Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

Перамога ценю

Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
95.66 МБ
* * *
Праз гадзіну на аўтобусе Міця дабраўся да царквы. Пустынна выглядала вуліца, па якой ішоў ён да свайго прытулку,— ні душы, толькі ліхтары сіратліва цадзілі цьмянае святло. Непрыемна завываў вецер. Трывожна было на душы ў Міці. А што, калі ў царкве нікога няма,— дзе тады яму пераначаваць?
Царква з высокімі вежамі нагадала Міцю сярэдневяковы замак. Ён абышоў вакол і знайшоў металічную лесвіцу, што была прыладжана да сцяны і вяла на гарышча. Лез па лесвіцы і сам сябе падбадзёрваў, нібыта лез насуперак свайму жаданню. Штурхнуў невялічкія драўляныя дзверцы — яны не падаліся. Некалькі разоў грукнуў кулаком. Узрадаваўся, калі пачуў галасы. Праз хвіліну шоргнулі засаўкі і дзверы адчынілі. У праёме з ліхтарыкам у руцэ стаяў нехта высокі і мажны. I зусім не стасаваўся да гэтай мажной паставы па-жаночаму мяккі голас.
— Хто такі?
Пачуўшы, што Міця з інтэрната, мажны ўпусціў яго на гарышча. Дзве свечкі выхоплівалі з цемры невялічкую прастору каля коміна, ад якога цягнула цяплом. На падлозе ляжалі рваныя паліто, фуфайкі, вайсковы бушлат, на якім, накрыўшыся жаночым сінім паліто, нехта спаў. Табурэт, што стаяў каля коміна, служыў сталом. На ім былі напалову выедзеная кансерва сардзін, некалькі лустачак хлеба, недапітая бутэлька віна, дзве шклянкі і тры відэльцы. 3 падлогі падняўся сярэдняга росту мужчына. Сваімі доўгімі русымі валасамі, што падалі на плечы, вусамі, бародкай ён нагадваў Міцю рыцара з карцінак у падручніках гісторыі.
— Толік,— працягнуў ён руку Міцю і паціснуў яго далонь,— а гэта вось Алег,— паказаў на таго, хто адчыніў дзверы,— плячыстага юнака, апранутага ў чорны швэдар і парты.
Міця назваў сваё імя.
— А то наш Ільюша,— кіўнуў Толік на таго, што спаў.— Гэй, падымайся, госць у нас,— схіліўся над ім і патрос за плячо.— Падымайся.
Ільюша расплюшчыў вочы і жаласліва, як кацяня, паглядзеў на Толіка.
— Ты мне сябар? — пра,мармытаў ён і заплюшчыў вочы.
— Хер з ім,— махнуў рукой Алёг.— Міця, сядай за стол.
Міця зняў паліто і апусціўся на падлогу, падабраўшы пад сябе ногі. Яму налілі віна, і ён выпіў.
— Значыць, уцёк з інтэрната. Надакучыла? — звярнуўся да яго Алег і, не дачакаўшыся адказу, паведаміў: — Нас вось з Толікам выгналі з працы. Ну і хер з імі.
— Дык вось слухай, дакажу,— перабіў яго Толік.— Я з ёй паспрачаўся, што пераплыву возера. П’яны, і баба, разумееш, падбухторыла: «Плыві. Чаго ж ты?»
Алег з’едліва ўскрыкнуў, падняўшы ўгору ўказальны палец.
— Во, заўважце, баба, а не мужык!
— Я б не паплыў, калі б не быў п’яны, ды яшчэ хацеў бабу гэтую трахнуць, разумееш.
— Разумею, разумею,— нібыта здзекаваўся Алег з Толіка, бо казаў зноў-такі з’едліва і сярдзіта,— ты ў нас герой.
— Я табе сур’ёзна кажу. Ну, паплыў адзін.
— Заўважце, адзін, а не ўдвох!
Толік працягваў свой аповед:
— Яшчэ п’яны, дык сілы адчуваў, а як пачаў цверазець, ахапіла стома. Рукі, як алейныя, слізгацелі па вадзе. Вось так. Перавярнуўся на спіну, зірнуў — вакол хвалі. Далёка мігацяць агеньчыкі.— Толік наліў у шклянку віна і выпіў, пагладзіў вусы.— Разумееш, жахліва стала. Хутчэй плыць. Ужо да берага падплываў, і сутарга схапіла. Я ў крык. Ну і накрычаўся тады. Во вішчаў, як свіння. А баба выклікала лодку. Ну, карацей...
— А яшчэ карацей,— не ўтрымаўся Алег.
