Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

Перамога ценю

Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
95.66 МБ
-— Ну, чаго ты тут стаіш? — запытаў у мяне адзін з хворых, што зайшоў у морг.— А, прыгожая, прыгожая. Шкада, што так рана памерла,— прамовіў ён, зірнуўшы з-за маёй спіны на нежывую Софію.
Я нічога не адказаў, выйшаў з морга.
У тую ноч я не спаў. Разам з адным хворым, што дапамагаў везці нябожчыка ў морг, я піў спірт, які далі нам медсёстры. Хворага клікалі Васем, і ён распавядаў мне аб заморскіх дзівах, якія бачыў на свае вочы пад час вандровак па свеце. Яго я не слухаў. Я хацеў напіцца і не п’янеў. Успамін пра Софію, як боль, мучыў мяне. He памятаю, як гаворка перайшла на сэнс жыцця. I Вася паведаміў мне,
што далёка адсюль, на краі свету, ёсць мудрэц, які пражыў дзве з паловаю тысячы гадоў,— вось ён і павінен ведаць пра сэнс жыцця. А назаўтра я пакінуў шпіталь. Я адправіўся да мудраца.
VI
Праз колькі месяцаў вандраванняў па дарогах я дабраўся да жытла мудраца. Пасярод лясной паляны ў акружэнні пасівелых ад часу высачэзных дубоў прытулілася зарослая мохам хатка. Два невялічкія вакенцы, як два вокі, паглядалі на мяне. На дзвярах вісела шыльда, на якой фарбай было выведзена: «Мудрэц». Я падняўся па прыступках на высокі ганак, бразнуў у дзверы. Ніхто не адказаў. Штурхануў дзверы, і яны расчыніліся перада мною. У сенцах валяліся самыя розныя рэчы: конская збруя, зламаная мэбля, музычныя інструменты, абутак, кнігі, карціны. Слой пылу ляжаў на ўсіх рэчах. У кутках вісела павуцінне. Я адчыніў дзверы святліцы і ўвайшоў у яе. Увесь пакой быў абстаўлены шафамі з кнігамі. Проста перад маімі нагамі валяліся панчохі, парты, сарочкі. На ложку, праваруч мяне, каля сцяны спаў чалавек. Каля дальняй сцяны, ля акна, зацягнутага чорнай шторай, за мармуровым сталом, на якім стаяў тэлефон, седзячы ў разных дубовых крэслах, гулялі ў карты два чалавекі: адзін у камзоле, шарсцяных панчохах, другі ў вайсковым кіцелі, батфортах, з галавы з’ехаў на вуха парык з касічкай. Яны не заўважалі майго прыходу.
— Валет, дама. Твой дурань,— прамовіў чалавек у камзоле і, адкінуўшыся на спінку крэсла, паклаў нагу на нагу, задаволена заўсміхаўся. Пад носам заварушыліся падкручаныя ўгору вусы.
— Сам дурань,— адрэзаў другі.
— Ад дурня і чую.
Я нясмела кашлянуў, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Але на мяне і не зірнулі.
— Слава Богу, што ён адумаўся і нарадзіўся толькі ты,— верашчаў чалавек у камзоле.
— Ідзі ты ведаеш куды? — злаваў на яго чалавек у кіцелі, тасуючы карты.
— А я не хачу,— чалавек у камзоле ўдарыў кулаком па стале...
— He ведаеш, дзе падзець свае рукі? Засадзі іх у скрыню з-пад бульбы і выкінь на вуліцу.
— Разам з тваім крывым носам,— насмешліва перадражніў свайго таварыша чалавек у камзоле.
Колькі б яшчэ працягвалася гэтая сварка, не ведаю, але я перапыніў яе:
— Шаноўныя панове, прабачце мяне, што я перабіваю ваш дыспут. Я хацеў бы пацікавіцца...
Mae словы даляцелі да гульцоў у карты, яны, на момант сціхнуўшы, павярнулі галовы да мяне, акінулі позіркам маю постаць з ног да галавы.
— Хто там? — у адзін голас спыталіся яны.
— Я прыйшоў да мудраца.
— А-а-а,— зноў у адзін голас расчаравана працягнулі яны.
— Ёсць тут такі. Сцвярджае, што ён самы мудрэйшы на свеце, самы шматгранны чалавек,— мовіў чалавек у камзоле так, як кажуць у вёсках пра вясковых дзівакоў або дурняў, паблажліва і насміхліва.
— Ай, не тлумач,— перабіў яго чалавек у кіцелі,— усе і так ведаюць, што ты недалужны. Вам мудрэц патрэбны, а вунь — спіць,— ён паказаў на ложак.
Ну, нарэшце дапяў да сваёй мэты, зараз мне мудрэц растлумачыць усё, што так мяне хвалявала.
