Перамога ценю
Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
— Калі праўда твая, чаго палохаешся? — падбадзёрыў Лютака Гвай.
Юнак з усхліпам уздыхнуў і зрабіў некалькі крокаў. Нібыта зачараваны, паглядаў ён на мерцвяка. Кропелькі поту выступілі на Лютакавым ілбе.
— Вочы! Ён расплюшчыў вочы! — нема закрычаў Лютак і прыкрыў твар дрыготкай рукой.— He трэба! Я не хацеў.
Раптам Лютак, як нежывы, паваліўся на зямлю. Яго збялелы твар скрывіўся пакутлівай грымасай жаху. Вочы закаціліся пад лоб. Ён сутаргава хапнуў ротам паветра. Гвай падбег да ваяра.
— Хто патворац? Хто загадаў? — пракрычаў дзядзька і прыўзняў Лютакаву галаву.
— Завейка,— з цяжкасцю прашаптаў Лютак.
* * *
У Жоўнах рыхтаваліся да правежы. Жрыца смерці Яга абмыла Жывінбудава цела і апранула яго ў саян, пашыты з ніколі не мытага палатна ў выглядзе доўгай кашулі з шырокімі рукавамі, які ўкрываў і ногі нябожчыка. Яго
паклалі на лаве на кутнім месцы ў грыдніцы, перавязалі складзеныя на грудзях рукі чырвонай жычкай, а на шыю павязалі ручнік, каб на тым свеце, стомлены доўгім шляхам у Вялесаву краіну, мог князь выцерці з твару пот. Каля галавы нябожчыка гарэла свяча, якая асвятляла яго душы дарогу ў вырай. Да драбніц выконваўся старажытны абрад правежы, каб нічым не пакрыўдзілася Жывінбудава душа. Тры апошнія дні жыла яна ў княжацкіх харомах, сілкавалася хлебам і соллю, спаталяла смагу віном з чары — усё гэта стаяла на падаконні. Тры дні пазірала яна, як развітваліся людзі з яе целам. Забыліся яны пра свае клопаты і працу, забыліся і пра трывогу аб сваіх блізкіх, што не вярнуліся з сечы. Вестуны ўсе гэтыя тры дні з чорным кіем хадзілі па градзе і вакольных весях і апавяшчалі пра князеву смерць. «Чорны кій ідзе вакол». Апошнюю пашану трэба было аддаць Жывінбуду. I прыходзілі да яго людзі, прыносілі яствы, хто чым быў багаты. Ставілі на стол ядзь і падалі перад нябожчыкам на калені. «Вось я,— называлі сваё імя,— прыйшоў да цябе; паспытай сам, каб не галадаў, і гасцей сваіх пачастуй. Памяніце, багі, яго душу, адчыніце ёй вырай прасветлы. Ласкавы быў князь да нас і міласцівы. А ты, княжа, малі багоў, каб ахоўвалі яны нас, каб хлеб урадзіўся ў нас і жывёла была жывая». He сунімаліся плакальшчыцы, карылі над князем:
Закацілася нашае яснае сонейка, Што не грэеш нас, горкіх сірацінак! Веюць на нас ветры буйныя-сцюдзёныя. I на каго ты нас, бедных, пакідаеш На вялікае горачка?
Цяпер жа за нас, сірот, некаму і заступіода, Нам дапамагаць, нас навучаць, Каб не была ў нас долечка гаротная, Каб не была ў нас долечка ліхая.
Ты ўставай-падымайся, бацюшка-князь радзімы, He тая цяпер пара табе спаці ды высыпаціся...
Сядзела пры нябожчыку княгіня Лаўса ў белай вопратцы, у якой некалі брала яна шлюб з князем. Расчуленая жалямі і надрыўнымі галасамі плакальшчыц, і яна не стрымала слёз.
На трэці дзень павезлі Жывінбудава цела на жэглішча. I пачалося тое дзейства, калі кожны рух і кожнае слова — знак пашаны да таго, хто яшчэ ўчора жыў. Шэсць вояў паднялі на рукі свайго былога правадыра і праз пралом у сцяне, каб смерць не ведала сямейнага парога і дзверы адчыняліся толькі для жывых, вынеслі на двор. Пра-
неслі над дзвюма сякерамі, якія крыж-накрыж ляжалі на зямлі,— знак таго, што, мінаючы іх, былы ўладар дома перадаваў яго новаму гаспадару — свайму сыну Воўку. Князя паклалі на сані, запрэжаныя двума белымі канямі — любімым, на якім ездзіў Жывінбуд, і другім, які яшчэ пры яго жыцці прысвячаўся святаром дзеля князевай правежы, і ніхто ні разу на ім не праехаў і не ўпрог ні ў воз, ні ў сані.
