Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў
Аляксандр Адзінец
Выдавец: Медысонт
Памер: 704с.
Мінск 2007
Фаіна, Ніна й Сьвятаслаў Шабовічы
Бабка, бацькава маці, і маці гаварылі чыста па-беларуску, бацька мяшаў расейскія словы зь беларускімі. Але з самога дзяцінства я ведаў, што мая нацыянальнасьць — беларуская.
Я меў тры сястры, яны ўсе маладзейшыя за мяне. Фаіна, якая мела сямёра дзяцей, памерла тутака ў ЗША. Сярэдняя, Ніна, жыве ў штаце Вашынгтон, яна — доктар мэдыцыны. Малодшая, Ірына, жыве ў Празе. Пры адступленьні на Захад разам зь сям’ёй нашага дзядзькі ны праяжджалі праз Чэхаславаччыну, і яеуам прыняла адна сям’я. Саветы рэпатрыявалі Ірыну ва Украіну, але пазьней яна дабілася права вучыцца ў Праскім унівэрсытэце, выйшла замуж і засталася ў Чэхіі назаўсёды.
Саветы, што прыйшлі да нас у 1939 г., кінулі бацьку ў турму. Празь некаторы час яго выпусьцілі адтуль, але не пасьпеў ён пачаць новае жыцьцё, як яго выслалі кудысьці ў Расею. Там ён запазнаўся з жанчынай, пераехаў зь ёй у Вільню, узгадаваў яшчэ трох дзяцей. Я маю зь імі перапіску, наведваў іх, як і сваякоў у Беларусі, кузэнаў у Польшчы, некалькі гадоў таму. Усю зямлю савецкая ўлада адабрала, зрабіўшы зь яе калгас. Немцы вярнулі нашую маёмасьць
Сьвятаслаў Шабовіч —зьлева. Міхэльсдорф, 1947 г.
назад, але ненадоўга — калі саветы вярнуліся на Беларусь, маёнтак назаўсёды перайшоў да дзяржавы. За часам акупацыі Сваткі й Рудзевічы ані партызаны, ані немцы ня зьнішчылі. А вось у нашым Марцінове партызаны папалілі ўсе будынкі, у тым ліку школу й царкву. Маму партызаны забілі ў лесе, калі яна вярталася дадому з адной з суседніх вёсак. У гушчары мядзельскіх лясоў яна знайшла вечны супакой — партызаны не дазволілі вывезьці яе цела й пахаваць на могілках. Сястру Ірку забраў да сябе дзядзька Блізьнюк. Ніну — знаёмыя маці, што жылі блізу Крывічоў. А мяне й Фаіну прытуліла сям’я з Рудзевічаў, што часам дапамагала нам весьці гаспадарку.
Немцаў за ўвесь час акупацыі я бачыў хіба толькі раз, калі хадзіў да школы, у той пэрыяд, калі нашая тэрыторыя была яшчэ вольная ад партызаншчыны. Каля Марцінова праходзіла дарога, якая спалучала Мядзел і Крывічы. Дык немцы й беларускія паліцыянты часта па ёй праяжджалі, але ў Марцінова яны ніколі не завітвалі. Партызаны ж патрабавалі ад маткі, каб мы ўсе пакінулі маёнтак, але яна гэтага не разумела — чаму мы мусім зьяжджаць са сваёй зямлі? За што й заплаціла жыцьцём...
Наш дзядзька Іван Жарскі, муж мамінай сястры, быў праваслаўным сьвятаром, меў прыход у Радашковічах. I калі ён зь сям’ёю адступаў на Захад, не пакінуў у бядзе й мяне зь сёстрамі. Па дарозе мы рабілі прыпынкі ў Вільні, Горадні, а на станцыі ў Беластоку нас раптоўна пакінулі.
Цётка вельмі нэрвавалася, бо горад тады страшэнна бамбілі. Яна дала пяць залатых царскіх рублёў немцу, і нам дазволілі далучыцца да грузавіка, што ехаў на Варшаву. Правялі тамака якіх два тыдні, пакінуўшы неспакойную польскую сталіцу, што рыхтавалася да паўстаньня. Выехалі адтуль на ўсход Чэхаславаччыны, дзе прабылі ажно да канца 1944 г. Потым праз Прагу дабраліся да Пльзеня. У Чэхаславаччыне, як я ўжо казаў, пакінулі маю малодшую сястру, а самі спыніліся ў баварскім Вайдэне. Жылі там у двох польскіх лягерах, затым перасяліліся ў Тырсгайм да беларускага духавенства328. Пад апекай UNRRA жылося нам досыць добра, ад часовага кіраўніцтва мы даставалі ўсё неабходнае. У 1946 ці 1947 г., дакладна ня памятаю, я са старэйшай сястрой і кузэнам Валодзем (ён цяпер докгар псыхалёгіі ў штаце Мічыган) паступілі на вучобу ў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Міхэльсдорфе. Там я ўпершыню патрапіў у чыста беларускае, нацыянальна-арыентаванае акружэньне. У адным бараку з намі жыла паэтка Натальля Арсеньнева, добра памятаю Масея Сяднёва, айца Мікалая Лапіцкага, што выкладаў у нас рэлігію. Нашыя дарогі зь сямействам Жарскіх часова разышліся. Яны пераехалі ў іншы нямецкі горад, а мяне зь сёстрамі прыдзялілі да дзіцячага дому. Дзядзька зь цёткай спадзяваліся, што такім чынам мы хутчэй дастанем магчымасьць эміграваць у ЗША.
