Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

Перамога ценю

Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
95.66 МБ
— Давай, Шульц! Мясі яго! Гасі Мар-хера! — крычалі хлопцы. Хутчэй ад боязі перад Шульцам — хоць неяк стрымаць яго, Міця схапіў свайго праціўніка за тулава
і паваліў яго на ложак. Як ціскамі, Шустал абхапіў Міцю за шыю. Дарэмна ён спрабаваў вызваліцца — хватка ў Шульца была жалезная.
— He брыкайся, пакуль ты жывы, я не адпушчу,— злосна хрыпеў над вухам Шустал.
Ужо не хапала паветра — Міця задыхаўся. Яшчэ імгненне, другое — і хана... Правай рукой Міця дастаў да горла свайго праціўніка. Адчуў пальцамі, як дрыжаць крохкія' храсткі пад танклявай скурай, сціснуў іх. Шульц левай рукой паспрабаваў адарваць Міціну далонь са свайго горла, а правай па-ранейшаму трымаў у абхваце яго шыю. Заставалася толькі адно. У роспачы Міця з усёй сілы сціснуў Шульцава горла. Хрып, што вырваўся з рота ў Шустала, узрадаваў Міцю. Ну, цяпер Шульц адпусціць. Толькі Шустал па-ранейшаму жалезнай хваткай трымаў яго за шыю, а левай рукой схапіў за куток рота і стаў яго рваць. Дыхаць Міцю не было чым, але ўсё ж былі сілы схапіць зубамі Шустала за пальцы.
— Ах, так! — віскнуў Шустал, ударыў кулаком правай рукі па галаве і ўскочыў на ногі.— Кусацца, падла! Заб’ю!
He паспеў Міця падняцца на ногі, як Шустал падмяў яго пад сябе і абхапіў рукамі яго галаву. Хутчэй бы скончылася гэтая бойка. Хай бы ўжо на задавальненне гэтым гадам і атрымаў бы колькі піз...лей ад Шульца, можа, Чэрнік і злітасцівіўся б — спыніў бойку. А Шустал усё мацней сціскаў яго галаву і шыю. У грудзях не было ўжо паветра. I тады Міця здаўлена закрычаў:
— Выратуйце мяне. Ён жа задушыць мяне.
— Адпусці яго, Шульц. Хай жыве! — зняважліва і павольна прамовіў Чэрнік.
— Навошта мне патрэбны гэты казёл? — адказаў Шустал і расціснуў рукі.
— Малайчына, Шульц,— мовіў Чэрнік і велічна выцягнуў наперад руку.
Расчырванелы Шустал, абцёршы далонню пад носам кроў, пашлёпаў босымі нагамі да Чэрніка, апусціўся на калена і паслухмяна тыцнуўся вуснамі ў імператарскую далонь. А Міцю Чэрнік суцешыў:
— Нічога, Мар-хер, вось так памахаеш кулакамі і навучышся піз...цца.
* * *
Накрыўшыся з галавой коўдрай, ляжаў Міця на сваім ложку. Ён хацеў заснуць і з прыкрасцю думаў, што імгненнем праляціць ноч і заўтра зноў гэтая клятая доля раба. I толькі ў сне можна забыцца пра жорсткае жыццё. Што добрае ён бачыў у ім? Дзе яго бацькі? Дом яго — вось гэты інтэрнат. I колькі разоў з яго здзекаваліся: то лупілі яго, то кідалі ў возера, каб парагатаць з таго, як ён тануў, то разбівалі тухлыя яйкі на галаве, то ноччу завязвалі вузлы на вопратцы, то мачыліся ў яго чаравікі, то пасля адбою ставілі з падушкай на выцягнутых руках — усяго не перакажаш. Такая бяда, што нават не п’ецца і вада. Няма ў яго сяброў, і павагі ні ад кога няма ў інтэрнаце. I сапраўды, ён раб, пазбаўлены нават імя, Мар-хер — крыўдная мянушка замест імя. I калі зрэдку пачуе «Міця», дык не адразу і здагадваецца, што звяртаюцца да яго. Што ж, ён змірыўся са сваёй бездапаможнасцю і нікчэмнасцю і адчувае сябе такім. Ён зжыўся са сваімі пакутамі — апраўданне яго мар пра шчаслівае будучае, гэта плата за тое, што рана ці позна, а павінен жа лёс усміхнуцца яму. I калі быў у яго добры настрой, Міця ўспрымаў гэта як нешта штучнае і падманлівае, нібыта жыццё вось такой дробнай падачкай намагаецца пазбавіць яго законных правоў на шчасце. Ды што тут нагадваць пра добры настрой, бо рэдка надараліся хвіліны радасці — трапіць у кіно, купіць цукерак або марозіва, але на гэта патрэбны былі грошы. Толькі адкуль у яго грошы? I ён краў іх, снаваў па спальным корпусе і, калі якая палата была адчыненая, заходзіў у яе, шнарыў па кішэнях. Радаваўся ўсяму — і капейцы, і марцы, і блакноціку. Рызыкаваў, калі б злавілі