Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

Перамога ценю

Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
95.66 МБ
— Калі ты кахаеш мяне — адпусці майго бацьку,— холадна гучаў голас Бажэны.— Адпусці бацьку.
— Добра. Я падарую яму волю, але цяпер ты будзеш маёй.
Ён асцярожна, нібыта чакаў, што рэзкім рухам спужае дзяўчыну, абняў яе. Калі б яна ўзмалілася, пачала вырывацца, ён бы зразумеў, што яна ненавідзіць яго. Але яна моўчкі, сцяўшы вусны, прыняла яго пацалунак — яна ахвяравала сабой дзеля бацькі. Ён даможацца свайго — верне яе каханне. Ён гатовы чакаць, ён цярплівы. Hi грубым словам, ні насіллем не пакрыўдзіць яе. Ён не хоча з-за спатолення сваёй страсці страціць яе каханне. Яму не патрэбна суложніца, якая моўчкі і з агідай будзе прымаць яго ласкі. Хай гучыць яе смех у гэтым доме, хай будзе яна шчаслівай з ім. Слёзы, якія яна стрымлівала, пацяклі з вачэй. А той, у чыёй уладзе яна апынулася, бачыў, як дрыжаць яе плечы ад плачу, чуў яе ўсхліпы. Ён кахаў яе і мучыўся ад таго, што яна плача. I што рабіць, ён не ведаў: суцешыць яе, упэўніць, што нічога благога не зробіць ёй? Або проста пакінуць адну, даць выплакацца? I ён
выйшаў на вуліцу. Завейка пад аховай ваяроў сядзеў на зямлі. Падняў галаву, асуджана зірнуў на Воўка.
— Я дарую табе. Ідзі з мірам.
Але навошта яму гэтае жыццё, калі яго Бажэны не будзе з ім? Калі стане яна суложніцай нялюбага ёй чалавека. Што яму гэтае жыццё, што ён стане рабіць у ім?
— А як жа Бажэна? — спытаў Завейка.
— Будзе воля багоў, і ты ўбачыш яе.
— Адпусці яе, я дам выкуп.
— Яна мая заручоная княгіня.
* * *
Міналі дні. He расплялі Бажэне косаў, не абстрыглі іх, і не накінуў Воўк на дзявочую галаву павоя. He наважыўся князь загаварыць з дзяўчынай пра жаніцьбу. Цяжка пераносіў ён дзявочае маўчанне, і калі загаворваў з Бажэнай, яна без ахвоты адказвала яму. Ды толькі не мог ён страціць каханую — занадта цяпер недасягальнай стала яна, а таму яшчэ болып жаданай. А ёй заставалася перанесці да канца гэтае выпрабаванне долі і спадзявацца, што рана ці позна яна вернецца ў бацькоўскі дом. He заставацца ж тут ёй з князем-ізгоем, якога заўтра разаб’юць русы і звязеняць.
I аднойчы Воўк пачуў размову Бажэны з Вышакам. Яны не бачылі яго. Ён вяртаўся вечарам пасля абходу цвержы. Падышоў да хаты і пачуў галасы.
— Дапамажы мне, Вышак.
— Я дапамагу. He плач.
— Пацалуй мяне.
Боль разануў яго па сэрцы. I з адчаем Воўк зноў пераканаўся, што не здолее адмовіцца ад Бажэны, аддаць яе другому, нават крэўнаму брату. I нават калі яна ўжо не кахае яго, ён не ў сілах перажыць тое, што яна шчаслівая з другім. У гэты момант ім авалодалі пачуцці, а не розум. Меней яго хваляваў лёс брата. Нельга дапусціць, каб Вышак забраў у яго Бажэну. Хто-небудзь іншы, але толькі не брат, бо разам з дзяўчынай ён згубіў бы і Вышака і застаўся б адзінокім. Але ён тут жа авалодаў сваімі пачуццямі. Бажэна абмарочыла яго. Ды гэта толькі дурань злуецца, што двое людзей пакахалі адно аднаго. Яму стала шкада самога сябе. Яго лепшыя памкненні растаптаныя. Ён павярнуўся і ціхенька пайшоў ад хаты.
А пасля ў братоў адбылася размова.
— Ты павінны забыцца пра яе,— сурова мовіў Воўк.
Забыць Бажэну! Але гэта немагчыма. Ён кахае яе і не адмовіцца, калі гэтага патрабуе нават брат. Яна выбрала яго, Вышака, яна кахае яго.
— He,— першы раз у жыцці Вышак супярэчыў брату.
I гэтае «не» сведчыла, што Вышак настроены рашуча і не саступіць яму. Чаго палохаўся Воўк, тое і здарылася — Бажэна зачаравала брата.
— Ты павінен забыць пра яе. Вышак, браце, яна згубіць цябе,— ён паклаў руку на яго плячо, але той скінуў руку.
