• Газеты, часопісы і г.д.
  • Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

    Перамога ценю

    Вітаўт Чаропка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 270с.
    Мінск 1996
    95.66 МБ
    — Як? — мільгам зірнула на незнаёмца жанчына.— I вы не ведаеце нічога пра Георгія Пераможцу? А мяне ўпэўнілі, што ў гэтым краі любяць і шануюць яго.
    — Ды вось... — вінавата ўсміхнуўся чалавек.
    — Ну як жа? Вы павінны пра яго ведаць.— Жанчына ажывілася і, круцячы руль, глядзела ў шкло на дарогу і з ахвотай казала: — Хаця многія гады імя яго ў гэтых краях было-ў забыцці, але зараз, кажуць, тут іншыя часы... Я — прадстаўнік фірмы «Святы Георгій» — наўмысна прыехала сюды, каб аднавіць у памяці тутэйшага народа імя святога, прывезла вось кнігі аб ім,— жанчына азірнулася назад і са скрыні, што ляжала на заднім сядзенні, дастала кнігу, працягнула яе чалавеку.
    На вокладцы яркімі фарбамі былі намаляваныя ўсё той жа юнак на кані і цмок. Блішчэлі ціснутыя золатам літары: Філарэт. Жыццё Георгія Пераможцы.
    — Я дарую кнігу вам. Яе напісаў брат Георгія.
    — Дзякуй. А вы не маглі б распавесці пра святога?
    — Ну вядома. Георгій Пераможца як вялікі герой, хрысціянскі святы вядомы ўва ўсім свеце. Уплыў, аказаны гэтым вялікім чалавекам на чалавецтва, яшчэ не ацэнены як след. Пакуль многа ў яго жыцці міфічных выдумак. Народ любіць міфы. Георгій — гэта гераічны вобраз, сімвал духоўнай з’явы, гэта прастата і веліч, адвага і змірэнне, сіла і кволасць, мудрасць і наіўнасць, любоў і нянавісць,— яна казала натхнёна і з задавальненнем.
    А чалавек з захапленнем паглядаў на яе.
    — Нарадзіўся Георгій у інтэлігентнай сям’і паважанага ў горадзе грамадскага дзеяча. Бацька рана памёр, і ўвесь клопат пра выхаванне Георгія ўзяў на сябе яго брат Філарэт. Як кветку, беражліва і любоўна гадаваў ён брата. Усю душу і сэрца аддаваў яму. I кветка расквітнела. Георгій стаў улюбёнцам гараджан, як і сам Філарэт. Першымі ў горадзе браты ўбачылі выратавальнае святло хрысціянскай веры і прапаведавалі слова Божае сярод людзей. Філарэт натхняў брата на мары аб подзвігах у імя Бога. I час подзвігу надышоў. Страшэнная крыважэрная пачвара напала на горад, хапала людзей і жэрла іх. Гэта былі жахлівыя дні, гараджане баяліся выходзіць на вуліцу з дому, а вось Георгій не спалохаўся пачвары.
    Дзень доўжылася крывавая бітва. Георгій адсек пачвары некалькі галоў, але і сам стаміўся. Меч яго затупіўся. Вось у гэты момант з’явіўся Філарэт — ён прынёс брату дзіду і адцягваў увагу цмока на сябе, а Георгій тым часам дзідай забіў страшыдла, выратаваў родны горад. Пасля гэтага подзвігу Георгій выправіўся ў далёкія краі здзяйсняць новыя подзвігі. Ён змагаўся з конелюдзьмі, з шасцірукімі, выслабаняў з палону хрысціян. Ён перамог прыгнятальніка хрысціян імператара Дыяклетыяна. Але ў горадзе Кападокіі яго схапілі ворагі хрысціянства, здзекаваліся з яго, прапаноўвалі выракціся святой веры, а ён застаўся верны хрысціянству. Сваімі пакутамі і цярплівасцю ён прымусіў увераваць у Госпада нашага Ісуса Хрыста язычнікаў Віктара, Зоціка, Зянона, Акіндзіна і Севярына. I каты адсеклі ім галовы. I сам Георгій дваццаць трэцяга красавіка прыняў пакутніцкую смерць. Пра ўсё гэта вы прачытаеце ў кніжцы.
    — А-а-а,— працягнуў чалавек,— узгадаў. Мне шмат даводзілася чуць пра гэтага чалавека.
    — I што ж вам распавядалі?
    — Ну тое, што бацька яго служыў гарадскім чыноўнікам і карыстаўся славаю дабрадзейнага і высакароднага патрыцыя,— павольна пачаў свой аповед падарожнік.
    — Вы нават ведаеце пра патрыцыяў? — прыемна здзівілася жанчына.
    — А чаму не ведаць, калі...— паціснуў плячыма чалавек і заўсміхаўся нечаму свайму.— Сыноў сваіх Філарэта і Георгія ён аддаў у філасофскую школу.