— Яна мяне і падабрала. Вось ты, Міця, уяўляеш, палез плыць. Ну, калі п’яны, дык нармалёва, а працверазеў, дык і жах напаў. А рукі стаміліся, правальваюцца, што алейныя.— Толік падняў угору рукі і, нібыта перабітыя, апусціў уніз — паказаў, як яны праваліліся.— А бабу тую трахнуў. He давала, а я кажу: «Разумееш, я за цябе ледзь не патануў, а ты тут галаву дурыш».
— Ага, ты б яе і другі раз, каб яна першы дала,— зноў ушпіліў Толіка Алег.
Было прыемна з гэтымі людзьмі, і Міця адразу палюбіў іх. Яны далі яму прытулак, падзяліліся з ім сваёй небагатай вячэрай, прынялі ў сваю кампанію, і ён для іх не «раб», не «гладыятар», не «натуршчык», а такі самы, як і яны, бадзяга. I калі лёс наканаваў яму быць з гэтымі людзьмі, сярод якіх ён адчуе сябе чалавекам, дык якая розніца, хто яны, п’янчугі або бабнікі, і зусім не бяда, што не пра Гегеля яны распавядаюць, галоўнае, у іх ёсць сэрца.
— Так, і другі раз яе,— адказаў Толік.
— Вядома ж,— падняўся са свайго месца Алег і замахаў рукамі,— Толік Прошын — сексуальны гігант.
— Вось, Міця,— Толік нахіліўся да яго, і яму падабалася, што да яго звяртаюцца па імені,— Амеля дзевятнаццаць гадкоў жыве, а я мог патануць. Каб не ён — гэты сын, дык не напіўся б і не выгналі б з працы.
— Я малалетні, затое Толік у нас увесь свет аб’ездзіў, усё бачыў! —ходзячы па гарышчы, насмешліва пракрычаў Алег.
— Так, бачыў,— п’яна працягнуў Прошын і дастаў з кішэні заношанага шэрага пінжака пачак «Прымы», закурыў, нервова пускаючы з рота дым.
— А хто спрачаецца?.. Ты ў нас разумнейшы за ўсіх.
— Ды я такіх салаг... Мяне, ведаеш, паважаюць. Калі грошай не было,— не толькі падвезлі, а яшчэ далі грошай.— Толік падняўся з падлогі.
— Ага, даюць — ты ж Прошын. Колькі — тры рублі?
— He, рубель. А пасля яшчэ два рублі.
— Ах, гэты Прошын,— Алег схапіўся за жывот і закаціў вочы. Гэта ж Прошын. Варта яму дзесьці з’явіцца, як адразу ўсе ў жаху мітусяцца, суюць яму грошы. А як ім не мітусіцца. Толік таўкачом быў і пазнаёміўся з міністрам. Ага, ён таксама грошы даваў, бо гэты Прошын вядомы таўкач.
— Вось зараз як дам,— замахнуўся Толік і апусціў руку, прымірэнча мовіў: — Свету не бачыў. Дзевятнаццаць гадоў, нават не ведаеш, што я тануў. Куды там табе,— махнуў рукой і звярнуўся да Міці: — Жыве чалавек, разумееш, я паспеў патануць, намучыцца, а яму, як з гуся вада.— I да Алега: — Ты ў войску не быў.
— А ў войску служаць такія доўбні, як ты,— рэзка адказаў яму Алег.— А я ўмею...
— Нічога ты не ўмееш, возьмуць і цябе.— Толік сеў на падлогу, відэльцам выхапіў з бляшанкі кавалак рыбы і паклаў у рот.
— Ну глядзі.
Алег паваліўся на падлогу і сутаргавата затузаўся тулавам і нагамі, высунуўшы язык, закруціў галавой. Дзікі крык вырываўся з яго глоткі, што нават Ільюша прачнуўся і прамырмытаў:
— Ты мне сябар,— і зноў заснуў.
Смешна было глядзець на гэтае крыўлянне. Міцю нават свярбела спытаць у Алега, што яшчэ можа паказаць ён. Але калі на вуснах у таго выступіла пена, Міця спужаўся. А мо і сапраўды Алег прыпадачны? Вось ужо пабачыў сёння дзівосаў, пра якія ў сваім парнаце і ўявіць не мог. Нарэшце Алег супакоіўся, нейкі час нерухома ляжаў на падлозе і хрыпла дыхаў. Калі ён падняўся, увесь расчырванелы, з пенай на вуснах, Прошын абыякава прамовіў:
— Ну і што?
— А тое, што ты нічога не разумееш у мастацтве,— махнуў рукой Алег.— Сябар!
— А ты? Пайдзі з такім сябрам. Хацеў цябе абараніць, а ты мяне кінуў.
Алег далонню выцер з вуснаў пену і, вырачыўшы вочы, злосна адказаў:
— Што ты нясеш? Я цябе кінуў? А хто мяне збіраўся біць? Сам прычапіўся да іх. Хацеў на халяву выпіць, а мяне адшыў, каб болей дасталося. Дай лепш прыкурыць.
— А во бачыш,— Толік паказаў фігу.
— Так,— Алег парваў цыгарэту і падбег да Прошына.
He паспеў Толік і слова мовіць, як Алегаў кулак трапіў яму ў лоб. Ад удару Прошын паваліўся на падлогу. Алег схіліўся над ім, ухапіўся рукамі за каўнер пінжака, ірвануў яго. Затрашчалі швы, паляцелі гузікі. Захісталіся языкі свечак.
— Ільюша, Міця, выратуйце мяне! Ён хоча мяне забіць! Дапамажыце хутчэй! — нема крычаў Прошын.
Будзіць Ільюшу Міцю не давялося — той сам прачнуўся ад шуму. Невысокі, на галаву ніжэйшы за Алега, здавалася, і ён не справіцца. Узрадаваны Прошын, якому ўдалося вырвацца з рук Алега, схаваўся за Ільюшу і верашчаў, паказваючы на свайго праціўніка рукой:
— Вось ён мяне забіць хоча. Вось адзежу парваў. Пакарай яго.
— Блядзь. Дзіцячы сад,— вылаяўся Ільюша і спрытна схапіў Алега за руку. Той без супраціўлення даў закруціць сабе руку.
Асмялеўшы, Прошын бегаў каля Алега і крычаў:
— Дайце мне яго задушыць. Дайце задушу яго!
Алег прымірэнча прамовіў:
— Ладна, давай мірыцца. Ільюшка, адпусці.
— Купляй новы пінжак.
.— Сам купляй.
Гэты адказ выклікаў у Прошына прыступ злосці, і ён узвыў:
— Я цябе задушу!
Ажно зубы счапіў і сціснуў кулакі ў неспатоленай празе спагнаць сваю злосць. Цяпер Ільюша адштурхоўваў ад Алега Толіка, а той раззлавана крычаў:
— Дай задушыць яго.
— Блядзь, нап’юцца і абавязкова паб’юцца, а пасля цалуюцца,— злосна вымавіў Ільюша.
— I пацалуемся,— прабубніў Прошын.— Ідзі, Алежка, пацалуемся,— і сам пакрочыў да Алега, і той таксама пайшоў насустрач. Яны абняліся і чмокнулі адзін аднаго ў шчаку.
— Спаць давайце,— прыкрыкнуў на іх Ільюша.
Пагасілі свечкі, і на гарыпічы запанавала цемра. Міця паклаў пад бок паліто. I хоць ён стаміўся, але заснуць не мог. Нейкая незразумелая і няясная трывога мучыла яго. Можа, гэта была трывога за заўтрашні дзень, які пужаў яго невядомасцю і непрадбачанасцю. Кожны шоргат раздражняў, прымушаў расплюшчваць вочы. Міця варочаўся з боку на бок.
Убачыў, што Алег пры запаленай свечцы сядзіць на падлозе і засяроджана пазірае на комін.
— Што здарылася? — папытаўся Міця.
Нібыта чагосьці спужаўшыся, Алег паказаў пальцам на комін і прашаптаў:
— Гэта ён. Я пазнаў яго.
Што там яшчэ такое? Міця прыўзняўся са свайго месца.
— Вось і трохвуголка. Гэта Напалеон.
— Які там яшчэ Напалеон?
— Ай, што ты разумееш. Вось там сядзіць,— Алег паставіў на калена руку і абапёрся падбародкам на кулак.— Напалеон, які з рускімі ваяваў. Няўжо гэта праўда? Мара дзяцінства,— ён падняўся на ногі.— He, гэта волат.
I было не зразумець: ці жартуе Алег, ці сапраўды кагосьці бачыць. Пасля тых конікаў, якія выкідваў, ад яго можна было ўсякага чакаць.
— Гэта ж комін,— мовіў Міця.
— А вось адсюль здаецца, што Напалеон.
Раніцай паснедалі чым бог паслаў — недаедзеная кансерва, салянка, хлеб. Ільюша з азызлым тварам і мутнымі вачыма пазяхнуў і панура прабурчэў:
— Пасля ўчарашняга баліць галава.
— Цяпер тваю галаву трэба лячыць толькі эшафотам або гільяцінай,— заўважыў Алег.
Ільюша сур’ёзна адказаў:
— Ай, спрабаваў таблеткі, не памагае. Вось каб сто грам.
Алег пырснуў смехам і манерна схапіўся за жывот.
— А братачка мой, з’ела сучка лой.
— Чаго ржэш. Каб ты ведаў, я сёння сніў цябе. Ну і скнара ты. Прасіў у цябе цыгарэту, і не даў жа, гад.