Перамога ценю
Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
* * *
Вось ён, вораг,— на адлегласці трох палётаў стралы — літвіны патрасалі зброяй. У баявых іх крыках гучала радасць будучай перамогі. На полі каля града Услоніма сустрэліся дзве раці.
— Надышоў час нашай славы. Мы, нібыта новыя Макавеі, пашыраем межы хрысціянскага свету. Недруг роду чалавечага, вораг веры — д’ябал — чыніць розныя перашкоды і, пранікнуўшы ў сэрцы літвінаў, штурхае іх да мяцяжу на загубу веры і хрысціян. Хай наш востры меч зніштожыць плоць паганскую,— так казаў Яраслаў перад сечай. Цяпер ён быў адзеты ў панцыр з пазалочаных пласцін, на галаве шлем з чырвоным ялаўцом. На белым кані ў абабітым залатымі клёпкамі сядле сядзеў перад рускім воінствам Яраслаў і заклікаў яго да бітвы.
Думалі русы, што літвіны бясчэсны бег учыняць. Доўгімі шэрагамі стаялі яны наперадзе ў хрысціянскага войска — д’ябал штурхаў іх на бой супраць хрысціян.
Апошнія хвіліны перад сечай. Навостраны мячы, нацягнуты цяцівы, пастроены дружыны. Апошнія хвіліны,
а там бітва, там патрэбна будзе адвага і цвёрдая рука, нянавісць да ворага.
Жывінбуд са сваёй дружынай стаяў на левым краі саюзнага войска. Побач з бацькам на кронях сядзелі сыны: Волак і Вышак. Волак, прыклаўшы да лба далонь, пазіраў на невялічкую стайку галубоў, што лётала ў небе над полем будучай сечы.
У гэты час у рускім войску зайгралі свірэлі і загрукаталі барабаны. 3 шэрагаў вояў выехаў на гнядым кані віцязь у кальчузе з мячом у руцэ, пагнаў каня на сярэдзіну поля. Храбры рус прагнуў ветшбы віцязевай і выклікаў на паядынак віцязяў з літвінскага войска, каб пачаць з ім сечу.
Вось падышоў доўгачаканы час, калі споўняцца яго юнацкія мары пра подзвіг і славу. Воўк выняў з похваў меч і пацалаваў яго жалезнае лязо, губамі адчуваючы жалабок для сцёку крыві.
— Князь, я гатовы.
Жывінбуд паклаў на плячо сыну руку. Блізка перад сабой убачыў ён рашучыя вочы сына. He, яго ўжо не спыніш, не адгаворыш.
— Беражы сябе,— толькі і мовіў у адказ Жывінбуд.
Два вершнікі скакалі насустрач адзін аднаму, сціскалі ў руках апушчаныя ўніз мячы. Тысячы вачэй напружана глядзелі на іх. А ў небе высока кружлялі галубы, і ніхто іх не бачыў. He бачыў і Воўк. Набліжаўся да яго рускі віцязь. Зіхацелі на ім браня і шлем. Усё бліжэй і бліжэй ён. Можна разгледзець скамянелы твар і сціснутыя вусны.
Вершнікі праскакалі адзін каля аднаго, ледзь не ўдарыліся страмёнамі. Жалеза мячоў, якія сустрэліся ў паветры, пырснула іскрамі. I зноў два чалавекі пагналі сваіх коней адзін на аднаго. Рус асадзіў каня і, прыўстаўшы ў страмёнах, падняў меч над сабой. Воўк паспеў падставіць пад удар абцягнуты валовай шкурай шчыт і тут жа ў адказ сам апусціў меч на шчыт свайго праціўніка.
Доўга секліся паміж сабою яны. Рыкалі коні, хапалі адзін аднаго зубамі. Немыя крыкі вырываліся з глотак людзей, пот цурчэў па іх тварах. Перамога чакала таго, хто захавае болей сіл, хто выматае свайго ворага, каб нанесці яму смяротны ўдар. Звінелі мячы. Дзве раці назіралі на гэты паядынак. I тая і другая чакала перамогі свайго віцязя. Прыўзняўшыся ў страмёнах, Воўк узмахнуў мячом. Усю сваю злосць і адчай уклаў ён у гэты ўдар. Меч маланкай мільгануў у паветры. Рус выкінуў наперад шчыт. Пад ударам мяча драўляны шчыт разляцеўся. Адзін з кавалкаў
балюча стукнуў па галаве каня рускага воя. Ад болю жывёла не паслухалася паводдзяў, ірванулася наперад. I Воўх паспеў нанесці другі ўдар — на гэты раз па абцягнутым шкурай драўляным шлеме руса. Вой адразу абмяк, выпусціў з рукі меч. 3-пад шлема тоненькім струменьчыкам пацякла на твар кроў. Рус паваліўся грудзьмі на луку сядла.
