• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў  Аляксандр Адзінец

    Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў

    Аляксандр Адзінец

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 704с.
    Мінск 2007
    152.06 МБ
    Мой удзел у грамадзкім беларускім жыцьці пачаўся ў Нямеччыне, дзе я сьпяваў у царкоўным хоры. У Аўстраліі мая дзейнасьць таксама пераважна не выходзіла за рамкі царкоўных справаў. Ані да «крывічоў», ані да «зарубежнікаў», ані да «цэнтрыстаў»27 я не належаў — палітыка, усе гэтыя сваркі, спрэчкі, непаразуменьні, мяне ніколі не прываблівалі. Так, прыйшоў на чарговы сход, паслухаў, зрабіў свае высновы й пайшоў, на гэтым канец. Мая пашана да царквы, праваслаўнай рэлігіі пачалася дома — я вырас у
    27 Ідзецца («цэнтрысты») пра Беларускі Цэнтральны Камітэт у штаце Вікторыя, створаны ў 1963 г. пры злучэньні Беларускага Аб’еднаньня ў Вікторыі (БЦРаўскага кірунку) і Згуртаваньня Беларусаў у Вікторыі (прыхільнікаў Міколы Абрамчыка й Рады БНР).
    а. Кулакоўскі з матушкай Раісай разам з групай «Каліна» ды госьцяй зь Беларусі перад царквой. Мэльбурн, 2003 г.
    вельмі рэлігійнай сям’і. На дыякана мяне высьвяціў архіяпіскап, украінец Сергій (Ахотэнка). А высьвячацца на сьвятара я езьдзіў у Нью-Ёрк, да Ўладыкі Васіля, у сьвецкім жыцьці — Уладзімера Тамашчыка28. Царкоўнай дзейнасьцю я пачаў займацца яшчэ на пачатку 1950-х, болын за 55 гадоў таму29! Як і раней, царкоўныя службы ў Мэльбурне праходзяць кожную нядзелю. Але калі раней народу на іх зьбіралася маса, то цяпер часьцей няшмат. Добрае надвор’е — прыйдзе 130—170 чалавек. дрэннае — 50, а то й 25. Моладзь у нашай царкве вельмі рэдка ўбачыш — у яе цяпер іншыя каштоўнасьці.
    28 Абодва высьвячэньні адбыліся ў 1963 г.
    29 Айцсц Аляксандар Кулакоўскі быў галоўным ініцыятарам набыцьця бсларускага ўчастку на могілках Фоўкнэр, пабудовы на ёй помніка «На вечны ўспамін спачылых усіх ведамых і няведамых Беларусаў», а таксама ўласнага будынку для царквы Трох Віленскіх Ііакутнікаў.
    У 1 953-м узяў шлюб з Раісай Борстак, якая паходзіць зь Віцебшчыны. Маем дзьвюх дачок — Ірыну й Веру. Старэйшая працуе настаўніцай, а малодшая займаецца бізнэсам. Я не магу быць незадаволеным сваім жыцьцём, адное баліць, што пасьля вайны так і не адведаў Бацькаўшчыны. Пайшла такая прапаганда, што калі туды паеду, дык больш і не вярнуся. Але калі б зьмянілася ўлада, бяз роздумаў паляцеў бы ў Беларусь.
    Я ВЕЛЬМІ СУМУЮ ПА ЖОНЦЫ
    Міхась Лужынскі (Сыднэй, Новы Паўднёвы Ўэльс)
    1926 г., 8. Кабылкі Палачанскай вобл. Маладзечанскага пав. Віленскага ваяв., сёньня Маладзечанскі р-н Менскай вобл.
    Міхась Лужынсні ў Менску.
    1993 г.
    Гэтых Кабылак цяпер няма: нейкаму бальшавіку ў 1970-х назва вёскі не спадабалася, і яе перайменавалі ў Зораньку. У дзяцінстве ў Кабылках налічвалася каля 60—70 гаспадарак, невялікіх, па чатыры-восем гектараў зямлі. Нашая сям’я лічылася сярэдняй: шмат зямлі й быдла ня мелі, але й не галадалі. У нізіне была велізарная сажалка, дзе пасьвілася быдла. Яшчэ адной адметнасьцю вёскі былі ейныя гліністыя дарогі, якія ўвесну размакалі й не давалі праехаць вазом. Прыходзілася класьці сасновыя папярэчкі. Непадалёк ад вёскі пачынаўся лес, які ў маіх дзіцячых успамінах застаўся надта багатым на грыбы ды ягады. Але стала пражыў я ў Кабылках зусім мала (праўда, штолета езьдзілі на адпачынак да дзеда), у 1928-м сям’я пераехала ў Палачаны.
