• Газеты, часопісы і г.д.
  • Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

    Перамога ценю

    Вітаўт Чаропка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 270с.
    Мінск 1996
    95.66 МБ
    «Вы брат Філарэта?» — спытала Алена і міла ўсміхнулася Георгію. А ў яго і сэрца абарвалася. «Так»,— ледзь чутна вымавіў ён і пачырванеў, не маючы смеласці падняць на дзяўчыну вочы. «Які вы шчаслівы,— казала ў захапленні Алена.— Вы штодня бачыце вялікага чалавека і размаўляеце з ім. Мы ўсе ганарымся, што з’яўляемся сучаснікамі Філарэта, што жывём у адным з ім горадзе». Георгій падняў на дзяўчыну вочы і зачаравана пазіраў за рухам яе вуснаў, як яна кранальна падымала шоўкавыя бровы на гладкі лоб, як дрыжэлі яе доўгія веі. «Калі вы жадаеце пазнаёміцца з маім братам, я запрашаю вас заўтра ў госці да нас»,— не верачы, што дзяўчына прыме яго запрашэнне, прапанаваў Георгій. Яна шырока расплюшчанымі вачыма зірнула на юнака, нібыта не верыла ў сур’ёзнасць яго слоў, і тут жа шчасліва заўсміхалася, бліснуўшы жэмчугам зубоў, і, як дзіця, радасна пляснула ў далоні: «Як цудоўна!» Гэтай сваёй шчырай радасцю Алена расчуліла Георгія.
    «Уся яе ганарлівасць падманлівая, яна зусім іншая, яна шчырая, вясёлая, добрая»,— падумалася яму.
    Як на крылах вяртаўся Георгій дадому. Уся душа яго спявала. «Немагчымае магчыма, немагчымае магчыма». Вось ён і пазнаёміўся з той, да якой палохаўся нат падысці, а заўтра сустрэнецца з ёй зноў. «Брат,— прыйшоўшы дадому, звярнуўся ён да Філарэта,— я запрасіў яе да нас. Заўтра яна прыйдзе ў госці».— «Хто «яна»?» — не адрываючы галавы ад манускрыпта, спытаўся Філарэт. «Як жа? Я табе распавядаў, што закахаўся. Я запрасіў яе да нас. Яна так хацела пазнаёміцца з табою».— «Ах, памятаю, ты нешта казаў пра сваё каханне. Усё правільна зрабіў. Прыгледзім-
    ся да яе. Каханне часта невідушчае, і не заўважаеш адваротнага боку. А часцей бывае — прагнеш любові і падманваеш сябе, выдумваеш сабе каханне, а пасля — расчараванне...» — «Якое расчараванне? Я кахаю яе».
    Доўгай здавалася Георгію тая ноч. I доўга ён не мог заснуць, толькі заплюшчыць вочы, як з цемры выступае стройная постаць Алены. Развіваецца на ёй туніка, што акрэслівала маладыя ногі, выступы дзявочых грудзей. Алена падыходзіць да яго, прысядае на ложак і кажа: «Ты чакаў мяне, і я прыйшла. Я ведаю, што ты кахаеш мяне, і я цябе кахаю». Пяшчотнымі рукамі цёплых далоняў гладзіць яго па валасах, нахіляецца над імі цалуе ў вусны. He спалася Георгію. Некалькі разоў выходзіў ён у сад. Над галавой вісела зорнае неба. У прасветах паміж галінаў бруілася месячнае святло. Гучна спявалі цыкады. Водар нагрэтай за дзень зямлі, кветак і дрэў як ніколі кружыў галаву. Прахалодны подых з мора прыемна асвяжаў тулава. Гэта была самая дзівосная і незабыўная ноч у жыцці Георгія, ноч прадчування здзяйснення мары.
    — Адкуль вы ведаеце такія падрабязнасці? Што думаў і перажываў Георгій? Ці ён сам вам расказаў? — адарвала позірк ад дарогі жанчына і запытальна зірнула на незнаёмца.
    Неяк дзіўна ён усхліпнуў горлам, як чалавек, якога нечакана злякнулі. На шыі крануўся коўцік. Падарожнік праглынуў сліну і адвёў ад жанчыны вочы.
    — Ну чаго вы змоўклі?
    — Я, можа, і не ведаю ўсіх драбніц, але мне здаецца, што менавіта так думаў Георгій. Са мною таксама некалі ў юнацтве адбылося такое. Ну вось я і вырашыў... Закаханыя так падобны адзін да аднаго,— мовіў ён няўпэўнена і чакаў, што жанчына будзе аспрэчваць яго, але не, памыліўся.
    — 3 вашым талентам толькі кніжкі пісаць. Нягледзячы на тое, што ў вашым апавяданні многа недарэчнасцей, a то і проста выдумкі, мне цікава слухаць вас. Вось яно — жывое дрэва мастацтва.
