Перамога ценю
Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
— He пераболыпваю. Гэта я пажадаў, каб загінуў Гук, я пажадаў смерці вядучага...
— Я не пытаю, як ты гэта зрабіў. У кожнага майстра — свая тайна. А ты ж геній — геніяльнае цяжка зразумець. Падпішы вось гэты дакуменцік...— Феб дастаў з шуфлядкі аркуш паперы і паклаў яго на стол.
Арыель падняўся з канапы і падышоў да стала. Перад ім ляжаў бланк. Чорныя друкаваныя літары лаканічна паведамлялі: «Я — ішоў пропуск для ўпісання прозвішча, імя — паступаю на службу Дзяржаўнай аховы грамадзян, прымаю абавязак выконваць усе заданні, якія мне даручаць, без нараканняў слухацца начальства і захоўваць тайну службы». Арыель прачытаў гэтую ці то прысягу, ці то інструкцыю, узяў ласкава працягнутую Фебам асадку і ўпіеаў сваё імя «Арыель Бергель», а ўнізе распісаўся.
— Вось і слаўна, вось і слаўна! — Феб кончыкамі пальцаў схапіў паперку за куток і паклаў яе ў папку.— Будзем працаваць.— Калі ён загарнуў папку, у вочы Арыелю кінуўся старанна выведзены чорным атрамантам подпіс: «Справа № 567890123. Арыель Бергель»..
— Табе даручаецца важнае дзяржаўнае заданне,— Феба як падмянілі: вочы засцюдзянелі, твар пасур’ёзнеў, а голас загучаў сурова. Ён падняўся з-за стала і, заклаўшы рукі за спіну, пругкім крокам пранёс сваё тулава да сцяны, на якой вісеў у бронзавай рамцы фатаграфічны партрэт прэзідэнта краіны, спыніўся.
— Ты павінен яго ліквідаваць,— Феб на хвіліну змоўк, а пасля павольна падняў руку і пальцам паказаў на партрэт.
— Прэзідэнта? — спалохаўся Арыель.
— Так, яго,— дзелавіта хітнуў галавою Феб.— Заўтра ён наведвае вайсковыя могілкі... Там ты яго і сустрэнеш. Дапамога табе, як я зразумеў, не патрэбная.
— Колькі мне заплацяць?
— Пяцьдзесят тысяч.
— Мала.
— Сто.
— Згодны.
Феб падышоў да сейфа, уставіў ключ у замочную адтуліну, крутануў раз-другі і пацягнуў на сябе масіўныя дзверы.
3-за спіны Феба Арыель не бачыў, што ўзяў з гэтай жалезнай скрыні яе ўладар. Феб схаваў ключ у кішэню, павярнуўся:
— Вось табе аванс.— У правай руцэ ён трымаў ладны стос новых купюр, перацягнутых паласатай паперкаю.
Адразу такая ўдача — сто тысяч! Яшчэ пару такіх заказаў — і можна пачынаць свой бізнес. Яму трэба шмат грошай — яны дадуць свабоду, моц і рэальную ўладу над людзьмі. А прэзідэнт нібыта і добры чалавек, нават дзяржаўныя рэформы спрабуе ажыццяўляць. Але што яму, Арыелю, да рэформ. Тут сто тысяч. За такую плату не шкада і прэзідэнта.
У добрым настроі вяртаўся Арыель дадому. Будучыня нарэшце расчыніла перад ім дзверы туды, дзе святло, дзе пануюць гармонія і шчасце. Вакол яго плыла людская рака. Твары, твары. Нехта з гэтых людзей не зводзіць з яго вачэй, адзначае яго кожны крок. Хто? Азірнуўся. Людзі, не заўважаючы Арыеля, праходзілі міма. Але ж нехта цікуе за ім. He можа быць, каб цяпер за ім не прыставілі філёра. Цяпер ён асоба не дробная. Такое ўяўленне, што ён раптам апынуўся ў клетцы, дзе ўся яго свабода вызначалася межамі жалезных кратаў. Можна лічыць сябе вольным чалавекам, калі не падыходзіць да гэтых кратаў, не ведаць пра іх, а калі падышоў, калі ведаеш, што твая воля толькі падман, як тады? А тады цягне вырвацца на сапраўдную волю. Яму захацелася раптам кінуцца ў першую падваротню і ўцячы, каб той невядомы, што ідзе следам, згубіў яго. Каб не цікаваў, каб нічога пра яго не ведаў.
Але куды ўцячэш, куды схаваешся? I ён пайшоў па горадзе з непрыемным адчуваннем, што за ім, бы цень, ідзе той, хто павінен ведаць кожны яго крок.
