• Газеты, часопісы і г.д.
  • Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

    Перамога ценю

    Вітаўт Чаропка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 270с.
    Мінск 1996
    95.66 МБ
    Да будоўлі прыйшлі хутка. Арыель і не заўважыў, як вырасла перад ім глухая сцяна недабудаванага дома. Далей ісці не было куды. Арыель не павярнуўся да філёраў. Хай усё адбудзецца знянацку. Ён падняў вочы на месяц. Жоўты шар свяціўся таямнічым святлом. Некалі ў дзяцінстве ён вяртаўся з бабуляй вось такой парою з гасцей. I цемра пужала яго, і ваўкі, якія, мабыць, дзесьці сцерагуць адзінокіх падарожнікаў, адно месяц, што заліваў святлом шлях, надаваў яму смеласці. I ён заўсёды, бываючы далёка ад дому, гледзячы па начах на месяц, успамінаў тую ноч і памерлую даўно бабулю. Шкадоба да сябе ахапіла Арыеля, і ён адчуў, што вочы яго завільгацелі. Раптам грымнуў стрэл і агонь апаліў яго сэрца. Сляза так і не скацілася...
    Філёры схіліліся над забітым. Як вымагала таго інструкцыя, абшукалі кішэні. На знойдзеным аркушы паперы ў святле ліхтарыка, які адзін з іх уключыў, прачыталі толькі адно слова: «Дзякуй».
    * * *
    Пад ім ляжаў горад. Сотні і сотні каляровых агнёў свяціліся ў цемры. Вышыня не пужала Арыеля, а захапляла сваёй падуладнасцю яму. Невядомая сіла падымала яго ўсё вышэй, і ад таго, што ён у яве бачыў пад сабою горад, зразумеў: ён жывы. Ён не адчуваў болю ад раны ў сэрцы. Дзесьці там, на пляцоўцы каля недабудованага дома, ляжала яго цела, якое мучылі спакуслівыя страсці і пачуцці.
    Цяпер яно вызвалілася ад гэтага. Здзівіла, што ён не шкадуе свайго цела, як не шкадаваў зношанай вопраткі, разумеючы, што болей яна яму не патрэбная. Светлая радасць перапаўняла яго, падобная на тую, якую ён перажываў, калі летам ехаў у вёску, дзе чакала яго вольнае жыццё без надакучлівых урокаў і настаўнікаў. Нібыта і праўда ён вярнуўся ў той час, і няма ні хваляванняў, ні клопатаў, ні страхаў, ні засмучэнняў, а ёсць радасць, адна толькі светлая радасць. I, як у дзяцінстве, адчуў Арыель, што ён мае ўсё, каб лічыць сябе шчаслівым. Такім нязначным здалося тое, чым ён жыў раней,— гэтыя крыўды, зайздрасць, замарочкі, перажыванні. Які быў ён дурань! Навошта мітусіўся і пакутаваў, навошта тая ўлада, багацце? Цяпер нічога яму не трэба. Ен вольны і шчаслівы. Жыццё яго не скончылася. Вось жа думае, ляціць над зямлёю. А цікава, які ў яго выгляд? Толькі Арыель пра гэта падумаў, як убачыў сябе ў сваім ранейшым абліччы — чалавечым. Белая туніка пакрывала яго тулава. Ён варушыў рукамі, і яны слухаліся яго. He, жыццё не скончылася.
    Арыель ляцеў да свайго дома. Увесь сусвет звузіўся да асветленага вакенца пакоя, дзе засталася Ніта. У пакоі, каля канапы, на якой нерухома ляжала нябожчыца, мітусіліся яго госці. Гапак трымаў дзявочую руку за запясце, мабыць, шукаў пульс. Астатнія моўчкі назіралі за ім. I раптам радасны ўскрык:
    — Арыель!
    Ён убачыў каля сябе Ніту. Белая туніка агаляла яе смуглявыя плечы і рукі, даходзіла да каленяў. Ніта радасна ўсміхнулася і працягнула да яго руку. I ён абняў яе, і яна не працівілася гэтаму. Незямную асалоду і радасць перажыў Арыель ад блізкасці каханай.
    — Я баюся,— даверліва прашаптала яна.— Мне трэба ім сказаць, каб яны не хваляваліся.
    — Гэта цяпер ужо не наш дом. У нас сваё жыццё. Я адчуваю зліццё з табою, тваю цеплыню, тваю пяшчоту, тваю дабрату, і я шчаслівы.
    — I я таксама.
    Дзве душы ляцелі над горадам, над тысячамі агнёў, што разліліся па лабірынтах вуліц. Яркі прамень, як пражэктар, прарэзаў цемру наперадзе і наблізіўся. Пяшчотнае залатое святло ўказвала закаханым душам шлях у царства любові, дзе без любові нічога не можа быць.
