Перамога ценю
Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
А я нагадаў, што Прэзідэнт рыхтуецца да выбараў і яму вельмі зараз патрэбныя галасы, патрэбная дабрадзейнасць, каб гэтыя галасы забраць сабе. Можа, таму ён тут?
— Я кажу вам праўду.
— Я вам веру.
— Дзіўна, калі я адкрываю душу, калі, як ніколі, шчыры перад людзьмі, усе лічаць, што я прыкідваюся, блазную. I наадварот, калі хаваю свае пачуцці, калі маню, усе лічаць мяне шчырым. Вось вам і дыялектыка: каб табе верылі, прыходзіцца маніць.
Прэзідэнт зірнуў на ручны гадзіннік.
— О-о,— працягнуў ён,— прабачце, я пазнюся. Мая вам парада, хутчэй пакідайце гэты горад, небяспечны для вас.
— Якая небяспека?
— Вы дрэнна ведаеце, што такое дэпартамент пільнасці. Вас ужо хапіліся і шукаюць. Гадзіна-другая, і агенты пільнасці дабяруцца сюды. Мой мілы сябар, паслухайце мяне, вяртайцеся назад. Дэпартамент не спіць.
У гэты момант да Прэзідэнта падкаціла запрэжаная чацвёркай бялюткіх жарабцоў карэта. Двое слуг саскочылі з запятак, ветла пахіліліся Прэзідэнту і адчынілі перад ім дзверцы.
— Да пабачэння. Прыемна было сустрэцца з вамі. Я абавязкова згадаю пра гэту сустрэчу ў сваёй кнізе «Роздумы з нагоды і без нагоды»,— развітаўся са мною Прэзідэнт і сеў у карэту.
У далечыні вуліц заціх грукат карэтных колаў, а я яшчэ доўга стаяў на мосце. Што мне рабіць? Збіраць такія патрэбныя ў горадзе Шчасця звесткі пра мінулае ці вяртацца назад? А як жа горад Шчасця? Згадаліся шэрыя, падобныя адзін да аднаго, будынкі, пакорлівыя постаці ў чэргах па талоны шчасця, абыякавасць да ўсяго ў вачах моладзі, самазадаволеная ўсмешка старшыні ўсіх дэпартаментаў, агенты пільнасці ля кожнага ліхтара, ля кожнага будынка, лес крыжоў, пад якімі была пахавана праўда, старэнькая матуля, шмат чаго мне згадалася, і я зрабіў выбар — застаюся. Зрэшты, Прэзідэнт мог памыліцца, як усялякі чалавек. I, відаць, яму сур’ёзна заманулася завесці ў горадзе дэмакратыю і правы чалавека, каб заваяваць яшчэ адзін бал у барацьбе за прэзідэнцкае крэсла, таму жадае справадзіць мяне адсюль, каб не замінаў яму. Я не паверыў у ягонае папярэджанне і застаўся ў горадзе Мінулага.
I вось я крочу па горадзе. Любуюся яго прыгажосцю.
А паўз мяне крочаць людзі, і ўсе без масак, размаўляюць і смяюцца. Ніколі не думаў, што могуць быць такімі прыгожымі людскія твары, асабліва жаночыя. У кожную жанчыну, што праходзіла паўз мяне, я ўлюбляўся. I трыво-
жылі маё сэрца іх усмешкі і вочы. Як тут не зайздросціць мужчынам, што жылі ў горадзе?
— Падарожнік, не спяшайся, заходзь да мяне,— аклікнуў мяне з балкона аднаго з дамоў стары. Ягоныя вялікія добрыя вочы, адкрыты прыгожы твар выклікалі давер.
— Адкуль вы ведаеце, што я падарожнік?
— А я тут усіх ведаю, цябе ж бачу ўпершыню. I вопратка ў цябе не тутэйшая. Заходзь да мяне, спачні з дарогі.
У дзвярах яго дома мяне сустрэла маладая прыгожая дзяўчына. Я бяру з яе рук хлеб і соль, дзякую за сустрэчу. Дзяўчына запрашае мяне ў дом і цалуе ў вусны. У святліцы гаспадар запрашае мяне за стол паснедаць. «Вось тут мудрэц, які растлумачыць мне, што такое Любоў, Шкадоба, Памяць. Адказнасць перад Богам і Людзьмі, Духоўнасць»,— думаю я, паглядаючы на старога. Доўгія космы сівых валасоў, белая густая барада, цёмныя з сівізной бровы, якія навіслі над вачыма, вялікі пукаты лоб надаюць старому выгляд біблейскага мудраца з палотнаў старых майстроў, рэпрадукцый-паштовак, якія захаваліся ў матулі.
— Як жа цябе завуць, чалавек?
