• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў  Аляксандр Адзінец

    Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў

    Аляксандр Адзінец

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 704с.
    Мінск 2007
    152.06 МБ
    22 чэрвеня 1941 г. было цёпла й прыгожа. Да той хвіліны, пакуль неба не пачалі разрываць выбухі снарадаў. У небе было відаць самалёты, што бамбілі Слонім.
    Праз два дні ў нашую вёску прыйшлі немцы. Пару гадзін адпачылі ды пайшлі далей. Праз суткі пачалі праяжджаць грузавыя машыны й танкі. Але праз пару дзён падрыхтавалася і савецкае войска, якое недзе хавалася. Бліз Новадзявяткаўскага двара, у торфавых ямах, непадалёк ракі Грыўда, падрыхтавала на немцаў аблаву. Разьбіла дзясятак танкаў, некалькі аўтамашынаў, забіла дзесяць немцаў. Тыя машыны, што пазьбеглі атакі, хутка пакінулі ваколіцу. Была спалена трэцяя частка Трыбушкоў. Згарэла ўсё, што мы мелі, у тым ліку і мае «лубяныя бацінкі». Засталося гумно з жывёлай. Наступнай зімой прыйшлося надзяваць два левыя бацінкі, якія ўдалося купіць за кавалак сала. Улетку і ўвосень мы спалі ў гумне на сене, а на зіму перабраліся ў вельмі старую ды яшчэ курную хату, у якой чакалі вясны.
    Вясной немцы сабралі ваеннапалонных, каб вывезьці ў Нямеччыну. Некаторым зь іх удалося ўцячы ў лясы, дзе жылі ў зямлянках разам з партызанамі й жаўнерамі, што пазьбеглі нямецкага палону. Жывіліся тым, што забіралі ў мясцовых
    сялян, але й перашкаджалі немцам рабіць пастаўкі на фронт. Часам з-за партызанскіх нападаў на немцаў гінулі мірныя людзі. Былі й такія, што забіралі з хаты хлеб, але пакідалі якую частку для дзяцей і старыкоў. Сядзелі ў мясьцінах, дзе маглі аглядаць ваколіцу, назіралі за вазамі, на якіх людзі вазілі ў гарады ці чыгуначныя станцыі падатак, мяса, гародніну.
    Аднойчы два немаладыя селяніны ехалі здаваць падатак у Слонім. Партызаны заўважылі іх з царкоўнай званіцы, забралі ўсё, што было на вазох й далі па-нямецку пісаны зварот, загадаўшы перадаць у камэндатуру. Прачытаўшы яго, немцы моцна зьбілі старыкоў. Дадому вярталіся яны, лежачы жыватамі на саломе. Калі спатыкалі каго зь людзей, заклікалі ня везьці немцам падатак, пакуль не спадзе сьнег. Вяскоўцы паслухаліся.
    Прайшло каля чатырох тыдняў. 26 сьнежня 1942 г. немцы зрабілі аблаву на Трыбушкі. Сагналі жыхароў у канец вёскі, аддзялілі моладзь і расстралялі 147 старэйшых мужчын, жанчын і дзяцей. Я — адна з тых дваццаці юнакоў і юначак, што пазьбеглі сьмерці43. Шэсыдь чалавек вывезьлі ў Нямеччыну.
    Па вайне я вырашыла не вяртацца на Радзіму: не было да каго і да чаго. Вайну перажыў брат мамы, ён быў самотны, меў 57 гадоў. Але падчас вайны я ня мела пра яго ніякіх вестак і не магла ведаць, ці ён жывы. Ехаць у СССР таксама не было ніякай ахвоты. Мне хоць і было 18 гадоў, але я была адважная: ведала, не загіну на Захадзе.
    Хутка пасьля сканчэньня вайны я пайшла ў польскі лягер, якім апекавалася UNRRA44. Атрымлівалі ежу, добрую вопратку, так што маглі паправіць здароў’е, крыху падвучыцца. Я выйшла замуж за былога ваеннапалоннага родам зь Віленшчыны Станіслава Дуданца. Чатыры гады жылі ў лягеры перасяленцаў, атрымлівалі харчовую картку й бяс-
    43 Падчас карнай акцыі была расстраляная й маці Жэні Юршы.
    44 UNRRA (United Nations Relief and Rehabilitation Adminis­tration) — Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па дапамозе й аднаўленьні. Створана 9 лістапада 1943 г. у Вашынггоне прадстаўнікамі 44 дзяржаваў. Арганізацыя займалася дапамогай краінам, што пацярпелі ў Другую сусьветную, у аднаўленьні эканомікі. У тым ліку й Беларусі.
    платнае памяшканьне. Паступова апека UNRRA, а пазьней IRO45 пачала зьмяншацца. Вырашылі ехаць у Аўстралію, куды прыехалі ў студзені 1950 г. (два гады да гэтага вучыліся ангельскай мове).
