Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў
Аляксандр Адзінец
Выдавец: Медысонт
Памер: 704с.
Мінск 2007
У Нямеччыне мяне далучылі да расейскага батальёну Зыглінга. Кінулі на францускі фронт. Але мы зь сябрамі дамовіліся, што страляць у французаў ці амэрыканцаў ня будзем. Але не разумеў я і ўцёкаў з войска. Мы ж былі людзьмі вайсковымі, маглі прыставіць да трыбуналу. Урэшце нас забралі ў францускі палон, былі доўгія допыты. Я — адзін зь нешматлікіх жаўнераў, што дажылі да сёньняшняга дня. Адныя паляглі на фронце, іншыя былі замучаныя ў Дахаў... Потым я далучыўся да польскага войска, у складзе якога апынуўся ў Італіі. Вучыўся ў лётнічай школе, на шчасьце, на вайну больш не патрапіў, адчуваў сябе спакойна. А ўжо з Італіі патрапіў у Англію, дзе шмат гадоў працаваў ткачом, знайшоў спадарожніцу жыцьця...
БЕЛАРУСЬ HE АДВЕДВАЎ, КАБ HE ПАШКОДЗІЦЬ СВАЯКОМ
Міхаіл Швэдзюк (Канглэтан)
4лістапада 1926 г., в. Патапавічы Пінскага пав. Палескага ваяв., сёньня Янаўскі р-н Берасьцейскай вобл.
Міхаіл Швэдзюк. 1940-я гг.
Патапавічы ляжаць за 28 кілямэтраў на захад ад Пінску, на беразе ракі Піна, у маляўнічым атачэньні вазёрцаў, сенакосаў. Да вёскі прылягае лес, які за польскім часам належаў графу Пуслоўскаму. Ягоная сядзіба месьцілася ў маёнтку Завішчэ. У таго графа служыў лесьніком мой дзед Канстанцін. Менавіта праз гэта ў 1940 г. уся нашая сям’я была арыштавана й выслана ў Архангельскую вобласыдь. Вывезьлі сем’і ўсіх лесьнікоў, што служылі ў Пуслоўскага — без суду й сьледзтва.
У высылцы мы спаткалі й іншыя сем’і, у якіх бацька ці дзед служылі лесьнікамі ў паноў. Цікава, што ў Патапавічах жыло на сто адсоткаў беларускае й праваслаўнае насельніцтва. Паводле грэцкага гісторыка Герадота, калісьці на тэрыторыі сучаснага Палесься было мора. Гэтая тэорыя знаходзіць пацьверджаньне ў трох праявах. Па-першае, у нашай мясцовасьці было шмат балотаў, у якіх вадзіліся чарапахі. А як вядома з заалёгіі, чарапахі жывуць ці ў стэпах, ці ў моры. Відаць, тыя чарапахі, што вадзіліся ў тым палескім моры, зь цягам эвалюцыі абжыліся і ў балотах. Другое — гэта бурштын, які людзі даволі часта знаходзілі ў
ваколіцах Патапавічаў. Трэцяе — белыя пяскі, такія самыя, як на марскіх узьбярэжжах.
Факт бясспрэчны, што мае далёкія продкі паходзілі са Швэцыі, нейкім чынам патрапілі ў Беларусь. Старэйшыя сваякі расказвалі, што нашае прозьвішча раней было Швэд. Аднак, верагодна, адзін з маіх продкаў, што служыў у царскай арміі, мусіў зьмяніць прозьвішча, дадаўшы распаўсюджаны на Палесьсі канчатак «юк». Mae бацькі — Сава й Марыя з дому Гардзяйчук — былі сялянамі-хлебаробамі. Дзяцей у сям’і было пяцёра. Брат Пятро, што ваяваў у складзе польскага войска, загінуў у Нармандыі ў 1944 г., там і пахаваны. Сястра Эва, калі частка нашай сям’і апынулася ў Афрыцы, выйшла замуж за афіцэра, пераехала ў Паўднёвую Афрыку й там памерла. А старэйшая за мяне Тацьцяна й малодшая Зоф’я жывуць у Ангельшчыне, непадалёк ад мяне ў Манчэстэры. Дзед Канстанцін пахаваны на архангельскай зямлі, бабка Натальля, ягоная жонка, — у Танзаніі. Бацька й маці — у Ангельшчыне...