Воўк пасыпаў лаву жытам, каб яно ачысціла яе ад плюгаўства смерці, і выйшаў з харомаў.
I рушылі да жэглішча. Уперадзе коні цягнулі сані з нябожчыкам. За санямі ішла Лаўса. Яна ішла з высока ўзнятай галавой — велічная і спакойная, нібыта ведала: усё, што адбываецца вакол яе, проста ўмоўнасць, якую трэба выканаць, каб зноў сустрэцца з мужам.
Старцы неслі ў руках гаршкі з яствамі для стравы. А за імі ўжо ішлі астатнія — тыя, хто праводзіў князя ў апошні шлях. Увесь час да працэсіі далучаліся ўсё новыя і новыя людзі. А тыя, хто не мог пайсці да жэглішча, схіліўшы галовы, стаялі на каленях каля сваіх хат і, калі паўз іх правозілі нябожчыка, бралі ў рукі жменю зямлі, пераціралі яе далонямі і казалі: «Няхай яму Вялес ласкавы дасць неба». А па баках людской плыні ехалі на конях воі і трымалі лёзамі ўгору мячы. Ахоўвалі душу свайго былога водцы, якую маглі злыя пякельнікі зацягнуць у пекла. Пад шоргат соцень ног, надрываючыся, пераходзячы амаль на крык, галасілі плакальшчыцы:
Ай усім жа ты быў абаронцам, Ай усіх жа ты любіў, Ай усіх жа ты прымячаў, А цяпер такі стаў ганарлівы, Што нікому ні слова не адказваеш. Усе птушачкі із выр’я ляцяць, А ты, наш бацюшка, у вырай ляціш...
Адразу за градам, на дарозе, жрыца запаліла вогнішча — гарэла вопратка нябожчыка, грэбень, якім яго апошні раз прычэсвалі, салома і палатно, што ўсцілалі лаву, на якой ён ляжаў, рэшткі палатна, з якога пашылі саян. Прыпыніліся людзі паглядзець, куды, у які бок ідзе дым, каб ведаць, у якім месцы зноў з’явіцца Марэна. Дым плыў у бок града. Новую бяду вяшчаў ён, і яшчэ болей азмрочыліся людзі.
Старцы, што трымалі коней за ручнікі, завязаныя на конскіх шыях, павялі іх прама да вогнішча. Коні палахліва вярнулі галовы і пырхалі, але прайшлі па самай сярэдзіне
вогнішча. Вогненныя языкі лізнулі сані і дасягнулі нябожчыка. На імгненне Жывінбудава цела знікла ў дыме. Усё, развітаўся са сваім мілым градам князь, і цяпер чакала яго дарога ў Вялесаву краіну. Пахавальная працэсія накіравалася да жэглішча.
Так і не прыехаў Завейка ўшанаваць памяць князя Жывінбуда. Смерць не прымірыла іх. I як здзівіўся Воўк, калі перад жэглішчам убачыў вершнікаў, наперадзе якіх сядзеў на кані Завейка. Жрыца Яга гучна нараспеў запрычытала:
— А наш ты бацюшка-князь, а наш раднюсенькі! Ды перапрасі ты князя, што паміж вамі была нязгода ды нараканне, а цяпер адзін другому даруйце, бо вы, бывала, адзін на другога ваўком глядзелі, а цяпер ужо няма за што гневацца.
Чакальна пазіралі людзі на Завейку. Што ж ён? Князь хвіліну-другую нібыта раздумваў, маўчаў, паглыбіўшыся ў сябе, а пасля павольна злез з каня, апусціўся на калені і, узяўшы трохі зямлі, патрос яе рукамі.
— Няхай табе Вялес дасць вырай! — прамовіў ён.
Услед за князем пакінулі сёдлы і яго воі, сталі на калені і, трымаючы ў руках зямлю, паўтарылі:
— Няхай табе Вялес дасць вырай!
I вось прыйшлі да жэглішча. Высокі шчыльны плот, збіты з яловых бярвёнаў,— крада вогненная — агароджваў уладанне змрочнай Марэны. Перад брамай старцы спынілі коней.
А людзі развітваліся са сваім князем. Падыходзілі да саней, на якіх ляжаў нябожчык, бралі з рук Воўка развітальную чару з мёдам і, выіііўшы яе, прасілі Жывінбудаву душу, каб яна маліла багоў спрыяць ім. Плакалі жанчыны. Маўчалі мужчыны. Вось выпраглі з саней коней, і старцы павялі іх за краду вогненную. Воі паднялі на рукі нябожчы^ ка і панеслі яго да жэглішча. Загаласілі на ўсю галаву плакальшчыцы:
— Ой, на каго ты пакідаеш нас, бацюшка раднюсенькі!
