгічных мэтаў вырашыць не мог. У гэтым імператар памыляўся.
Вырашальнай, пераломнай бітва мелася стаць для Расіі. Кутузаў спадзяваўся правесці на Барадзінскім полі мяжу перед нашэсцем. У сваіх разліках колькасці войска ён абапі раўся на запэўніванні маскоўскага губернатара Растопчына, які абяцаў узмацніць 1-ую і 2-ую арміі вайсковым рэзервам і 80 тысячамі народнага апалчэння. Аднак замест 31 тысячы войска прыйшло толькі 14,5, апалчэнцаў жа — 27 тысяч, з каторых сталі ў строй 10 тысяч чалавек. Да таго ж апошнія практычна не мелі зброі. «Я прызначыў зборныя пункты,— тлумачыў пазней Растопчын,— і за 24 дні апалчэння было сабрана, падзелена на дружыны і адзета, але паколькі не хапала ружжаў, дык апалчэнцаў узброілі пікамі, бескарыснымі і няшкоднымі». I тым больш дзіўна, што яшчэ 26 ліпеня цар, адбываючы з Масквы ў Пецярбург, пісаў: «Распараджэнні Масквы цудоўныя: гэтая губерня мне прапанавала 80 тысяч чалавек. Перашкода ў тым, як іх узброіць, паколькі, да майго крайняга здзіўлення, у нас няма болей ружжаў... Я пакуль што сфармірую шмат кавалерыі, узброенай пікамі. Я загадаю даць пікі таксама пяхоце, пакуль мы не дастанем ружжаў».
3 таго дня, як цар адчуў «крайняе здзіўленне», і да дня Барадзінскага бою прайшло паўтара месяца, а неабходнай колькасці зброі за той немалы тэрмін не сабралі. Нехта з адказных чыноўнікаў палянаваўся, нехта забыўся, нехта спяшаўся уладзіць уласныя справы, і тысячы апалчэнцаў выйшлі на поле бітвы практычна, як на расстрэл. Так, у корпус генерала Раеўскага паступіла ратнікаў з ружжамі 1128 чалавек, з пікамі — 2212; з 1150 апалчэнцаў, якіх накіравалі ў 7-ую дывізію, палова зноў жа несла на плячах пікі. Вайсковы рэзерв, што прыйшоў да Кутузава толькі за ты дзень да Барадзіна, быў цалкам з неабстрэляных рэкрутаў, галоўным чынам з беларускіх губерняў. Імі папоўнілі 27-ую дывізію Невяроўскага, тую самую, якая ўславілася ў бітве абаронай Сямёнаўскіх флешаў, а таксама 12ую, 26-ую дывізіі. Адсутнасць
рэзерваў, непадрыхтаванасць і бязбройнасць апалчэння і прымусілі Кутузава адступіць пасля ўражлівай перамогі.
Ход Барадзінскай бітвы шырока вядомы і па школьных падручніках гісторыі, і па шматлікіх папулярных выданнях, асабліва па выдатнай яе рэканструкцыі, зробленай Львом Талстым у рамане «Вайна і мір». Таму, відаць, варта прывесці хіба што некаторыя звесткі. Дальнабойнасць ружжаў салдат лінейных палкоў складала 250—300 крокаў, і толькі егерскія палкі мелі на ўзбраенні ружжы дальняга бою — на 1000 крокаў. Таму ў большасці сутычак пад час бою супярэчнікаў раздзялялі 300 крокаў: батальёны вялі знішчальны агонь, гледзячы адзін другому ў вочы, і пры малой хуткастрэльнасці зброі скора сыходзіліся ў штыкавых атаках. Напалеон страціў у бітве 58 627 чалавек забітымі і параненымі, з іх пяхоты — 42 тысячы і кавалерыі — 16 тысяч. Барадзінскае поле назвалі магілай французскай конніцы. Тры чвэрці палеглай арміі Банапарта — 44 тысячы чалавек — прыйшліся на баі за батарэю Раеўскага і Сямёнаўскія флешы, дзе змагаліся 27, 12, 4, 17, 3, 11, 23-яя дывізіі і лейб гвардыі Літоўскі полк. Тут шмат гусараў з бела-чырвона-белымі прапарамі загінулі смерцю мужных.
Пасля Барадзіна Кутузаў меў 80 тысяч войска, Напалеон — 78 тысяч. Сілы зраўняліся. Калі б у тыя дні, 7—8 верасня, Кутузаў атрымаў некалькі дывізій, увесь далейшы ход вайны меў бы іншы кірунак. Але не было тых дывізій, і войска, якое выйграла буйнейшую бітву стагоддзя, адступіла і пакінула Маскву.
