• Газеты, часопісы і г.д.
  • Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

    Перамога ценю

    Вітаўт Чаропка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 270с.
    Мінск 1996
    95.66 МБ
    — У наступным сне ты яму не дай,— заўважыў Прошын.
    Ільюша пакапаўся ў сваёй палатнянай торбачцы і дастаў загорнуты ў газету кавалак зжаўцелага сала.
    — Хто хоча? — прапанаваў ён.
    — Жары ты сам гэта сала,— адказаў Алег.— На якім сметніку падабраў? Ды і пагрызенае, мабыць, мышы елі.
    — Калі мышы елі — значыць, ядомае,— заключыў Прошын.— Хай жывот пабаліць, чым прападаць дабру.
    Ільюша дзелавіта нарэзаў сала на тоненькія долькі, паклаў іх на газету. Без ніякай агіды Ільюша і Прошын елі сала, Міця не дакрануўся да яго, але з прыкрасцю падумаў, што, можа, настане час, і ён будзе радавацца вось такой ежы.
    * * *
    Выбраліся з гарышча да святла. На небе яшчэ зіхацелі зоркі. Горад прачнуўся. Адзін за адным жыхары гарышча апусціліся па лесвіцы ўніз. Вырашылі заняцца промыслам. Падзяліліся на пары — Ільюша з Прошыным, а Міця з Алегам — і разышліся.
    Раніцу прабадзяліся Міця і яго новы сябар па горадзе, заходзілі пагрэцца ў крамы, галоднымі вачыма глядзелі на харч. Алег раз нават не вытрымаў:
    — Пажраць бы і бутэльку хоць бы адну.
    Сумныя выходзілі яны з крамаў і зноў панура тапталі снег па гарадскіх вуліцах. Днём яскравае сонца, ад якога заіскрыўся снег, аж рэзала вочы, падняло настрой.
    — Міця, табе ніколі не хацелася вось у такі дзень уславіць сілы, якія далі табе жыццё, падаравалі магчымасць атрымліваць асалоду ад такога хараства? — раптам папытаўся Алег. Нават здзівіў Міцю сваім незвычайным пытаннем. Хоць чаго тут здзіўляцца. Відаць, Алег чувак начытаны, але ў яго кампаніі ніхто на высокія тэмы не размаўляе, вось і рад пагаварыць з новым субяседнікам.
    — Што ў гэтым жыцці добрага? Сонца? Але мне няма месца пад ім,— адказаў Міця.
    — Воля, Санча, ёсць каштоўная шчадрота, якую неба дае людзям. Шчаслівы той, каму неба пасылае скарынку хлеба, за якую ён нікому не абавязаны дзякаваць, апроч самога неба,— паляпаў Алег па Міцевым плячы.— Гэта Прошын кажа, што я малалетка. А я тое-сёе зразумеў у жыцці. He дурань, бачу ўсё. Наверсе жыве ў задавальненні купка ўладароў. Ну і сярэдняя праслойка, без якой не можа існаваць ніводная дзяржава: буйныя навукоўцы, дробныя дзяржаўныя функцыянеры. А ўнізе — рабочы клас, які ўграз у п’янстве і беспрасветных клопатах аб выжыванні. I якая знявага вярхушкі да тых, за чый кошт жыве. Хам, п’яніца, а нам мовяць: вы гаспадары, гегемоны. Усё тыя ж дынастычныя шлюбы. Пра ўладу мараць не як пра поле дзейнасці, пашырэнне магчымасцей і перспектывы, а толькі як пра сродак атрымаць паболей. I самае крыўднае для іх — маюць многае і не могуць гэтым карыстацца. А тыя паны, што выйшлі з народа? I што мне рабіць? Нічога не свеціць. Дзеля кавалка хлеба быць рабом? Вось і не захацеў ім быць. I ты не захацеў ім быць. Таму і заўпарціліся.
    — А Толік як?
    — А што Прошын? Дажыў да сівога ўзросту і не стаў чалавекам. А спачатку ў яго было ўсё прыстойна. Бацька палкоўнік. Жыў, не піў, ажаніўся. Памёр бацька, новыя сябры, пачаў выпіваць. Маці не змагла даць рады. I пайшло-паехала. Жонку кінуў. Пакаціўся. Вось табе і Прошын. А што да Ільюшы. Ты ж сам яго бачыў. Тэма ўсіх яго размоў — войска. Адслужыў два гады, і аповедаў хопіць на ўсё жыццё. I сяброў сабе выбірае такіх, якія маглі б яго слухаць, а як толькі ім надакучыць, шукае другіх. Прыкідваецца сваім хлопцам.— I раптам узбуджана прашаптаў: — Ах, гэтую бутэльку выпіць.
    Наперадзе ішоў мужчына, а ў правай руцэ трымаў бутэльку віна. Алега нібыта падмянілі — вочы загарэліся спакусай. У хваляванні завярцеў галавой, аглядаючы малалюдную вуліцу.