    У Аўстраліі напачатку жылі ў лягерах Банагіля й Мілдура. Калі скончылася праца пры вінаградніках, муж пайшоў будаваць вадасховішча сярод узгоркаў над ракой. Непадалёк ад месца працы ўдалося наняць чатырохпакаёвы домік, у якім пражылі два гады. Атрымлівалі асалоду ад сьвежага паветра, собскай гародніны, вольнай прасторы, на якой маглі бясьпечна гуляць дзеці. Адтуль напісала да свайго састарэлага дзядзькі. Адказ прыслаў стрыечны брат па бацьку. Тады я зразумела, што зь нейкай прычыны мой добра граматны дзядзька ня мог адпісаць сам. Калі дасталі адказ, ужо набылі вялікі радыёпрыёмнік, да якога трэба было дапасаваць антэну. Лісты даставалі з агульнай з гаспадаром скрыні, і калі той некалькі разоў пабачыў лісты з адваротным адрасам Sowiet Union, занепакоіўся, выклікаў нават паліцыю. Добра, што мы маглі добра паразумецца па-ангельску, растлумачыўшы, што радыё купілі дзеля таго, каб часам паслухаць навіны з Эўропы.
    Праз два гады мужа перавялі на працу ў другую мясцовасьць, да вялікай ракі Мары [Murray], дзе будавалася станцыя для забесьпячэньня вадой Адэляйды. Там пасяліліся ў доме з электрычнасьцю, водаправодам, каналізацыяй і сыстэмай збору адпрацаванай вады, якая зьбірала ваду ў рэзэрвуары. Пасьля пэўнага часу фэрмэнтацыі тая выкарыстоўвалася для паліўкі газонаў і іншых патрэбаў. У Паўднёвай Аўстраліі выпадае менш дажджу, чым у астатніх частках краіны, і таму вада тутака мае асаблівую цану. Падчас майго апошняга побыту ў Беларусі я прывезла праект такой сантэхнікі, каб палепшыць жыцьцё нашым працавітым сялянам у Беларусі, дзе ўлетку цяжка адбіцца ад мух. Цяжкія думкі апанавалі мяне, калі пабачыла, як жывуць на вёсках у Заходняй Эўропе. У Беларусі ж цяпер будуюцца гэтак
    45 IRO (International Relief Organization) — Міжнародная apraнізацыя дапамогі ўцекачом (асобам, што апынуліся ў ходзс падзей Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Нямеччыны й Аўстрыі). Дзейнічала ў 1947—1950 гг.
    званыя аграгарадкі, у якіх нашыя людзі й надалей будуць жыць у блізкім суседзтве з кароўкамі, сьвінкамі, курамі, гусямі й качкамі. Якая ж гэта эканоміка, калі людзі змушаны жыць у такіх абставінах і клапаціцца перш аб тым, як пракарміць жывёлу? Ці не карысьней было б будаваць супольныя сялянскія калектывы на прыкладзе нямецкіх «гонезешафтаў» («каапэратываў». — A. А.)?
    Але вярнуся да нашага аўстралійскага жыцьця. He было лёгка, трэба было працаваць удвая, каб пабудаваць сваю хату, вывучыць дзяцей. Муж загінуў на працы ў 1964 г. на 46-м годзе жыцьця. Я засталася адна з трыма сынамі ад трынаццаці да васямнаццаці гадоў. Незадоўга пачалася бясплатная вучоба ва ўнівэрсытэце, якую сыны пасьпяхова скончылі.
    Я працавала ў часе наступных 12 гадоў і скончыла распачатую пабудову, якая цяпер дае невялікі прыбытак сыном і мне — задавальненьне.
    У 1975 г. пазнаёмілася з прыгожым і сумленным мужчынам Паўлам, які стаў маім другім мужам. Мы шчасьліва пражылі 28 гадоў. У ліпені 2006 г. мінула два гады, як ён памёр ад інсульту. Прах адвезла з сынамі ў Беларусь. 2 кастрычніка 2004 г. пахавалі Паўла на магіле брата Адама ў Ашмяне, дзе ён нарадзіўся й вырас і адкуль у 1942 г. яго вывезьлі на працы ў Нямеччыну. У Аўстраліі мой другі муж працаваў на чыгунцы пры направе вагонаў.