— Я не выракуся яе!
Гэтая ўпартасць, з якой брат змагаўся за сваё каханне, пужала Воўка. Перад ім стаяў зусім іншы чалавек, не той бесклапотны і мяккі юнак. Гэты Вышак быў зусім іншым: упартым, брата не прызнаваў.
— Усё,— мовіў Воўк,— угаворваць цябе я не буду. У галаве тваёй вецер.
— Князь,— спыніў Вышак яго за руку,— ты задумаў супраць яе нядобрае?
Ён удзячны Бажэне за тыя светлыя хвіліны кахання. Але ён гатоў адмовіцца ад каханай, каб толькі не страціць брата. Заўтра раніцай ён загадаў Гваю праводзіць Бажэну дадому.
— He табе мне ўказваць,— груба абарваў брата Воўк.
* * *
Уцекачы выбраліся з падземнага ходу ў лес. Перапляценні галін перагароджвалі ім шлях. I на кожным кроку Вышаку даводзілася мячом прасякаць дарогу. Ён мог павесці дзяўчыну па сцежках, ды асцерагаўся пагоні ці наткнуцца на вартавыя заставы і таму вырашыў прабірацца праз гушчар, арыентуючыся ііа зорках. I ўпарта, не зважаючы на стому, сек галіны і хмызняк, каб можна было прайсці Бажэне. Неўзабаве яны трапілі ў хвойнік. Ісці стала лягчэй. Ногі танулі ў мяккім імху. Каля невялічкай ручаіны, што зіхацела ў месячным святле сярод парослых травой нізкіх берагоў, уцекачы спыніліся. Вышак апусціўся на кукішкі і сунуў руку ў ваду.
— Халодная,— мовіў ён.
— А піць яе можна? Я хачу піць.
— Гэта ж крынічная вада.
Ён чакаў, што Бажэна, апусціўшыся на калені, нахіліцца да ручаіны і прыпадзе вуснамі да вады, як звычайна піў ён з крыніц. Але яна прысела на кукішкі, чэрпнула вады ў складзеную лодачкай далонь і паднесла яе да eyeHay. I гэты рух Бажэны ачараваў яго вытанчанасцю і прыгажосцю.
— Смачная,— мовіла дзяўчына.— Паспрабуй,— яна зачэрпнула далонню вады і паднесла да яго вуснаў.— Пі хутчэй,— засмяялася Бажэна,— a то выцеча.
Ён прыпаў вуснамі да яе маленькай далоні. Колькі там той вады — кропля, але і не піў ён ваду, а цалаваў дзявочую далонь.
— Ну вось і выцекла,— наўмысна незадаволеным голасам мовіла Бажэна.
I зноў дзяўчына зачэрпнула вады і паднесла да вуснаў Вышака, і ён не піў, а цалаваў яе руку. А пасля пяшчотна ўзяў яе за тонкія запясці і пацалаваў дзяўчыну ў вусны. I з кожным яго пацалункам, адчуваючы яго блізкасць, яна траціла тую волю, якая дапамагла ёй перацягнуць на свой бок Вышака. Дзіўна, ёй хацелася быць слабой, бездапаможнай, каб ён, мужны і моцны, клапаціўся пра яе, абараняў. Іх прытуленыя адна да адной постаці адбіваліся ў вадзе.
Раптам дзяўчына адчула, як яго моцныя рукі падхапілі яе і паднялі над зямлёй. Пад Бажэнай цурчала вада. Ён пераносіў яе праз ручай. I ад пачуцця ўдзячнасці яна абняла Вышака за шыю і прытулілася да яго. Яму было прыемна ад яе даверлівасці.
На беразе ручаіны ён вырашыў заначаваць. Хутка насек мячом дроў, паслаў на зямлю яловых лапак. I вось ярка загарэлася вогнішча. Прыемна патыхала дымком. Дзяўчына сядзела каля вогнішча. Водбліск полымя асвятляў яе задумлівы твар.
— Бажэна, табе трэба паспаць.
— Я хачу пасядзець з табою.
Стамілася, але бадзёрыцца. I хіба зможа ён запярэчыць, калі сам жадае яе. Дзяўчына перахапіла яго позірк і ласкава ўсміхнулася. Яна сядзела побач. Ільняная спадніца абцягвала яе калені. Як добра было б пакласці ёй на калені галаву, заплюшчыць вочы і каб яе пяшчотныя рукі гладзілі галаву; ляжаць і адчуваць яе ласку і ні пра што не думаць.
Ён узяў дзявочую руку і адчуў, як яна дрыжыць. I такая
пяшчота да дзяўчыны ахапіла яго, што ён не ў сілах быў стрымацца і, цалуючы яе далоні, зашаптаў:
— Бажэна, каханая мая.