У 1949 г. па гуманітарнай лініі мы патрапілі ў Нью-Ёрк, у раён Бруклін, дзе месьціўся дзіцячы дом. Аднак доўга мы там не былі — нас адшукаў бацькаў брат Пётра, які забраў нас да сябе ў штат Масачусэтс. Жылі мы ўсе разам, пакуль я й мае сёстры ня скончылі каледжы. Я пасьля набыцьця матуры яшчэ год правучыўся ў Бостанскім унівэрсытэце, але перарваў вучобу й запісаўся добраахвотнікам у амэрыканскую армію. Служыў у спэцыяльных войсках, што рыхтаваліся да псыхалягічнай вайны. Я лічыўся лінгвістам, але асаблівай працы для мяне не знаходзілася — пераважна праводзіў час у бібліятэках за кнігамі. Якраз у той час разгарэлася антысавецкае паўстаньне ў Вугоршчыне [1956], але прэзыдэнт ЗША Аўзэнгаўэр яго не падтрымаў. Пасьля служ-
328 Тут жылі япіскапы Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
бы, што цягнулася два гады, пераехаў у штат Мічыган, дзе пачаў студыяваць адвакацкую справу. Але праз год зразумеў, што гэта — не маё. Пачаў сумяшчаць працу мэханікам у буйной кампаніі, што займалася вытворчасьцю аўтаматаў для продажу напояў і ежы, з набыцьцём адукацыі ў ranine бібліятэкарства — навучаньне было платнае, акрамя таго, трэба было сябе ўтрымоўваць. Улетку 1966 г. дастаў ступень магістра. Першую працу па спэцыяльнасьці дастаў у найбуйнейшым унівэрсытэце Мічыгана, у якім на той момант вучыліся 42 тысячы студэнтаў. Увосень 1967 г. я пакінуў гэтую працу, пераехаўшы ў Тэхас і заступіўшы на працу ва ўнівэрсытэце ў Сан-Маркасе. Там жа, у Тэхасе, пазнаёміўся з маладой жанчынай Люсіль, амэрыканкай, якая ў будучыні стала маёй жонкай. Дарэчы, цікава, што паводле тагачасных законаў, муж і жонка не маглі працаваць у адным унівэрсытэце. У Сан-Маркасе я адпрацаваў прыкладна год з паловай. Заступіў на пасаду бібліятэкара ва ўнівэрсытэце ў штаце Вірджынія, але меў тамака праблемы з дырэктарам бібліятэкі й мусіў звольніцца.
Пару месяцаў затрымаўся ў прыватным каледжы, а затым знайшоў работу ва ўнівэрсытэце ў штаце Індыяна. Там пражылі дзесяць гадоў, жонка знайшла добрую прафэсарскую пасаду ў прыватным унівэрсытэце. Затым вярнуліся ў Тэхас, дзе я ўладкаваўся за большыя грошы ва ўнівэрсытэт гораду Эдынбург, што каля мэксыканскай мяжы. Сем гадоў прабыў там, а пасьля ажно да выхаду на пэнсію працаваў бібліятэкарам і настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе.
Да беларускага руху ў Амэрыцы я далучыўся ў Дэтройце. He скажу, што беларусаў тамака было вельмі шмат, але дзейных людзей хапала — той жа Пляскач, Кумейша, доктар Жылік ды інш. Існаваў аддзел БАЗА. Мы рэгулярна зьбіраліся, ладзілі розныя мерапрыемствы, акцыі, езьдзілі на спатканьні ў цэнтар «Бэлэр-Менск», рабілі сустрэчы зь беларусамі Кліўленду.
