Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

Перамога ценю

Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
95.66 МБ
Мастак знайшоў бабулін дом. Цяпер тут гаспадарыла забыццё. Выбітае шкло ў вокнах, узламаныя дзверы, кучы цэглы, друзу і рознага, непатрэбнага ўжо ў хатнім ужытку, ламачча. Увайшоў у дом. Па пустых пакоях разгульваў
вецер. He верылася Кузьму, што калісьці ён спяшаўся сюды цераз увесь горад. I тут яго чакала бабка, і каля гэтай печкі ён саграваўся... Мастак падумаў аб няўмольным поступе часу і нібы трапіў на могілкі. Там мастаку заўсёды прагнулася мудрасці, каб зразумець сутнасць жыцця, і заўсёды ім авалодвала пачуццё шкадобы самога сябе.
На сцяне праз абадраныя шматы шпалераў мастак убачыў маленькага хлопчыка, бабульку, што сядзела ў крэсле каля печкі і чытала хлопчыку казкі. Яны вярнуліся адтуль, з маленства, дзе калісьці ён пакінуў іх, намаляваўшы фламастэрам на старых шпалерах.
У гэты момант на вежах цудам ацалелага храма азваўся звон. Сумна і адзінока гучаў ён у паветры, нібы скардзіўся на сваю нядолю або аплакваў тыя мілыя часы, калі ягоны малінавы пераліў падхоплівалі бомы трох дзесяткаў гарадскіх храмаў.
Бразнулі дзверы, і на прыступках раздаліся чыесьці крокі. I адгукнуліся ў ссівелых скронях болем, быццам гады юнацтва зноў прабеглі адзін за адным. Дарэмна мы сябе суцяшалі — такіх неспадзяваных страт мы ўжо не чакалі.
Гэта разгульваў па доме вецер.
...За вокнамі гусцее сутонне, а тут, у пакоі мастака, сабраліся тыя, хто называе сябе ягонымі сябрамі. Сёння ягонае свята. 3 калонак вырываецца надакучлівая мелодыя. Святло свечак крадзе яснасць твараў і адкрытасць вачэй. Усё адбываецца, як не раз адбывалася. Нічога новага. Пі, закусвай, непаслухмяным языком варочай прэсныя словы пра мастацтва, мастакоў, пра футбол, музыку, секс, забаўляйся показкамі ўчарашняга дня. He раз вось так яны збіраліся. Лілося ў чаркі хмельнае віно, але хіба ягоныя кроплі прыносілі збавенне? Цяжэлі павекі, развязваліся языкі, і ў гаворцы гналі прэч адзіноту, адну на ўсіх. А пасля, калі дапівалі апошнюю бутэльку і нічога болей не трымала іх, разыходзіліся. Мастак, выправіўшы гасцей, валіўся на канапу і пад касмічныя кампазіцыі Жарэ губляў адчуванне часу і прасторы. I хіба раніцою з хвораю галавою не кляў сябе за п’янства? Дык чаму ўсё паўтараецца? А таму, што ён баіцца пустой кватэры, дзе гаспадарыць адзінота. Зацкаваны, ён адчайна ўцякае ад яе, а вось гэтая кампанія і ратуе яго ад адзіноты хоць часова.
— Прыемнай асалоды халадок па сэрцы прабег, хмельны глыток неаднойчы ў жыцці дапамог,— дэкламуе сябар, і ўсе падымаюць чаркі, выпіваюць.
Мастак, адкінуўшыся на спінку крэсла, паглядае на
Геніка і Ліку. Яны сядзяць насупраць і дэманструюць усім астатнім сваё гарачае каханне. Яна, заплюшчыўшы вочы, прытулілася да яго. Задаволеная п’яная ўсмешка не пакідае дзявочых вуснаў. Правай рукой Генік абдымае дзяўчыну, левай наколвае на відэлец гурок, хрумстае.
— Ю ма-ха, ю ма-соў-соўс,— ірвецца з калонкі жаночападобны голас моднага спевака.
Ліка ўстрапянулася. Цяжкія нафарбаваныя веі раскрыліся і шэрыя вочы зірнулі на Геніка.
— Памятаеш? — спыталася яна.
Генік згодна хітнуў галавою і, паспешліва праглынуўшы гурок, пяшчотным голасам адказаў:
— Той вечар — лепшы ў маім жыцці. Ну як забыцца? Мы з табою пазнаёміліся. Гучала якраз гэтая музыка.
Яна паклала голаў яму на плячо. Задаволеная ўсмешка не пакідала яе вуснаў. Генік пацалаваў яе ў шчаку. Яна ў адказ пацалавала яго. Што робіць тут гэтая дзяўчына? Матылёк, што прыляцеў на святло... і абпаліць свае крыльцы. Бяжы, бяжы адсюль, дзяўчына. Гэта не каханне, гэта падман, гэта ашуканства, гэта забава...