    1990 г.
    ШЧАСЦЕ СТРАСЦЕЙ
    Яго вялікасць імператар Аляксандр I сядзеў на імператарскім пасадзе, а вакол стаялі слугі гасударавы і лісліва паглядалі на суровы твар гасудара. Аляксандр пагрозліва ўставіўся на дзяржаўнага злачынцу Міцьку, які баяўся нават вочы падняць на імператара. Чакаў свайго прысуду. Пасадам імператару служыла звычайная каляложкавая тумбачка. Белая прасціна, накінутая на шырокія Аляксандравы плечы, азначала мантыю. Імператарскі тытул насіў Аляксандр Чэрнік — вучань восьмага «Б» школы-інтэрната. Чатыры месяцы вучыўся ў інтэрнаце Чэрнік, але моцнымі кулакамі заваяваў сабе ўладу сярод аднакласнікаў і вучняў малодшых класаў. Вакол яго неўзабаве згуртаваліся тыя, у якіх не вучоба ў галаве, а сверб у руках — шкоду ўчыніць якую. Кволы і худы — косці скуру праціралі — Косцік Ждановіч, аматар гісторыі і прыгодніцкіх сачыненняў, каб наблізіцца да Чэрніка, прапанаваў яму абвясціць сябе імператарам. А чаму і не. I Чэрнік з таго памятнага дня загадаў сябе велічаць «ваша вялікасць», а інтэрнат і ўся тэрыторыя каля яго, абгароджаная высокім драўляным плотам, сталі імперыяй наваяўленага ўладара Аляксандра I. Ждановіч і быў першым дзяржаўным мужам імперыі — канцлерам, а хаўруснікі Чэрніка атрымалі іншыя дзяржаўныя пасады, хто вайсковага міністра, хто галоўнага паліцыянта, хто міністра фінансаў. Усе астатнія вучні перайшлі ў стан халопаў гасударавых. Праўда, змена дзяржаўна-сацыяльнага ладу адбылася і не без хваляванняў. Той-сёй не захацеў прызнаваць манархіі. Бунтаўшчыкоў выклікалі ноччу ў палац — палату, дзе жыў са сваім дваром манарх. Канцлер чытаў дзяржаўнаму злачынцу імператарскі прысуд — «цёмная». I не паспяваў падсудны мовіць і слова ў сваё апраўданне, як ззаду на яго накідалі коўдру і верныя імператарскія міністры кулакамі выбівалі з яго ўсялякае памкненне да волі. Так нарадзілася новая імперыя. Усе яе грамадзяне павінны былі плаціць імператару даніну; хто што меў, тое і аддаваў: грошы, цукеркі, кнігі, маркі, ручкі і г. д.
    А сёння імператар Аляксандр I здзейсніў паход на суседнюю з імперыяй вёску Пятроўшчыну. Чалавек трыццаць вёў за сабой Чэрнік. I здарылася немагчымае: з імператарскага войска ўцёк Міцька Мархель. He тое што яго кулакі спатрэбіліся б у бойцы з абарыгенамі, якія, дарэчы, пахаваліся па хатах, ды і якая карысць ад невысокага
    кволага хлапчука «духарыка», але Мархель не паслухаўся імператара — гэта быў бунт. Толькі цяжкае пакаранне заслугоўваў бунтаўшчык.
    Які там бунт? I не думаў Міця бунтаваць супраць Чэрніка, верна яму служыў, стаяў на шухеры, калі па начах той з хаўруснікамі гуляў у карты, каб хто з начных нянек не накрыў іх, паслухмяна засцілаў яму раніцай ложак, а вечарам распранаў, здымаў абутак. Мо хто і адважыўся б процістаяць Чэрніку, але толькі не гэты духарык Мар-хер. Міця проста спалохаўся бойкі — любы яму настукаў бы па касцях, і калі Чэрнікава раць ішла праз стары сад, ён адстаў ад усіх і схаваўся за дрэва. Думаў, не заўважаць яго адсутнасці, і пралічыўся. Чэрнік і заўважыў: «А дзе гэты духарык?» — «Няма яго».— «Ну добра». I вечарам, калі званок празвінеў «адбой» — час класціся спаць, канцлер паклікаў Міцю да імператара.