10 лютага 1940 г. я быў у Пінску, дзе вучыўся ў гімназіі, жывучы на прыватнай кватэры ў жыдоў на Стараганчарскай вуліцы. Тады стаялі страшэнныя маразы й я не зьбіраўся ад’яжджаць з гораду ў вёску. Але нейкая сіла мяне падштурхнула, я сеў на цягнік і паехаў да сям’і. Прыйшоў дахаты позна ўвечары, стукаю ў дзьверы, а мне ніхто не адкрывае. Мяне ахапіў страх. Гэта былі вельмі неспакойныя часы, калі людзей забівалі, калі яны зьнікалі бязь вестак. He хацелася верыць, што тое ж самае сталася з маімі роднымі. Адразу пасьля прыходу ў Заходнюю Беларусь саветаў у нашай і суседніх вёсках зьявіліся людзі, што выдавалі сябе за былых вязьняў турмы ў Бярозе-Картускай. Але вонкава на вязьняў не былі падобны, гаварылі па-расейску. Хутчэй за ўсё самыя сапраўдныя правакатары й шпіёны, гэтак званыя «вязьні» пабудавалі ў нашай вёспы «трыюмфальную арку» з надпісамі, што ўсхвалялі Сталіна й Савецкі Саюз. Праз гэтую арку мусіла прайсьці «вызваленчае» войска. У дачыненьні да людзей, што ў хуткасьці адчулі савецкае «вызваленьне», гэта была грубая цынічная акцыя. Прычым тое, што чырвонаармейцы расказвалі пра жыцьцё ў СССР на вялікіх сходах і па адзіноце, розьніцу
мела вялізную. У вёсцы Дубое саветы рабілі зьдзек над сьвятаром Рашоткам. I адным з гвалтаўнікоў быў былы ягоны вучань, што за польскім часам атрымаў ад Рашоткі двойку па Законе Божым. Людзі сталі запалоханыя, баязьлівыя, пужлівыя, недаверлівыя — у ціхіх і мірных Патапавічах пачынаўся масавы псыхоз.
...Шпарка пабег да цёткі, што горка плакала разам з бабкай Натальляй. Яны мне й расказалі, што сталася. У нашую хату ўварваліся ўзброеныя энкавэдзісты, загадалі бацьку й дзеду сесьці на падлогу й залажыць рукі за патыліцу. Сёстрам, брату й матцы быў дадзены жорсткі загад зьбіраць рэчы. Даведаўшыся, якая трагедыя адбылася з маёй сям’ёй, я перапужаўся й разгубіўся: што рабіць? Прамільгнула думка ўцякаць у кірунку Берасьця, але яе адкінуў — быў яшчэ замалады й баяўся. Вырашыў 12 кілямэтраў ісьці пехатой да вёскі Дубое. Падышоў да школы, у якой утрымліваліся вязьні. Мяне прапусьцілі, праверыўшы сьпісы, дзе было й маё прозьвішча. Ужо потым даведаліся, што ў той самы дзень, калі я выехаў у Патапавічы, на маю пінскую кватэру прыходзілі «ворганы», каб забраць і мяне. Расшукаў сям’ю, абняў усіх і ўздыхнуў больш павольна — мы ізноў разам! Хоць і разумеў, што можа чакаць нас усіх у найбліжэйшы час...
У Пінску нас загрузілі ў таварны вагон зь цяплушкай і дзіркай для асабістых патрэбаў. Некалькі разоў за два тыдні язды давалі хлеб, нейкую зупу. Бракавала вады. Тады на станцыях нам, здаралася, пад канвоем дазвалялі выйсьці на вуліцу, каб сабраць сьнегу й растапіць яго на ваду.
Пад Архангельскам нас пасялілі ў пасёлку «Дзясяты квартал», у драўляных бараках, якія на пачатку 1930-х пабудавалі ўкраінцьт. Праўда, як мы прыехалі, ад іх засталіся адзінкі — усе паўміралі, ня вытрымаўшы ўмоваў жыцьця. Яны потым казалі, што нам пашанцавала: да іх стаўленьне было куды горшае. Нам паводле мерак антычалавечага савецкага рэжыму жылося больш-менш нармальна. Усе дарослыя мусілі ісьці да працы, а я пайшоў да школы, бо быў замалы для цяжкай фізычнай работы. Дачыненьні сярод усіх нацыянальнасьцяў, што жылі ў тым лягерным пасёлку (а там былі й беларусы, якія складалі прыкладна 70 адсоткаў, і ўкраінцы, і расейцы, і жыды), былі прыязныя, ніколі паміж
сабой не сварыліся. Мо таму, што былі аб’яднаныя агульным горам. Але мы былі пры ўсім пры гэтым сапраўднымі палоннымі, абмежаванымі ў перамяшчэньнях. Адведваць суседні лягер нам было забаронена. Хоць пісаць лісты, атрымліваць пасылкі, вырошчваць гародніну мы мелі права. Дарэчы, харчовыя пасылкі ад сваякоў і нават незнаёмых людзей дужа нам дапамаглі. Бо людзі самотныя ці тыя ж жыды-ўцекачы, якія так рваліся ў савецкі «рай», пасылак не атрымлівалі й праз гэта часам моцна галадалі. Але з пачаткам Другой вайны галадалі ўжо ўсе. Празь некаторы час у свой маленькі пакойчык, у якім расьсяліліся восем асоб нашай сям’і, прынялі й хворую бабку Натальлю, якую нават у яе стане не пашкадавалі саветы.