* * *
Можа, пазваніць Ніце ды падацца ў якуюсь рэстарацыю? Ен, не распранаючыся, ціхенька прайшоў у свой пакой, схаваў у шуфлядку стала грошы.
На гэты раз ён застаў Ніту. Яна не абрадавалася яму. Уражанне было такое, што ён ужо надакучыў ёй сваімі званкамі. У голасе Ніты гучала незадавальненне. Яна адмаўлялася ісці з ім, чакала ў госці сябра — вельмі выразна прамовіла гэтае «сябра». Можна было класці трубку, але ён хацеў пачуць ад яе хоць адно добрае слова. He ведаў, што і сказаць ёй, і яна маўчала. На яго пытанне, як яна жыве, хмыкнула: «А што табе да майго жыцця?» Размовы не атрымлівалася. «Ну, добра»,— сказаў ён, і Ніта адразу ж, не дачакаўшыся яго «да пабачэння» і не развітаўшыся з ім, паклала трубку. Ён сядзеў абражаны, з крыўдаю на ўвесь свет. I зласлівае пачуццё помсты несла яго душы палёгку: ён мог знішчыць і новага Ніцінага сябра, прыніжэння ён болей не сцерпіць. У люстэрку адбілася яго помслівая ўсмешка, сцятыя моцна вусны дрыжэлі ў куточках. Арыель, убачыўшы сябе, спалохаўся. Гэта была ўсмешка д’ябла.
* * *
Амаль гадзіну ляжаў Арыель у ложку і тупа глядзеў на столь. Hi пра што не хацелася думаць. Яму нават спадабалася ляжаць такім абыякавым да ўсяго. Тэлефонны званок адарваў Арыеля ад роздуму. На яго здзіўленне, званіла Ніта.
— Арыель, сумуеш? — данёсся з трубкі бадзёры голас.
— Я па табе заўсёды сумую,— адказаў ён і пачуў, як дзяўчына засмяялася.
— Калі так, дык я запрашаю цябе ў «Альбу».
Ен не паверыў. «Альба» — самая дарагая рэстарацыя ў горадзе. Адна вячэра там каштавала яго месячны заробак. I вось Ніта сама запрашае яго туды. Дзяўчына, нібыта здагадаўшыся, што хвіліннае маўчанне Арыеля выклікана яго здзіўленнем, паўтарыла:
— Я запрашаю цябе ў «Альбу»,— і дадала: — Я сама за ўсё плачу. Толькі не задавай пытанняў. Можаш лічыць, што гэта мой капрыз. Чакаю... Каля «Альбы»,— яна паклала трубку.
Гэта чаму ёй раптам заманулася запрашаць яго ў рэстарацыю? Штосьці тут не тое. Нейкі патаемны намер мела яна ў галаве. Хоць бы і так, ды толькі не адмовішся ад яе прапановы.
Што ж...
* * *
Па небе паўзлі шэрыя хмары. Горад быў заліты агнём неонавых вітрын. Перад шклянымі дзвярыма рэстарацыі, як заўсёды, сабраліся тыя няшчасныя, што не трапілі ў яе. Стары швейцар з пасівелай галавою, адчуваючы сваю важнасць, ганарліва стаяў на вахце запаветных дзвярэй, не заўважаючы тых, хто мёрз вонках. Швейцар выпусціў з залітага святлом чэрава рэстарацыі купку іншаземцаў, вясёлыя і бесклапотныя, яны гучна смяяліся. Смуглявая дзяўчынка ластаўкай лётала паміж іх. Божа, каб у яго была такая дачка ад Ніты! Самотнымі вачыма ён праводзіў гэтае анёльскае дзіця.
Чакаць Ніту доўга не давялося. Арыель убачыў, як выйшла яна з залы і, заўважыўшы яго, радасна памахала рукой. Нешта сказала швейцару, і той павольна адчыніў дзверы.
— He дзівіся, Арыель, проста мне сумна тут сярод чужых.
А можа, і сапраўды яна хацела пабачыць яго. Можа, сярод многіх людзей, з якімі яна так лёгка сыходзілася і расставалася, Ніта адчула, што ёй не хапае яго, Арыеля. О, каб так гэта было!
Швейцар пакорліва пакланіўся яму і паспяшыў дапамагчы зняць плашч. У пярэдняй зале каля сцен пыхкалі цыгарэтамі размаляваныя, адзетыя ў квяцістыя адзежы дзявулі. Ён у старым швэдры, памятых штанах і стаптаных чаравіках выклікаў у іх вачах знявагу. Раней адчуў бы сваю нікчэмнасць і прыніжанасць, а цяпер — нахабна абвёў прысутных позіркам прымружаных вачэй і ўсміхнуўся д’ябальскай усмешкаю — куточкамі вуснаў. Убачыў, як збляднелі спалоханыя дзявулі. I было ў гэтым жаху перад ім хмельнае пачуццё задавальнення.