— Нумар дваццаць адзін, восемдзесят адзін, дзевяцьсот шэсцьдзесят адзін,— адказваю я і бачу, як вочы старога ад здзіўлення расшырыліся.
— Хіба можна так называць чалавека? — наіўна спытаўся ён.
— А як жа? — прыйшла чарга здзіўляцца і мне.
— Як? Любка, Міраслаў, Лесь, Лель, Прадслава, Бажэнка, Яна, Рагнедзь, Алеся. Услухайся, якая паэзія. Як жа так вы згубілі імёны? Адкуль ты прыйшоў?
Як мы згубілі свае імёны? Я і сам хачу спытаць гэта, але ў каго? Што ж яму адказаць? Прамаўчаць? А што яму мовіць пра горад Шчасця? Адкрыць, што я прыйшоў з будучага, у якім наканавана жыць ягоным унукам? He, я і тут прамаўчу. I я выдумляю пра нейкую далёкую краіну, у якой жыву, што пачуў аб іхнім слынным горадзе і вось выправіўся ў няблізкі шлях, каб на свае вочы пабачыць яго. Стары, як ні дзіўна, верыць мне, і вочы яго зіхацяць шчаслівай слязой. Даслухаўшы мяне, ён па-маладому падхопліваецца на ногі.
— О, наш горад! Мы любім яго! Пайшлі, я пакажу ягоныя славутасці,— ён выводзіць мяне на балкон.— Вунь той храм,— паказвае ён на будынак з вежамі, што птушкамі рваліся ў неба,— будавалі мае дзяды, у ім хрысцілі май-
го бацьку і мяне. У ім я хрысціў сваіх сыноў і ўнукаў.
Ён казаў, а я маўчаў. Маўчаў пра тое, што храм гэты разбураны і паставілі на ягоным месцы помнік чарговаму старшыні дэпартаментаў, якому праз некалькі гадоў знеслі галаву, а замест яе прыладзілі галаву новага старшыні.
— А вунь у тым храме,— стары паказаў на другі будынак з высокімі вежамі,— пахаваны наш герой. Ён абараняў горад ад ворагаў. Мы пабудавалі ў памяць аб ім храм, дзе і пахавалі яго.
А я маўчаў, што храм гэты, як гняздо цемрашальства, таксама даўно знесены і на ягоным месцы п’янтосы ў жлуктоўні «Ветерок» наталяюць прагу.
Стары распавядаў пра дом, дзе нарадзіўся паэт, які хаця і памёр юнаком, але пакінуў у спадчыну нізку чароўных вершаў. Ягоны дом таксама ўжо зруйнаваны.
— А вунь там тэатр. Там упершыню прагучала музыка нашага кампазітара, якога пасля ўвесь свет назаве вялікім.
А я нагадаў, як білі чыноўнікі дэпартамента культуры кулакамі ў грудзі і запэўнівалі ўсіх, што плячыма падапруць будынак тэатра, а ноччу разбурылі яго. Я маўчаў. I тут на плошчу выехаў бранявік. Цераз увесь браніраваны кузаў было выведзена чырвонай фарбай — «Дэпартамент Пільнасці». Гараджане здзіўлена глядзелі на браніраваную машыну. А я пра ўсё здагадаўся. Прэзідэнцкае прадказанне збылося. Дэпартамент не спаў. 3 браневіка выскачылі агенты. Яны ўбачылі мяне на балконе.
— Вось ён, вось ён! — раз’ятраныя галасы агентаў загучалі на пляцы. Агенты пабеглі да дома старога.
— Хто гэта такія? Яны што, звар’яцелі? — нічога не разумеў стары.
— He, яны не звар’яцелі. Яны робяць сваю справу. Гэта я — вар’ят,— адказаў я.
Ён з трывогаю паглядзеў на мяне.
— Як гэта ты вар’ят?
— Вар’ят. Так-так, вар’ят. Я не хачу быць шчаслівым, жыць у самым шчаслівым месцы на свеце. Я не хачу радавацца свайму шчасцю. Вось па мяне, неразумнага, паслалі, каб вярнуць да шчасця.
— Ратуйся, уцякай,— падштурхнуў мяне стары.— Бяжы.
Я вылецеў са святліцы і пабег па доўгім-доўгім цёмным калідоры, які асвятляў адзіны ліхтар. А за спінаю ўжо чуўся грукат ботаў. Гэта быў бег зацкаванага звера, які не ведаў, куды бегчы, што там чакае наперадзе — мо паст-
ка? — толькі бегчы, толькі б пазбавіцца пагоні. У канцы калідора былі выратавальныя дзверы. Я падбег да іх, схапіў колца, што звісала з жалезнай ашчаперанай пашчы, і пацягнуў дзверы на сябе.