У Тэхасе аніякіх кантактаў з паваеннай эміграцыяй я ня маю. Калі й жыве тутака хтосьці, дык гэта адзінкі. Дарэчы, мы з жонкай плянуем вярнуцца ў Мічыган, бліжэй да азёр, да прыроды. У Тэхасе ўсё ж занадта сьпякотна. Тут увогуле іншая Амэрыка, са сваімі традыцыямі. Гэта зразумела, калі ўлічваць блізкую мяжу з Мэксыкай і вялікую колькасьць
Сьвятаслаў Шабовіч з жонкай Люсіл у Мэксыцы
мэксыканскіх эмігрантаў. Цяпер Тэхас даволі шпарка адбудоўваецца, але шыкоўныя шматпавярховыя дамы, дарагія кварталы мяжуюць з забруджанымі ваколіцамі й цэлымі гарадкамі.
У МЭГАПОЛІСАХ Я ПАЧУВАЮСЯ ПА-САПРАЎДНАМУ ЎТУЛЬНА
Антон Шукелойць (Нью-Ёрк)
1915 г., в. Якелеўшчына Ашмянскага пав. Віленскай губ., сёньня Ашмянскі р-н Гарадзенскай вобл.
Антон Шукелойць. 2001 г.
Нарадзіўся я ў 1915 г. у вёсцы Якелеўшчына за дзесяць кілямэтраў ад Ашмянаў. Вёска, як і навакольныя, цяпер зруйнаваная саветамі. Мой бацька Антон удзельнічаў у расейскаяпонскай вайне, пасьля яе заканчэньня пэўны час жыў у Пецярбурзе, дзе разам зь земляком-беларусам меў бізнэс. У расейскай сталіцы бацька й спаткаў маю будучую маці, Бенедыкту з дому Пецюкевічаў з Браслаўшчыны. Ажаніўшыся, яны вярнуліся на Радзіму.
Колькі сябе памятаю, у нашай хаце заўсёды лунаў монны беларускі дух: і дзед, і бацька, і маці былі сьведамымі белару-
самі. Яны й мне прывілі любоў да ўсяго беларускага. Дзед з двума братамі былі музыкантамі, яны нават зямлю ад графа Чапскага атрымалі як музыкі. Але зямлёй займаліся мала, бо ня мелі часу — былі занятыя на вясельлях і вечарынах. Адзіны мой брат Франціш, настаўнік па адукацыі, у 1940 г. быў змабілізаваны ў Чырвоную Армію, прайшоў усю вайну. Па вайне ён працаваў дырэктарам школаў у Беларусі й Літве. За польскім часам жылі мы даволі заможна, мелі каля 20 дзесяцін зямлі. Бацька гандляваў лесам, зарабіў неблагія грошы ды купіў невялікі фальварак.
Адным суботнім днём бацька вёз коньмі дрэвы на продаж і спаткаў намесьніка дырэктара ашмянскай польскай гімназіі. Той спытаў: ці хоча, каб ягоны сын — я ў той час ужо скончыў пачатковую школу — працягнуў адукацыю. Ужо ў панядзелак я здаваў іспыты. Справіўшыся з усімі заданьнямі, прыступіў да вучобы ў Ашмянах. 3 розных вучэбных дысцыплінаў больш за ўсё я сымпатызаваў лаціне, на якую не забыўся й па сёньня.
Нягледзячы на тое што гімназія была польскай, у ёй прысутнічаў беларускі дух. Усе беларусы належалі да падпольнага гуртку, ідэйным правадыром якога быў вядомы сацыяліст Аляксандар Барановіч.
У 1935 г. я паступіў на аддзяленьне славянскай філялёгіі й этнаграфіі гуманістычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту. Разам з калегамі й прафэсарам Машыньскім329 часта выяжджаў у беларускія вёскі, дзе мы запісвалі народныя песьні, зьбіралі ўзоры ткацтва, разьбы. Мяне як этнографа рыхтавалі да працы ў недзяржаўным інстытуце народнага промыслу.
Студэнтам я належаў да Беларускага Студэнцкага Саюзу ды два гады быў старшынём Таварыства прыяцеляў «Беларусаведы»330 . Сьпяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы, супрацоўнічаў з часопісам «Золак»331, дзе друкаваўся таксама й Максім Танк. Той, хоць
329 Казімеж Машыньскі (Moczynski, 05.03.1887 — 30.03.1959), этноляг, мовазнаўца, гісторык культуры. Дасьледаваў беларускае Палесьсе, Наваградчыну. Аўтар працаў «Пра народную культуру паўднёва-сярэдняга Палесься», «Наваградчына ў этнаграфічных адносінах», «Усходняе Палесьсе» ды інш. Ад 1925 г. — намесьнік прафэсара й кіраўніка першай у Польшчы катэдры этнаграфіі славян Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве. У 1935 г. пераехаў у Вільню, дзе ўзначаліў катэдру этналёгіі й этнаграфіі. У 1945 г. вярнуўся ў Ягелёнскі ўнівэрсытэт.