Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў
Аляксандр Адзінец
Выдавец: Медысонт
Памер: 704с.
Мінск 2007
Калі я вярнуўся ў Бяла-Падляску, адбыўся выпадак, які мог каштаваць мне жыцьця. Зь нямецкіх лягераў тады ўцякала шмат савецкіх палонных — іх тады асабліва й не пільнавалі. Шмат хто зь іх наймаўся на працу да баўэраў. Дык вось, адзін з такіх палонных, даведаўшыся, што гаспадар трымае пад страхой зброю часоў Першай сусьветнай вайны, зрабіў напад на нямецкіх жаўнераў. Пачалі разьбірацца, глядзяць — на паперах, якія выданы баўэру на гэтага чалавека, подпіс Жамойды! Мяне кінулі за краты. Я зьвязаўся зь беларусамі, якія служылі ў СД, прасіў дапамогі. Разам бачу праз вакно: вядуць таго самага вар’ята, які хацеў біць немцаў! Яго, безумоўна, расстралялі. Маглі расстраляць і мяне. У камэру заходзіць служачы турмы, добры
196 Доктар Мікола Шчорс у гэты час узначальваў Беларускі камітэт у Варшаве. які меў дзьве філіі: у Бяла-Падлясцы й Кракаве.
чалавек, праваслаўны. Я пытаю яго рухамі галавы: уніз ці наверх? А ён толькі паціскае плячыма. Прыводзяць мяне ў гестапа. Пачалася гутарка.
— У той час, калі мы адбудоўваем Новую Эўропу, вы дапамагаеце камуністам!
— He, я не дапамагаў камуністам, я дапамог чалавеку.
— Добра, зараз мы адлятаем на самалёце. Паляціш з намі?
Думаю, не-е-е, я з вамі не палячу: ці вы мяне выкінеце з самалёта, ці ў апошні момант «скончацца» вольныя месцы. Немцы мяне адпусьцілі, бо самі былі тады страшэнна перапалоханыя — саветы ўжо ўзялі Берасьце197 й маланкава рухаліся на захад. Конь, на ягонай галаве хамут, на гэтым кані нямецкі жаўнер, які ў паніцы ўцякае куды вочы глядзяць. Немцы былі жудасна перапужаны, большай часткай «Кацюшай», якая біла іх з усіх флянгаў. Прыйшоў у Камітэт, убачыў на сьцяне партрэт Гітлера, які са злосьцю сарваў і кінуў на падлогу. Думаю: трэба далучацца да польскай партызанкі, жывым саветам ня здамся. Але ў той самы час чую, што блізка праходзіць цягнік. Заскочыў у яго й рушыў у кірунку Варшавы. Перасеў на лепшы цягнік, кандуктару адказаў, што ня маю білета, бо толькі што выйшаў з турмы. Той толькі махнуў рукой. У Варшаве сустрэўся з Чаславам Ханяўкам, які даў мне вядро нямецкага мёду. Я адчуваў нейкую небясьпеку, штосьці падказвала: выбірайся адсюль! Я ўлез у таварны вагон да духавенства й даехаў ажно да Славаччыны, да Татраў. Атрымаў легітымацыю як уцякач, але працу знайсьці было нерэальна.
Адзін славак даказваў мне, што я сымпатызую немцам, маўляў, мы мусім трымацца разам з рускімі. На што я адказаў, што ён усё пабачыць сваімі вачыма... Разам горад, у якім я спыніўся, пацярпеў ад нападу партызанаў, якія нарабілі там шмат шкоды. Ад партызанскіх лапаў я выратаваў Ханяўку, схаваўшы яго ў сябе. У лесе, зьбіраючы грыбы ды ягады, нарваўся на цыгана, славапкага партызана. Той: немец, рукі ўгару! Адказаў, што я ня немец, пагаварылі зь ім і спакойна разышліся. Нягледзячы на тое, што станцыя ў Банска-Быстрыцы была разбомблена, немцы запатрабавалі цягнік. Нейкая «кукушка» пацягнула нас да ву-
197 Берасьце было вызвалена 28 ліпеня 1944 г.
горскай мяжы. А памежны мост зьліквідаваны бомбай. Перайшлі раку цераз дошкі. Цяпер ужо вугорскі цягнік давёз нас у сам Будапэшт. Там няблага вывучыў вугорскую мову. Галодны, хадзіў па вуліцах і разважаў: калі дадуць есьці — добра, не — буду красьці. Папрасіў па-мадзярску ў аднаго гаспадара ежу, той адрэзаў кавалак хлеба й працягнуў мне. 3 Будапэшту мы прыехалі... ізноў у Славаччыну, у Браціславу, а адтуль... у Нямеччыну. Уцякаў са Славаччыны — вярнуўся ў Славаччыну, уцякаў зь Нямеччыны — вярнуўся ў Нямеччыну! У Цюрынгіі198 прыходзілася цяжка працаваць на ракетным заводзе, на жалезных руднікох.
