Перамога ценю
Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
На галоўным гарадскім пляцы сабраліся жыхары горада. Многае казалі яны пра гнеў багоў, заняпад нораваў у горадзе. Было вырашана, каб задобрыць пачвару, прынесці яму ў ахвяру самую прыгожую дзяўчыну. Але ўсе чакалі слова Філарэта. Што мовіць ён? I ён прыгожа казаў пра веліч ачышчальнай ахвяры, пра гераізм самаахвярнасці, прыводзіў прыклады з гісторыі, калі самаахвярнасць
аднаго чалавека ратавала народы ад загубы. I крыкнулі гараджане: «Алена!» Яе маці, пачуўшы такі прысуд, страціла прытомнасць. Бацька абрачона вымавіў: «Калі трэба, дык што ж, я згодны». Філарэт сам падышоў да Алены і сказаў пра той вялікі гонар, які выпадае ёй — выратаваць горад. А яна закахана глядзела на Філарэта, зачаравана слухала, як ён бласлаўляў яе на смерць. He, не аб выратаванні горада думаў ён, а пра сябе.
' — Чаму? — глухім голасам спыталася жанчына.
— А таму, што натоўпам валодаў жах. А жах — сляпая сіла. I гэта разумеў Філарэт. У адваротным выпадку ён, як герой, быў павінен сам змагацца з пачварай. Алена паверыла Філарэту, яна кахала яго, і ўхвала ім ахвяры асляпіла дзяўчыну.
— Паверыла,— задумліва прамовіла жанчына, спыніла машыну і раптам бяссільна апусціла галаву на баранку.
— Што з вамі? — Чалавек асцярожна дакрануўся да жаночага пляча.
— He хвалюйцеся,— марудна выдавіла з сябе жанчына, падняла галаву, лёгкім рухам далоні змахнула са шчакі слязу. Паспрабавала ўсміхнуцца, але яе вусны па-здрадніцку задрыжэлі.— He звяртайце ўвагі. Проста стамілася. Кажыце далей.
Яна так і не завяла машыну. Гледзячы ў лабавое шкло, засяроджана, сабраўшы хваравіта над пераноссем бровы, слухала падарожніка.
— I адзіны, хто заступіўся за Алену, быў Георгій. Ён даведаўся ад маракоў аб прысудзе гараджан і пабег да брата? Як? Алену, любую Алену аддаць у пашчу крыважэрнай пачвары? Гэтага ён ніколі не дазволіць. Брат яму дапаможа, толькі Філарэт пераканае гараджан адмовіцца ад дзікунства. Брата Георгій адшукаў у садзе філасофскай школы, дзе той чытаў лекцыі вучням і шматлікім паломнікам. Георгій, каб не перабіваць заняткі, уладкаваўся збоку і з нецярплівасцю чакаў іх заканчэння. I раптам у хмызняку, які акаляў паляну, дзе сабраліся філосафы, нешта заварушылася, і праз імгненне адтуль з шумам, ламаючы голле вынырнула разяўленая пашча. Жахам бліснулі ў вачах прысутных вострыя, як кінжалы, шэрагі зубоў у ружовай пашчы. «Пачвара! Пачвара!» — закрычалі людзі і кінуліся ўцякаць. I Філарэт, гонар народа, герой і атлет, таксама пабег з пагорка, з якога яшчэ хвіліну назад вяшчаў пра гераізм. Затрашчаў хмызняк, і адтуль выпаўз вялікі кракадзіл. I вось гэтаму страшыдле жадаюць ахвяраваць Але-
ну? Георгій не пабег. Кракадзіл спыніўся, нібыта збянтэжыўся чалавека, першага, хто не спалохаўся яго. Жывёла і чалавек на імгненне знерухомелі адзін перад адным. Нейкіх дзесяць крокаў раздзяляла іх. Кракадзіл разявіў пашчу і, таропка, як качка, перакульваючыся з нагі на нагу, рынуўся на чалавека. I ў крыку, што вырваўся ў чалавека з глоткі, пачула жывёла жах. Чалавек пабег да пагорка ў надзеі, што кракадзіл не падымецца туды, стралой узляцеў на самы верх. Але жывёла следам за чалавекам пачала караскацца па схіле на пагорак. I тут Георгій убачыў кінуты братам на зямлю залаты кій з цяжкім набалдашнікам — жэзл філосафа філосафаў. Георгій схапіў жэзл — кракадзіл падняўся ўжо на пагорак. 3 разяўленай пашчы на чалавека дыхнула смуроднай гарачынёю. 3 адчаем асуджанага Георгій ударыў кракадзіла па воку. Адтуль адразу ж пырснула кроў. Кракадзіл зароў, ад удараў яго доўгага моцнага хваста страсянулася зямля. Георгій ударыў па другім воку. Звер круціўся па зямлі, ляскаў зубамі, але ў той балючай цемры, што асляпіла яго, не бачыў свайго ворага. Чалавек асмеліўся, і наблізіўся да звера, і ўвагнаў востры канец жэзла ў галаву пачвары. Яшчэ з палову гадзіны біўся кракадзіл у перадсмяротных пакутах, а пасля аціх.