Радасны кліч пракаціўся па шэрагах літвінскага войска. Воўк павярнуў свайго каня і паскакаў да сваіх.
* * *
I пачалася крывавая сеча. Тысячы людзей з баявымі крыкамі, выхапіўшы зброю, рынуліся насустрач адзін аднаму. Зямля гудзела ад конскіх капытоў і тупату людскіх ног. Наперадзе рускага войска высокія коні неслі на сваіх спінах закутых у кальчугі вершнікаў, доўгія дзіды ў іх руках упіраліся ў лукі сёдлаў. Здавалася, адным ударам разаб’юць русы літвінаў, што скакалі насустрач ім на лясных конях. Нямала літвінаў наляцела на вострыя дзіды русаў: выбітыя з сёдлаў, падалі пад конскія капыты. Пачалася малацьба на смяротным полі. Смерць касіла людскія жыцці. Літвіны не вытрымалі ціску русаў і павярнулі сваіх коней. Русы ўслед за ўцекачамі дасягнулі літвінскага стану. I тут са сховішчаў, з-за дрэў, хмызняку выскачыла некалькі соцень пешых вояў. Рослыя, моцныя, апранутыя ў звярыныя шкуры, літвіны малацілі мачугамі і сякерамі ворага. Сцягвалі вершнікаў з коней і дабівалі на зямлі.
А на левым краі літвінскага войска князь Жывінбуд чакаў часу весці сваю дружыну ў бой. Ён сядзеў на кані, якога за вуздэчку трымаў грыдзі, і, прыжмурыўшы вочы, напружана назіраў, што адбывалася на полі сечы. Нібыта гуляў са смерцю князь — вакол гудзелі стрэлы, а ён не зважаў на іх.
А калі павёў Жывінбуд ваяроў у бой, дык не шкадаваў сябе — біўся з ворагам у першым шэрагу. У запале не адчуваў стомы. Меч маланкай мільгаў у яго руцэ. А побач змагаліся з ворагам яго сыны Вышак і Воўк. Колькі ўжо доўжыцца гэтая бітва? Хвіліна — як вечнасць. Рука стамілася ад напружання, і за кожным разам цяжэў меч. Пот заліваў вочы. А вораг насядаў, і толькі роспач і злосць надавалі сілы. Трэба было змагацца, і яны змагаліся.
* * *
3 васьмю вершнікамі вырваўся князь Жывінбуд з сечы. Уцекачы гналі коней па глухіх лясных сцежках. I толькі калі коні стамляліся і з разарваных цуглямі пыс падалі шматкі чырвонай пены, воі спыняліся на кароткі адпачынак. I зноў у шлях. На ноч спыніліся ў лесе. Высокія хваіны, здавалася, надзейна хавалі іх ад ворага.
Жывінбуд сядзеў на сядле каля вогнішча. He пазнаць было князя. На змарнелым твары глыбей запалі зморшчыны; паміж густымі бровамі пралягла пакутлівая складка, куточкі вуснаў апусціліся ўніз. Маўчаў Жывінбуд, паглядаў на полымя. Вось ён ганебна ўцякае, заблытвае сляды. Дружына яго склала галовы на крывавым малацьбішчы, а ён жывы-здаровы. Як паказацца яму на вочы свайму народу? Доўга не мог заснуць князь. Ляжаў на лапніку каля вогнішча і ўсё думаў пра бітву і пра нсвыя бітвы з русамі. Трывожна было на душы ў Жывінбуда. Ужо даўно заснулі знясіленыя за нялёгкі дзень ваяры, толькі вартавы сцярог іх сон. 3 патрэскваннем гарэлі ў вогнішчы дровы. Пырхалі прывязаныя да дрэваў коні. Князь пачуў нечыя асцярожныя крокі, нехта падышоў да яго. Жывінбуд расплюшчыў вочы. У цемры віднеліся абрысы схіленага над ім чалавека.
— Што здарылася? — спытаў князь.
Шырокая далонь заціснула Жывінбуду рот, і ў той жа момант ён адчуў пад сэрцам пякучы боль ад уколу нечым вострым.
Прачнуўся Воўк ад таго, што нехта трос яго за плячо. Расплюшчыў вочы. Ужо развіднела. Першыя промні сонца праз прасветы між галін падалі на зямлю.
— Княжа,— схіліўся над ім Гвай.
Па яго ўстрывожаным твары здагадаўся, што нешта здарылася.
— Ліха,— мовіў дзядзька.
— Што? — падняўся Воўк і знерухомеў, не верачы сваім вачам.