    — Так яно і было,— згадзілася жанчына.
    — Ах, гэтыя сумныя, доўгія ўрокі, гэтыя манатонныя словы пра сутнасць быція. Ніяк Георгій не мог палюбіць разважанні аб сэнсе ў жыцці па кнігах, якія філосафы сачынялі, хаваючыся ад жыцця, самі для сябе. Нават простая думка, як здань у цемры, знікала ў тумане іх пакручастых слоў і тэрмінаў. «Чаго тут разважаць, калі жыццё для таго, каб жыць. Лепш цалаваць жанчыну, чым думаць аб ролі кахання. Лепш піць віно і весяліцца, чым раздумваць, навошта яго піць і навошта весяліцца. Лепш быць — чым здавацца»,— думалася на філасофскіх занятках Георгію. Марыў ён пра падарожжы ў далёкія і невядомыя краі.
    — Цікава, цікава,— насмешліва заўважыла жанчына, упэўнена кіруючы аўтамабілем, які трасло па дарозе.
    — У адрозненне ад брата Філарэт быў гонарам школы, улюбёнец настаўнікаў, ён з паўслова падхопліваў кожную іх думку. I ў малым знаходзіў вялікае, а ў вялікім — малое, у прыватным — агульнае, у агульным — прыватнае, у смешным — сур’ёзнае, у сур’ёзным — смешнае, у мінуўшчыне бачыў будучыню, у будучыні — сёння. Незвычайная музыка іншаземных моў вабіла Філарэта, ён вывучаў яўрэйскую, персідскую егіпецкую, рамейскую мовы, ад варвараўрабоў, што прыслужвалі дома, навучыўся варварскім мовам, на якіх, дарэчы, размаўляюць у Еўропе, нават хвалі марскія паслухмяна лізалі яму ногі. А які прамоўца ён быў! Голас яго зачароўваў. Вялікую будучыню прадвяшчалі ў горадзе Філарэту. Так і адышоў бацька да багоў з перакананнем, што старэйшы сын праславіць яго род, а з малодшага не будзе ладу. Пасля бацькоўскай смерці Георгій кінуў вучобу ў школе. Усё роўна нічога не давала яна» яго душы і сэрцу. Усё, навучыўся, набраўся розуму, і досыць, яму многа не трэба. Штораніцы, калі першыя сонечныя промні заглядвалі ў дом, Філарэт нязменна прачынаўся, абліваўся халоднаю вадою і выбягаў на ранішні прабег. У кароткай туніцы, што агаляла яго загарэлае, вы-
    лепленае з мускулаў і біцэпсаў тулава, ён лёгкім крокам бег па вуліцах горада. Гараджане любаваліся гэтым богападобным юнаком. Пасля прабегу Філарэт падымаў цяжкасці, наліваў мускулы і біцэпсы сілай. 3 адчуваннем сілы бадзёра спяшаўся ён у школу. А Георгій прачынаўся толькі апоўдні, апалоскваў вочы і, паснедаўшы, ішоў у порт, дзе каля прычалаў стаялі караблі. He вучыўся ён у маракоў вязаць марскія вузлы, ставіць ветразі, весці карабель, чытаць кнігу зорак, а піў з імі віно, ездзіў у плебейскія кварталы да жанчын. У мове яго загучалі салёныя, як марская вада, слоўцы, манеры яго сталі грубымі.
    — Цікава, цікава,— адазвалася жанчына з усмешкаю.
    Чалавек не звярнуў увагі на яе словы, працягваў распавядаць ціха і павольна, нібыта чытаў аповед па кнізе:
    — А Георгій пачуваў сябе прыемна з маракамі. Яны не чапляліся да яго з павучаннямі, як трэба правільна жыць. За кубкам віна слухаў ён пра заморскія краіны, пра дзівосныя прыгоды. А Філарэту было не да брата: то школа, то бібліятэка, то дыспуты, то рыхтаваўся да атлетычных гульняў. Старыя філосафы ажно слязіліся на філасофскіх дыспутах, калі выступаў Філарэт. Якая глыбіня думкі! А на атлетычных гульнях ён хутчэй за ўсіх бегаў, далей за ўсіх кідаў дыск і дзіду, перамагаў усіх барцоў. Абвешаны лаўровымі вянкамі абсалютнага чэмпіёна, вяртаўся Філарэт у горад. 3 радасцю і гонарам сустракалі свайго героя гараджане, толькі і казалі пра яго. Скульптары ляпілі яго скульптуры, дзяўчаты кахалі яго, юнакі імкнуліся быць падобнымі да яго. Філарэта выбралі ганаровым гараджанінам горада. У яго з’явіліся вучні. Цяпер ён чытаў у філасофскай школе лекцыі. Шмат адкуль прыязджалі паломнікі паслухаць славутага разумніка, паглядзець на вялікага атлета.