    Бацька быў сакратаром воласьці ў Палачанах і Гарадку30 ды атрымліваў добрыя грошы — каля 300 злотых31 у
    30 Сёньня вёскі ў Маладзечанскім раёне.
    31 Кваліфікаваны рабочы ў пачатку 1930-х гадоў атрымліваў 400 злотых у месяц. Кіляграм мяса каштаваў 1,8 злотага, хлеба — 72 грошы, мукі — 1 злоты.
    месяц. Гарадок тады меў каля трох тысяч насельніцтва, пераважна — габрэяў. Цэнтральная вуліца, што вяла на Ракаў, насіла імя Скарыны, у 1924-м ці 1925-м тут была закладзена беларуская гімназія32. Так што беларуская сьведамасьць у Гарадку была адчувальнай. Палякі, вядома, стараліся яе ўсялякімі мэтадамі прыдушыць. Даходзіла нават да таго, што праваслаўны чалавек ня мог купіць зямлі безь пісьмовай згоды старшыні раёну.
    Мой бацька Хведар — ён 1900 году нараджэньня — вучыўся ў гарадзкім вучылішчы, служыў у польскай кавалерыі. Як звальняўся з войска, выкупіў сваю кабылу. Але тая хутка загінула, адным лістападаўскім днём расьцягнуўшыся на галалёдзе. Маці Марыя з дому Парфёнаў паходзіла зь вёскі Схоліна, выхоўвалася ў заможнай сям’і, дзе ўсё ў сваіх руках трымала рана аўдавелая бабка Эва — цудоўны спэцыяліст у сельскай гаспадарцы й бізнэсе. Калі савецкія войскі ў 1944 г. падышлі да Беларусі, бацькі эвакуаваліся на Беласточчыну, аднак «чырвоныя» насьціглі людзей і вярнулі дадому. Бацька, які й за немцамі працягваў працаваць сакратаром воласьці, загінуў у 1945-м у Сібіры. Маці засталася ў нашай вёсцы, памерла ў 1952 г. Побач зь ёй жыла мая малодшая сястра Гэля, якую я меў шчасьце пабачыць у 1991 г. падчас сваёй першай вандроўкі ў Беларусь. Старэйшая сястра Зіна жыла зь сям’ёй у Латвіі. Абедзьве ўжо, на жаль, памерлі.
    Мая нацыянальная беларуская сьведамасьць — гэта не выпадковасьць. Бацька быў адданым патрыётам Беларусі, выпісваў усю прэсу, календары, што друкаваліся ў Вільні. Чужога слова ў нашай хаце пачуць было немагчыма. I ўжо да прыходу саветаў бацька навучыў мяне чытаць кірылічныя тэксты.
    Убачыўшы ўпершыню савецкае войска, людзі ад зьдзіўленьня параскрывалі рот: хударлявыя някормленыя конікі, пагана пашытае адзеньне. Польскія жаўнеры ў параўнаньні з савецкімі выглядалі па-каралеўску.
    32 Гарадоцкая беларуская гімназія была заснавана ў 1920 г. і зачынена польскімі ўладамі ў 1924 г. Частка навучэнцаў і выкладчыкаў перайшлі ў Радашковіцкую гімназію.
    У саветаў чамусьці заўсёды бракавала прадуктаў харчаваньня. Вось і ў Заходняй Беларусі амаль што ня першае, што зрабілі камуністы, — гэта задавілі людзей гэтак званым натуральны.м падаткам33. Узамен на харчы населызіцтва атрымлівала талёны на газу, соль і цукар. На першым этапе гэтага абмену ўсю дакумэнтацыю вёў нейкі камсамолец, але справу, «закапаўшыся», загубіў. Тады бугальтэрыю пераняў мой бацька. Я дапамагаў яму падшываць паперы, нават атрымліваў за гэта нейкія грошы. Сёньня са зьдзіўленьнем думаеш пра тое, што нават самыя заможныя сяляне ў нашым рэгіёне сустракалі камуністаў з аптымізмам: «Вось зажывем па-сапраўднаму!» Але ўжо праз тыдзень галовы людзей працьверазелі: прыйшло разуменьне таго, што лепшае жыцьцё ўсё яшчэ застаецца за даляглядам. Масавыя рэпрэсіі, якія заглынулі Заходнюю Беларусь пры канцы 1930-х, нашыя мясьціны закранулі ў невялікіх маштабах. Вывозілі ў асноўным палякаў. Беларусаў, напэўна, не пасьпелі. У Палачанах арыштавалі дзьве сям’і. Была такая Пятроўская. Добра запомнілася гэтая кабета, у першую чаргу таму, што была бадай адзінай жанчынай, якая курыла махорку.