У невялікім пакоі за дубовым сталом, на якім стаяла ў патэльнях і місах снеданне, сядзелі барадатыя, у белых плашчах мужчыны. Крайні ля дзвярэй паспешліва схаваў пад стол бутэльку, але я ўбачыў наклейку «Портвейн. Плодово-ягодное внно».
— Што здарылася, мой сябра? — звярнуўся да мяне мужчына, што сядзеў у сярэдзіне застолля. Ен вельмі быў падобны на Хрыста, якога я бачыў на матчынай паштоўцы «Дынарый кесара». Ягоныя добрыя і сумныя вочы з любоўю пазіралі на мяне.
— За мной гоняцца. I нідзе мне няма выратавання.
— Тут, сярод нас, ты знойдзеш выратаванне. Сядай за наш стол.
Я сеў за стол.
— Дык вось, вучні мае, ведаеце, што трэба зрабіць, калі вам будзе цяжка? Адшукайце чалавека, якому яшчэ горш, чым табе,— казаў ціхім голасам падобны на Хрыста.
— I на ягоных пакутах суцешыць сябе, маўляў, не мне аднаму кепска,— адказаў чалавек, які хаваў бутэльку віна.
— He, ты не так зразумеў. Дапамажы яму, і тады адчуеш боскае шчасце, бо, моўлена ў Святым пісьме, хм...— «Хрыстос» сумеўся, апусціў вінавата ўніз вочы, узяў са стала тоўстую кнігу і стаў паспешліва гартаць яе.
«Калі невідушчы невідушчага...» — нагадаў я. Калі сюды патрапяць агенты пільнасці, абавязкова знойдуць гэтую забароненую кнігу, і пачнецца следства: што за людзі, чаго сабраліся, адкуль у іх гэтая кніга.
— Давайце схаваем Святое пісьмо,— звярнуўся я да чалавека, падобнага на Хрыста.— Хай у нас будзе сяброўская пагулянка. Гэта не выкліча падазрэнняў у тых, хто гоніцца за мною.
—Хай будзе так,— згадзіўся са мной «Хрыстос» — Баста,— рэзка ўскрыкнуў ён.
Той, што хаваў віно, дастаў з-пад стала бутэльку, злосна зірнуў на мяне. Астатнія скідвалі з твараў маскі, выслабаняліся ад плашчоў. I ўбачыў я перад сабою людзей, апранутых у форму старшынь дэпартаментаў. «Хрыстос» — калматыя бровы над шклянымі нежывымі вачыма, друзлы маршчыністы твар кітайскага бажка, каўпак блазна на галаве. Увесь ягоны мундзір быў абвешаны медалямі
і значкамі: «Выдатны выспявала», «Пераможца марафону», «Ударнік». Дык гэта ж старшыня дэпартамента. Адкуль ён тут? Я азірнуўся на чалавека, які хаваў віно, і аслупянеў... Перада мною сядзеў Прэзідэнт. Ягоная тэлегенічная ўсмешка нібы казала: «Я ж папярэджваў цябе». Побач з ім запіхваў у рот гурок мажны барадаты мужчына, ягоны мясісты нос, як чырвоны ліхтар, палымнеў у паўзмроку; гарматным ядром красавалася буйная лысая галава. За ім, разваліўшыся на лаве і склаўшы рукі на грудзях, з цікавасцю пазіраў на мяне праз пенснэ нейкі незнаёмец. За імі, у акружэнні двух чалавек, незадаволена бухаў кулаком па стале, аж скакалі міскі і шкляніцы, і крычаў: «Я ім пакажу кузькіну маці» нехта хударлявы з маленькімі вусамі пад доўгім храсткаватым носам. «Відовішчаў і хлеба. А будзе хлеб — будуць і спевы»,— казаў хударляваму той, што сядзеў леваруч. «Ніякіх паслабленняў»,— казаў той, што сядзеў праваруч. За імі ўбачыў чалавека, які абыякава да ўсяго, што дзеелася побач, дыміў трубкай. Каля яго, абхапіўшы рукамі галаву, паставіўшы локці на стол, сядзеў нейкі стары. Ён не пазіраў на мяне, нібы палохаўся сустрэцца са мною позіркам. Ля дзвярэй, шырока расставіўшы ногі і заклаўшы рукі назад, стаялі з нерухомымі тварамі супрацоўнікі Прэзідэнта. Усё гэта было так нечакана для мяне, што я нічога не разумеў. Якім чынам гэтыя людзі сабраліся разам? Што яны тут робяць? Прэзідэнт па шкляніцах разліваў віно. Цурчэла чырвоная вадкасць. Калі віно было разліта, падняўся старшыня, трымаючы шкляніцу ў руках.