— Я не веру ў каханне. Яго няма,— раптам вымавіў мастак.
Ліка какетліва зірнула на яго. Лёгкім рухам рукі паправіла пафарбаваныя хіміяй валасы.
— А чаму вы не верыце? — пытаецца яна з затоеным жаданнем выклікаць яго на спрэчку і пераканаць у адваротным.
Ён мог сказаць: тое, што людзі называюць каханнем, ёсць ашуканства. Так, ашуканства, якім жыццё няволіць людзей. Яны рана ці позна разумеюць простую ісціну: жыццё — жорсткая і неміласцівая з’ява. I дарэмна яны б’юцца з ім — гэта барацьба птушкі, якая трапіла ў цянёты. I вось жыццё прыдумала каханне, падман, тлум, путы. Атручаны ім чалавек верыць, што можа адолець усе пад’ёмы і падзенні на сваім шляху, што чарада бедаў саступіць перад ім,— ён гатовы на вар’яцкі крок, які прыводзіць яго да сям’і. А потым высвятляецца, што пад’ёмы настолькі цяжкія, што адолець іх няма сілы, а падзенні такія імклівыя, што можна і разбіцца. Беды нікуды не адступілі, вось яны — адна за адной, знаёмая чарада. Аднак позна: рукі звязаны путамі — сям’я, дзеці. Нічога не зробіш, застаецца змірыцца. А жыццю, як мытніку, які забірае ў гаротніка апошні грош, напляваць на пакуты няшчаснага, на пакуты людзей.
Мастак можа гэта сказаць уголас, але хіба Ліка зразумее? I таму ён кажа зусім іншае:
— У якім сэнсе?
— Як — у якім? — разгубілася яна.
Што ты можаш ведаць пра жыццё, што ты можаш распавесці аб ім, калі сама нічога не ведаеш. Хочаш даказаць, што вось гэтыя абдымкі і ёсць каханне.
— У якім сэнсе? У філасофскім — веру. Як там у Салаўёва:
Смерть н Время царят на земле,—
Ты владыкамн нх не зовл;
Все, кружась, нсчезает во мгле, Неподвнжно лншь солнце любвн.
— А ў сэнсе адносін мужчыны і жанчыны — не. Яны сексуальныя партнёры. А каханне між імі — гэта прыгожа прыдуманая Афрадыта. Уранія, толькі ў жыцці Афрадыты Пандэмас прыжылася.
— Як сказаў разумнік, каханне, бы прывід,— усе аб ім кажуць, і ніхто яго не бачыў,— улазіць у размову нехта з сяброў, не забываючыся пры гэтым наліваць.
Азываецца Генік:
— Я кахаю Ліку. А ты не верыш у каханне, таму што нікога не кахаў.
Мастак зняважліва ўсміхнуўся. Гаворка набывала характар газетнае дыскусіі, калі які-небудзь расчараваны Рамэо напіша ў газету, што няма кахання, і яго ўсім светам хочуць пераканаць у адваротным.
— Ды што вы завяліся? Лепш вып’ем за каханне,-гпрымірэнча прапанаваў той, што казаў пра прывід.
За каханне выпілі ўсе: і той, хто верыў у яго, і той, хто не верыў. Кампанія паднялася з-за стала, вывалілася на балкон папаліць. Ліка і мастак засталіся адны.
А што, калі звесці гэтую дзяўчыну адсюль, пасадзіць у таксоўку і выправіць дадому. Калі яна верыць у каханне, хай захавае гэтую веру, а не кідае яе. Геніку ў абдымкі. He першую той прыводзіў на вочы сябрам, нібы пахваляўся сваімі поспехамі ў жанчын, а пасля са смехам і задавальненнем распавядаў ім пра «клубнічку». Цікава, кінецца ён шукаць Ліку або застанецца дапіваць гарэлку.
— Генік не кахае цябе,— павольна вымавіў мастак. Халодная ўсмешка сустрэла яе ўстрывожаны позірк. У гэтую хвіліну ён уявіў сябе Мефістофелем, што спакушае Фаўста на спазнанне жыцця.— Ты проста чарговая сексуальная партнёрка,— ён выразна прамаўляе гэтае галоў-
нае: партнёрка.— Надакучыш — і ён кіне цябе. Вось гэтая бутэлька гарэлкі яму даражэй за цябе. He верыш?
Мастак пераможна ўсміхаецца. У глыбокіх шчылінах знерухомелі вочы. Ён адчувае: прымхлівы жах перад ім авалодвае дзяўчынаю.