    — Наступны дзень Георгій правёў у клопатах. Упрыгожыў пакоі кветкамі. К вечару дом быў падрыхтаваны да сустрэчы дарагой госці. У прыгожых вазах — ружы, у амфарах — віно, на стале — вінаград, ананасы, заморскія ласункі, мёд, смажаная рыба, дзічына. Георгій, апрануты ў шоўкавую белую тогу і абуты ў белыя скураныя сандаліі, нецярпліва праходжваўся па мармуровай падлозе гасцёўні
    і з надзеяй паглядаў у вокны. Філарэт, які ў бібліятэцы чытаў манускрыпты, некалькі разоў выходзіў у гасцёўню і насмешліва паглядаў на брата. I сапраўды Георгій закахаўся. Хто яна, шчаслівая? Пэўна, нейкая дзявуля-дурнічка з прыгожанькім тварам. Ну, Бог з ёй. Каб яна ўтрымала брата каля сябе, не дала яму зноў сябраваць з гэтымі грубымі маракамі, што так ганьбіць яго, Філарэта. I калі сонца сабралася на захад і спала дзённая спёка, прыехала на калясніцы Алена. Яшчэ здалёку Георгій убачыў з акна запрэжаную белым канём калясніцу, якой кіравала дзяўчына. Вытанчана і лёгка трымала яна лейцы. Ветрык развяваў белую туніку і чорныя доўгія валасы дзяўчыны. «Алена! » — ускрыкнуў Георгій і пабег насустрач каханай. Каля дома яна спыніла каня. Георгій падаў ёй руку. Маленькая дзявочая далонь легла ў яго далонь. Алена ступіла на прыступку і сышла з калясніцы. Тыя некалькі хвілінак, пакуль ён трымаў дзявочую далонь, здаліся яму непаўторнымі.
    — Спадзяюся, што і гэта вы прыдумалі для яскравага апавядання? — спыталася паспешліва жанчына.
    — Вядома. Жыве дрэва мастацтва — імправізацыя,— паспяшаў згадзіцца падарожнік.
    — Але цікава. Ну і што далей, калі прыехала Алена да Георгія?
    — «Вось і я,— весела прамовіла дзяўчына.— Добры вечар, Георгій». Ён таксама прывітаўся. Каля мармуровых прыступак, што падымаліся да парадных дзвярэй, дзяўчына нясмела азірнулася на Георгія. Ён шчаслівай усмешкай падбадзёрваў госцю. I вось яна ўвайшла ў дом. У вітальні, распісанай фрэскамі на тэму любові Псіхеі і Эрота, іх сустрэў Філарэт. «О, здаецца, багіня сышла з Алімпа ў нашае жытло! Вітаю вас, багіня!» Філарэт манерна развёў рукі і ветла ўсміхнуўся. Чырвань заліла дзявочы твар. Алена сарамліва апусціла доўгія вейкі. Філарэт як гаспадар распараджаўся ўсім, размаўляў з дзяўчынай, частаваў яе віном і ласункамі, іграў для яе на арфе. Георгій сядзеў у куточку на мармуровай лавіцы і любаваўся Аленай, кожным яе рухам, як вытанчана трымае яна ў руцэ кубак, кладзе ў рот вінаград, смяецца. He выпала з-пад яго ўвагі, што дзяўчына крадком з-пад вейкаў паглядае на Філарэта. Неяк слова за словам наладзілася і размова. Яны гаварылі пра паэзію, філасофію, гучалі імёны вялікіх.
    Георгій не браў удзелу ў размове. Ды і што ён мог сказаць пра філасофію і паэзію? Вось і выпадала маўчаць.
    Пасля Філарэт чытаў вершы. Стомлена адкінуўся на спінку крэсла, заплюшчыў вочы і павольна, з расчараванай інтанацыяй дэкламаваў Авідзія. I яна чытала нейкія вершы, гучна і натхнёна. Усе іх размовы, гэтае чытанне паэзіі нагадвала Георгію спаборніцтва двух эрудытаў — вопытнага (Філарэта), для якога яно забава, і маладога (Алены), якая з запалам імкнулася паказаць свой інтэлект.
    — Цікава, цікава,— адазвалася жанчына.