Напалеон уехаў у старую расійскую сталіцу, заняў Крэмль. Па яго разуменню, ён «ударыў Расію ў сэрца». Між тым дзяржава не адчува ла сябе забітай. Кутузаў адвёў армію ў Таруціна, фарміраваліся новыя карпусы, папаўняліся парадчэлыя. Цяпер кожны дзень большыў сілы Расіі і памяншаў сілы Банапарта. За 36 дзён знаходжання ў Маскве французскі імператар страціў 30 ты-
сяч чалавек, Кутузаў жа павялічыў сваю армію на 40 тысяч салдат. У гэтыя 36 дзён Расія, перажыўшы гонар Барадзінскай перамогі і боль ад уступкі Масквы, ускалыхнулася і набыла такі стан духу, які не дае літасці ні сабе, ні ворагу. Напалеон, нудзячыся на Паклоннай гары ў дарэмным чаканні «маскоўскіх баяраў» з ключамі ад горада, лічыў, што вайна скончана. А яна толькі пачыналася. Па гарадах і вёсках уздымалася народнае апалчэнне: данскія казакі выставілі дадаткова 26 палкоў, арэнбургскае казацтва — 23, башкіры — 18, мешчаракі — 2, цепцеры — 1 полк, латышы — 5000 чалавек, эстонцы правялі набор па 17 рэкрутаў з 500 душ, нямецкія каланісты ў Саратаўскай губерні склалі свой батальён, калмыкі далі 2 палкі, Чарнігаўская губерня — 26 тысяч чалавек, украінскія губерні—11 тысяч казакаў, і ў сукупнасці ўсё гэта склала сілу ў 320 тысяч чалавек, з іх 50 тысяч у сядле. А яшчэ з рэкрутаў набору 1812 года фарміраваліся палкі рэгу лярнага войска.
Банапарт апынуўся ў Маскве, як у загоне,— у недарэчным і бязвыхадным становішчы. Шлях на Украіну закрываў Кутузаў, горад аблажыла паўкола з Наўгародскага, Цверскага, Уладзімірскага, Разанскага, Тульскага, Калужскага апалчэнняў, на тылавых камунікацыях гаспадарылі партызаны. «Вялікая армія» ўсё болып ператваралася ў шматтысячную банду рабаўнікоў; прывід хуткай смерці хадзіў сярод апаганшчыкаў рускай сталіцы, значачы ледзяной рукой свае ахвяры. Усведамленне фатальнай няўдачы захапіла самога Напалеона, падштурхнуўшы зрабіць крок ад вялікага да нікчэмнага — ён вырашыў спаліць Маскву, і яна за палала. 3 9158 дамоў пажар ператварыў у папялішчы 6532, з 8500 кра маў згарэла 7200, з 550 прадпрыемстваў уцалела 40. На вогнішчы, якое нагадваў горад, імператару болей не было чаго рабіць. Але як жа не хацелася ганебных уцёкаў. «Я жадаю міру, мне патрэбны мір, я абавязкова хачу яго заключыць, толькі б
выратаваць гонар»,— у адчаі навучаў Напалеон свайго ад’ютанта Ла рыстона, выпраўляючы яго да Кутузава. Напачатку пытаннем гонару было ўвайсці ў Маскву, зараз — з гонарам выбрацца. Усё мусіла забыцца — сотні тысяч забітых, разбурэнне многіх губерняў, разруха, спаленне Смаленска і Масквы, толькі б адзін самаўлюбёны чалавек не адчуваў сябе зганьбаваным прайгранай вайной, не зваліўся з п’едэстала славы і пакланення. Але занадта дорага каштавалі народам Расіі прэтэнзіі ганарыстага карсіканскага двараніна на ролю ўсееўрапейскага дыктатара. Трэба было плаціць.
Гэтая расплата, пачатая бітвай каля Таруціна, працягвалася ў баях пры Малаяраслаўцы, Вязьме, пад Красным, каля Чашнікаў, за Полацк, Віцебск, Ваўкавыск, разгромам на Беразіне і завяршылася поўным знішчэннем напалеонаўскай арміі на шляху ад Барысава да Коўна. На тым самым месцы, дзе Банапарт паўгода назад пісаў у загадзе па арміі: «Кон цягне за сабой Расію: яе лёс павінен здзейсніцца. Ці яна лічыць, што мы ўжо вырадзіліся? ...Яна ставіць нас перад выбарам: ганьба ці вайна? Выбар не можа выклікаць сумніву. Рушым наперад, пяройдзем цераз Нёман, унясём вайну на яе тэрыторыю».