— А дзе ж быў Філарэт? Няўжо ён збег? — разгублена спыталася жанчына.
Але той, нібыта не пачуў пытання, казаў далей:
— Так, зусім таго не чакаючы, Георгій стаў героем. Гараджане, што сустрэлі яго перад уваходам у сад, спачатку не паверылі, што ён забіў пачвару, але калі ўбачылі на месцы бойкі тулава страшыдлы, дагналі Георгія, падхапілі на рукі і з радаснымі крыкамі панеслі па вуліцах: «Слава! Слава!» У гэты момант Георгій мог лічыць сябе шчаслівейшым у жыцці. Але не слава героя была патрэбна яму. I зусім не думаў, што ён герой, а радаваўся выратаванню Алены. Ля яе дома ён папрасіў людзей, што неслі яго на руках, спыніцца. Яго апусцілі на зямлю, і ён пабег да Алены. Матуля дзяўчыны без памяці ляжала ў ложку. Бацька, апусціўшы галаву, панура тупаў па пакоях і звар’яцела паўтараў: «Калі без ахвяры нельга, дык што ж, хай будзе так». Сама Алена ў сваім пакоі рыхтавалася да подзвігу: апранутая ў белую туніку, яна чытала на пергаменце лепшыя прамовы Філарэта на філасофскіх дыспутах. Георгій з парога радасна паведаміў: «Алена, ты вырата Bana! Я забіў пачвару!..» Гэтае паведамленне нібыта расчара-
вала дзяўчыну, яна з недаверам спыталася: «Як?» — «Я забіў пачвару! I твая ахвяра не патрэбна!»
Пэўна, Алена не магла прымірыцца з тым, што не наканавана ёй здзейсніць подзвіг і тым самым увайсці ў гісторыю, яна нейкае імгненне маўчала, хмурыла бровы, пакусваючы вусны. Георгій, які спадзяваўся, што Алена абрадуецца, падзякуе яму, разгубіўся. «Ну што ты стаіш? — не ветла вымавіла дзяўчына.— Хваліся».— «Дык што там хваліцца. Забіў, і ўсё».— «I як жа табе гэта ўдалося?» Насмешлівасць прагучала ў яе голасе. «Я прыйшоў да брата ў філасофскую школу, хацеў адгаварыць яго ад гэтай варварскай ахвяры. Вось тут з хмызняку і з’явілася пачвара. Усе ўцяклі, а я вось...» — «Ты хочаш сказаць, што ты герой? Адкуль табе вядома, што Філарэт уцякаў, мо ён арганізаваў эвакуацыю вучняў і сваёй прысутнасцю надаваў ім мужнасці. Ды і не веру я, што ты мог выйсці на бой з пачварай. Відаць, п’яны быў і сам уцякаў, але не ўцёк і з жаху, баронячыся, выпадкова перамог пачвару. А цяпер носішся і крычыш: «Перамог! Герой!»
He чакаў Георгій пачуць ад дзяўчыны такое і, пануры, пакінуў яе. Тыдзень у горадзе праходзілі ўрачыстасці, прысвечаныя перамозе Георгія. Народ весяліўся, славіў свайго вызваліцеля. Паэты прысвячалі Георгію вершы, апявалі яго. Скулыітары ляпілі статуі, у якіх ён у даспехах дзідай забіваў пачвару. Толькі сам Георгій не радаваўся. Бо і пасля подзвігу не пакахала яго Алена. Штодня ён напіваўся. На сёмы дзень урачыстасцей Філарэт, дачакаўшыся, калі Георгій прачнуўся, вырашыў сур’ёзна паразмаўляць з ім. «Брат,— пачаў Філарэт, пагардліва гледзячы на азызлы, з адвіслымі зямлістымі кругамі пад вачыма твар Георгія,— бацька перад смерцю даў запавет мне даглядаць цябе. I я павінен думаць пра гэта».— «Ну і думай»,— адрэзаў злосна Георгій. «Ты слухай, а не пярэч мне. Цяпер ты герой, цябе ўслаўляюць — усё гэта добра. Але працверазеюць людзі і паглядзяць на свайго героя. I каго ўбачаць? А ўбачаць яны зусім не Геракла, не Ахілеса, а худога чалавека, п’яніцу, невука, які знаецца з плебеямі, адшчапенцамі-хрысціянамі. I гэта — герой? Няўжо ён вышэйшы за іх духам, адвагай, мужнасцю? Ці не здзек над імі? I расчаруюцца, усе ад цябе адвернуцца. Ты будзеш ім нагадваць іх жывёльны жах, будзеш ім жывы дакор. Але калі цябе абвясцілі героем — хочаш не хочаш — выпадае быць героем. А калі так, дык ты павінен пакінуць горад, каб застацца легендай. Што галоўнае ў атлетыцы? Своечасова
пакінуць яе, застацца непераможаным. Ты, здаецца, некалі марыў аб падарожжах, вось і ажыццявіш свае мары. Я ўжо падумаў. Сёння вечарам адыходзіць карабель за мора, адпачні ад славы. Ваяж, ваяж — паветра, сонца і вада. Mapa. А натоўпу скажам, што ты адправіўся на новыя подзвігі. Праз год забудуць пра тваю пе-ра-мо-гу, і вяртайся назад. Будзь нармальным чалавекам.
