Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў
Аляксандр Адзінец
Выдавец: Медысонт
Памер: 704с.
Мінск 2007
3 той прычыны, што немцы не дазвалялі беларусам мець гімназіі215, нашая навучальная ўстанова ператварылася ў сэмінарыю. Але навучаньне працягвалася па праграме гімназіі. Людзі ў Вялейцы пачуваліся больш-менш спакойна, працавалі й вучыліся безь вялікага жаху. Каго трэба было апасацца акрамя партызанаў, дык гэта палякаў, што праз хлусьлівыя даносы загубілі вялікую колькасьць беларусаў. Так, у вялейскай турме СД закатавала двох маіх дзядзькаў ды цётку — я ўпэўнены, што гэта польскіх рук справа. Першы працаваў у адміністрацыі ў Маладзечне, а другі настаўнічаў, яго абвінавацілі ў камуністычнай дзейнасьці. Камуніста зрабілі й з майго бацькі, які меў краму. Яму штораз адмаўлялі ў выдачы ліцэнзіі, атрымаць яе ўдалося толькі на імя маці. Здаецца, у 1944 г. на Вялейку адбыўся партызанскі напад — ня ведаю чаму, але там канцэнтраваліся буйныя нямецкія сілы. На наступны дзень мы пабачылі масу трупаў, якія ляжалі па ўсім горадзе.
У траўні 1944 г. я паступіў у афіцэрскую школу БКА. Аднак праз хуткі час мусілі ратавацца ад натоўпу савецкіх войскаў. Прычапіўшыся да нямецкіх самаходаў, даехалі да Вялейкі. У Маладзечна трапілі пад невялікую бамбёжку савецкіх самалётаў, якія пашкодзілі больш за ўсё магільнік. Тады празь Вільню цягніком даехалі да Нямеччыны, дзе й спыніліся. Там некалькіх беларусаў, у ліку якіх апынуўся й я — ня ведаю чаму, накіравалі не да беларускай вайсковай адзінкі, а да школы Рускай вызвольнай арміі (РВА) Уласава, што месьцілася ў Памэраніі, каля Шчэціну. Затым нас перакінулі ў іншы лягер РВА, пад Ульм. Існаваньне школы спынілася, калі ў заходняй частцы краіны мы здаліся амэрыканцам. Уласава я ніколі ня бачыў, але ягоныя падначаленыя, нават тыя, хто ўваходзілі ў Генштаб Савецкай арміі й асабіста ведалі Варашылава, праводзілі ў нас заняткі. Школа гэтая была інтэрнацыянальная, прыяжджалі хлопцы з усіх куткоў былога СССР, аднак стасункі паміж вучнямі ўсталяваліся прыязныя, па паходжаньні не дзяліліся.
215 Напэўна, маецца на ўвазе тое, што згодна зь нямецкімі законамі ў акрузе нельга было мець больш за адну гімназію. На той час ужо існавала адна гімназія ў Вялейскай акрузе, у Валожыне.
Хлопцы часам жартавалі: «О-о-о, мы былі ў Беларусі — там бульбачка малая».
У 1946 г. я здабы}' матуру ў Беларускай гімназіі [імя Янкі Купалы] у Міхэльсдорфе. Ў тым годзе выпуск быў невялікі — восем чалавек. Кароткі час вучыўся ў Рэгенсбургу216, а потым уладкаваўся на вучобу ў мюнхэнскі ўнівэрсытэт Людвіга Максымільяна. Аднак і адтуль мусіў зьяжджаць — пасьля правядзеньня ў Заходняй Нямеччыне грашовай рэформы мы засталіся бяз сродкаў да існаваньня. Разам зь іншымі беларусамі апынуўся ў бэльгійскім Лювэне, як вядома, у мясцовым унівэрсытэце нам выдзелілі стыпэндыі. Умовы для жыцьця, вучобы ў Бэльгіі былі створаныя цудоўныя, нішто не перашкаджала нармальнаму жыць-
Анатоль Занковіч з жонкай Матыльдайу Парыжы
216 У Тэалягічна-філязофскай вышэйшай школе.
цю. 1 рэпрэзэнтавалі сябе як нацыя ня горш за іншых, тых жа палякаў ці ўкраінцаў. У 1956 г. здабыў дыплём і два гады, да ад’езду ў ЗША, працаваў у бэльгійскім шпіталі.
У Чыкага, як і ўсім астатнім беларусам, якія набылі вышэйшую адукацыю ў паваеннай Эўропе, мне прыйшлося здаваць дадатковыя іспыты, каб атрымаць ліцэнзію на лекарскую дзейнасьць. Пасьля яшчэ чатыры гады вучыўся на хірурга і ў 1963 г. пачаў сваю хірургічную дзейнасьць, працаваў у трох шпіталях Чыкага. Выйшаў на пэнсію, адпрацаваўшы ў галіне мэдыцыны сорак гадоў.