Калі Сталін у 1942 г. падпісаў дамоўленасьць з польскім эміграцыйным урадам аб гэтак званай «амністыі» польскіх грамадзян, мы сталіся нібыта вольнымі людзьмі — маглі выбіраць свой далейшы лёс. Лёс, які пралягаў удалечыні ад родных Патапавічаў, пра якія мы ўсе марылі й якія бачылі ў снах.
Напачатку мы вырашылі ехаць ва Ўральск, што ў Заходнім Казахстане. Але ва Ўральску пабачылі тысячы спэцперасяленцаў, хаос: горад не падаўся нам добрым для далейшага жыцьця. Паехалі да «нямецкага» Паволжа, адкуль немцаў на той час ужо вывезьлі. Нам там спадабалася, але застацца нам забаранілі. Адзін паляк параіў празь Сярэднюю Азію прабірацца да Ірану.
У Тэгеране, куды мы патрапілі празь некалькі месяцаў бясконцых вандраваньняў, жыцьця на калёсах, папросту ўразілі палічкі крамаў, якія былі забітыя рознымі таварамі й прадуктамі харчаваньня. Бацьку, якому на той час было ўжо 48 гадоў, прызвалі ў польскае войска, у якім ён служыў у Іраку, Палестыне, праз Эгіпет патрапіў да Італіі. Летам 1946 г. прыбыў у Ангельшчыну, дзе праз тры гады дэмабілізаваўся з войска, працаваў да пэнсіі ў шпіталі. Памёр у 1980 г. Маці зь сёстрамі апынуліся ўТанзаніі, у лягеры Тэнгеру. Старэйшая сястра хадзіла да школы й гімназіі, малодшыя з маткай працавалі на розных работах. Хадзілі на службы ў праваслаўную царкву, настаяцелем у якой быў расейскі сьвятар зь Вільні Міхаіл Бажар’янаў Летам 1948 г. дзьве сястры (Зося, як я ўжо расказаў, пераехала жыць у Паўднё-
вую Афрыку) выехалі да Ангельшчыны, дзе ўжо жылі я з бацькам —так мы ізноў, празь некалькі гадоў разлукі, злучыліся.
Я, нядоўга прабыўшы ў Іране, патрапіў да Палестыны, дзе быў прыняты ў польскую кадэцкую школу, якая давала сярэднюю адукацыю — чатыры гады гімназіі й два гады ліцэю. Сярод 450 вучняў быў адзіным, хто запісаўся беларусам і праваслаўны.м. Падазраваў, што нашых хлопцаў было там нямала, але ў іх на той час былі прычыны, каб хаваць нацыянальнасьць і веравызнаньне — я не магу іх асуджаць. He хаваў сваёй рэлігіі й мой сябра-ўкраінец Расьціслаў Глуўка. He пабаяўся падаць праўду пазьней і адзін беларус, але яго «ўгаварылі» перайсьці ў каталіцтва. He скажу, што мне прыходзілася цярпець ад палякаў прыніжэньні, але насьцярожанасьць, недавер — бясспрэчна.
У Палестыне нашая кадэцкая школа, што мела вайсковы ўхіл, жыла ізалявана ад навакольля. 3 арабамі сустракаліся рэдка, толькі калі тыя прыходзілі ў наш лягер, каб выканаць тую ці іншую дапаможную працу. 3 жыдамі, што выехалі на гістарычную радзіму з Польшчы, часта гутарылі падчас нашых вандровак у Ерусалім, куды заўсёды выяжджалі на праваслаўныя сьвяты й аглядалі Труну Госпаду, Галгофу, Вячэрнік, Крыжовую дарогу, Сьцяну Плачу й ТэльАвіў. Там жа спатыкалі ўкраінцаў і расейскіх афіцэраў-манархістаў, якім расказвалі пра жыцьцё ў СССР, а тыя ўспаміналі царскія часы. Выяжджалі да Віфлеему, Назарэту, да рэк Ярдан і Ерыхон, да эгіпецкіх пірамідаў, грабніц фараонаў. Прыяжджаў да нас беларускі праваслаўны сьвятар Іван Савіч, родам з Лунінеччыны, які таксама служыў у польскім войску. Айцец Іван быў нашым галоўным гідам падчас экскурсій па гістарычных месцах. Адведваў нас і айцец Усевалад Яськоў, архіяпіскап Сава. Я, праваслаўны, яго вітаў і мусіў злажыць рапарт. 3 Савам я потым некалькі разоў спатыкаўся ў Лёндане.