Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

Перамога ценю

Вітаўт Чаропка

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
95.66 МБ
Гэта правакацыя. Ён хоча дакладна вызначыць мае задумы. Набуду зараз кнігу і выдам, што мару трапіць у мінулае.
— Нікуды я не хаджу. Аб якім мінулым вы кажаце? У нас няма мінулага, у нас ёсць шчаслівае сёння і светлае будучае. Няхай жыве горад Шчасця! — кажу я і паспешліва адыходжу ад постаці.
— Пачакай! — просіць яна.
— He, не.— Я прыбаўляю хады, каб хутчэй пазбавіцца гэтай недарэчнай постаці. Хто яе ведае?
Я спяшаюся дадому. 3 галавы не выходзіць гэта сустрэча. А мо і не правакацыя? Такая магчымасць была авалодаць законамі перамяшчэння ў прасторы і часе. На каго наракаць? Толькі на сябе. На сваю баязлівасць. Няўжо так усё жыццё? Свайго ценю палохацца, гучнага слова палохацца, смеху палохацца... Сейбіт-месяц рассыпаў зерне зорак, і тыя закаласіліся сузор’ямі. Выйшлі на вуліцу вартаўнікі начнога спакою, бразгаюць у бомы, крычаць: «Спаць! Спаць!»
Познім вечарам я дабраўся да свайго дома. Цьмяная, як згасаючы вугалёк, лямпачка асвятляла ў пад’ездзе роўныя шэрагі паштовых скрыняў, сцены, размаляваныя прызнаннямі: «Я самы шчыры гараджанін горада Шчасця», «Самы шчыры гараджанін я, № 135433», «Я люблю дэпартаменты» і традыцыйнае «Няхай жыве... Слава...», браніраваныя дзверы кватэраў з патаемнымі вачніцамі на лесвічную пляцоўку. Я ўвайшоў у пад’езд, і нечая рука лягла мне на плячо. Імгненна азірнуўся. I ці радавацца мне, ні трывожыцца — перада мной стаяла ўсё тая постаць у старой зашмальцаванай масцы.
— He пужайся,— лагодна прамовіла яна.
— А-а-а я і не спужаў-ся.— Аднак па тым, як разгублена я адказаў, постаць, пэўна, здагадалася, што казаў я няпраўду: з-пад маскі данесліся гукі, падобныя на смех.
— Давай скінем маскі,— прапанавала постаць і ўзялася за шпількі.
— Маскі? А навошта?
— А каб не хавацца адзін ад аднаго,— яна скідае маску.
Немалады, выцягнуты, з буйнымі рысамі твар, адвіслыя шэрыя мяшкі пад вачыма, рэзкія зморшчыны на шчоках і лобе, такі, як і ў мяне, непрыгожы нос з вялікімі ноздрамі, бясколерныя вочы. Твар здаўся мне знаёмым.
— Ну,— падбадзёрыў мяне незнаёмец.
А, было не было. Я рашуча ўзяўся за шпількі і азірнуўся на дзверы кватэр. Можа, хто з жыхароў, устрывожаны
нашымі галасамі, прыпаў да вачніц, а там — і званок у дэпартамент пільнасці.
— Чаго ж ты?
Я расшпільваюся і здымаю маску. Незнаёмец жмурыць на мяне свае бясколерныя вочы.
— Хто ты? — пытаюся я.
— Я — гэта ты,— адказаў ён і загадкава ўсміхнуўся.
— Як гэта?
— А так, ты — гэта я, а я — гэта ты. Толькі ты адсюль, а я адтуль — з горада Будучага.
3 яго тлумачэння я нічога не зразумеў, акрамя аднаго, што ён з будучыні.
— Ну як там, у светлай будучыні?
— Як? А вось занадта слепіць яна — светлая будучыня. Я зусім невідушчы, і ўсе там невідушчыя. «Калі невідушчы невідушчага павядзе,— ён задумаўся, сабраў зморшчыны на лобе,— абодва ў бездань зваляцца». He забыўся,— узрадаваўся незнаёмец.
— Цішэй, цішэй,— зашаптаў я і азірнуўся па баках, кінуў позірк на маску.
Чалавек перахапіў мой позірк.
— Хоць раз не бойся,— папрасіў чалавек.— Вось гэтая кніга, якую ты не наважыўся набыць,— ён дастаў з-пад палы «Чацвёртае вымярэнне», грубыя каржакаватыя пальцы моцна трымалі кнігу.— Там, у будучыні, я паліў кнігі. Аднойчы, калі дымам пайшла чарговая партыя, у попеле я знайшоў кнігу, якая не згарэла, вось яна,— ён працягнуў мне кнігу.