    — Ах, гэтую бутэлечку,— зноў узбуджана прашаптаў Алег.
    — Няўжо так хочацца піць?
    — He дзеля таго, каб напіцца, а забыцца на гэты свет. Быць вольным ад яго законаў і ўмоўнасцей. Віно якраз і дапамагае нам стаць самім сабой, жыць сваімі страсцямі, а не падладжвацца пад людское глупства.
    — Міця, у цябе ногі маладыя, выхапі бутэльку і — у завулак.
    I ён не мог адмовіцца, павінен быў гэта зрабіць, каб стаць сапраўдным сябрам сваёй новай кампаніі. Нічога не адказаў ён Алегу, прыбавіў хады і дагнаў мужчыну. Імгненне і выхапіў бутэльку з рук. Бег з упэўненасцю, што мужчына не дагоніць яго. Аднак нечакана ён упаў на зямлю. Гэтага хапіла, каб мужчына дагнаў яго. Міця чакаў бязлітаснага ўдару нагой і ўвесь сцяўся, гатовы паслухмяна прыняць пакаранне. Знізу паглядаў на мужчыну, які стаяў над ім і пераводзіў дых. Расчырванелы і няголены твар мужчыны не выказваў ні злосці, ні радасці, а быў як у дзіцяці, у якога аднялі цацку, пакрыўджаным.
    — Дзе выпіўка?
    Міця падняўся на ногі, трымаў бутэльку ў руках.
    — Ты што, думаў, хлопчыка знайшоў,— задаволена мовіў мужчына.— He, міленькі. Гані выпіўку.
    Аднаму радаваўся Міця, што мужчына не біў яго. Усміхнуўся яму жаласліва і лісліва.
    — Мяне прымусілі. Я не хацеў.
    — Давай бутэльку. Я табе не маленькі.
    — Добра, добра. He крычы. Вось твая бутэлька,— Міця
    ўбачыў Алега, які стаяў непадалёк і махаў яму галавой, маўляў, дуй. I Міця рэзка сарваўся з месца. Мужчына пранізліва закрычаў услед:
    — Трымай вора!
    Міця перабег на другі бок вуліцы і шмыгнуў за дамы, што стаялі побач. Дарогу перагароджваў невялікі плот, зроблены з металічных сетак. Толькі пераскочыць гэты плот і не ўпасці. За спінай раздаваўся тупат ног мужчыны. Толькі не ўпасці. Другі раз ужо не вырвецца. Міця, адштурхнуўшыся ад зямлі, пераскочыў. Пакуль мужчына няўклюдна пералазіў цераз плот, Міця паспеў адарвацца ад пагоні. Задыхаўся, але бег. Паветра ўрывалася ў лёгкія, абпальвала іх холадам. Неўзабаве Міця пачаў хрыпець. Кожны крок даваўся з цяжкасцю. Насустрач з сумкай у руках сунуўся стары, і мужчына на ўсю глотку закрычаў:
    — Трымайце яго! Трымайце вора! Трымайце вора!
    Стары спыніўся і недаўменна глядзеў на хлопца з бутэлькай у руцэ, які бег яму насустрач. Міця праімчаўся паўз старога. Аднак надзіва —■ мужык працягваў пагоню. Праз двары Міця выбег прама на аўтобусны прыпынак, на якім стаяла купка людзей. Туды нельга, пачуюць крыкі гэтага п’янюгі і зловяць. А там міліцыя і ганебнае вяртанне ў інтэрнат. Міця кінуўся ў другі бок, да закутай ільдом рэчкі.
    Міця быў на сярэдзіне рэчкі, як пад нагамі пачуўся трэск лёду. Халодная вада абпаліла яго ногі, тулава, твар — Міця апынуўся ў вадзе. Адразу ж кінуў бутэльку прэч — яна разбілася, і чырвонае віно вылілася на шэрую паверхню льду. Міця адчайна барахтаўся ў палонцы. Ногі не даставалі дна. Намоклая адзежа і чаравікі цягнулі ўніз. Хапаўся рукамі за лёд, а той ламаўся. Ён мог выратавацца, але ў той момант, калі мужчына працягнуў яму руку, як прасвятленне, мільгнула думка. He боязна памерці, а боязна жыць. Самая вялікая страсць — перамагчы смерць — адмовіцца ад жыцця. I калі ён прыме дапамогу, значыць, так і застанецца рабом.
    1991 г.
    НАВЬ-ЯВЬ-ПРАВЬ
    To быў нядобры знак. Так лічылі ўсе жыхары града Жоўны — ад простага пасынка ў князёвай дружыне да самога князя князёў літвінскіх Жывінбуда. Сярод яснага дня на вачах люду, як лятавец, зляцеў з неба чорны каршук на галубоў, што сядзелі пасярод двара князёвых харомаў. Вострыя кіпцюры драпежніка ўпіліся ў белую галубку, і ў паветры растаў яе перадсмяротны ўскрык. Каршук панёс у кіпцюрах сваю здабычу.