Георгію было ўсё роўна: застанецца ён у горадзе ці паплыве некуды на караблі. Калі яго не кахае Алена, дык жыццё страціла сэнс. I ён не стаў пярэчыць брату.
Праз многія, многія гады ў горад, дзе некалі жыў Георгій, адвячоркам увайшоў чалавек. Асаблівай увагі ён не выклікаў ні ў гарадской варты, ні ў саміх гараджан. Загарэлы абветраны твар, зарослы густымі вусамі і барадой, космы чорных ускудлачаных валасоў, што не ведалі грэбеня, ірваны плашч, варварскія доўгія штаны з даматканага палатна, стаптаныя сандаліі, торбачка праз плячо — ён быў падобны да соцень іншых паломнікаў, якія штодня прыходзілі з усіх бакоў свету ў горад. Гэта і быў Георгій.
— Дык ён не загінуў? А... хаця... кажыце далей,— расхвалявана адазвалася жанчына і зноў дастала з пачка цыгарэту, паднесла яе да вуснаў, забыўшыся запаліць.
— Шмат гадоў дабіраўся да сваёй радзімы Георгій. He пераможцам яго б назваць, а пакутнікам. I зброю ў руках патрымаў на службе імператару, і выракся крывавага ляза. Запалі яму ў сэрца словы хрысціянскія: «Будзем прасіць дапамогі ў Цара Нябеснага для адраджэння нашых душаў, прасвятлення нашых сэрцаў, тады Божа выратуе нас ад няшчасцяў, суцешыць у жалобе, даруе нашыя грахі».
He пазнаў Георгій свой горад. Замест старажытных язычніцкіх храмаў зіхацелі залатымі крыжамі цэрквы. На пастаментах узвышаліся скулыітуры юнака ў даспехах, які сядзеў на кані і калоў дзідай цмока. Надпісы паведамлялі, што юнак гэты Георгій Пераможца. На кожным рагу вуліцы можна было ў гандляроў купіць маленькія скульптуры такога ж ваяра ці абраз з яго выявай. Натоўпы паломнікаў снавалі па вуліцах і талопіліся на скульптуры і цэрквы. Нейкія людзі, што іх суправаджалі, увесь час тлумачылі: «Па гэтай вуліцы неаднойчы хадзіў Георгій Пераможца. На гэтай скульптуры вы бачыце Георгія ў час здзяйснення подзвігу». I на чужыне Георгій чуў не раз пра подзвіг Георгія Пераможцы, які забіў цмока. Калі ж аднойчы не вытрымаў і стаў распавядаць, што ўсё адбывалася не так, як пра гэта кажуць, і што ён і ёсць той пераможца цмока,
яго асмяялі. Але тое, што ён убачыў, зараз рассмяшыла яго. Яны нібы ўсе звар’яцелі. Навошта ўсё гэта ім? Які сэнс? Нарэшце ён дабраўся да вуліцы, дзе стаяў бацькоўскі дом. На шыльдах будынкаў прачытаў: «Праспект Георгія Пераможцы». «Не, яны і сапраўды звар’яцелі. Знайшлі мне героя. А можа, чаго не разумею, не ўсведамляю, што здзейсніў? I што для мяне толькі эпізод у жыцці, стала для людзей нечым значным і велічным»,— думаў Георгій, ідучы па праспекце, названым яго імем. Падыходзячы да роднага дома, Георгій адчуў, як у душы балюча заныла туга і ў хваляванні забілася сэрца. Колькі разоў у думках ён вяртаўся дадому і ажываў душой. Мармуровая шыльда над дзвярыма золатам літараў паведамляла: «Дом-музей Георгія Пераможцы. Працуе з 9.00 да 20.00. Без перапынку на абед і без выхадных дзён». «Ну і ну»,— аж прысвіснуў Георгій і штурхнуў дзверы. Яны былі зачынены. «Вось яшчэ смех, і дамоў не трапіш»,— падумаў Георгій і забарабаніў у дзверы. Нарэшце за імі пачуліся крокі, і незадаволены голас запытаўся, каго яшчэ там чэрці нясуць, музей зачынены. «Гэта я, Георгій».— «Які яшчэ Георгій?» — падазрона перапыталі за дзвярыма. «Георгій, брат Філарэта». За дзвярыма наступіла маўчанне. «Ну?» — бухнуў Георгій кулаком у дзверы. «Георгій загінуў»,— неяк няўпэўнена адказалі за дзвярамі. «Вось я, жывы-здаровы. Паклічце Філарэта».— «Зараз, зараз»,— зноў пачуўся тупат ног, які заціх дзесьці ў нетрах дома. Праз нейкі час яшчэ затупалі ногі, да слыху даляцелі галасы. Георгій пазнаў Філарэта. «Ды не крычыце вы, чуў я ўжо, чуў».