Я нясмела ўзяў яе ў рукі. Госць з будучыні працягваў.
— Я не паведаміў нікому, што адна кніга не згарэла. Мяне заўсёды цягнула мінулае. Здаецца, у маладосці хадзіў я на могілкі, дзе на старых надмагільнях чытаў пра людзей, што жылі ў мінулым. Я даведаўся, што жылі яны зусім не так, як мы, не так любілі, як мы...
«Дзіўна, ён займаўся тым, чым зараз я. Няўжо ён казаў праўду, што я — гэта ён, а ён — гэта я?» — падумаў я і перапыніў чалавека:
— Што любілі яны не дэпартаменты, а адно аднаго, бацькі дзяцей, дзеці бацькоў...
— Жанчына — мужчыну, а мужчына — жанчыну,— працягнуў ён за мяне.— Даведаўся, што была ў людзей мінулага памяць, шкадоба.
— Праведнасць. Адказнасць перад Богам і людзьмі...
— Духоўнасць.
— 1 што, што далей? Ці даведаўся ты пра ўсё? Што далей? — не сцярпеў я ў прадчуванні блізкай разгадкі тайны, што цікавіла мяне.
— Што далей? He ведаю, не ведаю... Я ж кажу, здаецца мне, што хадзіў на могілкі, як ты зараз. He ведаю... А можа, я ўсё гэта прыдумаў. I вось пачаў я чытаць кнігу. Літары расплываліся перад вачыма. Зрок. 3 цяжкасцю я адолеў раздзел «Вяртанне ва ўчарашні дзень». I ўсё, ніводнай літары я не мог разлічыць. Тут вось і наляцелі агенты пільнасці... Я ўцёк сюды, у свой учарашні дзень, разам з гэтай кнігай. Купі яе, толькі табе і прадаю, купі — усяго траяк. Я новую маску сабе набуду. Купі, га-а-а...— ён умольна паглядаў на мяне.
—Куплю,— я не мог адмовіць, дастаў капшук, меўся выцягнуць зашмальцаваную ад вандровак па сотнях рук траячку, але раптам падумаў: «Што яму гэтыя рублі? Чаго я шкадую? Ён жа — я, а я — ён. Дык сам сабе шкадую?» — Трымай,— працягнуў яму капшук з усімі грашыма.
— Навошта? Навошта? Мне столькі не трэба. Мне траяк, новую маску набуду, мая ж знасілася, мне лішняга не трэба,— мармытаў ён, трымаючы капшук у руках.
— Згадзіцца, згадзіцца.
Я надзяю маску, але мне не хочацца развітвацца з госцем з будучыні. Як добра было б запрасіць яго да сябе. He магу, а калі агенты пільнасці? I ён зразумеў мяне.
— Табе нельга рызыкаваць. На цябе зараз усе нашы спадзяванні.— Ён таксама надзяе маску.— Бывай.
— Бывай,— кажу яму ўслед.
Ён выходзіць з пад’езда. Знікае ў начной цемры. I толькі кніга ў руках нагадвае, што сустрэча з ім не была мрояй.
Паведамленне ў дэпартамент пільнасці
«Даводжу да вашага ведама, паважаны старшыня дэпартамента пільнасці, што аб’ект назірання № 2181961 сёння выйшаў са сваёй кватэры і накіраваўся на пляц Волі, пасля спусціўся да гарадской рэчкі № 0000 і раптам на маіх вачах знік. Ніводная з апытаных мною постацей, што ў гэты час знаходзіліся паблізу, не бачыла, куды падзеўся адзначаны аб’ект назірання. Лічу неабходным пачаць тэрміновы пошук аб’екта назірання № 2181961.
Агент пільнасці 1 класа № 201937».
Дырэктыва дэпартамента пільнасці
«У мэтах хутчэйшых пошукаў аб’екта назірання № 2181961 стварыць камісію па пошуках названага аб’екта, спецнагляд над камісіяй, спецкантроль над спецнаглядам.
Старійыня дэпартамента пільнасці № 00-01».