    К вечару пра гэта ведалі жыхары града. I ў мірныя дні нічога добрага не вяшчала такая падзея, а цяпер і зусім. Вёў сваю раць князь рускі Яраслаў на зямлю Літоўскую. Віжы, якія прыйшлі з-пад Пінска, казалі, што русаў раць незлічоная, браня на іх моцная, коні пад імі сытыя, зброя ў іх вострая. Два гады таму хадзіў князь рускі на яцвягаў. На мячах сваіх неслі русы новага бога — Хрыста, бога, які дазволіў сябе раскрыжаваць. Князі родаў літвінскіх і лепшыя людзі з’ехаліся да князя Жывінбуда на веча. Вечарам, пакуль не зайшло сонца, сотні літвінскіх віцязяў сабраліся перад пагоркам, на якім знаходзілася выкладзеная каменем пляцоўка, дзе пад адкрытым небам стаялі стоды багоў. Перад стодам бога грому Перуна, які быў выразаны з дрэва ў выглядзе барадатага мужчыны, з маланкай ва ўзнятай правай руцэ, гарэла ахвярнае полымя Зніч. Шмат стагоддзяў таму запалілі жрацы гэты агонь і не давалі яму згаснуць. А вакол свяцілішча палыхала восем вогнішчаў. Чакалі ваяры, калі выйдуць да іх князі. I вось выйшлі яны з храма.
    — Браты мае,— звярнуўся да ваяроў Жывінбуд,— рускі князь Яраслаў са сваім воінствам апалчыўся бранню на Літву. He пакінем сваім сынам у спадак вечную ганьбу. He дзеля таго, каб стаць парабкамі русаў.
    I, нахмурыўшы бровы, Жывінбуд чакаў адразу другіх князёў.
    Першым мовіў князь Завейка, зірнуў у натоўп, перачакаў, пакуль сціхнуць галасы, і загаварыў:
    — Я хачу, каб мудрасць не пакідала нас. Няма нічога болып каштоўнага за мір. Шмат нечаканасцяў на вайне. Ніхто з нас не ўпэўнены, што мы пераможам русаў. I што нас чакае, калі русы разаб’юць нас на полі сечы? Яны выведуць у няволю нашых жонак і дзяцей. Хісткае ваярскае шчасце: учора перамога, а сёння паражэнне. Навошта нам выпрабоўваць долю? А ці не лепш браталюбна жыць
    з русамі, плаціць ім чорныя куны і бель срэбра і не праліваць крыві сваёй. Худы мір лепш за вайну.
    Словы князя адазваліся ў натоўпе незадаволеным гулам галасоў.
    He чакалі ад яго такіх слоў. Апусціў Жывінбуд вочы. Наперад выступіў князь Хвел.
    — Няўжо ты думаеш, што перад табой сабраліся жанчыны, што ганьбіш наш слых сваімі непатрэбнымі словамі? — звярнуўся ён да Завейкі.— У цябе жаночае сэрца. Калі баішся загінуць, дык можаш схавацца ў сваіх харомах, а мы пойдзем шукаць славы ў бітвах з ворагамі. Браце, дык не зганьбім сваелмёны, дык не купім сваё жыццё бясслаўем. Ці нам палохацца русаў? У нас непераможныя памочнікі — бацькоўскія багі. Мы не згубілі смеласці і велічы духу. I не скорымся перад русамі, каб не замучылі яны нас паборамі, як углічаў.
    — Так, так,— загулі ваяры,— не здрадзім бацькоўскім багам! — не слухалі, калі Завейка ў роспачы закрычаў: «Віхор губіць высокія дрэвы, але бяссільны ён перад травой».
    Выбралі яны вайну з русамі. Пры першых зорках прынеслі Перуну ў ахвяру белага быка. Калі вялі звера да пагорка, ваяры білі яго кіямі і радасна прыгаворвалі: «Вось табе наша ахвяра, божа Пяруне. Просім цябе даць нам перамогу над ворагам!» Са свяцілішча спусціўся ўніз па дванаццаці прыступках жрэц — ахоўнік вечнага агню. Доўгая бялюткая сарочка з шырокімі рукавамі, упрыгожаная вялікімі срэбнымі гузікамі і ўзорамі на аплеччы, цягнулася па зямлі. Рухаўся ён павольна і велічна. Прыціхлі воі. Жрэц накінуў на шыю быку пятлю, і тут жа канцы вяровак ухапілі князі. Нядоўга змагаўся той за сваё жыццё: задушаны пятлёй, ён аслабеў і паваліўся на пярэднія ногі. На імгненне прысутныя знерухомелі — на які бок упадзе Перунова ахвяра. На левы, значыць, гневаецца бог грому. Бык упаў на правы бок. Падняў рукі да неба жрэц і ўсклікнуў: