Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

Перамога ценю

Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
95.66 МБ
Зубр падняў галаву, пераступіў з нагі на нагу, прыслухаўся. Сабачы вэрхал набліжаўся. Трэба было ўцякаць.
Моцныя ногі неслі зубра далей ад небяспекі. Магутнымі грудзямі ён ламаў галіны дрэў і хмызняк — пракладаў сабе шлях. Але і адтуль, куды ён бег, данёсся сабачы брэх, людскія галасы і гукі ражкоў. Аблава. Людзі акружылі яго. Жыццё зноў прымушала змагацца за сябе. Звер бег павольна, захоўваў сілы для рашучага моманту, калі спатрэбяцца свежыя ногі і трэба будзе імгненна прарвацца праз кола. Гучна стукалі па зямлі капыты. Трашчалі галіны. Напужаныя сабачым брэхам, выскоквалі з хмызнякоў лісы і зайцы.
Зубр не мяняў напрамку. Самае недарэчнае цяпер — страціць вытрымку і замітусіцца. Хаця гады і забралі ў яго сілу і ён ужо не мог абараніць сваё права правадыра статка і павінен быў пакінуць яго, але ў яго быў вопыт доўгага жыцця. Ён ведаў, што з людзьмі нельга лезці ў бойку — яны толькі гэтага і чакаюць, акружаць яго, нацкуюць сабак і, варта толькі пачаць адбівацца ад іх, наваляцца з усіх бакоў — не ўгледзіш, як вострым кіем удараць. Трэба прарвацца праз заслон людзей — гэта выратаванне. Зусім блізка брахалі сабакі...
Зубр выбег на паляну. Убачыў, як людзі спусцілі з павадкоў сабак і тыя з брэхам рынуліся да яго. Моцным ударам капыта зубр раскрышыў чэрап аднаму з гэтых вісклівых звяроў, другога ўзняў на рогі і падкінуў у паветра. Астатнія шалёна брахалі на яго, але падыходзіць не адважваліся. Зараз трэба было чакаць сустрэчы з людзьмі. Яны хаваліся за дрэвамі.
— Мой! — закрычаў Воўк і ўдарыў астрогамі каня.
Сціснуўшы ў правай руцэ суліцу, Воўк накіраваў каня на зубра. Звер прыпыніўся, нахіліў нізка галаву, выставіўшы наперад доўгія рогі, і пагрозліва рыкнуў. I конь пад княжычам, не слухаючыся паводдзяў, заіржаў і ўзняўся на заднія ногі. Варта было зубру цяпер баднуць каня, як той разам з вершнікам паляцеў бы на зямлю, а там чалавека можна растаптаць капытамі. Але кожная хвіліна цяпср ратавала звера. Пакуль людзі яшчэ не акружылі яго — хутчэй бегчы адсюль. Да выратавальнага гушчару заставаліся крокі. Вострыя калкі астрог упіліся ў каня, і боль быў мацнейшы за боязь перад пагрозлівым зубрам,— конь падначаліўся моцнай руцэ вершніка, які трымаў паводдзе, і панёс свайго гаспадара ўслед за зверам. Волак дагнаў зубра і ўдарыў суліцай у загрывак. Звер нырнуў у гушчар.
Гонар не дазваляў княжычу спыніць пагоню. Будуць пасля слугі плявузгаць, што задрыжала князёва рука і выпусціў ён звера. Паранены зубр далёка не ўцячэ. Волак саскочыў з каня і перадаў паводдзе Гваю. Адзін, трымаючы на творцы хорта, пусціўся па слядах зубра. Лёгкім і хуткім быў бег чалавека. Маладая, нерастрачаная сіла бурліла ў ім, прасіла выйсця. Чалавек атрымліваў асалоду ад запалу, што ахапіў яго, чалавек быў ап’янелы ад прадчування ўдачы. Хорт нецярпліва скуголіў і цягнуў за сабой у глыб гушчару паляўнічага. А зубр з апошніх сіл уцякаў ад пагоні.
Доўга, прадзіраючыся праз галіны дрэў, гнаўся за зверам княжыч.
Хорт вывеў княжыча на вузкую сцежку. Волак агледзеўся. Вакол стаялі высокія хваіны, а ўнізе пад імі буяў хмызняк. Ніколі ў гэтых месцах ён не быў. У запале і не заўважыў, што трапіў за няблізкі свет. Трывожнае скуголенне хорта насцярожыла Волака. Сабака зноў нешта пачуў. Да слыху даляцеў тупат конскіх капытоў. Па сцежцы нехта ехаў. Ну, то добра, хоць спытаецца, у які бок падацца да Жоўны, а мо і каня пазычыць.
Хор нецярпліва завіляў хвастом, некалькі разоў брахнуў. Неўзабаве на сцежцы паказаліся тры вершнікі ў ільняных вопратках з лукамі і калчанамі за спінамі. Аднаго вершніка Воўк пазнаў — князь Завейка. Забачыўшы наперадзе княжыча, Завейка падскакаў на белым кані да яго. Хоць і быў ён апрануты, як яго слугі, у льняную срачыцу і парты, але на нагах боты з астрогамі, на шыі залатая грыўна, а ў правым вуху залатая круглая завушніца 1 Срэбныя бляхі на вуздэчцы і сядле — знакі княскага багацця. Нягледзячы на старасць, твар князя прывабліваў адкрытасцю і прыгажосцю — прамы нос, вузкія, моцна сцятыя вусны, густыя вусы і барада, у якіх серабрылася сівізна, доўгія, зачэсаныя назад валасы агалялі прамы лоб з барознамі маршчын. Чорныя вочы холадна глядзелі з-пад броваў на княжыча. Нават і ў такія ўжо немаладыя гады сустрэча з гэтым шыракаплечым высокім чалавекам не абяцала яго ворагу нічога добрага.
— О, княжа, вось дык сустрэча,— нечакана для Волака прыязна прамовіў Завейка і ў доказ таго, што і сапраўды ўзрадаваны, усміхнуўся, пасля злез з каня.
Абодва князі вынялі свае мячы з похваў і кінулі іх на зямлю ў знак таго, што захоўваюць яны паміж сабою любоў і яднанне. I, наступіўшы на мячы, абняліся.
— Гнаў зубра, ды вось заблукаў.
— Міласці просім, княжа, у госці,— прапанаваў Завейка.— Адпачнеш, падсілкуешся, дам табе каня дабрацца дадому,— мовіў міралюбна князь.
Адзін са слуг перадаў свайго каня княжычу. Хай будзе так — прыме запрашэнне. Калі запрашаюць цябе ў госці, нельга крыўдзіць адказам нават лютага ворага. Багіня Лада — ахоўніца дамашняга агменю — за тваю ласку паспрыяе. Паднялі з зямлі мячы. Воўк паставіў нагу ў страмяно і ўскочыў у сядло. Адзін за адным па вузкай сцежцы вершнікі адправіліся далей.
Усё ж цікава бліжэй пазнаёміцца з гэтым чалавекам. Такога, як Завейка, лепш трымаць за сябра, чым за ворага. Вось самі багі далі магчымасць паразумецца з ім.
Князевы харомы стаялі з краю вялікага паселішча. Праз зеляніну дрэваў віднеўся крыты драніцай дах. Высокі плот акружаў харомы. На вострых зубах хваёвых плах віселі бітыя гаршкі — каб адганяць наўцаў. Перад брамай, якую трымалі тоўстыя слупы, Завейка ўладарна крыкнуў: «Дарогу!» Браму адчынілі два ваяры.
— Міласці просім, князь,— паказаў Завейка рукой наперад.
I Волак уехаў на кані на двор.
Здзівіла, як марудна і няўклюдна злез з каня баярын. Нібыта засаромеўшыся сваёй няўклюднасці, Завейка засмяяўся:
— Гэта цяпер пастарэў ды панягожаў, а ўперад дык птушкай лётаў.
Завейка, відаць, любіў жыць у раскошы. Харомы пабудаваў прасторныя і ўпрыгожаныя вытанчанай разьбой на ліштвах і прычэлінах. На даху вільчакі ўвенчаны разнымі конскімі галовамі. Вітыя слупы-калоны трымалі дах над высокім з прыступкамі ганкам.
Яны ўвайшлі ў харомы. Князь адчыніў разныя дубовыя дзверы ў грыдніцу і прапусціў наперад сябе госця. Волак спыніўся — пасярод пакоя стаяла рысь. Звер пагрозліва зарыкаў на чалавека. Зараз бы суліцу, што пакінуў на двары.
Здалося, што рысь скочыць на яго — і не пабяжыш, і не закрычыш ад боязі. Ён жа князь, чаго-чаго, а свайго жаху ніколі не павінен паказваць, нават азірнуцца не мог, каб не выдаць сябе. I раптам уладарны дзявочы голас: «Сядзець»,— і рысь паслухмяна апусцілася на падлогу. Насустрач з дзвярэй другога пакоя выйшла дзяўчына. Відаць, гэта была воля багоў, каб ён заехаў да Завейкі, бо, убачыўшы дзяўчыну, зразумеў — вось яго доля. Дзявочыя, падзіцячаму даверлівыя і разам з тым цвёрдыя, нават халаднаватыя вочы паглядалі на яго. Ён адчуваў іх позірк. Доўгая льняная сарочка абцягвала спакуслівыя выступы грудзей. I па ўлрыгожаннях — срэбных крынах на шыі, бранзалетах на вузкіх запясцях рук і залатой дыядэме, што ахоплівала чорныя, заплеценыя ў касу валасы, і па тым, як дзяўчына ганарліва трымала галаву, па гэтым цвёрдым позірку цёмных вачэй можна было здагадацца — княгіня.
— Бажэна, да нас госць — княжыч Волак,— прамовіў з-за яго спіны Завейка.
Дзявочыя вусны задрыжэлі, і дзяўчына ўсміхнулася даверлівай і чароўнай усмешкай.
За сталом, які накрылі слугі, Воўк, хоць і прагаладаўся, еў мала і раз-пораз кідаў позірк на дзяўчыну. ГІрысутнасць побач Бажэны — было цяпер галоўным для княжыча, ён адчуваў сілу яе прыгажосці над сабой. Любаваўся дзяўчынай. Яна падымала вочы на княжыча, каб, сустрэўшыся з ім позіркам, зноў апусціць іх. Ды толькі не мог абед доўжыцца вечнасць — трэба было і адкланяцца.
— Дзякуй, князь, за хлеб ды соль,— прамовіў Воўк і адставіў пустую чарку, у якую слуга да гэтага тройчы наліваў халоднага піва.
— Твая воля, княжыч. He магу цябе затрымліваць, але загадаю асядлаць табе каня,— Завейка падняўся з-за стала.
Воўк разгадаў маленькую хітрасць князя — даў яму імгненне пабыць сам-насам з дачкой. А за гэта дзякуй, мудры стары. I калі Завейка выйшаў, Воўк, не адводзячы вачэй ад Бажэны, мовіў:
— Я ведаю пра тваё жаданне?
Яна падняла вочы на яго, толькі цяпер ужо не ўсміхалася, і разгублена спытала:
— Якое?
— Сустрэцца з табой на Купалле! Будзеш чакаць мяне?
— Так,— адказала яна і прама паглядзела на княжыча.
* * *
Гарэла купальскае вогнішча — бацюхна Цар-Агонь. Конскі чэрап, умацаваны на высокім кіі, узвышаўсянад вогнішчам Купалы. Вакол яго спявалі і вадзілі карагод дзяўчаты ў белых строях, падпяразаныя быллём і ўпрыгожаныя вянкамі з зеляніны і войнікамі з блакітнай тканіны. А юнакі з радаснымі крыкамі выхоплівалі з вогнішчаў паходні, вярцелі імі над галовамі — адганялі цемру.
Ён гнаў свайго каня. Яму хацелася пяшчоты — абдымаць і цалаваць Бажэну. Над дарогай раскінулі галіны дрэвы. Месячнае святло бруілася паміж галін. Тупат конскіх капытоў будзіў начную цішу. Воўк спадзяваўся на каханне. Наперадзе гарэлі купальскія вогнішчы. Прывязаў
каня да дрэва ў гайку і падышоў да людзей. Ніхто не зважаў на яго. Стаяў у цемры і паглядаў на Бажэну, якая вадзіла карагод з дзяўчатамі,— нікому не патрэбны і чужы тут. Што падумаў бы пра яго бацька, калі б даведаўся, што ён падаўся сюды, замест таго каб святкаваць Купалу разам з сям’ёй.
А пасля, калі перагарэў шост і конскі чэрап паляцеў у агонь, скакалі праз вогнішча — падабенства сонца на зямлі, і дым ачышчаў людзей ад хвароб, надаваў ім здароўя.
— Што стаіш, княжыч? Ён азірнуўся і ў святле полымя ўбачыў Бажэну — усхваляваную і чароўную. Яна працягвала яму руку.
— Давай скокнем праз Купалу,— прапанавала дзяўчына.
I вось яе далонь у яго далоні — маленькая і пяшчотная. Толькі не выпусціць яе пры скачку, тады, паводле павер’я, яны пажэняцца. Пабеглі разам да вогнішча, і ўзляцелі яны ўгору перад полымем, і перасягнулі яго. I дзявочая далонь у яго далоні.
* * *
А праз дзень князь Жывінбуд павёў сваю дружыну ў паход. I не срачыца, не жупан быў на ім, а кальчуга, злучаная са шлемам барміцай, на шкураным пасе вісеў меч. Белы конь нёс князя. А за Жывінбудам ехалі на конях вершнікі, ішлі дружыннікі. Зіхацелі на сонцы даспехі, срэбная вупраж коней. Услед віцязям паглядалі іх жонкі і дзеці, сёстры і бацькі. Жыццё пачынала для іх новы адлік часу — часу чакання з вайны сваіх сыноў, братоў і мужоў. Час трапяткой надзеі, што тыя перамогуць ворага і жывымі вернуцца дадому і не для іх давядзецца запальваць краду вогненную. I княгіня Лаўса з трывогай паглядала ўслед дружыне. Вось так два гады таму пакідаў князь на чале сваіх віцязяў град. Адправіўся з ім у паход на русаў старэйшы сын Лютавіт. 1 тады трывога сціскала яе сэрца. А праз месяц вярнуўся князь з сечы. Нізка апусціў пасівелую галаву Жывінбуд. Прадчуваючы нядобрае, пабегла насустрач яму княгіня і ўбачыла, што вялі за мужам сынава каня. Нічога не мовіў ёй князь, толькі цяжка ўздыхнуў. Расступіліся воі і вынеслі на шчытах цела Лютавіта.