яго — не пашкадавалі б. Але адмовіцца ад крадзяжу — адмовіцца мець якую капейку. Аднойчы яго ледзь не застукалі. Лазіў па кішэнях і пачуў тупат ног у калідоры. Добра, што схаваўся пад ложак. У палату ўвайшоў з двума вучнямі настаўнік біялогіі Мікалай Лукіч, празваны за бародаўку на гарбатым носе Бародаўкай. Яны вешалі шторы на вокнах і размаўлялі паміж сабой, а ён, стаіўшы дыханне, ляжаў пад ложкам і нават не верыў, што пранясе. Ну, пашчасціла, калі вучні здымалі абутак і не заўважылі яго, а ці пашчасціць, калі яны пачнуць надзяваць свае пантофлі, зірні хто з іх выпадкова пад ложак — і ўсё. Вядома, што тут робіць чужы — крадзе. Хацеў нават выскачыць з-пад ложка і да дзвярэй, а там на ногі... Толькі не адважыўся, а калі зловяць? Пранесла — і працягваў
красці. Вось такое жыццё. Думаў, што ў гэтым годзе — у восьмым класе, калі ўжо не будзе старшакласнікаў, ён зажыве спакойна — перастануць біць і здзекавацца. Ды вось з’явіўся Чэрнік. Першага верасня на школьным пастраенні, калі дырэктар віншаваў вучняў з пачаткам заняткаў, класны Франц Іосіфавіч падвёў да іх шэрагу высокага і плячыстага хлопца. Такое ўражанне, што не ў восьмым класе павінен быў вучыцца ён, а ў дзесятым. I сапраўды, пасля Міця даведаўся, што Чэрнік двойчы заставаўся на другі год у пачатковых класах. Па развязнай паходцы, грэблівай усмешцы і нахабным позірку можна было здагадацца, што ён не адчуваў сябе нясмелым навічком. Манерна склаў рукі на грудзях, нібыта хацеў паказаць наколкі на далонях. Славік Ярашэвіч, прыгажун і заўзяты футбаліст, раўніва паглядаў на навічка, як адчуваў, што згубіць сваё лідэрства. «Чувак»,— мовіў ён Сашку Дзенісевічу — мажному хлопцу, які вельмі ганарыўся, што ён самы моцны ў класе. «Нічога, управімся»,— супакоіў яго Дзенісевіч. Як бы не так — управіліся! Падмяў іх пад сябе Чэрнік. Дзенісевіч хоць і моцны, але зусім не ўмеў біцца.
А Чэрнік умеў. I калі сышліся яны ў бойцы — Чэрнік паказаў клас. Малаціў няшчаснага Сашку нагамі з такой жорсткасцю, што хлопцы спужаліся, каб не забіў яго. Біцца з навічком ва ўсіх адпала ахвота. Прыхлебнікамі Чэрніка сталі і Дзенісевіч, і Ярашэвіч, і Ждановіч, і ён, Міця Мархель. Нават узрадаваўся, калі Чэрнік прапанаваў яму прашвырнуцца ў горад. Спадзяваўся ў сябры патрапіць, прычыніцца да яго сілы і славы. Разам з Чэрнікам сарваліся ў горад Валерка Сямёнаў, які перажываў ад таго, што мачыўся начамі ў ложак, ды Бабёр — Баброўскі Валерка з сёмага класа, пра якога казалі, што ён згвалціў Лорку Тумановіч з іх класа. У нейкім закутку паміж двума высокімі цаглянымі платамі, на рэйках, якія вялі на элеватар, чые высокія вежы ўзвышаліся ўдалечыні, яны пілі з бутэлек піва. Хлопцы развесяліліся і распавядалі Чэрніку камічныя выпадкі з інтэрнацкага жыцця. А той маўчаў і спадылба паглядаў на плот. Гэтае маўчанне пужала Міцю. Здавалася, што задумаў Чэрнік нешта нядобрае. I раптам той прамовіў: «Хачу новыя штаны, Мархель, украдзі з крамы. Як украсці? Ці не жартуе Чэрнік? Але калі ён пачаў аднеквацца, Чэрнік ударыў пустую бутэльку аб рэйку і прыставіў да яго шыі розачку — вострае рыльца: «Маё слова — закон. Зразумеў?» Прыціхлі, як мышы, гаваркія
хлопцы. I яны не чакалі такога ад Чэрніка. Сваё права праве. А ў яго не было выбару. Гэтыя штаны ён украў з крамы. Як і вучыў яго Чэрнік, мераць у кабіну прыхапіў двое штаноў. Хлопцы спінамі загарадзілі яго ад прадаўшчыцы. У кабіне адны штаны запхнуў пад пояс—і зашпіліў пінжак на гузік, вешалку таксама засунуў пад пояс, а з другімі выйшаў у залу. Нёс іх вешаць і дрыжаў ад боязі. Чакаў, што прадаўшчыца застукае яго. Крык, высвятленне, ганебная слава злодзея. Такі сорам. I з-за чаго? 3-за сваёй кволасці. А няма моцы, дык кожны цябе паганяе. Толькі за дзвярыма крамы паверыў у цуд. I пабег адразу з ганка, нырнуў у нейкі двор. Пранесла.
