Папулярная музыка зь Вітулы  Мікаэль Ніемі

Папулярная музыка зь Вітулы

Мікаэль Ніемі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 278с.
Мінск 2010
50.37 МБ
Гэта здарылася ноччу. Ледзь чутнае храбусьценьне. Нібыта трэснула кішэннае люстэрка. Кароткая паўза, а пасьля — працяглы трэск са сьпіны. Калі я націснуў назад, сьценка паддалася. Прагнулася й распалася на безьліч дробных аскепкаў, і я патрапіўу сьвет.
Зусім голы, толькі што народжаны, я поўзаў сярод сьмецьця. Падняўся на непаслухмяных нагах і абапёрся аб паліцу. Са зьдзіўленьнем заўважыў што сьвет неяк падрабнеў. He, гэта я быўудвая вышэйшы! На пахвіне зьявіліся валасы. Я зрабіўся дарослым.
Звонку стаяла лютая зімовая ноч. Ня бачна ні душы. Я басанож пацерушыў подбегам на сьнезе цераз паселішча, усё яшчэ голы. На скрыжаваньні паміж гаспадарчаю крамаю ды кіёскам ляжалі чацьвёра падлеткаў — на сярэдзіне шашы. Здавалася, яны спалі. Я схіліўся бліжэй, каб разгледзець іх у вулічным сьвятле.
Адным з маладзёнаў быў я.
Было крыху ніякавата класьціся побач з самім сабою на абледзянелую шашу. Лёд апаліў мне шчаку, пачаў таяць і расьцякацца.
Я чакаў. Зараз яны ўжо прачнуцца.
РАЗЬДЗЕЛ 4
— пра тое, як вясковыя хлопцы пайшлі ў Старую школу, даведаліся пра паўднёвую Швэцыю, а таксама пра тое, як хатняе заданьне можа перавярнуць дагары нагамі ўвесь дом
Хмарнаю жнівеньскаю раніцаю прагучаў школьны званок, і я пайшоў у школу. У першую клясу. 3 урачыстым настроем увайшоў маршыруючы, з матуляю ў высокі жоўты драўляны будынак, дзе разымяшчаліся пачатковыя клясы, у старую школу якой далі такое вычварнае імя — Старая школа. Нас накіравалі ўверх па рыплівай лесьвіцы ў клясу на верхнім паверсе, мы сьлізгалі па шырокіх зжаўцелых масьніцах, пакрытых тоўстым гіластом бліскучага лякеру, і нас пасадзілі паасобку за старажытныя парты з адкіднымі вечкамі, пэналамі й выемкаю для чарніліцы. Паўсюль на napTax можна было ўбачыць сьляды нажавых раненьняў пакінутых шматлікімі пакаленьнямі вучняў. Матулі, адна за адною, сышлі, а мы засталіся. Дваццаць малых з хісткімі малочнымі зубамі ды пальцамі ў бародаўках. Хтосьці зь цяжкасьцю размаўляў іншыя насілі акуляры, у шмат каго роднаю моваю была фінская, некаторыя гадаваліся пад кухталямі, амаль усе былі зацюканыя, паходзілі з працоўных сем’яў і ўжо з самага пачатку ведалў што ім тут ня месца.
Нашай настаўніцы было за шэсьцьдзесят, яна насіла акуляры ў круглай стальной аправе, валасы сьцягвала на патыліцы ў ггучок, зь якога вытыркаліся шпількі, a hoc мела доўгі ды кручкаваты, што надавала ёй падабенства з савою. Нязьменнаю была ваўняная спадніца й блуза, да якой часам далучалася паўрасшпіленая кофта, а на нагах заўсёды былі мяккія чорныя боты, якія болып нагадвалі тапкі. Мякка, але рашуча яна ўзялася за выкананьне сваіх абавязкаў — сфармаваць з гэтых неачэсаных цурбаноў годных грамадзянаў швэдзкае дзяржавы.
Сьпярша мы ўсе мусілі выходзіць да дошкі ды пісаць свае імёны. Хтосьці мог, а хтосьці не. Зыходзячы з вынікаў гэтага навуковага тэсту настаўніца падзяліла нашую клясу на дзьве групы: першую й другую. У першую групу трапілі ўсе, хто справіўся з заданьнем: большасьць дзяўчатак клясы плюс пара хлопчыкаў зь сем’яў службоўцаў. А ў другую групу патрапілі ўсе астатнія, у тьш ліку й я зь Ніілам. I хоць нам было толькі сем гадоў да нас ужо прычапілі дакладны ярлык.
