Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

Перамога ценю

Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
95.66 МБ
дабрыню, і няшчасны будзе выклікаць у іх смех, і ўсё болей і болей зла прыбавіцца ў гэтым свеце. А ён жа сваімі песнямі мог хоць неяк бараніць людзей ад зла. Хто скажа чалавеку, што ён чалавек? Гамэр? Кожны асуджаны адказваць за ўсё, што робіцца на свеце, а значыць, не свабодны ў сваіх жаданнях. Людзі забыліся пра гэта, людзі спадзяюцца на багоў і забыліся, што жывуць сярод людзей.
Усё было прадвызначана. Ад свайго лёсу ён не ўцёк. Насустрач ішла Іфігенія. Як забілася трывожна сэрца! Ніколі так не хваляваўся. Да яго ішла яна. Прыгожая і чароўная. Яе чорныя валасы, не ваблівыя вочы, яе прыгожы твар, яе танклявыя рукі, гэтыя выступы грудзей з-пад тунікі — усё гэта можа належаць яму. I яна таксама адорыць яго пяшчотаю і каханнем. I хіба гэта не шчасце? I хіба гэта не вартая ахвяра? Яна параўнялася з Гамэрам. Зірнула на яго. I ў вачах яе, як і тады, убачыў ён сляпое захапленне, трапяткую боязь і дзіцячую цікаўнасць.
— Мір табе, Іфігенія,— мовіў ён, з асалодаю вымаўляючы яе імя. I голас яго не задрыжэў, не сарваўся. I не засаромеўся ён.
Чырванню ўспыхнулі яе шчокі. Дзяўчына спынілася, хуценькім позіркам зірнула ў адзін бок, у другі. Апроч іх дваіх на вуліцы нікога не было.
— Ты ведаеш мяне? — разгублена прамовіла Іфігенія.
— Ведаю.
— А хто ты такі? — Яна чакальна зірнула на яго.
Усё атрымалася само сабою. Гэта падман, гэта гульня з лёсам. Само сабою нарадзілася ў галаве імя, і Гамэр назваў яго.
— Неокл, я прыехаў сюды з Афін. Я бачыў цябе ўчора, і ты спадабалася мне.
— Я многім падабаюся,— з пахвальбою адказала дзяўчына і па-дзіцячы нявінна заміргала веямі.
— Ты спяшаешся? — любуючыся кожнай рыскай яе твару, спытаўся Гамэр.
— А сумна на гэтым свеце,— расчаравана прамовіла Іфігенія, скрывіўшы вусны.— Іду дадому.
— Мне можна правесці цябе?
Хоць яна і не згадзілася, але і не мовіла: «Не».
Яны ішлі па апусцелай вуліцы. Што ж, Афрадыта выканала сваё абяцанне. Вось перад ім тая, якую ён пакахаў. I як яна паглядае на яго. Закахалася. А таго ранейшага Гамэра яна не кахала. I толькі вось за гэтую маску, якую дала яму Афрадыта, яна гатова ахвяраваць сабою. За
маску. He за душу, не за сэрца, не за розум, а за маску...
— Адкуль ты ведаеш маё імя? — парушыла іх маўчанне Іфігенія.
— Мой знаёмы паведаміў, Гамэр,— ён назваў сваё імя не наўмысна, проста яно першае прыйшло на розум.
Іфігенія засмяялася і праз смех выпаліла:
— Гэты дурненькі?
I яна... яна смяялася з яго! I яна такая ж, як усе. Як ён памыліўся!..
— Чаму... ча-му... ты так кажаш? — Словы, як стогн, зляцелі з яго вуснаў.
Яна, не задумваючыся, са смехам адказала:
— А яго дурненькім усе лічаць.
Дурненькі! Вось табе прысуд, Гамэр!
А, зрэшты, чаго ён чакаў? Натоўп і творца. I няма творцу месца ў натоўпе. Ён адзінокі. Дзякуй багам, што яго яшчэ не закідалі камянямі.
— Ен выбраннік Каліопы.
I зноў Іфігенія прыгожа і гучна засмяялася, даводзячы яго гэтым сваім смехам да адчаю.
— Падумаеш, паэзія...
— Ну як жа не любіць яе? — вырвалася ў яго.
— А гэтым пытаннем хай твой Гамэр мучаецца. Лепш бы ажаніўся. Ды толькі — хто за яго пойдзе?
Кожнае яе слова крала ў яго той вобраз, які ён прыдумаў для сябе. 3 кожным словам губляў ён чароўную, узнёслую і паэтычную Іфігенію.
— Я думаў, што ты зусім не такая,— з сумам і расчараваннем мовіў ён.
Яна спынілася. Веі яе чорных вачэй задрыжэлі.