У Чыкага я ніколі не забываў пра беларускую справу. Наш аддзел быў вельмі актыўны, пакуль не пачало адыходзіць старэйшае пакаленьне. У апошнія гады ў Чыкага прыехала шмат маладых беларусаў, аднак я ня ведаю, наколькі іх цікавіць нацыянальнае жыцьцё. У Нью-Ёрку, куды мы з жонкай пераехалі ў 1999 г., у беларускіх мерапрыемствах я бяру ўдзел рэдка: праводзяцца яны далёка ад нашага дому, а машыны мы ня маем. Аднак сьвяткаваньне 25 Сакавіка стараюся ніколі не прапускаць.
За некалькі дзесяцігодзьдзяў жыцьця ў ЗША я прывык да буйных гарадоў кшталту Чыкага ці Нью-Ёрку, да іх шпаркага рытму, толькі ім уласьцівага характару. Чыкага — горад з найпрыгажэйшым архітэктурным абліччам, там няма індустрыі, затое поўна паркаў. зеляніны, месцаў адпачынку. Цікавая адметнасьць: увечары Чыкага пусьцее, на вуліцах не сустрэнеш шмат людзей, як у тым жа Нью-Ёрку. Касмапалітычны Нью-Ёрк днём і ўначы амаль не адрозьніваецца — жыцьцё ў ім не спыняецца ні на хвіліну. Аднак мы жывем у ціхім квартале блізу парку, дзе ў асноўным і бавім вольны час.
У Нью-Ёрк пераехалі з-за трох дачок, каб быць бліжэй да сям’і, дапамагаць выхоўваць унукаў. Старэйшая, АннаМарыя, у гэтым годзе, на жаль, памерла. Наташа — доктарка літаратуры, спэцыялізуецца на расейскай літаратуры. Малодшая, Ніна, працуе адвакаткай. Мая жонка Матыльда — бэльгійка па нацыянальнасьці, ажаніліся мы на яе радзіме.
Родную Беларусь я наведаў у 1993 г., калі ў Менску ладзіўся I Зьезд беларусаў сьвету. Пабачыла маю Радзіму й Матыльда. Са сваякоў маю ў Беларусі трох стрыечных бра-
Анатоль Занковіч са стрыечным братам скульптарам Валянцінам Занковічам у Менску. 1993 г.
тоў, адзін зь іх, Валянцін Занковіч, — знакаміты архітэктар, аўтар мэмарыяльных помнікаў у Хатыні, Курапатах, Берасьцейскай крэпасьці й шмат якіх іншых.
ТУТ ВЕТЛІВАЯ, АЛЕ ЧУЖАЯ ЗЯМЛЯ
Ірэна Ільчук (Чыкага, Ілінойс)
Я нарадзілася ў 1932 г. у горадзе Клецак, што на Меншчыне. Самыя яскравыя перадваенныя ўспаміны — вялікі пажар, які зьнічтожыў палову гораду. Натуральна, што тэхніка ў тыя часы была прымітыўная — пакуль коні даставілі ваду, полымя ахоплівала будынак за будынкам. Згарэла да попелу й нашая хата — мусілі перабрацца ў маленькую цесную хатку да бабулі, у якой жылі, пакуль адбудоўваўся новы дом на хутары. У Клецку ў міры й згодзе жылі шматлікія нацыянальнасьці: беларусы, палякі, расейцы, украінцы, татары. Нават немцы. Былі дзьве праваслаўныя царквы, касьцёл, мячэт, дзьве ці тры сынагогі — такое вось рэлігійнакультурнае суквецьце, што сёньня мне падаецца вельмі адметным і цікавым. Калісьці існавала ў нас і Беларуская гімназія217, якую палякі зачынілі яшчэ перад маім нараджэньнем.
Мой бацька Хведар Пілецкі меў папулярную на той час прасрэсію тэлеграфіста. Валодаў зямлёй, але займацца гаспадаркай ня ўмеў і не любіў — наймаў на працу людзей. Нас называлі «багатымі». Тое «багацьце», канечне, не ідзе ні ў якое параўнаньне зь цяперашнім, але й сапраўды жылі мы ня бедна, а надта прыстойна. Маці Гелена адукацыі ня мела, была простай гаспадыняй. Дый калі было дзесьці працаваць, калі трэба было даглядаць пяцёх дзяцей? Праўда, часам маці дапамагала няня, якую нашая сям’я наймала на дапамогу.
Чырвоны кат да прыходу немцаў трываў на тэрыторыі Заходняй Беларусі нядоўга, усяго толькі два гады, аднак
217 Клецкая беларуская гімназія дзейнічала ў 1924—1931 гг. (дырэктар — Р. Якубёнак). У 1930/1931 навучальным годзе ў гімназіі вучыліся 160 чалавек. Пры гімназіі існавалі аркестар, хор, літаратурны й драматычны гурткі, атаксама... некалькі камуністычных ячэек, якія навучэнцы гімназіі стварылі ў 19 вёсках. У 1931 г. усе ячэйкі былі выкрытыя, а гімназія зачынена. Пры канцы 1932 г. на некалькіх судовых працэсах засуджана больш за 20 гімназістаў.