3 асалодай адчуў, як дзяўчына лёгкім рухам пальцаў прабегла па яго валасах і абхапіла рукамі шыю. Дзявочыя вусны прыпалі ў доўгім пацалунку да вуснаў Вышака. 1 калі яна патрабавальна прыцягнула яго да сябе і апусцілася на яловыя галінкі, якія ўсцілалі зямлю, ён зразумеў, што Бажэна ў яго волі.
Яшчэ можна было апамятацца, але позна... Так прыемна было ад яго пацалункаў, ад ласкі яго рук. Яна не супраціўлялася, калі ён развязаў шнурок на сарочцы і прагнымі вуснамі прыпаў да набухлых ружовых смочкаў грудзей. He магла вытрымаць пакутлівай асалоды, што перажыла ў гэты момант, і ціха застагнала. Болей не было ўжо ні сораму, ні сумненняў.
* * *
Стомленыя, яны ляжалі побач, глядзелі высока ў неба, дзе зіхацелі россыпы зорак. Ляжалі абняўшыся і маўчалі — думалі кожнае пра сваё.
Бажэна кахае яго. Так даўно ён чакаў свайго кахання — вось яно. I не разлучыцца ён з Бажэнай. Нікому не дасць каханай у крыўду. Ну, а брат? Хай змагаецца з русамі, калі яму так прагнецца подзвігаў. Хіба не брат штурхнуў яго на ўцёкі? Хіба не брат стаў паміж ім і Бажэнай, злуючыся на тое, што яна выбрала яго, Вышака? Цяпер ужо позна нешта перамяніць. А яна не ведала, ці клясці сябе за сваю слабаць, што паддалася страсці, ці лічыць, што канчаткова перамагла княжыча. Ну, пацалавацца, прылашчыць хлопца, каб болей прывязаць яго да сябе,— дапускала, а вось гэта... Гэта Вышак перамог яе, і яна цяпер у яго волі.
* * *
Стараючыся не разбудзіць Бажэны, ён выцягнуў з-пад яе галавы руку і, нахіліўшыся над дзяўчынаю, пацалаваў яе ў скроню. Нават не пацалаваў, а з удзячным заміла-
ваннем перад яе прыгажосцю і даверлівасцю дакрануўся вуснамі.
Сонца паднялося над зямлёю. Туман сплыў. Трава і лісце дрэў зіхацелі на сонцы ўсыпанай Родам расой.
— О вялікі Сварожыч, у гэты дзень усцеражы і блаславі нас,— сказаў замову князь і тройчы пацалаваў свае рукі. Рассякаючы са свістам крыламі паветра, праляцелі некалькі качак і з шумам селі на ваду. Вышак, паклаўшы на лук стралу, пракраўся туды, дзе селі качкі. Птушкі не бачылі чалавека і спакойна плавалі на вадзе, раз-пораз ныралі пад ваду і праз імгненне вынырвалі. Княжыч выбраў качара і прыцэліўся. Было б добра, каб удача не адвярнулася ад яго, вось бы прыемна ўразіў дзяўчыну. Страла трапіла птушцы ў грудзі. Перадсмяротны крык, некалькіх слабых удараў крыламі па вадзе, і качара панесла цячэннем. Качкі з шумам узляцелі ў паветра. I яшчэ доўга чуўся свіст іх крылаў. Падабраўшы забітую птушку, выцягнуўшы з яе стралу, Вышак знайшоў гліну. Каля вогнішча абмазаў качара глінай і паклаў яго ў агонь. Дзяўчына яшчэ спала.
— Бажэна,— паклікаў княжыч і пацалаваў яе ў шчаку. Дзяўчына прачнулася і пяшчотна ўсміхнулася юнаку. — Вышак,— прашаптала яна і, абняўшы яго за шыю, адказала пацалункам.
Гледзячы, як Вышак упэўнена распараджаецца каля вогнішча, як спрытна ламае галіны і падкідае іх у агонь, як выцягнуў з агню абмазаную глінаю птушку, разламаў гліняныя чарапкі, на якіх засталіся птушыныя пёры, як нажом абрэзаў смачныя кавалкі, ёй хацелася па-сапраўднаму даверыцца яму, моцнаму, знаходліваму, рашучаму. I, забыўшыся, што ашуквала яго, яна радавалася таму, што Вышак клапоціцца пра яе.
I гэтая раніца, залітая яскравым сонечным святлом, рэчка, у якой праз светлую ваду віднелася жоўтае дно, птушыны шчэбет, высокія цёмна-зялёныя хвоі, вогнішча, што весела патрэсквала агнём,— усё здавалася дзяўчыне незвычайным, і чамусьці было шкада, што болей не паўторыцца ў яе жыцці ні гэтая ноч, ні гэтая раніца.