Наперадзе, пад самаю стольлю, віселі Літары. Жудаснае полчышча гаплікоў і палачак — ад адной сьцяны да другой. Гэта зь імі нам трэба будзе змагацца, іх мы будзем, адну за адною, класьці на лапаткі ў сваіх сшытках і прымушаць іх падаваць голас. Нам таксама выдалі асадкі, крэйды ў папяровай абгортцы, чытанку «Пра Лі ды Лю» ды цьвёрдую кардонную скрынку з пліткамі акварэлі, падобнымі да рознакаляровых ляндрынак. I адразу ж да працы. Лавы трэба было абгарнуць папераю, кніжкі
таксама, і мы апантана зашоргалі рулёнамі цыраты, якую прынесьлі з дому, і заўзята заляскалі тупымі школьнымі нажніцамі. Напрыканцы мы прыляпілі расклад заняткаў пад вечкам парты. Значэньне ўсіх гэтых клетак было для нас таямніцаю, але расклад мусіў існаваць, бо ён быў часткаю Вялікага Парадку — і канцом дзяцінства. Для нас пачаўся шасьцідзённы тыдзень са школаю з панядзелка да суботы, а для сёмага дня існавала нядзельная школа, для тых, каму было мала.
Вялікі Парадак, такім чынам. Станавіцца ў шарэнгу перад дзьвярыма клясы на пачатку заняткаў. Хадзіць строем у школьную сталоўку пад правадырствам настаўніцы. Падымаць руку, каб запытацца. Падымаць руку, каб папрасіцца ў прыбіральню. Паварочваць аркушы дзірачкамі ў бок акна. Выходзіць з клясы, калі пачынаецца перапынак. Адразу ж вяртацца на месца, калі перапынак канчаецца. Усё рабілася на загад, які аддаваўся са спакойнаю швэдзкаю ветласьцю, і толькі зрэдку моцная рука настаўніцы хапалася за чуб якога гарэзы з групы нумар два. Настаўніца нам падабалася. Яна дакладна ведала, як зрабіць з нас людзей.
Побач з настаўніцкаю катэдраю стаяў руды пэдальны арган. Ён гучаў штораніцы: усе вучні зьбіраліся ў клясе, а настаўніца сядала на зэдлічак і пачынала націскаць на пэдалі. Яе тоўстыя лыткі ў бэжавых гольфах напружваліся, акуляры затуманьваліся, а маршчыністыя пальцы нязграбна пачыналі поўзаць па клявішах, беручы тон. Яна зацягвала дрыготкім бабскім сапрана, увесь
час сурова косячы вокам, ці ўсе сьпяваюць. Праз старыя вокны прабівалася сонечнае сьвятло й цёплымі жоўтымі плямамі клалася на пярэднія парты. Пах крэйды. Мапа Швэцыі. Мікаэль, у якога нярэдка ішла носам кроў і таму ён часта сядзеў закінуўшы назад галаву з папераю ў носе. Кенэт, страшэнны непаседа й гарэзьнік. Аніка, якая размаўляла шэптам і ў якую ўсе мы, хлопцы, былі закаханыя. Стэфан, які па-майстэрску гуляўу футбол, але які праз тры гады разьбіўся на сьмерць аб дрэва, спускаючыся на лыжах з гары. А яшчэ Турэ ды Андэрс, Эва ды Оса, Анна-Карын, Бэнгт і ўсе астатнія.
Паяла месьцілася на далёкай поўначы, таму мы заўсёды цягнуліся ў хвасьце. У атлясе Швэцыі самаю першаю ішла правінцыя Сконэ, надрукаваная ў надзвычай вялікім маштабе; яе ўсю сьпярэшчвалі чырвоныя рыскі, якія пазначалі шашы, і чорныя кропкі — населеныя пункты. За ёю ішлі астатнія правінцыі, у звычайным маштабе, і чым далей вы гартаеце старонкі, тым больш набліжаецеся да поўначы. А самай апошняй ішла Паўночная Нарляндыя — надрукаваная ў надзвычай малым маштабе, каб зьмясьціцца на старонцы, але вось рысак або кропак там бадай што не было. I амаль на самым версе мапы месьцілася Паяла, акружаная бураю тундраю, — вось там мы й жылі. Адгартаўшы атляс назад, можна было падумаць, што нашая самая паўднёвая правінцыя, Сконэ, не саступала памерам усёй Паўночнай Нарляндыі, толькі яна, халера, была ўся зялёная дзякуючы сваёй урадлівай глебе. Мінула шмат гадоў пакуль я
не навучыўся разьбірацца ў маштабах і не зразумеў што Сконэ, уся гэтая паўднёвая правінцыя ад краю да краю, магла б зьмясьціцца паміж Хапарандаю ды Будэнам.