    Яго вялікасць Аляксандр I сядзеў на імператарскім пасадзе і пагрозліва паглядаў на дзяржаўнага злачынцу. He спадзяваўся Міця на цуд. Чэрнік не пашкадуе яго, як не пашкадаваў тых, хто не падначальваўся яму. Хай застанецца ён рабом, хай будзе выконваць любы загад Чэрніка, хай пагарджаюць ім, але толькі не б’юць. Боль палохаў яго. А Ждановіч чытаў гучным голасам напісаны на старонцы сшытка імператарскі ўказ. «Мы, вялікі імператар Аляксандр Першы, за дзяржаўную здраду раба нашага Міцькі Мархеля пастанаўляем: онага аддаць у гладыятары». Такі быў прысуд. Хто такія гладыятары, Міця ведаў з падручніка гісторыі — былі некалі такія рабы ў старажытным Рыме, пацяшалі крывавымі бойкамі рымлян. Значыць, і ён цяпер гладыятар і павінен кулакамі ў бойках пацяшаць гэтага вылюдка Чэрніка з яго прыхлебнай хеўрай.
    — Шульц! — рэзка, як загад, прамовіў імператар.
    На сярэдзіну палаты міністры выпіхнулі Шустала — хлопа з сёмага класа. Шустала дражнілі Шульцам. Яго, пэўна, таксама паднялі з ложка, бо, як і Міця, ён не адзеўся — быў у белай сарочцы і доўгіх чорных трусах. Босымі нагамі Шустал зашлёпаў па падлозе. Яго санлівыя вочкі палахліва глядзелі на Чэрніка, і жаласліва, нібыта хацеў выклікаць у імператара шкадобу, ён скрывіў вусны і захныкаў.
    — Біцца па-сапраўднаму, a то кожнаму цёмная,— прыгразіў Чэрнік і з’едліва ўсміхнуўся.— Ну, Мар-хер.
    Цяпер ужо залежыць ад яго самога — быць пабітым або абараніць сябе. Шульц не волат, аднаго з ім росту. Можа,
    і адолее яго. Яны паглядалі адзін на аднаго. Да гэтага вечара не варагавалі ды і не сябравалі паміж сабой. I вось з жадання Чэрніка яны ворагі. I ніхто з іх не рашаўся першым пачаць бойку.
    — Чаго стаім? — прыкрыкнуў незадаволена Чэрнік.
    Міця і не чакаў, як Шустал ухапіў яго за сарочку і моцна штурхнуў у бок. Радасныя крыкі міністраў віталі пачатак бойкі. Падаючы. Міця паспеў учапіцца за рукі Шустала і пацягнуў яго за сабою. Абодва і грымнуліся на падлогу. Цяжарам свайго тулава Шустал прыціснуў Міцю да падлогі. Ад гэтай няўдачы, ад болю пабітай спіны Міця ўзлаваўся, і злосць дала сілу. Нагамі ўпёрся ён у падлогу, рэзка падкінуў тулава ўгору. Шустал не ўтрымаўся і паваліўся на спіну. Умомант абодва ўскочылі на ногі. Злыя і расчырванелыя, яны цяжка дыхалі і пільна сачылі адзін за адным. Прысутныя ўхвальнымі крыкамі падбадзёрвалі іх.
    — Што, выкусіў? — прахрыпеў Міця.
    — He радуйся, сваё атрымаеш,— агрызнуўся Шустал і зрабіў падманны выпад правай рукой.
    Міця паверыў і адхіліў галаву ўлева. Моцны ўдар левай рукой у сківіцу ледзь не збіў яго з ног. У вачах імгненна паласнула цемрай. Пачуў сярод радасных крыкаў і задаволены ўсхліп Чэрніка. За гэтым ударам паследаваў другі — у вусны, але не такі моцны. Міця таксама ўдарыў кулаком правай рукі і не дастаў Шульца — ён адскочыў назад. Смех прысутных толькі больш раззлаваў Міцю. Аднаго ён хацеў — біць і біць Шульца, біць па твары, у нос, у вушы, у вочы. Ніякай боязі перад сваім праціўнікам цяпер ён не адчуваў. Біць. Як падхоплены віхорам, Міця сарваўся з месца і пабег на Шустала. Ад нечаканасці той на кароткае імгненне знерухомеў. 3 помслівай радасцю Міця сунуў з усёй сілы кулаком у нос Шусталу. 3 разбітага носа пырснула кроў.
    — Ды ён малаток! — завішчаў Чэрнік.
    А Міця спалохаўся, калі ўбачыў звярыную раз’ятранасць у вачах свайго праціўніка, яго перакошаны нянавісцю твар. Нічога добрага цяпер не чакай — парай аплявух бойка не скончыцца. Кроў. За кроў Шульц адпомсціць. Дзе тут пераможаш яго раз’ятранага, Боязь адабрала веру ў перамогу. I калі Шульц нема закрычаў: «Сука, заб’ю!», аж халадок працяў спіну і ёкнула сэрца — загінуў.