— Якая ёсць, такая і ёсць,— капрызна адрэзала дзяўчына і, ускінуўшы галаву, вытанчаным рухам правяла рукой па сваіх валасах.
Ну і што — ён кахае яе і такую. Ён прымае яе такой. Яна дзіця гэтага свету з усімі яго прымхамі і нечаканасцямі. А якой ёй быць?
— Я кахаю цябе, Іфігенія!
I нічога не адбылося незвычайнага. Словы гэтыя былі вымаўлены — і дзяўчына, нібы неаднойчы чула гэтыя словы, спакойна адказала:
— Будзеш мяне забаўляць, катаць на караблі, дарыць падарункі — буду цябе любіць.— Памаўчала і нечакана зусім другім голасам — сумным і даверлівым — мовіла: — He думай, што ў мяне няма душы і сэрца. Я таксама кахала
і пакутавала. I па-ранейшаму кахаю, хоць і безнадзейна. Я мару, каб хто мяне пакахаў і звёз з гэтага горада, каб забыцца пра мінулае.
Яна спынілася і паглядзела на яго. I ў яе вачах — надзея.
— А калі б гэты чалавек быў Гамэр?
Горкая ўсмешка кранула яе вусны.
— Ды што ты ўсё пра яго? Ён сваёй паэзіяй шчаслівы! He праводзь мяне далей, не трэба.
I яна пайшла далей адна. Вось і ўсё. Імгненне — пачатак і канец іх сустрэчы. 3 супярэчнасцяў гэтага свету, з яго, Гамэравых, мар з’явілася гэтая дзяўчына і пайшла ў супярэчлівы свет, забраўшы з сабою яго мары. I выбірай.
I што ты выбраў, Гамэр?
Дома яго чакала Афіна, велічная і дзіўная ў сваёй боскай прыгажосці. Але куды ёй да Іфігеніі. Прыгажосць яе не жывая. Яна палохае сваёй халоднасцю і правільнасцю. Прыгажосць мармуровай выявы, а не жывога чалавека.
— I што ты выбраў, Гамэр?
— He кажы мне пра славу, пра бессмяротнасць, пра служэнне людзям. Чаго гэта варта, калі я дзеля гэтага адмоўлюся дапамагчы чалавеку, якому патрэбна мая дапамога? Хоць аднаму, аднаму чалавеку зрабіць добрае.
— I тысячы асудзіць на пакуты.
— А што мне рабіць, вялікая дачка Зеўса? — у адчаі ўсклікнуў Гамэр.
— Успомні Праметэя, які прынёс вам агонь. А ты нясеш людзям слова, у якім вечны Логас,— спакойна прамовіла багіня.
— Я кахаю яе. I без яе я нічога не здолею зрабіць,— ён уткнуўся тварам у далоні, нібы хацеў схавацца ад гэтага жорсткага свету з яго немінучым выбарам.
— Я вырву з твайго сэрца стралу Эраса. Пакуль рана не загоіцца — яна баліць. Але боль і адчай адкрываюць глыбіню мудрасці. У адзіноце прыйдзе да цябе мудрасць. I ніводзін жаночы погляд не параніць тваё сэрца. I забудзеш ты Іфігенію. I застанецца ў цябе неўміручае слова, тваё слова.
Ён маўчаў доўга, і Афіна цярпліва чакала адказу; пасля падняў твар ад далоняў.
— Ніхто не пазбегне свайго лёсу,— ціха прамовіў Гамэр.
I толькі ён змоўк, як яркае святло асляпіла яго. Ён заплюшчыў вочы. А калі расплюшчыў — начная цемра сустрэла яго.
— Што гэта? Я нічога не бачу,— ён выцягнуў руку і стаў мацаць перад сабою.— Я нічога не бачу. Навошта гэта? He хачуі
— Памятай, Гамэр, пра тых, дзеля каго ты пасланы багамі. Памятай, што словам сваім ты выхаваеш Эладу.
I багіня змоўкла. Ён не бачыў, як ператварылася яна ў саву,— толькі пачуў, як залопалі птушыныя крылы і як гук іх аціх удалечыні. Гамэр застаўся адзін.
Людзі нат з птушынай вышыні здаваліся, як заўсёды, мітуслівымі і неразумнымі. Каля храма Апалона вадзілі яны карагоды. А хор спевакоў славіў музу Каліопу, якая натхняе паэтаў і аэдаў. Якія наіўныя людзі! Ды і што яны ведаюць пра багоў? Тое, што самі багі пажадаюць. Яна пажадала адпомсціць ганарлівай Афрадыце, якой Парыс аддаў залаты яблык як самай «чароўнай». Цяпер даведаюцца і людзі пра гэтую «чароўную», пра яе блуд з грубым Арэсам, пра подзвігі грэкаў, якіх падтрымлівала яна, Афіна, у вайне з улюбёнцамі Афрадыты траянцамі. Пра ўсё гэта і мовіць невідушчы Гамэр.