— Гэй, хопіць дрыхнуць, падымайся,— аклікнуў мудраца той, што быў у камзоле.
Чалавек на ложку нацягнуў на галаву коўдру.
— Ды яго з гарматы не падымеш. Разваліўся, як бык на папасе,— незадаволена мовіў той, у камзоле.
— Зараз яго як міленькага падыму,— адазваўся другі гулец у карты. Ён набраў па тэлефоне нумар, і праз імгненне пад падушкай у мудраца глуха затрашчаў званок. Гэтага было дастаткова, каб мудрэц схамянуўся ад сну. 3-пад коўдры паказалася яго галава. Хударлявая рука нырнула пад падушку і выцягнула адтуль тэлефонную трубку.
— Ах, цудоўна сябе адчуваю,— бадзёрым голасам закрычаў у трубку мудрэц.— Толькі-толькі з вуліцы прыбег. Ведаеш, мілы сябра, прабяжыш і так бадзёра сябе адчуваеш. Працаваў да позняй ночы і зранку працаваў. Тактак, працаваў. Hi хвіліны супакою.
— Ды ўгаманіся ты. Ведаем, як ты працаваў,— загугнеў у трубку чалавек у кіцелі.
— Ах, гэта ты! Анафема! Анафема! — расчаравана закрычаў мудрэц і засунуў трубку пад падушку.— He далі сон дасніць,— ён заплюшчыў вочы і, нібыта нагадаўшы пра нешта прыемнае, усміхнуўся добрай усмешкай.
— Што, зноў лётаў? — насміхліва пацікавіўся той, што ў кіцелі.
— Ага, сніў, быццам лячу я над морам. I такое яно прыгожае. Сонца залатой ладдзёй плавае па марскіх хвалях. Чайкі крычаць. Дэльфіны... I тут ты, аспід. О Божа, няма спакою старому чалавеку...
— Хопіць, вунь да цябе прыйшлі,— сурова перабіў мудраца той, у камзоле.
— Да мяне? — хуценька перапытаў мудрэц і павярнуў галаву ў мой бок. 3-пад сівых броваў старога на мяне пазіралі шэрыя задумлівыя вочы. Глыбокія зморшчыны зрэзалі яго хударлявы твар. Сівыя, зачэсаныя назад валасы агалялі пукаты лоб. У гэты момант пад падушкай зноў затрашчаў званок тэлефона. Мудрэц таропка схапіў трубку-
— А, гэта ты, рады цябе чуць. Хварэеш? Трэба мяняць дзежку на кватэру, a то жывеш па-за грамадствам. Цябе не разумеюць. Ну, гэта ты распавядай ім. Яны так і чакаюць, як ад цябе пазбавіцца. А я ім кажу, што ў мяне сухоты, што засталося жыць трошкі. Але калі-небудзь яны абурацца. Чакаюць, чакаюць, а ты не паміраеш. Пан, гэта ўжо нахабства. Гэта болей чым нахабства — пражыць з сухотамі яшчэ сто гадоў. Хто? Геракліт? А, гэта таго, якога Чорным клікалі? He, зараз не той час... А я як плазма, нешта нявызначанае ў формах, здаецца, лёгка рукой узяць, а не возьмеш, апячэшся... Ну добра, добра... Ну пакуль...— мудрэц засунуў трубку пад падушку.
Ён скінуў з сябе коўдру, сеў на ложак. Белае сподняе абцягвала яго худое тулава. Рассеяным позіркам слізгануў па падлозе, дзе валялася вопратка.
— Ну-с, малады чалавек, што вас прывяло да мяне? — Ён нахіліўся над падлогай, падняў панчоху і стаў яе нацягваць на худую валасатую нагу.— Кажыце.
Я пра ўсё і распавёў. За гэты час, слухаючы мяне, мудрэц адзеўся ў зялёныя шаўковыя панталоны, латаныпералатаны халат з выцвілымі ад часу вытанчанымі ўсходнімі ўзорамі.
— Мудрасць. Ісціна. Сэнс. Хацеў бы і я ведаць мудрасць жыцця,— панура мовіў стары, незадаволена правёў далонню па сівой доўгай барадзе.— Я прачытаў усе кнігі, што былі напісаны ад стварэння свету. I мне здавалася, я знайду ісціну. А яна, як жар-птушка, выпырхнула з рук. Мудрасць толькі гарачым крылом дакранулася да маёй галавы. I кожная новая кніга нараджала ў мяне сотні новых
пытанняў. Пакуль не зразумеў я, што кніга — толькі пратакол, дзе занатаваны чалавечыя пачуцці, цень ад сапраўднага жыцця, што падае ў бессмяротнасць. Хаця што казаць.— Мудрэц махнуў рукой.— Раней чалавек ведаў сэнс жыцця, і гэта неяк апраўдвала яго нараджэнне. Яму патрэбна была мудрасць. А зараз... Меў рацыю стары Гегельідэаліст. Цяжар вялікай мудрасці ніхто не хоча ўзваліць на свае плечы. Сучасныя мудрацы мовяць: «А», а вось да наступнага за ім «Б» і не ідуць. Усе даводзяць, што «А» прамовілі гучна і выразна. Ці вось яшчэ паслухай...— Мудрэц, перагнуўшыся, даклыпаў да радыё, што вісела на сцяне, пстрыкнуў выключальнікам.