Жылі ў дрэнных умовах, спалі на саломе ў будынку школы. А жыў я разам зь беларускай інтэлігенцыяй, былымі бурмістрамі, настаўнікамі, журналістамі, палітыкамі, высланымі ў Нямеччыну. Сярод іх — бацька доктара Шчорса, сьляпы на адно вока, які да працы не хадзіў. Былы рэдактар199 Аляксей Сянькевіч, Сьвятаслаў Коўш і іншыя, чые прозьвішчы называць не хачу, — яны яшчэ жывуць. Людзі, натуральна, пакутвалі ад фізычнай працы, той жа Коўш мусіў насіць на плячох па сто кіляграмаў цэмэнту й марыў неяк пазбавіцца такога выпрабаваньня. Тады я навучыў яго элемэнтарным рэчам, што патрабуюцца ад электрыка, і ён, задаволены, пачаў працаваць разам са мной. У мяне была магчымасьць пайсьці вучыцца, але адзін з нашых дзеячоў адрэагаваў на гэта так: «Якое вучыцца? Трэба браць у рукі зброю й бараніць Беларусь». Зброю ў рукі я браць не хацеў, але й неабходнай дзеля вучобы пратэкцыі мне не зрабілі. Аднаго дня да нас завітаў доктар Шчорс, які хацеў спаткацца з бацькам і малодшым братам Ігарам. Паглядзеў, у якіх умовах мы жывем, і на наступны дзень мы атрымліваем загад... аб далучэньні да беларускіх войск СС200 . Мусім ехаць у Бэрлін.
У нямецкай сталіцы спатыкаюся з Кастусём Езавітавым, расказваю, што быў падафіцэрам у польскім войску, што перад звальненьнем мне далі трэцюю бэльку.
— А дзе твае паперы?
198 Цюрынгія — былая паўднёва-заходняя частка ГДР, з гарадамі Веймар. Эрфурт.
199 «Голасу вёскі».
200 Маецца на ўвазе дывізія СС «Беларусь».
— Там, дзе й жонка!
— Ну дык едзьце й прывязіце паперы!
Цудоўна, я магу ехаць! Але як выбрацца з Бэрліну, як увогуле далей жыць у Нямеччыне без адмысловых папераў (не вайсковых!), якія могуць атрымаць толькі людзі, што працуюць? Дапамог Андрэй Крыт201. Упершыню я яго сустрэў у Бяла-Падлясцы. Ён прыйшоў да нашага камітэту абрабаваны партызанамі, у адных кальсонах. Бачачы, што чалавек арыентуецца ў беларускіх справах, я яму паверыў, накіраваўшы да Бэрліну202. А ў Бэрліне потым папрасіў дапамогі ў адказ. Крыт параіў ехаць у Мюнхэн. У Баварыі кіраўнік Камітэту дапамогі беларускіх рабочых Шаняўскі, чалавек адукаваны, які размаўляў добра й па-нямецку й пабеларуску, прызначыў мяне сакратаром гэтай арганізацыі. Кіраўніком гэтага камітэту па ўсёй Нямеччыне быў Уладзімер Тамашчык, а ягоным заступнікам — Крыт203 . А перад гэтым я адведаў сваю жонку ў Цюрынгіі (гэтую зямлю амаль не бамбілі), сказаў, што. калі ўладкуюся ў Мюнхэне, забяру яе да сябе. У тым камітэце я працаваў да таго моманту, пакуль Шаняўскі ня ўскрыў ліст Крыта да мяне (я зьбіраўся ехаць у Бэрлін, каб перадаць розныя друкаваныя выданьні). Крыт нядобра аб ім адзываўся, называючы Шаняўскага «левым», сякім і такім. Шаняўскі раззлаваўся не на жарт.
— Так, значыць, ты тут за мной сочыш' Усё, забіраю ў цябе легітымацыю!
— Ня маеце права. Яе ў мяне могуць забраць толькі немцы.
Пакрыўджаны чамусьці на мяне Шаняўскі сапраўды зрабіў так, што немцы забралі маю легітымацыю.
201 Тады яшчэ Аляксандар Крыт. Андрэем (манаскае імя) ён стаў у 1967 г., калі пастрыгся ў манахі.
202 Паводле іншай інфармацыі, Аляксандар Крыт як мінімум зь лета 1940 г. жыў у Бэрліне. Напрыклад, ён уваходзіў у першы склад Беларускага Камітэту Самапомачьі. (Ліст Вітаўта Тумаша да Аляксся Вініцкага.)
203 Магчыма, памылка. Зь вясны 1944 г. Беларускі Камітэт Самапомачы ў Нямеччынеўзначальваў Баляслаў Бартксвіч, заступнікам у якога быў Аляксандар Крыт. Уладзімер Тамашчык узначаліў Беларускі Камітэт у Нямеччыне ўжо пасьля вайны.