    — Ужо сонца схавалася за горы і слугі запалілі ў пакоях каганцы, калі Алена спахапілася: «Ой позна!» — і развіталася з гаспадарамі. «Было прыемна з вамі пазнаёміцца»,— прамовіў напаследак Філарэт. Георгій праводіў дзяўчыну да яе дома. Яны ехалі на калясніцы. Ён правіў канём. Алена стаяла побач з Георгіем, ён адчуваў яе блізкасць, чуў дыханне. «Які дасціпны і праніклівы ваш брат. Як дасканала ведае ён паэзію. Як па-свойму арыгінальна трактуе творчасць паэтаў. I сапраўды ён вялікі...» I так усю дарогу Георгій слухаў захопленыя словы Алены аб тым, які ў яго незвычайны і вялікі брат. Вярнуўшыся дадому, ён убачыў Філарэта ў добрым настроі, той праходжваўся па гасцёўні і нешта вясёлае спяваў сабе пад нос. «Дзе ты пазнаёміўся з гэтай дзяўчынай?» — спытаўся Філарэт. «А што?» — насцярожыўся Георгій, якому не спадабаўся братаў тон. «Як там у вас кажуць — «клёвая».— «Дзе ў нас?» — «Ну там, у порце». Філарэт па-сяброўску паляпаў Георгія па плячы. «Цудоўная дзяўчына. Рэдка зараз сустрэнеш такую эрудыцыю. Мне падабаецца твой выбар». У нядзелю ўсё паўтарылася. Філарэт і Алена вялі інтэлектуальныя гульні-размовы, ігралі на арфе, спявалі. А Георгій быў трэці лішні. Пра яго забыліся. Некалькі слоў, якія ён уставіў у размову, яны не пачулі. Пасля ён зноў праводзіў дзяўчыну, і зноў увесь шлях яна ў захапленні гаварыла пра брата. За гэтым вечарам былі і другія, і ўсё паўтаралася зноўку: размовы Філарэта і Алены, маўклівасць Георгія, калясніца і захапленне дзяўчыны братам. I аднойчы Георгій не вытрымаў: «Ды што вы ўсё пра Філарэта. Вялікі, святы, герой. А я хто? Я нішто, мяне няма, я не цікавы. Я не веру, што ён вялікі і незвычайны. Ну і што з таго, што ён перамагае на філасофскіх дыспутах, выйграў атлетычныя гульні? Толькі час небяспекі — выпрабаванне для мужчыны. Я не веру ў яго добрыя памкненні, не дзеля народа, не дзеля — горада ён стараецца, а дзеля сябе, сваёй славы, дзеля ўлады над людзьмі».— «Вы што, Георгій? Як вы маглі гаварыць такое пра брата? Ды вы проста
    зайздросціце яму. Хто вы без яго? Самавіты, недалужны чалавечак, які і двух слоў не скажа, які сябраваў з плебеямі, жлукціў з імі. Ды брат з вас чалавека зрабіў. Усё лепшае, што ёсць у вас,— ад брата. А вы так пра яго гаворыце. Дробны зайздроснік — вось вы хто. Спыніце калясніцу». Ніколі такой рэзкай не бачыў Георгій дзяўчыну. Яна рашуча саскочыла з калясніцы і хутка, не азіраючыся, пакрочыла па вуліцы. I Георгій усё зразумеў: ён быў патрэбны ёй для знаёмства з братам. I няма чаго сябе падманваць.
    — Нават так. Я здзіўляюся паваротам вашай фантазіі,— жаночы голас задрыжэў. Жанчына дастала са скрыні пачак цагарэтаў і запаліла, глыбока зацягваючыся. Адной рукой круціла баранку, а другой трымала ў доўгіх пальцах цыгарэту, якую раз-пораз падносіла да вуснаў.
    За акном па-ранейшаму цягнуліся пустыя палеткі. Далёка наперадзе стаяў лес. Машыну на калдобінах кідала з боку ў бок. I здавалася, што не скончыцца гэтая нудотная дарога, што сама бясконцасць разматала гэтую стужку ў невядомасць, дзе невядомае нарэшце павінна надаць знаёмае гэтым двум аблічча.
    — I зноў Георгій зачасціў да маракоў, але выпіўшы з імі, ён сыходзіў далёка за горад на марскі бераг і доўга паглядаў на мора. Хваля за хваляй біліся ля яго ног. I думалася, мора ведае пра яго бяду, суцішае гора. Але з’явіліся ў Георгія і другія суцяшальнікі — хрысціяне. «Нельга жыць без надзеі,— казалі яму яны.— А надзею дае вера, выратоўвае толькі вера, вера чыстасардэчная, яна сагравае і ўсяляе ў сэрца любоў да выратоўцы нашага — Бога. Бог — твая любоў, любі яго і ў дзень Апошняга Суда ты ўвойдзеш у яго Вячыстае царства». Ён быў далёкі ад іх вучэння, па-ранейшаму думаў пра Алену. У гэты час у суседскім горадзе, які знаходзіўся ніжэй, на рэчцы, са звярынца ўцёк кракадзіл. Вось гэтае страшыдла і прыплыло да горада, дзе жыў Георгій, стала нападаць на людзей і жывёлу. Па горадзе папаўзлі чуткі, што ў рэчцы пасялілася крыважэрная пачвара.