А пасля вечарам, калі вярталіся назад у інтэрнат, напаткалі дзяўчат. Чэрнік, як загад, цвёрда вымавіў: «Мархель, падбяжы і вырві ў крайняй сумачку, а мы пацешым дзяўчат». I ён павінен быў гэта рабіць, не жадаў, а павінен. I сумачку ён вырваў. Калі Чэрнік з хлопцамі наўмысна ўклініліся ў дзявочую купку і дзяўчаты завішчалі, ён рэзка рвануў з рук у крайняй чорную невялічкую сумачку — і ходу. Зараз жах і згадаць, што мог пад машыну трапіць — бег жа праз вуліцу на чырвонае святло. Нічога і нікога не бачыў. А там пералез праз плот на нейкі завод, на хаду запусціў руку ў сумачку. Намацаў тоўсты кашалёк. Зноў удача. Сто восемдзесят рублёў. Грошы! Але ж дурань які. He, каб схаваць іх — такое багацце — дык, каб улагодзіць Чэрніка, усе і аддаў яму. А той хоць бы капейку даў, хоць бы падзякаваў. Во — выкусі. А цяпер вось і блазнам сабе на пацеху зрабіў. Кошцы смех, а мышцы слёзы. Дык ужо лепш уцячы з інтэрната. ІПто яго тут трымае? Вучоба? Але вучоба яму як пакута: ні ў зуб нагой ні ў літаратуры, ні ў матэматыцы, ні ў фізіцы — нідзе. Настаўнікі толькі злосць сваю на ім спаганяюць — крычаць на яго, ставяць каля дошкі на цэлы ўрок. А жрачка. На парнатаўскай пайцы тлушчу не нагуляеш. Абедаў, абедаў, а жывот не ведаў. Калі ж што і смачнае даюць, дык Чэрнік забярэ сабе. Дык што ж, за тое, каб пераспаць на ложку, ён павінен расплачвацца пабоямі і здзекамі з сябе? Хай пераспіць у падвале або на гарышчы, але затое будзе вольны. Чаго палохацца волі? Вунь Ала Сямёнава месяцамі не жыве ў інтэрнаце — гуляе сабе. Міліцыя прывядзе яе, павучыцца дзень-другі і зноў на волю. I нічога з ёй не здарылася, жывая-здаровая і ад голаду не памерла, і начлег знаходзіць. Яна і яму прапаноўвала ўцячы з парната, а ён забаяўся. Дурань. Калі ўжо дзяўчына не прапала, дык ён
таксама не прападзе. Затое воля, і не будзе там Чэрніка. Заўтра ўцякае. I ўпершыню ў сваім жыцці заснуў ён з радаснымі спадзяваннямі на заўтрашні дзень.
* * *
I надышоў заўтрашні дзень. Пачаўся ён, як і сотні мінулых, рэзкім званком у калідоры — пад’ём! Класны, настаўнік малявання Франц Іосіфавіч — высокі мужчына за трыццаць гадоў па мянушцы Гусь,— уключыў святло і з парога гаркнуў: «На зарадку!» Хацелася хоць хвілінкудругую паваляцца ў ложку, але трэба падымацца. Разам з другімі жыхарамі палаты Міця паплёўся махаць рукамі і нагамі, прысядаць пад раззлаваныя вокрыкі Гуся — гэта і называлася зарадкай. За вокнамі стаяла цемра, а ў вестыбюлі сляпіла вочы святло лямпаў у падобных на гаршкі абажурах. Міця адразу ж згадаў, што сёння для яго пачынаецца новае жыццё, і павесялеў. Нават з ахвотай памахаў рукамі і паскакаў, чым заслужыў пахвалу класнага. 1 ложак Чэрніку засцілаў без ніякага ўнутранага супраціўлення. Апошні раз.