Усё здавалася яму тут фальшывым, як ігтая стылізаваная пад старасвецкую карчму зала: камін, у якім ні разу не гарэў агонь, разныя сталы, якія і гадоў пяць не паслужылі тым, хто на іх баляваў, цьмяныя ліхтары ў металічнай
аправе. 1 людзі тут былі фальшывыя. Прывабнасць жанчын з галівудскімі ўсмешкамі была ўсяго толькі платаю за тое, што іх прывялі сюды кавалеры. I мужчыны толькі таму былі галантныя, бо хацелі выдаваць выхаванымі, а на самай справе думалі, як пакласці сваіх жанчын у ложак, спакусліва паглядалі на іх лыткі і аголеныя плечы. Усе ігралі адведзеныя ім ролі, наколькі дазваляў ім іх талент пераўвасаблення.
Арыель сядзеў за столікам насупраць Ніты.
— Ты любіш рэстарацыі? — спытаў ён Ніту, калі афіцыянт, галантна схіліўшыся над столікам, наліў у крыштальныя келіхі з высокімі ножкамі шампанскага.
— А што? Тут весела, ёсць пачуццё свята,— манерна адказала Ніта і вытанчаным рухам рукі паднесла да вуснаў келіх.
— Але і свята стамляе.
— К.уды больш стамляе жыццё, якім ты жывеш,— яна раззлавана адставіла келіх убок.— Ну што ў ім добрага? Гарбацішся за бясплатна... Ты ж ніхто. А я хачу жыць іначай.
Каб раней Арыель пачуў такое ад Ніты, дык палічыў бы сябе абражаным, але цяпер, калі ў яго кішэнях ляжалі тысячы, ён толькі пасмяяўся з дзяўчыны. Але так і не адказаў ёй, бо яго ўвагу прыцягнуў п’яны стары з бародкаю і вусамі, які, хістаючыся на кароткіх нагах, выпаўз на сярэдзіну залы і, узмахнуўшы рукою, пракрычаў:
— Я хачу спяваць!
Яго ніхто не слухаў, ён затупаў нагамі на адным месцы, завіхляў задам і заспяваў:
Дзеўкі вы... па-па... так яму і нада...
Опа, опа, дзеўкі вы... па-па...
Затым ударыў кулаком у грудзі і сказаў:
— Я люблю спяваць! Я такі, вы мяне ведаеце.
Ды гэта ж дзядзька Іван. Як яго? Феб Лаўша. I вось ад гэтага ўбоства залежыць яго, Арыелеў, лёс, і лёс прэзідэнта краіны, і лёс тысяч і тысяч людзей. Мабыць, у чалавека самае развітае пачуццё — пачуццё жаху. Жах перад таямнічай і злавеснай спецслужбай адняў у людзей волю і гонар. Але калі яны б даведаліся, што вось гэты п’яны смарчок і ёсць адзін з тых, хто трымае іх у жаху, то, пэўна, учарнелі б ад крыўды. А можа, дзесяць разоў шкадавалі б, што ўбачылі яго ў такім стане?
— I не трэба... Ведаю я Маркса,— закрычаў Феб і пагразіў камусьці пальцам.— Ведаю палкоўніка Маркса, pa-
зам служылі, яго няма, а я ёсць і буду. Mary палец адкусіць сабе. Я такі. Я такі. Я жалезна магу палец адкусіць або нос. Хто хоча? — Ён засунуў палец у рот і агледзеў залу.— Я такі... Усе мае пяць братоў рэстарацыямі загадваюць, а я — паэт. Усе мяне гоняць, нават унучка за нос кусае. Я вам зараз свае вершы...
Але Фебу не далі прачытаць вершы. Да яго падскочылі два ладныя хлопцы і пад рукі павялі з залы.
— Ты так глядзеў на гэтага старога, што я спалохалася...— Ніта пахітала галавою.
— Ай, вось дурное ўсякае лезе ў галаву.
Зноў загучала музыка — мякка і пяшчотна. Быццам плакаў пра нешта страчанае саксафон, які вёў сола. Да іх століка падышоў адзеты ў белую вельветавую тройку высокі мужчына. Свежапаголены, коратка стрыжаны, з ветлай усмешкаю. Ну, хоць ты яго ў каталожныя прыгажуны запісвай. Запрасіў на танец Ніту, і дзяўчына моўчкі падала яму руку, паднялася. Нічога, няхай павесяліцца. Нікуды ад яго Ніта не дзенецца — раскрыла карты. Хочацца ёй свята — ён падаруе ёй гэтае свята.