Мы мусілі зазубрыць, што вышыня Кінэкуле складае 306 мэтраў над узроўнем мора. А пра Кяймяваара, вышынёю 348 мэтраў, не было ні слова. Мы скорагаворкаю паўтаралі назвы Віскан, Этран, Сьпюан і Галян або як іх там, чатырох самых паўнаводных рэк Паўднёвашвэдзкага ўзвышша. ГІрайшло колькі гадоў і я ўбачыў іх на свае вочы. Я мусіў спыніць машыну, выйсьці зь яе й працерці вочы. Мізэрныя канавы. Лясныя раўчукі, па якіх і бярвеньня ня сплавіш. Ня большыя за нашую Каўнісьёкі або Лівіёёкі.
Такой самаю чужароднасьцю веяла й ад культуры, якую нам навязвалі ў школе.
— Ці бачыў ты спадарыню Лісічку? — мусілі мы сьпяваць.
На гэтае запытаньне я мог дакладна адказаць «не». Hi спадара Ліса, ні якога іншага іхняга родзіча я не сустракаў.
Часам нам дасылалі з ашчадкасы часопіс «Шчасьлівая манетка», вокладку якога ўпрыгожваў іх вячысты дуб. Будзеце адкладваць грошы, і яны вырастуць да памераў такога вось дуба, вучылі нас. Але ў нашай мясцовасьці дубоў увогуле не было, таму наконт гэтай рэклямы меўся пэўны сумнеў. Тое самае датычыла й крыжаванак з часопісу: там часта траплялася высокае пірамідальнае дрэва зь сямі літараў. Слушны адказ — ядловец. Але ж
мы дакладна ведалі, што ядловец — гэта кудлаты калючы куст, не вышэйшы за калена.
Музычныя заняткі былі рытуалам самі па сабе. Настаўніца ўсталёўвала на катэдры грувасткі прайгравальнік з бабінамі (велічэзную скрыню з рычажкамі ды кнопкамі), павольна ставіла бабіну й разьмяркоўвала тэксты песень. Пасьля пільна аглядала клясу сваімі савінымі вачыма — і ўключала. Бабіны пачыналі матаць магнітную стужку, і з дынамікаў гучала бойкая музычная застаўка. Пасьля чуўся бадзёры жаночы голас з моцным стакгольмскім акцэнтам. Радасна гукаючы, яна праводзіла свае ідэальныя музычныя заняткі! Вучні былі з музычнай школы ў горадзе Нака, і для мяне ўсё яшчэ не зразумела, чаму мы мусілі слухаць, як гэтыя паўднёўцы сьпявалі сваімі чыстымі анёльскімі галасамі пра нейкія першацьветы, пралескі ды іншую трапічную расьліннасьць. Часам хто-небудзь з вучняў Накі сьпяваў сола, ды, як на ліха, адзін з хлопцаў быў маім цёзкам.
— Мат’яс, прасьпявай, калі ласка, гэты ўрывак яшчэ раз, — ціўкала дама на стужцы, і хлапец пачынаў сыіяваць надзвычай звонкім, падобным да дзявочага сапрана. Усе ў клясе адразу паварочваліся, каб вытарашчыцца й пазьдзекавацца зь мяне. А самому мне хацелася праваліцца скрозь зямлю.
Праслухаўшы й разабраўшы як сьлед матэрыял з настаўніцаю, мы мусілі сыіяваць разам са стужкаю — нешта сярэдняе паміж Венскім хорам хлопчыкаў і трывожнаю сыгналізацыяй. Вочы настаўніцы пільна сачылі
за клясаю: дзяўчаткі пачыналі ледзь чутна шамацець, як кволая траўка пад парывамі ветрыку. Мы ж, хлопцы, сядзелі нямыя як рыбы, і калі настаўніца накіроўвала свой радар у наш бок, мы пачыналі варушыць вуснамў але ня больш за тое. Сьпяваць — гэта бабская справа. Knapsu, адным словам. Вось мы й маўчалі.
Зь цягам часу мы зразумелі, што нашая мясцовасьць насамрэч не належала да Швэцыі. Мы быццам трапілі туды толькі выпадкова. Паўночны атожылак, забалочаныя пусткі, дзе зрэдку трапляліся людзі, якія швэдамі былі толькі часткова. Мы былі не такія — крыху адсталыя, крыху неадукаваныя, крыху бедныя духам. У нас не было ні казуляў, ні вожыкаў, ні салаўёў. У нас не было знакамітасьцяў. He было амэрыканскіх горак, сьвятлафораў замкаў або шляхецкіх сядзібаў. У нас была хіба што безьліч камарэчы, турнэдаленскай лаянкі ды камуністаў