    — Ну гэта ўжо падобна на праўду. Так яно сапраўды і было,— згадзілася жанчына.— Але вось цікава, як праўда абрастае легендамі і паданнямі, што ўжо і праўды не знойдзеш. Бывае і наадварот. Легенда становіцца праўдай.
    — Так здарылася, што Георгій закахаўся. Клікалі яе Алена,— тут чалавек панізіў голас і з пяшчотай прамовіў дзявочае імя.
    — I гэта вам вядома? Скажы ты. Хто ж такі дасціпны вам усё распавёў?
    — Было...— адхіліўся ад яснага адказу чалавек і працягваў: — О, яна і сапраўды, кажуць, была чароўнай і прыгожай. Летуценныя чорныя вочы, смуглявая скура, хвалі
    шоўкавых валасоў, усмешка, як зіхаценне зорак. «Багі, якая яна чароўная»,— падумаў Георгій, калі ўпершыню ўбачыў Алену.
    Чалавек заўважыў, што жанчына не здолела схаваць задавальнення, куточкі яе вуснаў задрыжэлі ва ўсмешцы.
    — Георгій днямі хадзіў вакол Аленінага дома ў надзеі хоць мімаходзь убачыць дзяўчыну. У марах ён цалаваў яе яшчэ дзіцячыя прыпухлыя вусны, яе вочы, бровы, валасы, рукі, шыю, прытуляў да сябе і шаптаў самыя пяшчотныя словы: «Ты маё шчасце. Мне ад жыцця нічога не трэба: ні славы, ні грошай, ні ўлады, толькі кахаць цябе, глядзець на цябе, чуць твой голас, цалаваць цябе». I думаў Георгій, што, кахаючы Алену, ён любіць усіх, бо свет падарыў яму гэтую дзяўчыну. Колькі чалавечых лёсаў і трагедый увасобілася ў яе нараджэнні! «Брат, я закахаўся,— аднойчы не вытрымаў Георгій і прызнаўся Філарэту.— Я не магу без яе».— «Гэта святое,— адказаў Філарэт, паклаў руку на Георгіева плячо.— Гэта святое,— летуценна паўтарыў ён.— Можа, на крылах кахання ты ўзнясешся над тым убогім жыццём, якім жыў. О, каханне, чароўная твая сіла».— «Так, так, толькі цяпер разумею, як абкрадваў я сябе. Яна багіня, калі я бачу яе — мне хочацца быць лепшым, чыстым, высакародным. Каб яна пакахала мяне — быў бы я самым шчаслівым чалавекам на свеце»,— прызнаваўся шчыра Георгій. «Я ўсім сэрцам зычу гэтага табе. Хачу твайго шчасця»,— адказваў Філарэт.
    — Адкуль вам усё гэта вядома? — не гледзячы на падарожніка, спыталася жанчына.
    — А мне распавёў гэтую гісторыю марак, які жыў у тым горадзе і добра ведаў Георгія.
    — Прабачце, што перабіла вас. Кажыце далей.
    — Доўга не асмельваўся Георгій падысці да Алены. А як прагнуў пазнаёміцца з ёй! Ды як ён, смяротны, мог наблізіцца да багіні, як мог ён удумаць такое ў марах — валодаць ёю. Але і адмовіцца ад кахання да Алены ён не мог. Зноў і зноў ішоў да яе дома. А калі выпадкова бачыў дзяўчыну, дык яго нібы ліхаманіла. I падыдзі дзяўчына да яго, пэўна, ад хвалявання не сцяміў бы, што і мовіць ёй. У горадзе заўважылі, што брата Філарэта нібыта падмянілі: не бадзяўся ён ужо з маракамі, не піў, не насіў бруднай тогі, не лаяўся. Ну і слава багам. А паколькі Георгій вярнуўся да добрых нораваў, дык патрыцыі горада лічылі за гонар запрасіць у госці брата ганаровага жыхара горада. Каб пасля, нібыта незнарок, пахваліцца ў коле
    сяброў: «А ведаеце, у нас учора вячэраў Георгій. Так, так, брат самога Філарэта, многа цікавага распавядаў пра яго». Прэстыж. А на гэтых званых абедах і вячэрах Георгію і сапраўды выпадала распавядаць пра брата. У промнях братавай славы грэўся і ён. На вуліцы яго пазнавалі, паказвалі пальцам услед: «Вунь пайшоў брат Філарэта». Ім жа самім мала цікавіліся, што ён думае пра тую ці іншую з’яву, цікавіла толькі думка Філарэта. На адным са званых вечароў Георгій і пазнаёміўся з Аленай. Яна, як Венера, што з’явілася з марской пены, раптам аддзялілася з бязлікага, апранутага ў багатыя тогі і тунікі натоўпу гасцей, якіх запрасіў да сябе гарадскі суддзя, і падышла да Георгія. Па-царску, ганарліва трымаючы прыгожую галаву, яна і сапраўды паходзіла на багіню. Зірнула на Георгія вялікімі чорнымі вачыма — і ён самлеў.