    Дзякаваць Богу: маю 80 гадоў, а чуюся здаровай. У красавіку й траўні 2006 г. аб’езьдзіла ўсю Беларусь46. Але ў памяці маёй засталіся ня толькі прыгожыя нівы, новыя дарогі й пабудовы гарадоў, сады ў квецені, бярозавыя лясы й каштаны, рэкі, поўныя чыстае вады, але й боль людзей зь вёскі, пра якіх нібыта ўсе забыліся, брак транспарту. 1, канечне, занядбаньне беларускае мовы. У Аўстраліі жыве больш за 80 этнічных групаў, якія вольна карыстаюцца сваімі мовамі й вучаць сваіх дзяцей, унукаў. А беларусы на сваёй Радзіме змушаны гаварыць хоць і на прыгожай, ад-
    46 Першы раз Жэня Юрша навсдала Беларусь у 1992 г., узяўшы ўдзел у жалобных мерапрыемствах з прычыны 50-й гадавіны спаленьня вёскі.
    нак чужой мове, і ў Менску цяжка мне было знайсьці беларускую кнігарню, а так хацелася купіць паэму Багушэвіча.
    Што яшчэ хачу параіць беларусам? Засейце лясамі чарнобыльскую зону — няхай растуць. А людзям там ня месца, калі думаць пра здароўе. Капайце вадаёмы, каб напоўніць іх у час павадак вадою з рэк, каб вада не ўхадзіла ў акіяны, асушаючы паверхню зямлі. Пра гэта клапоцяцца вучоныя й нам трэба думаць наперад, а не бедаваць, калі будзе ўжо запозна. Беражыце лясы. Захутка яны ператвараюцца ў туалетную й іншую паперу, другасортныя часопісы, забруджваючы вуліцы й воды. За свае 80 гадоў мне прыйшлося шмат чаго пабачыць, навучыцца, таму лічу мэтазгодным падзяліцца сваімі поглядамі з маім народам47. Няхай жыве Беларусь вольна, мірна й у дастатку, зь вераю ў Адзінага Бога.
    На заканчэньне параю яшчэ беларусам, што жывуць у Расеі, вучыць расейцаў беларускай мове. Каб усе тыя, хто пасяляюцца ў Беларусі, маглі нас добра зразумець.
    47 Жэня Юрша была сакратаром Беларускага Аб’еднаньня ў Паўднсвай Аўстраліі. Праўда, адпрацавала на гэтай пасадзе толькі шэсьць месяцаў. Шмат часу забіраў бізнэс, сп-ня Юрша мела сваю краму.
    БЕЛАРУСКАЕ ЖЫЦЬЦЁ Ў МЭЛЬБУРНЕ СКОНЧЫЛАСЯ
    Эўлялія Яцкевіч (Мэльбурн, Вікторыя)
    3 верасьня 1923 г„ мястэчка Гарадок Маладзечанскага пав. Віленскага ваяв., сёньня Маладзечанскі р-н Менскай вобл.
    Маё дзявочае прозьвішча — Вэрыгайтыс, хоць бацьку людзі называлі на беларускі манер — Вэрыга ці Вэрыго. Напэўна, ён меў нейкія літоўскія карані. Бацька Уладзіслаў і маці Стэфанія з дому Грабоўскіх паходзілі з Полацку, у 1920-м уцяклі ад бальшавікоў на польскую тэрыторыю. Бацька працаваў адвакатам, маці таксама мела адукацыю, аднак сядзела ў хаце, займалася гаспадаркай. Бацька добра размаўляў па-беларуску, па-польску, па-расейску, але ў на-
    Эўлялія Яцкевіч (у сярэдзіне) зь беларускіАі гімнасткамі Лідзіяй Горбік (зьлева) і Вольгай Корбут (справа). Мэльбурн
    шай хаце мова гучала толькі беларуская. Так што дома я расла ў атмасфэры беларускасьці, а тым часам на вуліцах гэтак званых «крэсаў всходніх» панавала польскасьць, якую насаджалі й паглыблялі польскія ўрады. У 1944 г. бацьку арыштавалі і выслалі ў Казахстан, дзе ён памёр у 1951 г. Матывы арышту й артыкул, паводле якога яго асудзілі, мне невядомыя. Мая мама памерла ў 1941-м. Мой адзіны брат, таксама Ўладзіслаў, памёр у Польшчы ў 1989-м.
    У школе я вучылася пры трох рэжымах: польскім, савецкім і нямецкім. Калі савецкія войскі ў 1944 г. імкліва набліжаліся да Беларусі, людзі ў паніцы пачалі эвакуавацца за мяжу: «Ідзе рускі. Але яшчэ горшы за таго, што быў!» Дзесяць месяцаў, ажно да прыходу Чырвонай Арміі, мы з мужам жылі ў Бэрліне. Пасьля павандравалі па ўсёй краіне, па беларускіх лягерах: Рэгенсбург, Остэргофэн, Розэнгайм... У Бэрліне, дзе да прыходу саветаў функцыянаваў шэраг беларускіх арганізацыяў48, мой муж, Данат Яцкевіч, актыўна й ахвярна займаўся беларускай справай. Я — не. Я