Словы гэтыя наскрозь працінае цынізм. Вынікамі вайны заўсёды былі не толькі смерць у баі і калецтва ад ран. Ей абавязкова спадарожнічаюць голад, эпідэміі, гвалт, бязлітаснасць сэрцаў; «унесці вайну» — азначае напаіць зямлю крывёй, ператварыць гарады і вёскі ў папялішчы, людзей — у нябожчыкаў. Але «ўнесці вайну» азначае і атрымаць вайну — хто з мячом прыдзе, той ад мяча і загіне. Гінула напалеонаўская армія не толькі ад мяча. Гінула пад ударамі сялянскіх вілаў, навостраных косаў, знятых з вазоў аглобляў, ад той створанай гвалтам нянавісці, якая дазваляе абыякава глядзець, як нядаўнія забойцы і рабаўнікі, змёрзлыя і згаладалыя, валяюцца пры дарозе і іх заносіць снегам. Хто нясе вайну, таго яна і забірае. Айчынная вайна 1812 года
яшчэ раз сталася таму яскравым пацвярджэннем.
Нецмянеючым сімвалам барацьбы за Айчыну стала Барадзінская бітва, з якой, бясспрэчна, і пачаўся адваротны лік вайне. Для Беларусі Барадзінскі бой набыў і сілу сімвала сапраўднага яднання з народамі Расіі, яднання, асвечанага сумесна пралітай крывёй. Узаемаразуменне беларускага і рускага народаў не магло наступіць па волі Кацярыны II, аўстрыйскага імператара і прускага караля, гэтых «каранаваных разбойнікаў», яно нарадзілася з пачуццяў простых людзей, роўна зведаўшых бедствы вайны на дарогах адступлення і наступлення, набыта стаяннем плячо ў плячо ў цяжкіх бітвах, брацкімі магіламі, вогнішчамі на месцы родных хат. Пачуццё еднасці і разуменне аднолькава цяжкай долі, што ўзнікла на Барадзінскім полі, узмацнілася ў Крымскую вайну, у баях за волю балгараў, у доўгім і цяжкім змаганні з немцамі на франтах першай сусветнай. Сяброўства патрабуе даверу, і такі давер зарадзіўся у вырашальных бітвах 1812 года, калі розныя народы Расійскай імперыі разам дзейнічалі супраць нашэсця «вялікай арміі» Напалеона.
Сэнс таго нашэсця не паддаецца разуменню. Цьмяныя напалеонаўскія планы пакарэння Расіі, наступнага паходу на Індыю, зацверджанне там сваёй улады на злосць англічанам, пра што сведчаць захопленыя асабістыя карты імператара,— усё гэта мяжуе з фантазіямі, са скажоным, хворым уяўленнем. Вар’яцкая ідэя сусветнага панавання, якая нарадзілася ў галаве былога «сына рэвалюцыі» і атрымала апору ў механізме беспя рэчнага падпарадкавання, у развітым апараце насілля, у цынічным рабунку захопленых краін і тэрыторый, абышлася народам Еўропы ў некалькі мільёнаў ахвяр. Беларускаму народу яна каштавала мільён жыццяў (пры агульнай колькасці жыхарства ў чатыры мільёны).
Такія неверагодныя страты, згуб ныя для здаровага і эканамічнага развіцця нацыі, край наш за сваю
гісторыю цярпеў кожнае стагоддзе. У войнах 1648—1667 гадоў беларусы страцілі 1,8 мільёна з 3,6 мільёна насельніцтва. У гады Паўночнай вайны загінула 900 тысяч чалавек з 2 мільёнаў. Катастрофа гэтая лепш бачыцца ў такіх лічбах: у 1647 годзе на Беларусі і Літве было 4 мільёны 540 тысяч чалавек. У 1667 годзе засталося 2 мільёны 340 тысяч. Загінулі кожны другі, кожныя 5 з 10, кожныя 50 з 100 чалавек, кожны адзін з двух: ці муж, ці жонка, ці брат, ці сястра, ці дзядзька, ці цётка, ці цалкам уся радня. Гэта ў сярэднім. А на Віцебшчыне палеглі ў той бойцы кожныя 72 з 100, на Мсціслаўшчыне — кожныя 71 з 100, на Полаччыне і Меншчыне — кожныя 63 з 100 жыхароў. Да 1700 года насельніцтва вырасла да 3 мільёнаў, але ўжона 1721 год войны паменшылі яго да 1 мільёна 800 тысяч. Загінуў кожны трэці. Меней чым за стагоддзе, за жыццё трох-чатырох пакаленняў колькасць беларускага народа не толькі не павялічылася, але скарацілася болей чым удвая.