пасьпеў зрабіць сваю чорную справу — загубіць тысячы нявінных душ. Вось і ў нашым Клецку, што да 1939 г. належаў да Польшчы, кожную ноч прыяжджаў «чорны воран» па «ворагаў народу». Але Вы, напэўна, пра «чорныя вораны» ня ведаеце — вас гэтаму не вучылі.
У сьпісе на вываз у Сібір як «кулацкі элемэнт» значыліся й мы, сушылі сухары, але дабрацца да нас не пасьпелі. Ня дзіўна, што немцаў людзі сустракалі як збавіцеляў. Аднак тыя, на жаль, таксама праявілі сябе як звычайныя акупанты, толькі не «чырвоныя», а «белыя». Пэрыяд лагоднага стаўленьня да нашай рэлігіі, мовы, культуры ў хуткім часе зьмяніўся на такі ж самы тэрор. Дзьверы свабоды толькі крышачку прачыніліся, але так і не адкрыліся. На шчасьце, партызаны нам у Клецку не дакучалі — іх стрымлівалі немцы, якіх у мястэчку было поўна. Ня думаю, што нейкую ролю адыграла беларуская паліцыя, бо яна была цалкам падкантрольная немцам.
Аднаго дня прыйшлі немцы й далі загад хутка сабраць рэчы й рухацца за імі, пакінуўшы ўсё, што было нажыта цяжкай працай доўгімі гадамі, ва што ўкладаў душу й за што праліваў пот. Мы празь якія два-тры месяцы апынуліся ў Прусіі, працавалі на гаспадарцы, што, безумоўна, куды лепш, чым на якой-небудзь абарончай фабрыцы218.3 адной гаспадаркі на іншую нас перакідвалі ажно да канца вайны.
На жаль, у Нямеччыне страцілі бацьку й брата, які прапаў бязь вестак. Аднак усяго, безумоўна, расказаць вам не магу. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны апынуліся ў ангельскай акупацыйнай зоне, у хуткім часе пасяліліся ў «маленькай Беларусі» — лягеры Ватэнштэт. А ў ЗША я спачатку апынулася сярод самай вялікай на той час калёніі — саўтрывэрскай. Але пражыла ў штаце Нью-Джэрзі нядоўга: брат, што спыніўся непадалёк Чыкага, паклікаў да сябе. Потым у штат Ілінойс пераехалі й іншыя мае блізкія сваякі. Пачалі хадзіць на курсы ангельскай мовы, але трэба было хутчэй шукаць працу, бо на маім утрыманьні была мама. Атрымала вельмі добрую працу, зь якой і выйшла на пэнсію. Мая
218 Прамысловыя прадпрыемствы абарончай сфэры пастаянна бамбіліся саюзьніцкімі самалётамі, і ацалець на іх было вельмі цяжка.
дзейнасьць была зьвязаная зь мікраскопамі. Дзень за днём пашыраліся кантакты сярод беларусаў, людзі сустракаліся, знаёміліся, рабілі агульную справу. Я належала да гэтак званай БЦРаўскай групы, але ў той жа час мы ня мелі канфрантацыі з прыхільнікамі БНР. Наадварот, мелі культурныя й цывілізаваныя дачыненьні. Раней у Чыкага жыло шмат знаных дзеячоў беларускай эміграцыі: Салавей219, Чарапук, Варонка, Пануцэвіч, але ўсе яны цяпер у лепшым сьвеце. Беларусаў, што тутака засталіся, можна пералічыць на пальцах, а калісьці нас былі сотні. Адно радуе, што не заціхае нашае царкоўнае жыцьцё, праходзяць службы ў беларускай царкве сьв. Юр’я. Я была сьведкай, як паўставаў той прыход. Пачыналася ўсё з нуля — маліліся, дзе толькі маглі, нават у школах. А потым выкупілі былую жыдоўскую бажніцу й сваімі ахвярнымі сіламі перарабілі яе ў праваслаўную царкву. Людзі дапамагалі ня толькі грашыма, але й у вольныя хвіліны, пасьля працы, не шкадуючы сіл, працавалі фізычна. Вялікую дапамогу аказаў нам тады сьвятой памяці айцец Лапіцкі, якога аплаквала ўся праваслаўная Беларусь. Служыў у нас свой час і Уладзімер Фінькоўскі, надзвычайны сьвятар, якога вельмі любілі прыхаджане. Ён быў як кажуць, сьвятаром ад Бога. Але, думаю, ён быў тут чужым, бо ягоным другім домам стала Францыя. Магчыма, менавіта там ён і скончыў свой жыцьцёвы шлях.