Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў  Аляксандр Адзінец

Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў

Аляксандр Адзінец

Выдавец: Медысонт
Памер: 704с.
Мінск 2007
152.06 МБ
Сёньня я ўжо вельмі слабы, нават пісаць ня ў сілах. Але ўсё, што датычыць роднай Беларусі, цікавіць гэтак жа моцна, як і раней, — пакуль буду жыць, беларушчыну не занядбаю. Мая бібліятэка, у якой пераважна кнігі на роднай мове, складае каля чатырох-пяці тысяч асобнікаў!
МЫ БЫЛІ ФАНАТЫКАМІ БЕЛАРУСКАЙ СПРАВЫ
Элеанора Пітушка (Таронта, Антарыё)
30 верасьня 1916 г„
Омск, Расея
Нарадзілася я ў 1916 г. у Расеі, у горадзе Омску. Бацькі мае паходзілі з Латгаліі. Калі бацьку Баляславу Сташкевічу было пяць гадоў, памёр мой дзед, і бабка засталася адна з трыма дзецьмі бяз сродкаў існаваньня. Ужо ў дванаццаць гадоў бацька мусіў неяк зарабляць на жыцьцё: яго неяк узялі разам з рабочымі, што ехалі да Пецярбургу, — даглядаць кашу, капусту, пісаць лісты. Празь некалькі гадоў ён уладкаваўся на працу на Пуцілаўскі завод. Але аднаго дня ўся ягоная зьмена была звольнена й пазбаўлена права жыць у сталіцы: майстра, якога рабочыя дужа не любілі, пасадзілі ў тачку й аблілі нечыстотамі. Бацька нават ня бачыў, як усё сталася, але ў дэталях паліцыя разьбірацца не хацела: усіх разам выкінула й закрыла справу. Тады бацька пераяжджае ў Омск, дзе знаёміцца зь сям’ёй Гарэцкіх зь Менску, якую некалькі разоў вьісылалі за... «каталіцтва». Пачаў вучыцца на друкара.
Дзед па лініі маці быў жанаты другі раз, розьніца паміж ім і маёй бабкай была гадоў дваццаць. Ён атрымаў ад свайго бацькі вялікі надзел зямлі^ але абрабляць яго не хацеў, вырашыў ехаць на заробкі на Ўрал. Бабка сядзела дома адна зь дзецьмі й ня ведала, што ёй рабіць, нават білет на цягнік не магла купіць. А тут дзед вырашае ў Омску ажаніцца трэці раз. Аднак ягоны знаёмы, што прыехаў з Латвіі, угаварыў яго гэтага не рабіць, а забраць да сябе сям’ю. Маёй маме, Тэклі Мінкоўскай, было тады васямнаццаць гадоў. Бацькаў знаёмы арганіст неяк кажа: «Сташкевіч, прыйшоў час знайсьці табе нявесту!» Бацька адказвае: «А дзе яе ўзяць?» Тады арганіст паказвае на маю будучую маму й бабку. Бацька губляецца: «А ты якую маеш на ўвазе?» Мая бабка вельмі добра выглядала, значна маладзейшая за свой узрост. I вось пасьля трох тыдняў, што прайшлі пасьля сустрэчы за гарбаткай, мае бацькі былі заручаныя. У студзені 1915 г. ажані-
ліся, a 17 верасьня 1916 г. (па старым стылі), як я кажу, пры цары-гароху, нарадзілася я. Пад Омскам мы пражылі да 1923 г.
Намагаючыся пакінуць камуністычную Расею, бацька зьвярнуўся ў Омску да латвійскага прадстаўніцтва, якое дало нам дазвол выехаць у Латвію. Няшмат памятаю з нашага доўгага падарожжа, адзінае, калі ўсе казалі «Горы, горы!», я глядзела на тую высачэзную чорную сьцяну й не разумела, пра што ідзе гаворка. Калі ехалі праз Маскву, упершыню ўбачыла электрычныя трамваі, нас правярала нейкая мытная служба. Паколькі дазвалялася правозіць абмежаваную колькасьць вопраткі, мама начапіла на мяне цэлы гардэроб, а я ўсё пытала, калі мяне вызваляць з-пад гэтай навалы? Спыніліся ў Рэжыцы377 , дзе мусілі адсядзець сорак дзён на карантыне. Калі бацьку ўдалося аднойчы вырвацца на рынак, ён сустрэў там знаёмых. Відаць, ягоную хату зь вялікім гародам ужо прызначылі для нейкай іншай сям’і, бо бацька раней забраў да сябе ў Омск маці й сястру. I калі стала вядома, што Сташкевіч вяртаецца, хату адразу зрылі. Атрымлівалася, што ехаць нам няма куды.