Пайшлі да жэглішча Лаўса, Воўк і Вышак. Нябожчыка паклалі на папону, якая ўсцілала зверху жэглішча, усыпанае лапкамі ядлоўцу, дым якога лічыўся свяшчэнным. Конскае сядло стала падушкай Жывінбуду. Ля галавы яго Зніч утыркнуў кап’ё. На яго пасадзілі сокала і прывязалі ручнікамі коней. Каля кап’я воі паклалі князеву зброю: шчыт, меч, лук і калчан з сямю стрэламі. 3 левага боку старцы паклалі небожчыку йядзведжыя і рысіныя кіпцюры,
каб яго душа магла ўзабрацца на высоку гару ў Вялесавай краіне, дзе жылі дзяды. 3 правага боку паклалі гладыш з мёдам — пачаставаць дзядоў, у рукі — два кавалкі сырога мяса — задобрыць вартаўнікоў брамы бессмяротнасці сабак Стаўра і Гаўра. Наперад выступіў Зніч.
— О вялікі наш бог, Вялес,— падняў рукі ўгору святар,— просім цябе, каб ты ні ў чым не замінаў князю Жывінбуду і бесперашкодна дазволіў яму адысці ў тваю краіну шчаслівых і праведных душ, куды яшчэ раней адышлі яго дзяды. Пашлі да яго водцу душ Наваця, каб князь мог лёгка прайсці доўгі шлях.
За крадай воі ўдарылі мячамі, абухамі сякер і булавамі ў шчыты, каб пачуў іх Вялес і адчыніў браму ў вырай. 1 засталося самае цяжкае. Спачатку жрыца Яга кінула нежывую курыцу ў ногі нябожчыка. I там, на нябёсах, як тут, на зямлі, у новы дом бяруць курыцу — сімвал наваселля. Каб князева душа задавальняла сябе паляваннем, воі паўрозамі задушылі двух хортаў і сокала. Смяротная захлыска абвіла і шыі коней. Жывёлы хрыпелі, паднімаліся на дыбкі, але моцныя рукі вояў не задрыжалі. Адзін за адным коні паваліліся каля жэглішча.
— Дзяды, прыміце да сябе душу майго бацькі і жывіце з ёй добра,— прамовіў Воўк. абышоў жэглішча і не азіраючыся накіраваўся да брамы вогненнай крады. Услед за князем адправіліся і астатнія. Іх сустрэла старая, якая трымала ў гаршчочку вугалі. Отрак са срэбнага рукамыйніка паліў на вугалі ваду. Гэтай вадой кожны, хто вяртаўся да людзей з уладанняў Марэны, апаласнуў рукі і твар — ачысціў сябе ад смерці. Пасля бралі ў рукі з гаршчочка вугалёк і кідалі яго праз галаву.
А ў нябёсы падымаўся дым. Агонь усё больш ахопліваў жэглішча. Успыхнула, падпаленая адразу ў некалькіх месцах, вогненная крада — адгарадзіла агнём жывых ад нябожчыкаў. Вакол крады скакалі на конях воі, размахвалі ў паветры мячамі і сякерамі, стралялі з лукаў — праганялі злых духаў, каб не схапілі яны душы тых, хто адправіўся ў вырай, і не зацягнулі іх у пекла.
— Гэй, гець-ць, уцякайце, пекальнікі! — крычалі ваяры.
Вось і застаўся ён без бацькі. He хочацца і вяртацйа ў апусцелы бацькоўскі дом. Воўк глядзеў на вогненную сцяну крады, на густы дым, што падымаўся з жэглішча ў неба, і адчуваў сябе разбітым. Думкі пра заўтрашні дзень пужалі яго. Добра хоць на імгненне забыцца пра ўсе клопа-
ты, пра сваю бяду, каб адпачыць і сабрацца з сіламі. Як падарунак долі ўспрыняў ён прыезд Бажэны. He ласкі яе прагнуў, а спачування, нават шкадобы да яго — яна дапамагла б яму перажыць гэтыя першыя дні, калі так балюча адчуваюцца адзінота і пустата пакінутага бацькам роднага дома.
Радасныя крыкі раздаліся сярод людзей. Падзьмуў вецер — закалыхалася, успыхнула ярчэй полымя. Значыць, водца душ Наваць прыляцеў сюды, каб суправаджаць душы у іх новы дом. Шчаслівай ім дарогі. Хоць такой маленькай радасцю людзі прагналі ад сябе змрочны дух смерці. Жываносная сіла жыцця прабівалася ў іх душах праз жалобу і смутак.