    Вайна Кабылкі не закранула, усе яе жыхары засталіся жывымі — абышлося. У чэрвені 1941 г. нямецкаму войску чырвоныя не аказалі аніякага супраціву. Добра памятаю, немцы, як у сябе дома, уехалі ў вёску на матацыклах. На палачанскую чыгуначную станцыю з Маладзечна была сагнана ваенная тэхніка, якая з пачаткам ваенных дзеянызяў нікім не ахоўвалася — кожны заглядваў у гэтыя вагоны, аднак ваенныя прылады сялян не цікавілі. Скінутая немцамі адна бомба толькі пашкодзіла тэлефонныя лініі, але нікога не забіла. Людзі сустракалі немцаў як вызваліцеляў ад савецкага гнёту: як я ўжо адзначыў, народ вельмі хутка зразумеў, што савецкая ўлада — чужая ўлада. Жанчыны выносілі з хатаў халоднае малако, каб пачаставаць стомленых з дарогі нямецкіх жаўнераў.
    Аднак хутка немцы праявілі сябе не як вызваліцелі, а як жорсткія й бязьлітасныя акупанты, сцэнарысты й выканаўцы карных акцый — людзі ізноў зразумелі, што памыліліся
    33 Г. зн. трэба было здаваць масла, малако, зерне, мяса.
    Сям'яЛужынскіху Палачанах. Зьлева направа сядзяць: маці Марыя, сястра Гэля, бацька Хведар Лужынскія; стаяць: сястра Зіна й Міхась Лужынскі. 1942 г.
    ў сваіх надзеях. У Палачанах быў зарганізаваны паліцэйскі пастарунак, у якім праходзілі службу сем-восем паліцыянтаў. Праз рэчку, у лесе, месьцілася база партызанаў ці бандытаў, як іх тады ўсе называлі, якія тэрарызавалі суседзкія вёскі, але нашу, на шчасьце, не чапалі.
    За палякамі й саветамі я вучыўся ў Палачанскай і Хажоўскай школах, сёмую клясу ў Хажове скончыў ужо за немцамі34. У 1942 г. быў прыняты ў Маладзечанскую гандлёвую школу —моладзь з Маладзечаншчыны літаральна хлынула ў яе. Дырэктарам школы быў вядомы вучоны, прафэсар Барыс Кіт. Яго заступнікам — адвакат Дзьмітрыеў,
    вельмі багаты чалавек зь Вільні, які меў магчымасыдь штодня мяняць касьцюм. Нямецкія жаўнеры нават салютавалі яму, прымаючы за нейкага высокага чыноўніка. Усе мы былі захопленыя выкладчыкам беларускай мовы й літаратуры Янкам Давідовічам, які паходзіў зь Мядзелу — вялікім майстрам сваёй справы, эстэтам, кананічным інтэлігентам, што размаўляў на крыштальна чыстай беларускай мове. Як і Дзьмітрыеў, апранаўся ён салідна, з густам, што было рэдкай зьявай у ваенныя часы. У ягоныя начышчаныя боты можна было глядзецца, як у люстэрка. Цікавым чалавекам быў выкладчык гісторыі Макарэвіч, дацэнт Менскага
    34 Вёска ў Маладзечанскім раёне.
    ўнівэрсытэту. У першы дзень вайны, падчас бамбёжкі, ён страціў жонку й жыў у Маладзечне з дачушкай. Папросту надзвычайнае ўражаньне рабіў на вучняў спадар дырэктар. Усе мы ведалі, што Барыс Кіт аддана рабіў беларускую справу ў Віленскай беларускай гімназіі, быў шчырым патрыётам Беларусі, і мы да глыбіні душы яго за гэта паважалі. Акрамя гэтага, сымпатыю вучняў ён заваёўваў як цудоўны чалавек, які быў заўсёды лагодным, справядлівым й разважлівым, ніколі не павышаў голасу, аднак у той жа час заставаўся надта руплівым і дзейным. У школе адкрыліся некалькі гурткоў, і сам дырэктар вучыў нас танцаваць мазурку. Выкладаў Барыс Кіт матэматыку, але мала, бо быў заняты адміністрацыйнымі справамі. Такім самым Чалавекам зь вялікай літары спадар Кіт застаўся на ўсё жыцьцё, у чым я асабіста пераканаўся падчас нашых сустрэч у Франкфурце-на-Майне.
    He сакрэт, што ваенныя часы былі галодныя, нашыя настаўнікі недаядалі, хлеб, які выдавала Самапомач35, толькі й мог, што мінімальна падтрымліваць жыцьцёвыя сілы. Тады на бацькоўскім камітэце пад кіраўніцтвам майго таты, а таксама бацькі Віктара Сідарэвіча, што цяпер жыве ў Ангельшчыне, было вырашана за кожнага вучня сплочваць пуд мукі ды кіляграм сала ці масла. Крыху адкарміўшыся, нашыя паважаныя выкладчыкі павесялелі й пакруглелі.