У Люцыне была толькі адзіная друкарня з друкаром. Тады вырашылі ехаць у Рыгу, дзе я пражыла 21 год, ад 1923 да 1944 г. Дарэчы, цікава, што раней, у глыбокай старажытнасьці, балтыйскія плямёны жылі далей на ўсход, што знайшло адбітак у мовах і нават харакгарах. Вось некаторыя прыклады: беларускае імя гучыць як Янка, латыскае — Яніс, папросту таксама Янка, Язэп — Язэпс. Расейцы кажуць, што дождж «ідзе», палякі — «падае», а беларусы з латышамі — «дождж ліе».
Мой брат Казімір скончыў сярэднюю беларускую школу, працаваў з бацькам у Рыскай дзяржаўнай друкарні. У 1945 г. загінуў у баёх пад Бэрлінам. Брат Уладзімер падчас нямецкай акупацыі хадзіў да школы. Тады былі такія законы, што ўлетку вучні мусілі працаваць на вёсцы. I вось, калі ён ехаў на машыне, у якой таксама знаходзіўся аптэкар, да гаспадаркі, здарыўся трагічны выпадак. Машына адхілілася ў бок, каб даць дарогу немцам. Але манэўр быў
377 Сёньня горад Рэзэкнэ.
няўдальі. і аўта перакулілася — некаторыя пасажыры загінулі, а Уладзімера моцна апаліла азотнай кіслатой, якую вёз з сабой той аптэкар. Здароўе брата моцна пахіснулася, і доўга ён не пражыў. Сёстры Каця й Вера памерлі ад раку горла. Засталася ў жывых толькі самая малодшая — Марыя. Ёй было толькі восем гадоў, калі ў 1944 г. я выехала на эміграцыю. Маме было ўжо 42 гады, калі яна нарадзіла апошнюю дачку. Марыя — інжынэр, скончыла інстытут у Маскве. У 1969 г. як турыстка я адведала Рыгу, спаткалася з усімі сёстрамі, мамай, пазнаёмілася са сваякамі майго мужа, Язэпа Пітушкі. Бацька тады ўжо памёр. Ён пакутваў на астму, я дасылала яму з Канады лекі, а ён мяне дзякаваў такімі словамі: «Дочанька, вельмі дзякую за лекі! Чатыры гадзіны пасьля іх прыняцьця я адпачываю, а жанчына, што намалявана на пачцы, кашляе за мяне».
У свой час у Рызе існавалі ажно тры сярэднія беларускія школы. Першая, якую скончыла я, месьцілася на Маскоўскім фарштаце 173. Маёй настаўніцай у дашкольнай клясе была Лідзія Антонаўна Плягіш, якую я вельмі любіла. Калі сканчала апошнюю, шостую, клясу школы, разам са мной вучыліся яшчэ толькі чатыры вучні (раней вучняў у школе было значна больш) — Апанасёнак, Барсук, Градзько й яшчэ адзін — забыла прозьвішча. Я разам з Апанасёнкам і Барсуком атрымала права на паступленьне ў гімназію, у якой мой бацька быў старшынём бацькоўскай рады. Дырэктарам — Аляксандар Радзько, настаўнікамі — Канстанцін Езавітаў, Сьцяпан Сіцько (з маім бацькам яны былі надта падобныя, іх нават часта блыталі), браты Плягішы. Адзін, абсальвэнт Праскага ўнівэрсытэту, выкладаў матэматыку, другі, што скончыў Віленскую гімназію, — гісторыю. Сярод настаўнікаў у першай клясе быў Іван Антонавіч Шчорс. Адным з найяскравейшых беларусаў у Латвіі быў, безумоўна, Канстанцін Барысавіч Езавітаў. Хоць характар ён меў, трэба адзначыць, надта рэзкі, прыпамінаю нават нейкую судовую справу зь ягоным удзелам. Галоўнае, знаходзіліся людзі, якія ўмелі ўсё палагодзіць, маглі часам стрымаць імпульсіўнага Канстанціна Барысавіча. Акрамя Езавітава, былі ў Рызе й іншыя таленавітыя беларускія дзеячы, якія пакінулі глыбокі сьлед у гісторыі. Варта згадаць таго ж Ула-
дзімера Пігулеўскага378 , беларускага рэфэрэнта пры Міністэрстве асьветы ў Латвіі, прадстаўніка дэмакратычнай партыі ў латвійскім Сойме.
Я была ўдзельніцай руху пад эгідай жаночай антыалькагольнай арганізацыі «Белая лента», у склад якой уваходзілі вядомыя дактары, інжынэры, адвакаты. Хадзіла на цікавыя й пазнавальныя лекцыі, мела экскурсіі. У 1940 г. мы выяжджалі на экскурсію ў Мітаву379 , аглядалі знакаміты замак, дзе ў свой час жыў кароль Францыі Людавік Васямнаццаты. Падчас таго падарожжа й даведаліся, што ў Латвію ўварваліся саветы, якія да гэтага ўжо акупавалі Літву й Эстонію. У хуткім часе людзі, якія эканамічна жылі даволі някепска, адчулі ўсе «прывабнасьці» новай улады. Сталі нэрвовымі й баязьлівымі, пачалі апранаць самую прымітыўную вопратку, каб не выдзяляцца сярод шэрага натоўпу. На сьвіныя катлеты таксама прыйшлося забыцца. Ад зьмены палітычнай улады пакутвала й нашая сям’я. Згаданую вышэй працу ў дзяржаўнай друкарні бацька атрымаў пасьля асабістай сустрэчы зь міністрам працы Рубальсам. Той чырвоным алавіком паставіў рэзюмэ: «Прыняць». Праца ў дзяржаўнай установе цанілася лепш, чым у прыватнай. Дзякуючы бацькавай высокай пасадзе — а майстрам сваёй справы ён быў першаклясным — мы мелі шматлікія ільготы, сярод якіх — шэсьць бясплатных праездаў цягніком у год на ўсю вялікую сям’ю, мэдычнае абслугоўваньне, летнія лягеры для дзяцей. А калі ў Рызе сталі панаваць камуністы, хтосьці данёс на бацьку, напісаўшы ў сваім пашквілі, што на працу яго прыняў «буржуазны міністар Рубальс». I начальніка Баляслава Сташкевіча адразу панізілі да шараговай пешкі.
Я пасьля заканчэньня гімназіі дзесяць гадоў адпрацавала на знакамітым заводзе ВЭФ. Належала да лябараторнай
378 Уладзімер Пігулеўскі (1889—1958), грамадзкі дзяяч і пісьменьнік. У 1922—1924 гг. выкладаў у Дзьвінскай беларускай гімназіі, у 1924—1925 — дырэктар Люцынскай беларускай гімназіі. У 1925 г. паводле сфабрыкаванай справы пазбаўлены працы. Быў загадчыкам Беларускага аддзслу пры Міністэрстве асьветы Латвіі. У 1935 г. арыштаваны й высланы ў лягер у Ліепаі. У 1940—1941 гг. — інспэктар Міністэрства асьветы Латвійскай ССР. У 1941—1945 гг. у эвакуацыі. У 1945 г. вярнуўся ў Рыгу.
379 Сёньня — Елгава.
групы, што ў спэцыяльных умовах, пры пастаяннай тэмпэратуры ў 20 градусаў, тэставала электрычныя лічыльнікі. Пераважна яны ішлі на экспарт у Швэцыю. За саветамі мяне пасадзілі пры канцы стужкі, па якой праходзілі гэтыя лічыльнікі на этапах вытворчасьці. Маёй задачай было правяраць наяўнасьць усіх дэталяў і выпісваць на прадукцыю пашпарты. Сталася нават ударніцай вытворчасьці.
Таксама бацька друкаваў у Рызе беларускія газэты й часопісы, першыя падручнікі. Прасілі яго друкаваць і газэту «Новы шлях», што выходзіла ў Рызе за часам нямецкай акупацыі, аднак ён адмовіўся. Увайсьці ў склад рздкалегіі адмовілася й я ■— былі такія часы, што лепш было сядзець ціха, не высоўвацца. Прапанову мне зрабіў Пётра Масальскі380, які быў сакратаром у беларускай гімназіі. Адказваю, што ня ўмею друкаваць на машынцы. А ён: будзеце адным пальцам набіраць. Але мяне так і не пераканалі. Але ўсіх тых дзеячоў ваеннага часу я, безумоўна, ведала. Раз іду па бульвары, а насустрач мне — Езавітаў, Сядура-Глыбінны й паэт Салавей. Канстанцін Барысавіч прадставіў мяне ім: Сташкевіч — дачка нашага беларускага друкара. Сядура агледзеў мяне з ног да галавы й, як мне падалося, я ня вельмі яму спадабалася. Магчыма, Сядуру прыйшлося шмат у жыцьці перажыць, але гэта быў такі чалавек... У Вену перабраўся мой настаўнік, мастак, гадунец рыскай Акадэміі мастацтваў Пётра Мірановіч зь сям’ёй. Прыехаў да яго Сядура й пачаў хваліцца, што зрабіў добры бізнэс, танна купіў некалькі кіляграмаў масла, яшчэ чагосьці, зарабіўшы 12 тысяч нямецкіх марак. Але за два тыдні, што Сядура жыў у Мірановіча, таго масла й панюхаць ня даў — каб выжыць і пракарміць госьця, Мірановіч вымушаны быў прадаваць рэчы.