Далейшы мой шлях ляжаў да Гарміш-Партэнкірхэна. Я ведаў, што там ёсьць шмат дзяцей, якія лазяць па садох, крадуць, адным словам, робяць балаган. Прапанаваў немцам зарганізаваць школу, каб знайсьці для гэтых дзяцей нармальны занятак. Немцы абурыліся.
— Што, ты будзеш вучыць рускіх дзяцей? Нам сваіх, нямецкіх, няма дзе й калі вучыць. Забудзь!
Але ж харчовыя карткі атры.маў, што мяне вельмі ўсьцешыла — можна жыць далей. Сяджу ў хаце, чытаю «Фёлькішэ бэабахтэр»204 і думаю, куды падацца? Можа, праз Аўстрыю — у Сэрбію? Прачытаў у газэце, што Гарміш станецца вольным горадам, які не падпадзе ні пад адну з акупацыйных зонаў. Добра, можна адлучыцца ды штосьці прыкупіць. Вяртаюся назад, а тут вартавыя, назад не пушчаюць — лінія фронту! Падаўся да баварскіх сялян, якія цэлую ноч вялі мяне праз горы назад у Гарміш. Вярнуўся змучаны, зваліўся ў ложак, а раніцай чую праз вакно шум. Бачу— танкі з зоркамі! Ба, саветы, ад якіх я так доўга й настойліва ўцякаў, ня можа быць! Вырашыў ісьці ў лес — жывым саветам ня здамся! Вырашыў параіцца зь нямецкімі сябрамі, а тыя кажуць: «Гэта ж амі, амі (Амэрыканцы, ці французы? Бо ў амэрыканцаў зоркі на тэхніцы), ня рускія!» Гэтае паведамленьне мяне супакоіла, і я пачаў рыхтаваць глебу для эміграцыі за акіян. He пералічыць, колькі разоў мяне выклікалі ў Мюнхэн на размовы, допыты. Я ня думаў, што працэдура выезду ў ЗША зацягнецца настолькі. Айцец Мікалай Лапіцкі зьвязаўся зь нейкай амэрыканскай царкоўнай арганізацыяй, празь якую рабіліся выклікі для беларускіх эмігрантаў.
Яшчэ раней, калі толькі абжываўся ў Гармішы, лазіў па ягоных вуліцах, пачуў на вакзале беларускую мову. Адразу зьявілася насьцярога: можа, шпіёны, падасланыя агенты?! Але ж не, тыя людзі былі чыстымі сапраўднымі беларусамі — сям’я Яўхіма Кіпеля. Я прапанаваў ім пасяліцца ў тым жа бараку, дзе ўжо некаторы час жыў я. Гэты барак спачатку быў прызначаны для дзяцей-уцекачоў з Бэрліну. Стары Кіпель неяк адразу мяне палюбіў, я таксама ставіўся да гэтага дзеяча зь вялікай пашанай. У Гармішы Кіпель па-
204 Між іншага, орган Нацыянал-Сацыялістычнай Нямецкай Рабочай Партыі.
чаў стварэньне Беларускай Народнай Партыі, аднак у яе склад уваходзілі ўсяго некалькі чалавек: сам Кіпель, Сымон Шаўцоў, доктар Мікалай Сьцяпанаў. Я не хацеў мяшацца ў палітыку, але крыху дапамагаў Кіпелю ў друкаваньні ягонай газэты205 , складаньні статуту.
У нью-ёрскім порце шукаю вачыма таго баптыста з Кліўленду, які паручыўся за мяне й да якога я мусіў ехаць. Але тут да мяне падыходзіць Кіпель і прапаноўвае ехаць разам зь ім у Пасэйк (Нью-Джэрзі). Маўляў, дарогу, тры ці чатыры даляры, ён пакрые. Хачу адзначыць, што дарогу па акіяне я перанёс досыць нармальна, мяне не ванітавала. На тую пену, што сыходзіць з вуснаў хворых на марскую хваробу людзей, матросы глядзелі, як на штосыді паўсядзённае. Першае, што я зрабіў у Пасэйку, гэта зайшоў у грэцкую царкву206 , падзякаваў Богу за добрую дарогу.
Прызвычаіцца да амэрыканскага жыцьця мне аказалася вельмі цяжка. За гады, што я пражыў у Нямеччыне, я палюбіў тую краіну, стаўся сярод немцаў сваім. Баварцы прымалі мяне за саксонца, саксонцы —за баварца. У мяне бракавала жаданьня вучыць ангельскую мову. Па-першае, яна не падабалася як мова, па-другое, не падабалася тое, як яе носьбіты ставіліся да нас, беларусаў. Хоць сёньня разумею, што нежаданьне займацца мовай было памылкай. Тая Амэрыка, у якую я прыехаў у пачатку 1950-х, краінай была ўсё ж такі прыгожай, ня тое, што цяпер...