1990 г.
ПЕРАД МАІМІ ВАЧЫМА...
Велізарныя чорныя пацукі насцярожлівымі лупатымі вочкамі паглядаюць на мяне. Яны ведаюць, што Правадыр заявіў перад усімі: забойства пацука — гэта страшнае злачынства супраць чалавецтва, і таму зусім не баяцца мяне. Перашэптваюцца між сабою, шмыгаюць доўгімі насамі, паказваючы вострыя зубы, злавесна пасміхаюцца. Я бачу, як дрыжаць ад усмешак іх маленькія, як і ў Правадыра, вусікі. Нарэшце адзін падбягае да мяне і паспешліва кусае за нагу. Я трываю. Пацук нахабнічае — зноў мяркуе куснуць мяне. Але на гэты раз я нагой б’ю яго па ненавіснай мызе. Чорнае тулава пацука пакацілася па каменнай падлозе, потым раз-другі ў перадсмяротных сутаргах здрыганулася і заціхла. I тут жа пацукі заскавыталі чалавечымі галасамі: «Гвалт! Гвалт! Забіў! Забіў!» — і ўсёй гайнёю пабеглі да мяне. У вачох замільгала ад чорных спінаў
і хвастоў. Я ўскочыў з падлогі. Убачыў, як нежывы пацук расплюшчыў адно вока і паглядзеў на мяне. Загнаны ў самы кут каморы, я адбіваўся ад пацукоў. Адзін за адным адляталі ад удараў чорныя звяркі. Мая віна перад чалавецтвам павялічвалася. Так і не адолеўшы мяне, пацукі акружылі кут і цярпліва сталі чакаць, калі я, знясілены сном, апушчуся на падлогу...
Мы любілі яго, мы верылі яму, мы ішлі за ім, мы ганарыліся ягоным сяброўствам. Ен нёс наш Сцяг. Варожыя кулі спявалі нам гімн мужнасці, і многія нашы сябры падалі з працятымі сэрцамі. Ніколі на ягоным твары мы не бачылі жаху. «Уперад, сябры мае, перамога будзе за намі»,— увесь час заклікаў ён. I мы ішлі за ім у бой, і мы перамагалі. Калі пілі горкае віно перамогі, ён плакаў ад шчасця. «Сябры, мілыя, што б я без вас рабіў? Гэта вы падтрымлівалі мяне, і ўдары вашых сэрцаў чуў я праз спеў варожых куль. Гэта вы здабылі перамогу». 3 радасці мы цалаваліся і плакалі. Мы ўсе любілі яго. «Вядзі нас далей. 3 табою жадаем будаваць Дарогу Шчасця. Будзь нашым Правадыром»,— прасілі мы.
— Што вы? Хіба змагу! — аднекваўся ён.
— Зможаш. Хто іншы, калі не ты? — крычалі мы.
Так ён стаў Правадыром. Мы будавалі Дарогу, дзень і ноч, летам і ўзімку, мы не шкадавалі сябе. I ён працаваў з намі. Вечарам мы збіраліся ў ягоным цесным пакойчыку, згадвалі загінуўшых сяброў, спявалі песні сваёй маладосці, марылі аб будучыні. «Сябры, што б я без вас рабіў? Вы мне і апора, і надзея»,— часта казаў ён. У гэтыя хвіліны ягоны твар, адухоўлены любоўю да нас, быў як ніколі прыгожы і прывабны.
Мінула колькі гадоў. Будавалася яшчэ Дарога Шчасця, але Правадыр ужо не працаваў з намі з капачом і кайлом у руках, цяпер ён узяў у рукі пяро. Са свайго цеснага пакойчыка перабраўся ў шыкоўныя апартаменты палаца, які належаў некалі Дэспату. Замест простай вопраткі Правадыру пашылі маршальскі мундзір. I нас, сяброў сваіх, рэдка запрашаў да сябе. А калі мы і меліся пабачыць яго, ахова, што вартавала палац, адказвала: «Правадыр вельмі заняты. Ён просіць прабачэння. Як-небудзь іншым разам прыме вас». Але іншы раз так і не надыходзіў.
— Ды што ты, сябра мой,-— калі я нарэшце трапіў да Правадыра, шчыра прызнаўся ён,— пра які гонар ты кажаш? Я зусім не змяніўся,— па-сяброўску паляпаў мне па плячы.— Я такі, як і раней. He шкадую сябе, удзень і ўно-
чы думаю, як лепей будаваць Дарогу Шчасця. Думаеш, гэта проста? He, сябар, гэта не проста. А гэтыя апартаменты,— ён абвёў вакол рукой,— мундзір... He бяры да галавы. Гэта для велічнасці нашай мэты, каб паважалі нас.