— Можаш праверыць. Практыка — крытэрый пазнання. Давай я зараз правяду цябе дадому. А ён не кінецца цябе шукаць. Ён саступіць цябе мне, а сам будзе дапіваць гарэлку. Ты сумняваешся?
— Я ведаю Геніка. Ён мяне кахае,— няўпэўнена кажа яна.
— Ты палохаешся праўды.
Яна імгненне-другое думае, разгублена пазірае на яго. Кіўком галавы ён падбадзёрвае дзяўчыну.
— Добра,— ледзь чутна шэпча яна.
Яны выйшлі з кватэры. Глухая ноч сустрэла цьмяным святлом ліхтароў, каля якіх трымцелі даверлівыя матылі. Чорныя хмары, бы мазутныя плямы, распаўзаліся па небе Сярод іх адзінока плаваў лімонны скрылёк месяца. Горад, абыякавы да ўсяго, што цяпер адбывалася на ягоных вулках і задворках, спаў, накрыўшыся сутоннай апонаю ночы. Час ад часу дзесьці на вуліцы шаргацелі коламі запозненыя машыны ды ў лёхах суседняга дома адзінока яўкаў кот.
Усё ж выпіў ён нямала. Кружылася галава, і ногі без цвёрдасці ступалі па зямлі. З’явілася знаёмае адчуванне адарвднасці ад прасторы і часу. Маўклівыя гмахі дамоў з рэдкім святлом бяссонных акенцаў, бы скалы, навіслі над імі.
— Слухай, Ліка, хочаш, я распавяду табе пра майго сябра? — раптам спытаўся мастак.
Яна павярнула да яго твар. Месячнае сьятло высветліла бляклую ружовасць на дзявочых шчоках, што праглянула праз пудру.
— Распавядай,— без жадання адказала яна.
— Жыў-быў на свеце мастак,— павольна пачаў ён.— Марыў, што ягоныя карціны будуць патрэбныя людзям. А яшчэ ён кахаў жанчыну, якая была для яго натхненнем. А жанчыне не падабаліся ні мастак, ні ягоныя карціны. «Забудзь пра мяне, забудзь нашыя сустрэчы, усё роўна нам не быць разам»,— казала яна мастаку. Ён гадзінамі хадзіў каля яе дома, каб толькі пабачыць яе. I аднойчы ўбачыў, але не адну... У той час у мастака памерла маці. Безнадзейнасць і пустата акружалі яго. Суцяшаў сябе мастак хмелем.
Рэдка ён браў цяпер пэндзаль. Але аднаго разу мастак
сустрэў дзяўчыну. Сінеча ў вачах, чорная смоль валасоў, пяшчотная смуглявасць твару. I падумалася раптам яму, што жыццё чароўнае таму, што вось ёсць зусім побач прыгажосць. Гэтая дзяўчына — як абяцанне светлага кахання, што чакала яго наперадзе. Жыццё не скончылася... Усё яшчэ наперадзе — і каханне, і здзяйсненне мар, і прызнанне ягонай творчасці. У той дзень мастак маляваў па памяці партрэт незнаёмай дзяўчыны. Так здарылася, што ўсё часцей і часцей ён сустракаў яе. Ён не ведаў яе імя, ні разу. не чуў яе голасу, яе смеху, не бачыў яе ўсмешкі, але пакахаў і маляваў толькі яе. Гэта быў гімн каханню, ён жыў кожным яе ўздыхам, кожным яе рухам, кожным яе словам. Прайшло колькі гадоў, і дзяўчына ўзяла шлюб. He, не з мастаком, і адчуў ён, як нехта дыхае пустатой яму ў спіну, азірнуўся — адзінота. I пабег ён ад яе. I былі тыя, хто называў сябе ягоным сябрам, але і словы іхнія былі чужыя яму, і радасці — чужыя, і мары — чужыя, і сам сабе станавіўся ён чужы. I былі жанчыны, якія дарылі яму сваё каханне і пяшчоту і чакалі гэтага ад яго. I ён, абдымаючы іх, думаў пра яе, так нікому і не мовіў «кахаю». Вось так і жыве гэты чалавек і па-ранейшаму любіць толькі яе,— закончыў мастак свой аповед і змоўк.
— Вы распавялі пра сябе? — спыталася Ліка.
— Пра свайго сябра.
— Канечне, гэта прыгожа і рамантычна, але мне здаецца, што ён любіў не яе, а сваю мару пра светлую любоў, таму і не змагаўся за дзяўчыну, не хацеў падзяліць з ёю сваё пачуццё, бо баяўся ў рэальным жыцці сустрэць зусім іншага чалавека, не такога, якога стварыў у сваім уяўленні, і расчаравацца, пазбавіцца таго, што яго натхняла,— казала Ліка.