Васковы твар бацькі, безжыццёвыя шкляныя вочы, нерухомыя сцятыя вусны — адразу зразумеў: бацька нежывы.
— Та-та! — закрычаў Воўк і апусціўся на калені перад Жывінбудам. Душа, сэрца, розум — усё ў Воўку супраціўлялася прызнаць гэтую горкую праўду. На імгненне здалося, што ўсё адбываецца ў сне,— такім чужым выглядаў гэты падобны на яго бацьку нежывы чалавек. Але гэта быў бацька. I гэта быў не сон. Холад бацькоўскіх рук, да
якіх Волак дакранаўся, забраў у яго апошнюю надзею. Як жа так? Яшчэ ўчора... а вось сёння...
Навошта ў такі нялёгкі момант пакінуў яго?
Адчуў, як набягае на вочы сляза.
Убаку моўчкі стаялі ваяры.
— Трэба зірнуць тулава,— апусціўся побач з Воўкам Гвай.— Заплюшчы вочы, каб не ўгледзеў жывых.
Воўк дакрануўся пальцамі да павек і закрыў бацькавы вочы.
— Княжа,— паказаў Гвай пальцам на сінявата-чырвоную кропку пад левым смочкам.— He Марэна чорнай ноччу ўсыпіла Жывінбуда. Унавілі яго.
— Як? — вырвалася ў Воўка.
— Гэта макавае зерне пад сэрцам у князя — след іголкі. Князя ўнавілі.
Здавалася, што Воўк з цяжкасцю разумеў тое, што пачуў, утарапела паглядаў перад сабой і маўчаў. Нібыта задыхаўся, высока падымаліся яго грудзі, ён з шумам дыхаў. Гвай чакаў адказу. Нарэшце Воўк няўпэўнена прагаварыў:
— Калі ўнаўцу не знойдзем, дык падумаюць на мяне — пасля бацькавай смерці я адзіны яго спадкаемца. Значыць, смерць яго была ў ласку Воўку,— уголас выказаў сваю боязь княжыч. Яго вочы ўмольна паглядалі на Гвая.
Вось такі разгублены і бездапаможны Воўк быў толькі ў маленстве, калі многае ў гэтым свеце адкрываў упершыню. Ён умольна паглядаў на яго, свайго дзядзьку,— растлумач, дапамажы.'I бездапаможнасць гэтага ўжо даўно дарослага чалавека не раззлавала Гвая, а выклікала ў душы шкадобу да яго.
— Князева смерць у ласку і Завейку,— прамовіў задумліва Гвай.
— Завейку? — здзівіўся Воўк і пасля нібыта не згаджаўся з Гваевымі падазрэннямі.
— Сам князь укажа ўнаўцу.— I так упэўнена мовіў гэта Гвай, што княжыч даверыўся яму, ведаючы, што мудры настаўнік заўсёды ведае ўсё.
Яны падышлі да ваяроў. Воўк пераводзіў позірк з аднаго чалавека на другога. Нехта з іх і нанёс ноччу смяротны ўдар бацьку. Але хто? Усіх ведае добра — самі гатовы памерці за свайго князя. На каго тут падумаць?
— Князя ўнавілі.
Гваевы словы ўразілі ваяроў. Яны нейкі час не маглі апамятацца, лыпалі вачыма і маўчалі, а пасля абурана закрычалі:
— Хто ён? Няма літасці яму!
— Зараз кожны з нас падыдзе да князя і пацалуе яго ў лоб. Князева душа, калі ўбачыць унаўцу, дык на імгненне вернецца ў пакінутае цела. Князь схопіць унаўцу,— мовіў Гвай і першы падышоў да нябожчыка, апусціўся побач з ім на калені і пацалаваў яго ў лоб.
Адзін за адным апускаліся перад былым сваім правадыром воі і, цалуючы яго ў лоб, яшчэ раз пацвярджалі сваю вернасць яму. Шостым павінен быў ісці Лютак — Воўкаў аднагодак — шыракаплечы і высокі юнак. Княжыч даўно заўважыў, што Лютак пакусваў вусны і палахліва паглядаў на нябожчыка. Але не мог ён злачынства такое ўчыніць. Рос жа пры княжым двары. I князь не адрозніваў ні Лютака, ні іншых пасынкаў дружыны ад сваіх сыноў — садзіў за свой стол, жалаваў сваёй міласцю і дарамі. I такая чорная няўдзячнасць.
Лютак марудна крочыў да Жывінбуда, згорбіўся, уціснуў галаву ў плечы. Ён спыніўся і азірнуўся назад. За спінай, узяўшыся за крыжы мячоў, чакальна пазіралі ваяры.