Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў
Аляксандр Адзінец
Выдавец: Медысонт
Памер: 704с.
Мінск 2007
3 фронтам я сутыкнуўся ў Горках, за Сьвядаўскім возерам. Вайна там трывала адну ноч. Забітых на другі дзень клалі каля прыдарожнага крыжа. Стаялі спаленыя танкі й цішыня навокал.
Вайна скончылася. Абрубцы пачалі вяртацца ў вёску. Вярнуўся й мой бацька зь нямецкага лягеру. У бацькі, апроч хаты безь дзьвярэй, абсалютна нічога не было. Ягоны брат Бронька меў гаспадарку разбураную, будынкі патрабавалі рамонту. А разышліся чуткі, што каталіцкае насельніцтва ня будзе сустракацца зь перашкодамі пры выезьдзе ў Польшчу. Вырашылі паехаць. У красавіку 1946 г. са станцыі Зябкі цягнік рушыў у далёкую дарогу. Заехалі мы на пачатку траўня ў Чаплінак. I там пасялілі нас зь дзьвюма віленскімі сем’ямі ў суседнім фальварку на нейкі час. Вёскі тут былі ўжо заселеныя — немцы раней выехалі, але шмат дамоў пуставала, і хто хацеў, мог выбраць, што яму падабалася. Палі апрацоўвалі жаўнеры, каб не пуставалі. Спачатку нідзе не відаць было птушак, толькі мышэй безьліч. Пазьней усё ўрэгулявалася. У вёсках і мястэчках гучалі, бадай, усе мовы сьвету, бо яшчэ не ад’ехалі прывезеныя на работу немцамі людзі. Для мяне польская мова не была нечым новым. Кнігі я чытаць любіў і пазычаў то ў матушкі Гаворскай — у яе на гарышчы іх былі сотні, то ў Андрэя Малюка зь зябацкіх хутароў.
Ваколіца, у якой мы спыніліся, была вельмі надобная да Глыбоччыны, адно толькі, што тут былі будынкі чырвоныя, з цэглы. Людзі тутака жылі з усёй Польшчы. Зь Беларусі, Украіны таксама было поўна, так што прывыкаць ні да чога не было патрэбы. Бадай толькі да новых законаў, якія паступова мяняліся на сацыялістычныя... У вёсцы пачаў я хадзіць у школу. Пасьля сёмай клясы вучыўся на электрыка. Вайсковую службу адбываць мяне паслалі ў Познань. Якраз там жылі сваякі.
Савецкіх кніг у Польшчы было бадай больш, чым у Беларусі, і тыя — за палову кошту. Калі пад канец 1940-х зьявілася БСЭ435 , я купіў спачатку том, дзе было пра Беларусь. А пазьней — усе 50. Немцы пакінулі ў заходніх вёсках вельмі шмат кніг, ды ня толькі нямецкіх. Бацька прынёс разам ад суседа «Нсторню Малой Росснн», выдадзеную яшчэ ў XIX ст. Пакінулі немцы ў вёсках і шмат спартыўных прыладаў.
Калі я кончыў вайсковую службу, пачаў жыць у сваякоў, якія ў час акупацыі былі вывезеныя ў Нямеччыну на работы, а цяпер уладкаваліся ў Пазнані. Тут я скончыў сярэднюю школу для электраэнэргетыкаў і працаваў электрыкам. Перш, аднак, намагаўся знайсьці працу на Беласточчыне, але ня выйшла — накіравалі мяне да электрыфікацыі сельскай гаспадаркі ва Усходнюю Нямеччыну — немцы там ня мелі электратоку. Так што пазнаёміцца зь беларускім асяродзьдзем мне не пашанцавала. Вучыцца ж беларусістыцы завочна ў Варшаўскім унівэрсытэце было нельга. Вярнуўся ў Познань, прыдбаў пакойчык, ажаніўся зь мясцовай дзяўчынай, маем дачку й сына. Вось ужо й старасьці дачакаліся.
А будучы ў Беластоку, калі выйшлі першыя нумары «Нівы» [1956], стаўся яе падпісчыкам, а часам — і карэспандэнтам. «Ніву» я падпісваў і на Беларусь, і на шматлікія краіны Захаду. Пасылаў за мяжу й нават, здаецца, у Казахстан беларускія календары. Калі ў Польшчы было абвешчана ваеннае становішча [1981], беларуская пошта газэт і кніжак з Польшчы заказчыкам не даручала. Пазьней тутака ўсё падаражэла, і нават сабе ня ўсё магу замовіць. Астатнія гады я працаваў на фірме, што адказвае за абагрэў гораду. Там мы мелі «Таварыства дружбы польска-савецкай». Тады для таварыства я замаўляў і «Вожык», і «Маладосьць», і «Полымя», «Бярозку» й іншыя часопісы ды намагаўся прыблізіць зацікаўленым веды пра ВКЛ. Некалі ж у Познані жыў прафэсар Г. Лаўмяньскі436 , які шмат пісаў аб гісто-
435 Большая советская энцпклопедня.
436 Гепрык Лаўмяньскі (Lowmianski, 22.08.1898—04.09.1984), гісторык сярэднявечча, славяназнаўца. У 1930-х гг. — прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Па вайне пераехаў у Познань, ад 1951 г. — дырэктар Інстытуту гісторыі Пазнанскага ўнівэрсытэту.
рыі Княства й выдаваў кнігі. На жаль, не пашанцавала мне зь ім пазнаёміцца.
Пакуль жыў Тарчэўскі, унук Багушэвіча, мы зь ім сябравалі. Зрэшты, Уладзімер Содаль зь Беларусі намагаўся пераканацца, ці сапраўды Багушэвічаў «Смык беларускі» быў друкаваны ў Познані. Аднак пошукі не далі выніку. Кантакты зь ім захаваліся. I ня толькі зь ім. Толькі вось шэрагі нашыя ўсё радзеюць. Спачатку ў пошуках кантактаў мне шмат дапамагаў Сакрат Яновіч. Я яго засыпаў лістамі й пытаньнямі. Раз мне адказаў, што каб не адказы на мае лісты, то за гэты час некалькі кніжак напісаў бы. Але адказваць не адмаўляўся. А што я пішу? Жыву ў польскім акружэньні, тэмаў няшмат тут магу расшукаць. Таму чытаю й «прыдзіраюся» да напісанага. Ці заўсёды мне гэта ўдаецца? Проста задаволены, калі надрукуюць.
Пытаеце, як я маральна адчуваю сябе ў Польшчы? Проста чалавекам. У краіне, у якой усё дзяржаўнае, нават чалавек, — мы рабы дый толькі. Некалі М. Танку я напісаў, што ў Савецкім Саюзе пануе дзяржаўны прыгон, а адзінка — нуль бездапаможны.
Анатоль Маўчун (трымае сьцяг) падчас сьвяткаваньня Дня Волі на першым вялікім сходзе беларусаў Познані. 25 сакавіка 2003 г.
Першы раз «пасьля» эміграцыі ў Абруб паехаць мне давялося на пачатку 1970-х. Запрасіла мяне стрыечная сястра зь Зябак. Сваю вёску наведваць пачынаю заўсёды з могілак, дзе спачываюць дзяды й прадзеды. Там пахаваная й мая мама. Могілкі паложаны каля псуеўскага возера, пры дарозе, якая некалі была вясковай вуліцай. Зрэшты, і цяпер пры гэтай дарозе найбольш хат стаіць. Першым вырашыў адведаць Валодзьку Маўчуна. Але ягоная хата амаль пры канцы дарогі, і, ідучы да яго, мог бы спаткаць розных знаёмых і наўрад бы перад захадам сонца да мэты дабраўся. Пайшоў тады сьцяжынкай каля берага возера, праз кусты прабіраючыся. Пры нагодзе рабіў спробу ўгадаць, дзе некалі стаяла дзедава лазьня. Дарэмна. Другі бок возера, дзе некалі была забудова маёнтку й дом, спалены партызанамі, таксама не нагадваў нічога знаёмага. Краявіды зьмяніліся, усё новае. А памяць дзіравая...
Калі дабраўся ўжо да сваяковага хутару, убачыў каля ягонай хаты натоўп людзей — усе яны глядзелі ў мой бок, быццам чакалі на мяне. Гэта мяне занепакоіла. Можа, што-небудзь здарылася? Да таго ніяк ня мог угледзець нікога знаёмага, а ўсе былі нейкія ўсхваляваныя. Урэшце паказаўся
гаспадар, мы прывіталіся, а на падворку загудзела ад сьмеху. Аказалася, што, калі б я ішоў па вуліцы, ніхто не зьвярнуў бы на мяне ўвагі: чужы чалавек дый толькі. Але, калі я ішоў каля возера запушчанай сьцежкай, мая асоба выклікала падазронасьць, людзі пачалі здагадвацца: пэўна нехта правярае бучы, застаўленыя на рыбу. I, так назіраючы за маімі крокамі, ішлі паглядзець, дзе я падзеўся. Цяпер усе сьмяяліся, віталіся, пыталіся й разышліся, пакідаючы нас з гаспадаром, абавязваючы мяне іх наведаць. I тут пачаўся мой клопат. У кожнай хаце на стале стаяла бутэлька й адразу ж рыхтавалася яечня... Прыйшлося спасылацца на лекара, які забараняе мне сьпіртное...
Анатоль Маўчун у Беларускім нультурнаасьветніцкім цэнтры ў Познані. 2006 г.
МОЙ ЭКСКУРС У ПСТОРЫЮ БЫЎ ВЫНІКАМ АСАБІСТАГА ВЫБАРУ
Юры Туронак (Варшава)
26 красавіка 1929 г„ м. Дукшты Сьвянцянскага пав., сёньня г. Дукштас, Рэспубліка Літва
Юры Туронак. Варшава, 2006 г.
— Вы нарадзіліся ў мястэчку Дукшты. Чым яно адметнае?
Мястэчка Дукшты, цяпер Дукштас, знаходзіцца за 130 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Вільні, на абшары Балтыйскай марэннай грады зь яе маляўнічымі краявідамі — мазаікай лясоў, пагоркаў і шматлікіх азёраў. Яно ўзьнікла ў другой палове XIX ст., калі пасьля пабудовы Пецярбурска-Варшаўскай чыгункі ля станцыі Дукшты пачаў паволі вырастаць невялікі пасёлак. Ен ня меў ранейшай гісторыі, што можна лічыць цікавай яго адметнасьцю. Паводле расейскага перапісу насельніцтва, у 1897 г. у пасёлку Дукшты было 640 жыхароў, у тым ліку 452 жыды, 98 каталікоў і 62 стараверы. Пасьля Першай сусьветнай вайны й далучэньня да Польшчы насельніцтва мястэчка нязначна перавышала тысячу чалавек, аднак на згаданыя вышэй тры канфэсійныя групы надалей прыходзілася 98 % жыхароў. Мястэчка атачалі пераважна літоўскія вёскі, было некалькі паселішчаў старавераў. Але для мяне найістотнейшай адметнасьцю было тое, што ані з Дукштаў, ані з ваколіцы не выводзіліся мае бацькі ці іх продкі. Маё месца нараджэньня было выпадковым — любое іншае, куды бацьку маглі накіраваць на работу.
— Раскажэце пра Вашага бацьку Браніслава Туронка. Кім была Вашая маці? Ці былі (ёсьць) у Вас браты, сёстры? Ці атрымалі Вы нацыянальна-арыентаванае выхаваньне?
Мой бацька Браніслаў Туронак нарадзіўся ў 1896 г. у Пестунох (Дзісьненшчына)437 ў безьзямельнай сялянскай сям’і, якая арандавала частку панскага фальварку. Па сканчэньні народнага вучылішча ў Новым Пагосьце438 вучыўся ў гімназіях у Вільні й Яраслаўлі, апошнюю закончыў увесну 1917 г. Па вяртаньні дамоў арганізоўваў беларускія школы на Дзісьненшчыне, два гады працаваў настаўнікам. У 1919 г. паступіў на мэдыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэту, быў адным са стваральнікаў Беларускага Студэнцкага Саюзу й рэдактарам студэнцкага часопісу «Наш шлях» (1922—1923). Ад сьнежня 1923 г. да жніўня 1925 г. быў адказным рэдактарам «Крыніцы»439 , выступаў супраць польскай акцыі ліквідацыі беларускамоўных касьцельных набажэнстваў у Жодзішках, за што быў арыштаваны й некалькі тыдняў сядзеў у віленскай турме. У 1926—1928 гг. быў дзеячом Беларускага Сялянскага Саюзу й сакратаром яго Цэнтральнага камітэту. Адначасова дзейнічаў у Беларускім Інстытуце Гаспадаркі й Культуры, быў членам яго галоўнай управы й старшынём Віленскага аддзелу. У 1928 г. выйшла невялікая кніга Браніслава Туронка «Гігіена ўзгадаваньня дзіцяці». Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту й двохгадовага стажу ў «Літоўскай клініцы» ў Вільні ў 1926 г. бацька атрымаў дыплём доктара мэдыцынскіх навук. Нейкі час працаваў у гэтай клініцы й на пачатку 1928 г. быў прызначаны раённым лекарам у Дукштах.
Мая маці Марыя з дому Рэшэць паходзіла зь Беласточчыны. Нарадзілася яна ў 1905 г. у вёсцы Рушчаны ля Харошчы, непадалёк Беластоку. Там пачала хадзіць у школу.
437 Сёньня Мёрскі р-н Віцебскай вобл. (тут і далей заўвагі рэдактара).
438 Сёньня Мёрскі р-н.
439 Маецца на ўвазе штотыднёвік, орган Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі «Беларуская крыніца» (1917—1940 гг.). У 1917—1925 і 1940 гг. мела назву «Крыніца».