Роўны голас дыктара паведамляў:
— Апошнія дасягненні нашых сацыёлагаў. Яны высветлілі, што ў працоўных скургалантарэйнай фабрыкі імя «Нашай Будучыні» дні нараджэння заключаны ў параметры часу ад першай да трыццаць першай лічбы.
Мудрэц выключыў радыё і сумна зірнуў на мяне, шчыра заўсміхаўся.
— Дама. Валет,— гулялі ў карты тыя за мармуровым столікам.
— Дурань!
— Сам дурань.
— Ад дурня і чую.
— Дык няўжо я не знайду адказу? — у адчаі мовіў я. Мудрэц усміхнуўся мне, падазваў да сябе пальцам.
Я падышоў да яго.
— Я табе дапамагу,— зашаптаў ён мне на вуха, узяў маю руку і павёў за сабою з пакоя.— Гэта мае вучні,— паведаміў мудрэц, калі мы зачынілі дзверы і апынуліся ў сенцах.— Я ім не давяраю. Лічаць мяне вар’ятам, а сябе геніямі. Ну дык вар’ятам і лягчэй жыць.
Ен памацаў сярод раскіданых рэчаў і выцягнуў з-пад разламанага крэсла, абцягнутага сярмягай, бутэльку з жоўтага шкла, у якой боўталася нейкая вадкасць.
— Вось,— ён па-змоўніцку зашаптаў, прыслухаўся да галасоў, што гучалі за дзвярыма.
— Гэта я дурань?
— А што, не бачна? — далятала з пакоя.
— Дык вось, гэта эліксір. Тысячу гадоў аддаў я, каб стварыць яго. Калі выпіць гэты эліксір, дык у чалавека вырастуць крылы.
— Крылы?
— Так, так, крылы. Як у анёла.
— Але навошта мне крылы?
— Тут, на зямлі, нічога нельга зразумець, бо не можам падняцца над зямной мітуснёй, над безданню цемры, а з нябёсаў убачыш увесь свет як на далоні. А можна падняцца і ў завоблачную высокасць, зазірнуць у яе, там мяжа быцця і небыцця, там сустракаюцца дзень і ноч, сонца і месяц. А там і да багоў блізка. Каб я быў маладзейшы — абавязкова ўзляцеў бы, ды...— мудрэц развёў рукамі,— старасць. А вучням я не давяраю. Бяры.— Ён працягнуў мне бутэльку.
I ўзяў я яе. Мудрэц паклаў мне на плячо руку.
— Памятаеш, як у пісьменніка: «Прыгажосць выратуе свет». Як геніяльна і як актуальна. Узрасціць прыгажосць у сябе, бачыць яе ў іншым чалавеку, у прыродзе, у простай рэчы. Штодня здзіўляцца прыгажосці, радавацца ёй, берагчы.— Ён змоўк, па-старэчы цяжка задыхаў. Я бачыў яго сумныя вочы, зморшчыны каля іх. Вакол яго грэчаскага носа дрыжалі зморшчыны. Дзіўны гэта быў чалавек. Зусім непадобны на мудраца, блазан, а разам з тым мудрэц. Мы развіталіся. Ён вывеў мяне з хаткі і доўга стаяў, пазіраў мне ўслед. А калі я азірнуўся, памахаў мне на дарогу.
VII
Наступным днём я выпіў эліксір, і доўга гарэла ў мяне ў горле. Праз якую гадзіну я адчуў незвычайную лёгкасць; цела нібыта страціла вагу. Ногі без цяжкасці адарваліся ад зямлі. Нейкая невядомая сіла валодала мною, сама несла мяне наперад, і здавалася, што я толькі па звычцы перастаўляю ногі.
Начаваў я ў стозе сена. I снілася мне, што лячу я над зямлёй. Гэта было незвычайнае адчуванне: жах і радасць, захапленне і асалода, дых мой перахапіла, вецер біў у твар. Мне было холадна, але я не замярзаў. А раніцай я прачнуўся і не паверыў сваім вачам: за спінай у мяне ляжалі крылы. Няўжо? Асцярожна я дакрануўся да іх і адчуў пальцамі аксамітавую мяккасць пёраў. Я расправіў крылы і ўзмахнуў імі раз-другі і адчуў, што ногі мае адарваліся ад зямлі. Я ўзляцеў над ёю.