Ля маіх ног б’ецца празрыстая вада. Чароды рыб падымаюцца да самай паверхні і мільгаюць срэбнай луской у сонечных промнях. Вецярок гоніць па вадзе лёгкія хвалі. А вада празрыстая, як сляза, я бачу бурштынавы жвір на рачным дне. Некалькі жывых, а не механічных лебедзяў плаваюць ля берага. 3 гоманам і смехам купаецца ў рэчцы дзятва. Сонечная вясёлка пырскаў мігціць у маіх вачах. Блішчаць мокрыя загарэлыя тулавы. Дзеці без масак, дзеці смяюцца. I ніхто не забараняе ім смяяцца і купацца ў рэчцы, ніхто не прымушае іх насіць маскі. Побач са мною стаіць на беразе дзяўчынка гадоў пяці. Блакітныя ўзрушаныя вочы з захапленнем глядзяць на гульні дзятвы, і ў дзяўчынкі вырываецца гучны шчаслівы смех. Калі пазіраю на яе, і мне робіцца добра і весела. Вабяць яе радасны тварык, яе ўсмешка і вочы. I я люблю гэты дзень, люблю гэтую рэчку, дзятву, што купаецца ў ёй, дзяўчынку на беразе. Вось бы распрануцца і паплюхацца разам з дзецьмі, узяцца з імі за рукі і закрычаць: «Баба сеяла гарох!» Але нешта стрымлівае мяне. Баязлівасць? Азіраюся, ці няма паблізу агентаў пільнасці, і халадзею сэрцам — да мяне крочаць дзве постаці, яны хоць і апранутыя ў вопратку, якую носяць у горадзе Шчасця, але на іх тварах няма масак. Яны падыходзяць да мяне.
— Вы нумар дваццаць адзін, восемдзесят адзін, дзевяцьсот шэсцьдзесят адзін? — пытаецца адна з іх.
Я згодна ківаю галавою.
— Просім прайсці з намі,— кажуць яны і прыхільна ўсміхаюцца мне.
Мы падымаемся на мост. Абапёршыся на парэнчы і гледзячы на раку, там стаяў высокі хударлявы чалавек. Ён, як і тыя двое, што прывялі мяне сюды, быў апрануты ў гарнітур майго часу. Чалавек павярнуўся... і я знямеў. Перада мною стаяў Прэзідэнт самай вялікай краіны. Знаёмая на ўвесь свет саладжавая штучная ўсмешка, якая павінна выказаць прэзідэнтаву абаяльнасць і шчырасць, сустрэла мяне.
— Ах, гэта вы,— ля ягоных старэчых стомленых вачэй
разбегліся хітраватыя зморшчынкі.— Таксама падарожнічаеце па мінулым? Няма нічога ў сённяшнім, каб яно не пачалося ўчора. Таму, каб зразумець, што адбываецца ў горадзе Шчасця, сёння трэба вяртацца сюды — у горад Мінулага.
Прэзідэнт любіў казаць банальныя ісціны. Але я нагадаў, што гэтая, здавалася, простая ісціна ў горадзе Шчасця пад забаронай. Якое мінулае? — яго ў горадзе няма, ёсць шчаслівае сённяшняе, светлае будучае.
— Прызнайцеся, мой малады сябар, што не чакалі тут мяне сустрэць? — мяккім голасам спытаўся ў мяне Прэзідэнт.
— Так, не чакаў,— згадзіўся я.
— Вось, думаеце, навошта Прэзідэнт трапіў сюды? Я мог бы вам адказаць, што ўсё гэта мне не патрэбна. Людзі часта акружаюць сябе непатрэбнымі рэчамі, займаюцца непатрэбнымі справамі і лічаць, што без гэтага не пражывуць, што ўсё гэта ім неабходна. Вось так у пагоні за падманнымі каштоўнасцямі і марнуюць сябе на драбноце. Але тут зусім іншы выпадак...— ён змоўк. Ягонае маўчанне мяне ўразіла. Я прызвычаіўся, што Прэзідэнт гадзінамі павучаў увесь свет, як трэба жыць, што ёсць дрэнна, a што — добра, павучаў з такім механічным майстэрствам валодання дыкцыяй і інтанацыяй, нат здавалася, што кажа загадзя складзеную і вывучаную прамову машына. А тут вось задумаўся. Значыць, і ён пакутуе на сумненні, і яму не ўсё зразумела ў гэтым жыцці.
— He думайце* што я займаюся не сваёй справай, хоць гэта зараз вельмі модна. Вось пісьменнікі болей разважаюць, як трэба пісаць раманы, а не пішуць іх,— зноў загаварыў Прэзідэнт.— Паэты складаюць не вершы, а кнігі па вершаскладанні. Святары не моляцца, а ўдзельнічаюць у імпрэзах. Мастакі забыліся пра пэндзлі і пнуцца ў палітычныя лідэры. Ну, а палітыкі болей падобныя на актораў. Вось чаму важныя дзяржаўныя справы я выконваю сам. Я тут, каб азнаёміцца, што можна зрабіць для росквіту дэмакратыі і правоў чалавека ў гэтым горадзе. Дзіўна, як гэтыя людзі столькі гадоў жылі без дэмакратыі? Трэба ім дапамагчы,— ён зноў усміхнуўся мне сваёй тэлегенічнай усмешкай.